Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся
Ад «спрабаваў ездзіць на Geely — не дай бог больш» да «спрытная, высокая, усё падабаецца».

Беларус у Threads спытаў уласнікаў Geely і Belgee, ці задаволены яны сваімі машынамі.
«Хто рэальна ўзяў новую з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Цяпер на дарогах кожны другі — на «Эмграндзе» або «Кулрэі», але меркаванні ў інтэрнэце як заўсёды дзеляцца: адны кайфуюць ад гарантыі і паху новай машыны, іншыя плююцца і кажуць, што «лепш бы ўзяў Пасат Б8 з Еўропы». Як вам зборка? Што па расходзе і ці рэальна сэрвіс у нас спраўляецца, калі нешта ляціць?», — пацікавіўся мужчына.
Допіс набраў больш за 100 тысяч праглядаў і 430 каментароў як ад тых, хто набыў Geely, так і ад тых, хто аддаў перавагу патрыманым аўто з Еўропы або ЗША.
«Вельмі задаволеныя і цяпер зноў бы купілі»
«Набылі X50 паўтара года таму, прабег 20 тысяч, вельмі задаволеныя і цяпер зноў бы купілі. Узімку расход 12 літраў, летам 9—10. Спрытная, высокая, усё падабаецца. Сэрвіс спраўляецца добра».
Чалавек, які другі год валодае седанам Emgrand, сцвярджае, што яму ўсё падабаецца.
«Плацяжы пасільныя, пах новай машыны, ні адзін амерыканец або еўрапеец да мяне ў салоне не бздзеў, нічога не ляціць і не рыпае, заводзіцца ў паўтычка нават у нядаўнія мінус 29».
Жанчына, якая ў 2024‑м купіла новую Geely Tugella, кажа, што ў поўным захапленні ад аўто да гэтага часу.
І называе толькі адзін нюанс — расход паліва амаль 13 літраў па горадзе.
На немалы расход паліва ў каментарах скардзяцца даволі часта. Нават з аб'ёмам 1,5 літра гэта каля 10 літраў па горадзе.

«Geely Atlas браў новым роўна 7 гадоў таму. Ніякіх праблем з машынай не было наогул», — коратка апісвае досвед эксплуатацыі мужчына.
Іншы беларус, які за 6 гадоў змяніў ужо два Geely Atlas (2020 і 2025 гадоў выпуску) таксама сцвярджае, што не меў праблем з машынамі.
Адметна, што сярод каментатараў нямала тых, хто ўжо паспеў замяніць адну мадэль Geely на іншую.

«Спачатку з асцярогай быў набыты Coolray. Каталіся гады чатыры без нараканняў. Цяпер узялі Atlas New, і ўсё выдатна», — піша іншы каментатар.
Не вельмі задаволеныя купляй таксама ёсць.
Дзяўчына нават прымацавала фоты крышкі багажніка з карозіяй на двухгадовым аўто. Агулам яна піша, што задаволенасць машынай у яе 50/50.

Прыбраць карозію дылер абяцае па гарантыі.
«Аўто з Амерыкі танней, больш опцый, вышэйшая надзейнасць»
Адгукнуліся і тыя, хто замест новага кітайска-беларускага аўто набыў патрыманую машыну з Еўропы.
«Мы і ўзялі VW Passat B8 — адпад поўны! Не параўнаецца ўзровень камфорту з Coolray (X50) і ўжо тым больш з Emgrand (S50)», — піша жанчына, якая да гэтага брала Geely ў каршэрынгу.
Іншы чалавек напісаў, што два гады таму прыгнаў з Бельгіі дызельны Peugeot 508 ва ўніверсале 2019 года з прабегам крыху менш за 90 тысяч кіламетраў.
«Адно захапленне. Спрабаваў ездзіць на Geely. Не дай бог больш. Лепш ужо Еўропа», — піша мужчына.
Апроч водгукаў на тэму таго, ці якаснае гэта аўто, некаторыя звярталі ўвагу і на фінансавы бок.
Чалавек, які ад'ездзіў на Geely Coolray тры гады і 110 тысяч кіламетраў, кажа, што купляў аўто за 25 000 даляраў, а прадаў за 14 000 даляраў.

«Вось і ўся матэматыка», — кажа ён і далей пералічвае, што за гэты час было зроблена па гарантыі: тры элементы перафарбаваныя па гарантыі, на чацвёртым элеменце гарантыя скончылася. Замена стойкі стабілізатара па гарантыі на 25 000 кіламетрах прабегу. Перастала працаваць камера задняга віду на 40 000 кіламетраў, доступ без ключа — на 50 000 кіламетрах. Пасля 80 000 кіламетраў пачалі з'яўляцца глюкі ў працы мультымедыя, прычыну так і не знайшлі, пасля 100 000 кіламетраў перасталі працаваць парктронікі.
У выніку пасля продажу Geely Coolray мужчына набыў сабе бітае аўто з Амерыкі.
«Танней, больш опцый, вышэйшая надзейнасць, вышэйшая ліквіднасць», — лічыць ён.
Іншы каментатар, які задумваўся ўзяць Geely, таксама спасылаецца на вялікія фінансавыя страты ў выпадку куплі новага аўто замест патрыманага. Ён прыводзіць свой разлік кошту кіламетра на новым і патрыманым аўто.
«Ён два разы вышэйшы ў параўнанні з б/у рынкам. У мяне, напрыклад, па ўсіх разліках адзін кіламетр руху каштуе $0,23. У новай машыны гэта будзе $0,40 мінімум за кошт фінансавых страт пры куплі з салона».
Апроч гэтага, каментатар сцвярджае, што машыны гэтага брэнду нікому не патрэбныя на другасным рынку за наяўныя, паколькі ўсе іх пакупнікі ідуць па крэдытныя праграмы, таму прадаць такое аўто пасля будзе складана.
Пытанне пра ліквіднасць даволі папулярнае.
А каб зразумець, ці падабаецца вам тая ці іншая Geely/Belgee, некаторыя раяць спачатку пакатацца на іх у каршэрынгу.
Каментары
А што не так з матэматыкай? Прабег вышэй за 100тыс, хай дзякуй скажа што ўвогуле прадаў за 14.
1. Беларусы активно пересаживаются на китайские авто, которые лучше немецких.
2. Доходы беларусов очень сильно выросли и сопоставимы с польскими.
3. Дальнобои на Китай зарабатывают больше, чем на Европу. При этом в России безопасно, в отличии от Европы.
Можно и дальше развивать этот список. Правда ваша модерация не любит правду и честную позицию.