Касаткі навучыліся паляваць на вялікіх белых акул і здабываць іх печань. Навукоўцы занепакоеныя наступствамі
Вялікія белыя акулы лічацца аднымі з самых небяспечных марскіх драпежнікаў. Аднак нават яны аказаліся безабароннымі перад касаткамі, якія навучыліся забіваць іх і здабываць найбольш пажыўны орган — печань. Такія напады фіксуюць у розных частках свету. Як піша BBC, касаткі ўжо прымусілі белых акул пакінуць некаторыя звыклыя месцы пражывання, што прывяло да сур'ёзных змен у марскіх экасістэмах.

У маі 2017 года на ўзбярэжжы Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі непадалёк ад Кейптаўна знайшлі мёртвую вялікую белую акулу вагой каля 1100 кілаграмаў. На яе жываце была вялікая рана, а 90‑кілаграмовая печань адсутнічала.
На працягу наступных месяцаў на бераг вынесла яшчэ пяць мёртвых белых акул з такімі ж пашкоджаннямі. Марскія біёлагі былі здзіўленыя: гэтыя жывёлы знаходзяцца на вяршыні харчовага ланцуга і практычна не маюць натуральных ворагаў.
Падазрэнні ўпалі на двух самцоў касатак, як мяркуецца, братоў, якіх назвалі Порт і Старборд. Упершыню іх заўважылі каля Кейптаўна ў 2015 годзе. Менавіта пасля іх з'яўлення дайверы пачалі знаходзіць мёртвых акул іншых відаў, у якіх таксама не было печані. Аднак прамых доказаў таго, што за нападамі стаяць менавіта касаткі, навукоўцы тады яшчэ не мелі.
Як касаткі забіваюць акул і чаму з'ядаюць толькі печань
У 2020 годзе марскі біёлаг Эрык Ігера зняў з беспілотніка незвычайнае паляванне каля ўзбярэжжа Мексікі. Пяць касатак разам атакавалі вялікую белую акулу ў Каліфарнійскім заліве. Яны выштурхнулі яе да паверхні, перавярнулі на спіну і зацягнулі пад ваду. Неўзабаве драпежнікі з'явіліся з печанню ахвяры.
У маі 2022 года падобны напад удалося зняць і каля ўзбярэжжа Паўднёвай Афрыкі. На відэа было бачна, як тры касаткі атакавалі трохметровую белую акулу. Адна з іх мордай выштурхнула ахвяру да паверхні і перавярнула на правы бок, пасля чаго ўкусіла каля грудных плаўнікоў. У вадзе з'явілася кроў. Затым адна касатка нырнула з акулай у пашчы, а другая, мяркуючы па відэа, схапіла яе за хвост, перш чым абедзве зніклі з поля зроку.
Як тлумачаць даследчыкі, пераварочванне акулы — частка паляўнічай стратэгіі. Калі яна апынаецца на спіне, у яе можа ўзнікнуць так званая танічная нерухомасць — стан часовага паралічу. Жывёла перастае актыўна рухацца і не можа абараняцца. Такі стан можа працягвацца каля хвіліны — гэтага дастаткова, каб касаткі здабылі печань, амаль не рызыкуючы атрымаць траўмы.
Па словах экспертаў, печань прываблівае драпежнікаў сваёй пажыўнасцю. У белых акул яна можа складаць да 28% масы цела і служыць запасам энергіі для працяглых міграцый. Да 90% аб'ёму гэтага органа прыпадае на багатыя энергіяй тлушчы.
Навукоўцы лічаць, што падобным прыёмам касаткі вучацца адно ў аднаго і перадаюць гэтыя навыкі наступным пакаленням. Яны жывуць у складаных сямейных групах, маюць уласныя гукавыя сігналы для зносін і добра каардынуюць дзеянні падчас палявання. Белыя акулы, наадварот, пераважна жывуць паасобку.
Аднак некаторыя касаткі здольныя справіцца з акулай і самастойна. У чэрвені 2023 года адна з іх, згаданы вышэй Старборд, забіла маладую белую акулу даўжынёй 2,5 метра і здабыла яе печань менш чым за дзве хвіліны.
У тым жа годзе падобнае паляванне ўпершыню навукова пацвердзілі і ў Аўстраліі. Там знайшлі мёртвую белую акулу даўжынёй 4,7 метра з выдаленай печанню і іншымі ўнутранымі органамі. Аналіз ран выявіў ДНК касаткі.
Чаму напады касатак непакояць навукоўцаў
Напады касатак змянілі паводзіны вялікіх белых акул. У Паўднёвай Афрыцы яны пачалі пакідаць раёны, дзе раней сустракаліся рэгулярна.
Напрыклад, востраў Даер каля Кейптаўна некалі лічыўся адным з найлепшых месцаў у свеце для назірання за белымі акуламі. Узімку яны збіраліся там, каб паляваць на цюленяў. Але пасля з'яўлення касатак акулы практычна зніклі з гэтай тэрыторыі.
Падобную рэакцыю зафіксавалі каля Каліфорніі. Даныя электроннага адсочвання паказалі, што белыя акулы пакідалі раён аднаго з Фаралонскіх астравоў усяго праз некалькі хвілін пасля з'яўлення касатак і не вярталіся да наступнага сезона. У выніку колькасць нападаў на марскіх сланоў скарачалася ў чатыры-сем разоў.
Для саміх белых акул гэта яшчэ адна пагроза. Іх папуляцыя каля Паўднёвай Афрыкі скарачалася і раней — праз браканьерства, забруджванне акіяна, недахоп ежы і гібель у рыбалоўных сетках.
Да таго ж пацяпленне акіяна змяняе арэалы марскіх жывёл, таму касаткі і белыя акулы могуць часцей сустракацца ў адных і тых жа водах. Праўда, навукоўцы пакуль не ведаюць, ці сапраўды нападаў стала больш, ці іх проста пачалі часцей фіксаваць дзякуючы беспілотнікам і падводным камерам.
Але нават без павелічэння колькасці нападаў прысутнасць касатак можа істотна змяняць марскія экасістэмы. Калі белыя акулы пакідаюць пэўную тэрыторыю, гэта ўплывае на ўвесь харчовы ланцуг.
Так у паўднёваафрыканскай бухце Фолс пасля знікнення вялікіх белых акул стала больш марскіх коцікаў, на якіх тыя раней палявалі. У выніку яны сталі з'ядаць больш дробнай рыбы і невялікіх акул, колькасць якіх пачала скарачацца.
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары