Грамадства1010

«Для нас гэта шок, не можам паверыць». Жыхары вёскі пад Смалявічамі расказалі, як перажылі начны налёт расійскіх падлеткаў

На світанку 16 лютага аграгарадок Будагова Смалявіцкага раёна трапіў у зводкі крымінальных навін: трое ўзброеных хлопцаў напалі на гаспадароў прыватнага дома і жорстка іх збілі. Сюжэт падаецца рэхам з дзевяностых, але, як высветлілася, справа была не ў крымінальных разборках. Нападнікаў затрымалі па гарачых слядах, аднак у самім паселішчы дагэтуль абмяркоўваюць тое, што здарылася. Журналісты выдання «Анлайнер» адправіліся ў Будагова, каб пагаварыць з мясцовымі жыхарамі і аднавіць храналогію той раніцы.

Дом, які стаў цэллю налётчыкаў, стаіць на самым ускрайку каля лесу. У двары за сеткай-рабіцай бегаюць два сабакі — менавіта яны ў тую раніцу першымі адчулі нешта нядобрае. Іх брэх разбудзіў гаспадара дома, які, убачыўшы ў цемры сілуэты людзей, што падкрадаліся, паспеў націснуць на «трывожную кнопку».

На выклік прыехалі супрацоўнікі Жодзінскага аддзела Дэпартамента аховы. Дваіх налётчыкаў яны затрымалі на месцы, яшчэ аднаго — крыху пазней недзе непадалёк у лесе. Імі аказаліся трое хлопцаў 17—18 гадоў, якія прыехалі з расійскага Ноўгарада. Пазней яны далі паказанні: праз месенджар атрымалі заданне знайсці дом ахвяры, збіць мужчыну і даслаць відэасправаздачу заказчыку. За гэта ім абяцалі ўзнагароджанне — 300 тысяч расійскіх рублёў (крыху больш за 11 тысяч беларускіх).

З сабой у налётчыкаў былі біта, нажы, кастэт і газавы балончык. Да дома ахвяры яны прыехалі на каршэрынгавым аўтамабілі і амаль выканалі заданне: паспелі ўварвацца ўнутр і пачалі збіваць гаспадара дома, яго жонку і сваяка. Але неўзабаве іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Таксама на месца здарэння выязджаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

«Да гэтага выпадку нават дзверы не зачыняла»

Сёння ўдзень, калі журналісты прыехалі ў Будагова, у доме нікога не было. Але, паводле наяўных даных, гаспадара ўжо выпісалі з бальніцы. Пра ўчарашні напад нагадвалі драбіна, прыстаўленая да акна першага паверха, і аскалёпкі шкла ў аконных рамах. Журналісты вырашылі прагуляцца па аграгарадку, каб даведацца, што думаюць наконт таго, што адбылося, мясцовыя жыхары.

Праз суткі пасля рэзананснага налёту Будагова як быццам жыве ў звыклым рытме. Вуліцы ахутаныя марознай смугой — на градусніку мінус дваццаць, таму мінакоў амаль няма. Мясцовая жыхарка Алеся прыйшла на пошту адправіць пасылку. Само аддзяленне з ярка-сіняй шыльдай дзеліць будынак Дома культуры з прадуктовай крамай. Гэта, лічыце, цэнтр мясцовага жыцця, і навіна пра напад тут — тэма нумар адзін.

«Мы пераехалі сюды з Жодзіна дзеля цішыні і спакою, — кажа Алеся, запаўняючы бланк пасылкі каліграфічным почыркам. — Тут добрая інфраструктура: школа, сад. Калі даведаліся, што адбылося, проста не паверылі».

«Не памятаю, каб у нас наогул калісьці такое здаралася! — уключаецца ў размову яшчэ адна жыхарка Будагова. — Дарэчы, у гэтых жа людзей летам, у чэрвені ці ліпені, гараж з машынай згарэў. І вось зноў [бяда]. Учора гадзіне а чацвёртай дня ўжо ўвесь TikTok і Instagram у гэтых навінах былі».

Абедзве жанчыны звяртаюць увагу на важную дэталь: пасля здарэння ўсе сталі прымяраць сітуацыю на сябе і абмяркоўваць неабходнасць устаноўкі «трывожнай кнопкі».

«Я раней нават дзверы не зачыняла, — прызнаецца Алеся. — А ўчора паслухала навіны і лішні раз праверыла замок. Цяпер вось думаю пра гэту кнопку. Маме дакладна трэба ставіць!»

У прадуктовай краме, амаль пустой у такі мароз, пахла толькі што прывезенымі піражкамі. Перыядычна дзверы адчыняліся і, пускаючы марозны віхор, на парозе з’яўляўся хто-небудзь з мясцовых.

«Ніколі ў нас такога не было! — кажа прадавачка. Сама яна прыязджае сюды на працу з суседняй вёскі. — У нас настолькі добрая, мірная вёска. Людзі такія спагадлівыя, амаль усе адзін аднаго ведаюць. Таму для нас гэта шок. Мала верыцца, што такое ў нас наогул магло адбыцца. Незразумела, што заахвоціла гэтых «дзяцей» — аднаму ж усяго 17 гадоў — пайсці на такое злачынства».

Пры гэтым падрабязнасцяў пра саміх пацярпелых у аграгарадку нямнога. Паводле слоў мясцовых, сям'я трымалася адасоблена, з суседзямі цесна не сябравала і нават «у краму ў Доме культуры не хадзіла».

«Звычайныя людзі, агародам займаліся, домам. Казалі, што яны прыезджыя з Расіі, што нібыта гаспадар дома — былы банкір. Але хто ж ведае, як там насамрэч. Усё гэта на ўзроўні чутак», — расказала адна з наведвальніц.

Прадавачка пацвярджае:

«Бывае і такое, што прыйдзе сціпла апрануты чалавек, камунікуе на роўных, жартуе, а потым акажацца нейкім важным чалавекам. Усякае бывае, вядома. Але гэтыя людзі [пацярпелыя] дакладна ў краму да нас не прыходзілі».

«Спакойны такі гарадок»

Яшчэ аднаго мясцовага жыхара, які «проста зайшоў пачытаць расклад», журналісты заспелі на прыпынку. Ён расказаў, што пра ўсё даведаўся з навін і таксама вельмі здзівіўся, што такое магчыма ў іх ціхім Будагове.

«Спакойны гарадок. Да гэтага хіба што дом згарэў мінулай зімой ды нашы мясцовыя разбіліся ўтраіх на машыне. Вось там, проста на ўездзе, — махае ён рукой у бок трасы. — Цэлая сям'я загінула. Ён трактарыстам працаваў, яна — на ферме. І сваячка з імі была. Добра хоць, дачку сваю, малую гадоў дванаццаці, незадоўга да гэтага высадзілі, а то ахвяр было б больш…»

Па дарозе да «таго самага дома» каля лесу сустракаюцца яшчэ двое мясцовых. Мужчыны, як і ўсе да гэтага, «даведаліся пра ўсё па тэлевізары».

«А чацвёртай гадзіне ў навінах убачыў наша Будагова. Гэта была поўная нечаканасць! Гэта ж трэба: жывога чалавека бітай біць?! Так жа і да смерці можна забіць», — разважае адзін з іх.

Размова плаўна пераходзіць да гісторыі. Раней Будагова было звычайнай вёскай, але пасля 80‑х рэзка пайшло ў рост. Сюды актыўна везлі перасяленцаў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«Тут раней быў саўгас-міліянер! Гаспадарка велізарная, заробкі — капітальныя, — узгадваюць мужчыны. — Зараз усё інакш. Апошнім часам сталі прыязджаць і мінчукі, і расіяне. Купляюць дамы, будуюцца…»

Каментары10

  • заблытаная справа, Холмс
    18.02.2026
    ...што яны прыезджыя з Расіі, што нібыта гаспадар дома — былы банкір
    ///////////////
    Тут адпачатку на НН не сумняваліся, што гэта рускі свет завітаў да беларусаў. Дзьве аўчаркі, трывожная кнопка, с мясцовымі не кантачылі, у краму не хадзілі. Такі тыповы рускі "банкір" ва уцёках. Першы раз спалілі машыну с гаражом, мабыць папярэдзілі. Ну а другі раз паслалі спорцікаў.
  • .
    18.02.2026
    Карацей кажучы, нехта павінны гэта сказаць-, русские нехрен вам тут делать, валите в ваши Опочки
  • Рускія
    18.02.2026
    прывозяць з сабою свае парадкі.

Цяпер чытаюць

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду3

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Усе навіны →
Усе навіны

Зладзіла дзень нараджэння для дарагога сабакі мальтыпу, марыць пра ўнукаў: як цяпер жыве Анжаліка Агурбаш4

Статкевіч: Усе спробы выціснуць мяне з Беларусі былі марныя. Я не пакіну краіну17

У Беларусі ўжо +30°С

«Пачынаю разумець людзей, якія жывуць у турыстычных гарадах і не любяць заезджых». Што турыстычны бум прыносіць Гродну3

У цэнтры Мінска выставілі на продаж вядомы бар

«Не абавязаныя». Страхавая кампанія адмовіла беларусу ў падаўжэнні поліса пасля буйной выплаты5

Інстытут беларускае мовы запусціў незалежны «Корпус беларускіх тэкстаў», які збірае лексіку, якая не трапляе ў афіцыйныя базы праз цэнзуру2

Спёка. Як перажыць і як паводзіць сябе ў такое надвор'е?1

Чаму мужчын прыцягваюць жаночыя азадкі? Навукоўцы і гэта патлумачылі39

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду3

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць