«Намагаўся патлумачыць, што 30 літраў — мала». Беларускі айцішнік праехаўся па Расіі і падзяліўся ўражаннямі
Беларускі айцішнік Міхаіл (імя зменена) цяпер працуе ў Маскве, але нядаўна паехаў паглядзець на Казань. Пра свае ўражанні ён расказаў выданню Devby.io.

«Чалавек намагаўся патлумачыць касіру, што 30 літраў яму мала»
Жыву і працую ў Маскве, ужо больш за два гады. Працую часцей у офісе, хоць у мяне «гібрыд», і магу тыднямі ў офісе не з'яўляцца.
Перабоі з палівам, вядома, заўважныя. У Маскве гэта могуць быць чэргі на АЗС, а можа быць і проста адсутнасць паліва на прыватных запраўках (ім яно ў апошнюю чаргу дастаецца).
Цяпер ездзіў паглядзець на горад Казань. Цягніком, таму што рэйсы на самалёты часта адмяняюць або пераносяць, а цягнікі ходзяць без якіх-небудзь затрымак. Там сітуацыя такая ж, а можа і горшая. Таму што чэргі заўважна большыя, чым у Маскве.
Цана на паліва на прыватных запраўках у Маскве увогуле космас: 120 рублёў [$1,53] за літр 95‑га бензіну, на дзяржаўных 72‑80 рублёў [$0,92—1,02]. У Казані на пару рублёў менш.
Цалкам закрытых заправак няма, усе ўсё адно чымсьці гандлююць: газам, дызельным палівам. Пасля ім прывозяць бензін, і яны яго намагаюцца вялікімі цэнамі падаўжэй утрымаць.

Перабоі ў асноўным тычацца бензіну (92, 95, 100). Дызель часта ёсць, але нават ён часам заканчваецца да вечара. А вось газ заўсёды бачыў, на ўсіх запраўках.
Абмежаванні на бензін — 30 літраў. Пра абмежаванні на дызельнае паліва не ведаю, не пытаўся. Само абмежаванне працуе праз касіра, які проста не прабівае больш за 30 літраў. Падысці два разы, пакуль машына стаіць каля калонкі, таксама не атрымаецца. Можна, вядома, паехаць на іншую запраўку або стаць у чаргу яшчэ раз. Але для большасці людзей 30 літраў паліва — гэта тыдзень карыстання аўто, таму для іх такой вострай неабходнасці няма, напэўна.
Не ведаю, пафіксілі ці не, але можна было заправіць 30 літраў праз касіра, пасля зайсці ў дадатак «Т-запраўкі», аплаціць праз іх і заправіць яшчэ 30 літраў. Гэтыя ж анлайн-сэрвісы для запраўкі ніяк не адсачыць. Урэшце, я бачыў гэта толькі ў інтэрнетах, таму дакладнасці не гарантую.
На штодзённае жыццё, працу грамадскага транспарту, дастаўкі, каршэрынг гэтыя перабоі не паўплывалі. У Маскве нічога падабнага не назіраю. На працу дабіраюся грамадскім транспартам — там усё стабільна. Чэргі на запраўках хоць і ёсць, але не як у рэгіёнах. Я стаяў максімум 30 хвілін, звычайна ўсё яшчэ хутчэй. Але гэта ў маім раёне. Масква велізарная, як там у іншых раёнах — не ведаю.
Якога-небудзь змянення ў паводзінах людзей, агрэсіі на запраўках таксама не бачыў. Максімум, што было — чалавек хвіліну намагаўся патлумачыць касіру, што 30 літраў яму мала. І ён не перамог у гэтай спрэчцы.
«Ёсць нават нейкая пагроза і небяспека асабіста для мяне»
Прамыя наступствы ўдараў дронаў я за ўвесь гэты час бачыў толькі ў навінавых пабліках. Урэшце, я заўсёды разумеў, што яны ёсць, і ёсць нават нейкая пагроза і небяспека асабіста для мяне. Я выдатна ўсведамляю гэтую рызыку.
«У Казані ўсяго астатняга інтэрнэту проста няма»
У Казані ў цэнтры горада мабільнага інтэрнэту ў мяне проста не было. Што мяне здзівіла — мне абмежавалі інтэрнэт проста пры ўездзе ў Татарстан, калі я перасёк граніцу рэспублік [Татарстана і Чувашыі]. Вось гэтага я ўвогуле не чакаў.
Прыйшла СМС «Сардэчна запрашаем у Татарстан! У мэтах бяспекі мабільны інтэрнэт можа быць абмежаваны бла-бла-бла. Даступныя сайты глядзіце па спасылцы…». Працуе таксі, Яндэкс браўзэр, хутчэй за ўсё ВК (у мяне яго няма). І літаральна няма «астатняга» інтэрнэту.
Нават калі мабільны інтэрнэт быў (на набярэжнай, у самым цэнтры Казані, у мяне сувязь была ў адну палоску, нават «белыя сайты» не працавалі), я не заўсёды мог стабільна падключыцца да свайго VPN.

Было падобна не проста на «белыя спісы», а на поўнае адключэнне канэктаў за мяжу па мабільным інтэрнэце. Пры гэтым Wi-Fi працаваў заўсёды стабільна.
«На працы ў нас карпаратыўны VPN, так што там усё стабільна»
З інтэрнэтам у Маскве значна лепш. VPN у мяне свой, я плачу толькі за арэнду сервера $50 у год. На ім сядзім я, мая дзяўчына і некаторыя знаёмыя. На працы ў нас карпаратыўны VPN, так што там усё стабільна.
Усе кампаніі, уключаючы дзяржструктуры, выкарыстоўваюць VPN. Буйныя кампаніі, як мая, падымаюць свае серверы праз давераных асоб і выкарыстоўваюць іх. Кампаніі меншага памеру проста арандуюць серверы ў звычайных воблачных правайдараў.
«У Беларусі зараз прасцей»
У Беларусі зараз табе проста прасцей працаваць і карыстацца дабротамі цывілізацыі. У цябе няма «белых спісаў», абмежаванняў і г.д.
Так, у мяне ёсць планы пра пераезд. Зараз ёсць магчымасць пераехаць, не мяняючы кампанію. Для сябе я вызначыў некалькі варыянтаў: на радзіму ў Беларусь, у Казахстан або ў Грузію.
«Думка, што непадалёку нешта ўзарвалі, трывожыць». Беларусы, якія жывуць у Расіі, расказалі пра цяперашнюю атмасферу там
20 літраў у бак і ніякіх каністраў? Ці сапраўды на беларускіх запраўках на мяжы з Расіяй увялі ліміты на бензін
Прапагандыстка Сіманьян заклікала расіян супакоіцца наконт дэфіцыту бензіну і нагадала, што ёсць яшчэ прадуктовыя карткі
«А што адбываецца?» Чэргі на беларуска-расійскай мяжы цяпер не толькі на асноўным пераходзе, а нават на глухой дарозе
Каментары