Грамадства1616

Паведамленне, што на фэст у Будславе прыязджаў мітрапаліт Веніямін, было памылковым

У Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 2—4 ліпеня прайшлі традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай. Сёлетні фэст адзначыўся рэкорднай колькасцю пілігрымаў.

Начная працэсія ў Будславе. Фота: catholic.by

Тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» паведамляў са спасылкай на вітальную прамову мітрапаліта Мінска-Магілёўскага архібіскупа Іосіфа Станеўскага, што галоўная святая імша 4 ліпеня прайшла з удзелам кіраўніка БПЦ мітрапаліта Веніяміна. Сцвярджалася, што, акрамя яго, на набажэнстве прысутнічалі лідары іудзейскай і ісламскай канфесій, расійскі пасол Барыс Грызлоў ды іншыя дыпламаты.

Аднак пазней тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» апублікаваў удакладненне. Мітрапаліт Веніямін і пасол Барыс Грызлоў на фэсце не прысутнічалі — былі толькі іх прадстаўнікі. Блытаніна ўзнікла, таму што аўтары канала не зразумелі прэзентацыі гасцей падчас выступу архібіскупа Станеўскага. З кіраўнікоў канфесій на свяце насамрэч быў толькі духоўны лідар беларускіх татараў муфтый Абу-Бекір Шабановіч. 

Дзяржаўны апарат таксама быў рэпрэзентаваны на нізкім узроўні — намеснікам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргеем Герасіменям, кіраўніцтвам Мядзельскага райвыканкама, а таксама прадстаўнікамі псеўдаграмадскіх аб'яднанняў — Беларускага саюза жанчын і Фонду міру.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Іосіф Станеўскі. Фота: catholic.by

Начная працэсія ў Будславе. Фота: catholic.by

Начная працэсія ў Будславе. Фота: catholic.by

У сваёй пропаведзі архібіскуп Станеўскі падкрэсліў, што з гэтага года Будслаў афіцыйна стаў «духоўным цэнтрам», і адзначыў, што такі статус яму прысвоены па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі. Іерарх агучыў тэзіс пра тое, што «Касцёл і дзяржава — гэта сям'я сем'яў», і падзякаваў кіраўніцтву краіны за фінансавую падтрымку. Паводле яго слоў, дасягнутая дамоўленасць аб фінансаванні рэстаўрацыі будслаўскага касцёла пасля пажару на парытэтных умовах: 50% выдаткаў бярэ на сябе дзяржава, яшчэ 50% — Касцёл. У храме ўжо адкрыты музей, а ў перспектыве плануецца пабудаваць Дом пілігрыма.

Імша апоўначы ў Будславе. Фота: catholic.by

Згодна з нядаўнім указам Аляксандра Лукашэнкі аб падтрымцы «духоўных цэнтраў», з дзяржаўнага бюджэту на рэстаўрацыю праваслаўнага сабора ў Жыровічах было выдзелена 3,4 млн рублёў, а на рамонтныя работы ў каталіцкім касцёле ў Будславе — каля 260 тысяч рублёў. Пажар у Нацыянальным санктуарыі, які моцна пашкодзіў дах храма, адбыўся 11 мая 2021 года.

Нягледзячы на афіцыёз, галоўнымі ўдзельнікамі свята засталіся вернікі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, якую агучылі пасля набажэнстваў, сёлета ў Будслаў прыбылі 2680 пілігрымаў з розных куткоў Беларусі, пераадолеўшы пешшу агулам 2717 кіламетраў. Сярод іх — 114 сем'яў з 150 дзецьмі. Самаму малодшаму пілігрыму, якога бацькі прынеслі з Мінска за пяць дзён, споўнілася ўсяго 26 дзён. Найстарэйшаму ўдзельніку пешых паходаў — 78 гадоў. Таксама ў Будслаў прыбыла першая пілігрымка на монаколах з 15 чалавек, якая праехала па маршруце Даўгінава — Будслаў.

Імша апоўначы ў Будславе. Фота: catholic.by

Варта адзначыць, што 3 ліпеня, у дзень афіцыйнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці — у Будславе таксама гучалі малітвы за Беларусь, а апоўдні, як і ва ўсіх праваслаўных храмах краіны, святочна званілі званы.

Будслаўскі фэст, які ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, сёлета праходзіў пад дэвізам «Слава Богу — Спадзявайся на Марыю — Вернасць касцёлу» і быў прымеркаваны да 35‑годдзя аднаўлення структур Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Каментары16

  • Ёсік
    04.07.2026
    БПЦ (рпц) задумалася, што б нам такое прыдумаць, каб сабраць людзей пад абразамі. Нават, амбасадара расейскага далучылі. Нічога вы не зразумелі шчэ з савецкага часу - чалавек вольны будзе радасна сьпяваць, маліцца, верыць у дзяржаву. А пад прымусам людзі падобныя на быдла, і вам бліжэй гэты фармат. У пілігрымку людзі пешшу самі йдуць, ніхто іх на аўтобусах не зьбірае па вёсках. З Наваградку ў Будслаў ідуць сваімі нагамі, з іншых месцаў, і робяць гэта без прымусу. А вы толькі можаце, што сагнаць пад пагрозамі чынавенства ніжэйшае, настаўнікаў, уразьлівых студэнтаў, рыгорку хворага з прышыбленымі грузьдзевымі ды гладкай, і справаздачыцца па ТБ пенсіянерам, як лукашэнку народзец любіць.
  • Амбасадаравау́
    04.07.2026
    Глядзеу́, як яшчэ ушчаміць беларусау́!
  • Ганка
    04.07.2026
    Пакуль біскуп Станеўскі дзякуе Лукашэнку, я проста нагадаю, што чыраоны касьцёл у цэнтры Менска забралі ў вернікаў. А цяперака яны, седзячы ў вясковым будслаўскім касьцёле, дзякуюць дзяржаве за падтрымку. Клоўны

Цяпер чытаюць

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу7

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Усе навіны →
Усе навіны

Заснавальнік вядомага мінскага бара «Карма» адкрыў ужо трэцюю ўстанову ў Варшаве. Што за яна?7

Пад Мінскам працуе аптовая крама, дзе крупы каштуюць 1—3 рублі, а алей — ад 3,51

У Расіі паставіліся да амерыканскага папярэджання пра магчымы тэракт у Маскве сур'ёзна3

УСУ ўдарылі па вытворцы ракетнага паліва ў Растоўскай вобласці1

«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск18

Шмат гадоў футбольную «Іслач» на матчах падтрымліваў «люты баяніст». Куды ён дзеўся цяпер?2

«Мы вярнуліся з пекла». Людзі з Алешак прыбылі ва Украіну і дзеляцца эмоцыямі3

У Мінску пара ў прымерачных кабінках мяняла старыя адзенне і абутак на новыя

«Вы васал Масквы». Беларусь перастаюць бачыць асобна ад Расіі58

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу7

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць