«Думка, што непадалёку нешта ўзарвалі, трывожыць». Беларусы, якія жывуць у Расіі, расказалі пра цяперашнюю атмасферу там
Выданне Dev.by пагаварыла з беларускімі айцішнікамі, якія жывуць у Расіі, як паліўны крызіс і прылёты ўкраінскіх дронаў уплываюць на іх настроі дома і на працы.

Масква: «Ужо ходзяць размовы пра ад'езд, але пакуль несур'ёзныя»
Барыс (імя зменена) амаль год жыве ў Маскве, працуе ў офісе:
— У мяне няма аўтамабіля, карыстаюся грамадскім транспартам. Але ўжо паспеў заўважыць падаражанне ў таксі, хоць і не крытычнае. Гаворка ідзе толькі пра Маскву: у рэгіёнах сітуацыя можа выглядаць больш драматычна.
З абмеркаванняў паліўнай тэмы, якія я чуў, магу вылучыць наступнае:
- Уладальнікі электрычак і гібрыдаў не моцна адчулі на сабе бамбёжкі НПЗ.
- У самой Маскве сітуацыя нястрашная. Чуў пра чэргі на паўгадзіны, але гэта, хутчэй, абумоўлена панікай, чым рэальным дэфіцытам.
- У рэгіёнах сітуацыя больш сур'ёзная. Чуў пра чэргі больш чым на тры гадзіны, пра продажы па прынцыпе цотных/няцотных нумароў у розныя дні.
Сітуацыя з інтэрнэтам значна пагоршылася. Недзе да сярэдзіны ліпеня можна было карыстацца беларускай сімкай, і VPN для сацсетак не быў патрэбны. Зараз гэта ўжо «выпраўлена». З VPN таксама ідзе барацьба, некаторыя праграмы з ім перастаюць працаваць або працуюць з перабоямі.
Карпаратыўны VPN працуе добра, можна спакойна карыстацца Telegram і іншымі сацсеткамі. Па інтэрнэт-злучэнні розніцы з Беларуссю асабліва не адчуваю, акрамя, зразумела, рэсурсаў, заблакаваных у РФ.
Мне пашанцавала, я жыву ў той частцы Масквы, дзе прылётаў няма. Але некаторым калегам на працы даводзілася чуць і бачыць прылёты ды іх наступствы. Паміж імі ўжо ідуць размовы пра ад'езд з Масквы, але пакуль несур'ёзныя.
Пераязджаць пакуль не планую. Адзінае, што можа мяне на гэта падштурхнуць — абвяшчэнне мабілізацыі ў Беларусі. Тады выбару асабліва не застанецца: прыйдзецца з'язджаць у краіну, дзе мяне не дастане ваенкамат.
Санкт-Пецярбург: «Знаходжу запраўкі, дзе няма чэргаў»
Аляксей (імя змененае) жыве ў Санкт-Пецярбургу каля двух гадоў, працуе таксама ў офісе.
— У іншых рэгіёнах Расіі апошнім часам не быў, але ў Санкт-Пецярбургу праблемы з палівам заўважыў. Мяне цікавіць толькі 95‑ты бензін, але далёка не на ўсіх запраўках наогул ёсць паліва. Зрэшты, здаецца, што дызельнага паліва больш, чым бензіну.
На кошт я не гляджу. Запраўляюся ў асноўным на АЗС «Газпрама». Тыдні з тры таму ліміт адпуску быў 30 літраў, але пару дзён таму знайшоў запраўку, дзе ліміту не было.
На бягучы момант на маё жыццё перабоі з палівам асабліва не паўплывалі. Так, прыйшлося паездзіць далей, каб заправіцца, але не проста каб далёка. Знаходжу запраўкі, дзе няма чэргаў. У цэлым усё спакойна, нічога прынцыпова не змянілася.
Перабоі з мабільным інтэрнэтам пачаліся яшчэ год таму. У выпадку, калі набліжаюцца БПЛА, яго адключаюць. Тэндэнцыя захоўваецца, аднак ёсць сайты, на якія можна зайсці нават у выпадку адключэння мабільнага інтэрнэту.
VPN у асабістых мэтах карыстаюся штодня, гэта ўжо «базавы мінімум». Кошт 100 расійскіх рублёў у месяц [каля 1,3 даляра], што зусім не адчуваецца.
Мабільнае інтэрнэт-злучэнне зараз відавочна больш стабільнае ў Беларусі. А вось дзе прасцей працаваць айцішніку — залежыць, хутчэй, ад сферы, у якой працуеш.
У раёне, у якім я жыву, наступствы ўдараў дронамі непасрэдна не адчуваюцца. Аднак думка пра тое, што непадалёку недзе нешта ўзарвалі, трывожыць.
Планаў вярнуцца ў Беларусь у мяне няма.
Екацярынбург: «Людзі атрымліваюць асалоду ад лета, гуляюць»
Андрэй (імя зменена) ужо трэці год жыве ў Екацярынбургу, працуе аддалена:
— Заўважыў праблемы з палівам у Екацярынбургу апошнім часам. Цэны змяніліся па-рознаму, усё залежыць ад кампаніі: недзе +2%, недзе +20%. У іншых частках Расіі я не бываў.
Перабоі, хутчэй, тычацца папулярных відаў бензіну, 92‑га і 95-га, і дызпаліва. Абмежаванні то ўводзяцца, то здымаюцца, усё залежыць ад кампаніі. На мяне перабоі асабліва не паўплывалі, проста стаў менш ездзіць па асабістых справах, больш стаў хадзіць. Дастаўка ежы, тавараў, таксі, грамадскі транспарт — усё гэтак жа сама, розніцы не заўважыў.
З нейкім змяненнем паводзін людзей не сутыкаўся, усё спакойна і цывільна. Магчыма, гэта толькі мне так пашанцавала.
Стацыянарны інтэрнэт тут заўсёды працуе, а вось мабільны глушаць час ад часу. Але паколькі я працую аддалена, то не ведаю, колькі па часе гэтыя блакіроўкі трымаюцца. Пару разоў сутыкнуўся з імі сам, сур'ёзных нязручнасцяў гэта не прынесла.
VPN — гэта, вядома, мастхэў для жыцця ў Расіі. Гэта база, асабліва для айцішніка, які не супраць выкарыстоўваць замежныя штучнаінтэлектуальныя (AI) тэхналогіі. Мне ён абыходзіцца прыкладна ў 3000 расійскіх рублёў [каля 39 даляраў] на год.
Калі параўноўваць стабільнасць хатняга інтэрнэту, то лепшы ён дакладна ў РФ. А вось мабільны выйграе ў Беларусі. Адпаведна, аддалена працаваць з-за стабільнага хатняга інтэрнэту прасцей у Расіі. Але калі вы любіце выходзіць папрацаваць у кавярні ці кальянныя — лепш гэтую рызыку закладаць і выбіраць установы бліжэй да дома.
У нас ужо 3‑4 разы ўключаліся сірэны, і адзін раз быў прылёт дрона ў апартаменты ў цэнтры горада. Але фон спакойны, калі не чытаць празаходні кантэнт і не прымаць за чыстую манету ўсё, што там пішуць. Людзі атрымліваюць асалоду ад лета, гуляюць, выязджаюць на дачы, у горадзе арганізуюцца мерапрыемствы.
Пра вяртанне ў Беларусь я, канечне, задумваўся. Але, на жаль, зараз крызіс па вакансіях, і далёка не проста знайсці хоць бы такі ж заробак у РБ, як у мяне тут. А пераязджаць на ЗП у -30% плюс здымаць там кватэру — гэта моцна парэжа сямейны бюджэт (тут нам з жонкай кватэру здымаць не даводзіцца). Можа, пераехаў бы, калі б знайшоў працу добрую, або пабудавалі б у Беларусі кватэру ці дом.
Каментары
Однако, так не бывает ...