26 палос мае хіба што самая шырокая аўтастрада свету. Але ад затораў не ратуе
Каля Х’юстана ў ЗША ёсць аўтастрада, якая месцамі дасягае 26 палос у шырыню. Яе гадамі пашыралі, каб даць рады заторам, і ў нейкі момант здавалася, што праблему сапраўды вырашылі. Але ненадоўга.

У ЗША велізарныя шматпалосныя аўтастрады — звычайная частка пейзажу. Асабліва гэта прыкметна вакол буйных гарадоў, дзе ў гадзіны пік на дарогі адначасова выязджаюць сотні тысяч людзей. Але нават на гэтым фоне ёсць участак, які вылучаецца сваімі памерамі.
Гаворка пра аўтастраду Кэйці (Katy Freeway) каля Х’юстана ў штаце Тэхас. Гэта частка магістралі Interstate 10 даўжынёй каля 3860 кіламетраў, якая праходзіць праз поўдзень ЗША і злучае заходняе ўзбярэжжа краіны з усходнім.
На адрэзку паміж Х’юстанам і прыгарадам Кэйці дарогу гадамі пашыралі, а пасля вялікай рэканструкцыі, завершанай у 2008 годзе, яна месцамі стала налічваць 26 палос. Аднак ёсць важная агаворка: гэтая лічба таксама ўключае па чатыры з'езды ў кожным кірунку.
Як нагадвае Bild.de, пашыраць аўтастраду Кэйці пачалі не дзеля рэкорду. Галоўнай праблемай былі заторы. Х’юстан хутка рос, вакол яго пашыраліся прыгарады, а тысячы людзей штодня ехалі ў горад на працу і вярталіся назад. У нейкі момант існуючай прапускной здольнасці проста перастала хапаць.
Логіка ўладаў была простая: калі машынам цесна, трэба дадаць ім месца. Пасля рэканструкцыі рух сапраўды на некаторы час стаў больш свабодным, і чыноўнікі разлічвалі, што новых палос хопіць нават з улікам далейшага росту агламерацыі.
Але праз некалькі гадоў высветлілася, што праблема вяртаецца. З 2011 да 2014 года транспартная нагрузка на Katy Freeway зноў істотна вырасла. Дадатковыя палосы не ліквідавалі заторы надоўга, а проста далі месца яшчэ большай колькасці машын.
Пра падобныя наступствы пашырэння аўтастрад навукоўцы казалі яшчэ ў 1960‑х гадах. Прычына простая. Калі дарога становіцца шырэйшай і на ёй часова лягчэй ехаць, ёй пачынаюць карыстацца больш людзей. Хтосьці перасаджваецца на аўтамабіль, хтосьці выбірае гэты маршрут замест іншага, а хтосьці пачынае жыць далей ад цэнтра, бо дарога на працу здаецца больш зручнай. У выніку дадатковыя палосы паступова таксама запаўняюцца.
Даследаванне амерыканскіх гарадскіх аўтастрад, апублікаванае ў 2019 годзе, паказала, што рост колькасці палос у выніку прыводзіць амаль да такога ж росту аўтамабільнага руху. А выйгрыш у хуткасці пасля пашырэння дарогі ў сярэднім знікае прыкладна за пяць гадоў.
Аўтары даследавання адзначаюць, што такія вынікі ставяць пад сумнеў эфектыўнасць пашырэння аўтамагістраляў як доўгатэрміновага спосабу барацьбы з заторамі: перавагі ад новай прапускной здольнасці, звязаныя з большай хуткасцю руху, звычайна аказваюцца кароткачасовымі. Гісторыя аўтастрады Кэйці якраз добра паказвае, як гэта выглядае на практыцы.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары