У канадскай Альберце завяршылася галасаванне на папярэднім рэферэндуме аб незалежнасці. Калі стануць вядомыя вынікі?
На галасаванне было вынесена пытанне не пра аддзяленне Альберты ад Канады, а пра тое, ці трэба праводзіць з гэтай нагоды новы рэферэндум, піша Бі-бі-сі.

На галасаванне было вынесена пытанне не пра аддзяленне Альберты ад Канады, а пра тое, ці трэба праводзіць з гэтай нагоды новы рэферэндум, піша Бі-бі-сі.
Поўныя вынікі рэферэндуму могуць стаць вядомыя толькі праз двое сутак пасля закрыцця выбарчых участкаў.
Гэта звязана з тым, што мільёны бюлетэняў будуць падлічваць уручную, а на кожным выбарчым участку працуюць чатыры групы падліку галасоў, у кожнай з якіх па два чалавекі. Кожная такая група можа апрацаваць толькі каля 400 бюлетэняў за гадзіну.
Экзітполы на гэтым рэферэндуме не праводзяцца, аднак канадскія СМІ ў пэўны момант могуць спрагназаваць вынікі галасавання на падставе ўжо атрыманых афіцыйных даных.
Канадская вяшчальная карпарацыя CBC News абяцае, што такі прагноз будзе зроблены «як толькі тэндэнцыя стане відавочнай».
Пытанне аб незалежнасці — адно з дзесяці, на якія жыхары багатай на нафту і газ Альберты адказваюць падчас гэтага рэферэндуму. Астатнія датычацца пераважна кола паўнамоцтваў мясцовых уладаў. Пры гэтым вынікі рэферэндуму не будуць мець абавязковай юрыдычнай сілы.
Пытанне аб незалежнасці прэм’ер-міністр Альберты Даніэль Сміт уключыла ў бюлетэнь у маі гэтага года, адгукнуўшыся на петыцыю, пад якой прыхільнікі аддзялення сабралі каля 300 тыс. подпісаў.
Выбарчая камісія паведамляе, што спачатку падлічыць бюлетэні, якія датычацца пытання аб незалежнасці, і толькі пасля гэтага — па астатніх пытаннях.
Што паказваюць апытанні?
Апытанні грамадскай думкі сведчаць, што пераважная большасць насельніцтва Альберты выступала супраць незалежнасці: сацыёлагі паведамлялі, што аддзяленне ад Канады падтрымліваюць менш за 25% жыхароў. Аднак рэферэндум стаў важнейшай палітычнай падзеяй у Канадзе: пра яго гаварылі вядучыя палітыкі краіны, у Альберце праходзілі мітынгі і дэманстрацыі.
Прэм’ер-міністр Канады Марк Карні, які вырас у Альберце, заклікаў жыхароў правінцыі выступіць супраць аддзялення. Ён таксама выказваў гатоўнасць змяніць Канстытуцыю Канады, каб даць гэтай тэрыторыі больш паўнамоцтваў, хоць і заклікаў галасаваць супраць прапанаваных на рэферэндуме паправак.
Пытанне аб правядзенні рэферэндуму ўключана ў бюлетэнь пад нумарам 10, а астатнія датычацца ўзмацнення кантролю над міграцыяй і пашырэння аўтаноміі Альберты. Для апошняга неабходна змяніць Асноўны закон краіны.
«Каб усім было зразумела: у Канстытуцыю можна ўносіць папраўкі, але для гэтага неабходны сапраўдны кансэнсус адносна таго, што менавіта трэба змяніць і з якіх элементаў павінна складацца рэформа, — сказаў Карні. — Ці гатовы я разгледзець канстытуцыйную рэформу? Так, гатовы, пры ўмове, што спачатку будуць закладзены асновы для дасягнення кансэнсусу».
Што кажуць прыхільнікі і праціўнікі аддзялення?
Альберта — галоўная нафта– і газаздабыўная правінцыя Канады: на яе прыпадае каля 80% нафтаздабычы ў краіне. Пры гэтым сырая нафта — галоўны артыкул канадскага экспарту: летась яна прынесла 142 млрд канадскіх даляраў (100 млрд даляраў ЗША).
Размешчаная на захадзе Канады Альберта не мае выхаду да акіяна, і большая частка яе нафты экспартуецца на нафтаперапрацоўчыя заводы ў ЗША.
Прыхільнікі незалежнасці скардзяцца, што правінцыя аддае занадта шмат грошай цэнтральнаму ўраду і занадта мала атрымлівае наўзамен. Яны нагадваюць, што па аб’ёме запасаў нафты Альберта займае чацвёртае месца ў свеце пасля Венесуэлы, Саудаўскай Аравіі і Ірана.
Акрамя таго, Ліберальная партыя, якая кіруе Канадай апошнія дзесяць гадоў, на іх думку, надае занадта шмат увагі барацьбе са змяненнем клімату і тармозіць развіццё нафтагазавага сектара Альберты.
Аднак праціўнікі незалежнасці, сярод якіх і прэм’ер-міністр Альберты Даніэль Сміт, сцвярджаюць, што ў выпадку аддзялення ад Канады правінцыі давядзецца штогод траціць на стварэнне новай дзяржавы ад 50 да 170 млрд канадскіх долараў (35—120 млрд долараў ЗША) на працягу першых пяці гадоў.
Незалежнай Альберце давялося б ствараць усе дзяржаўныя ўстановы — ад падатковай службы да Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны, распрацоўваць і прымаць уласную канстытуцыю, будаваць сваю судовую сістэму, а таксама дзяліць з Канадай федэральную маёмасць, у тым ліку нацыянальныя паркі і вайсковыя базы. Акрамя таго, як папярэджваюць праціўнікі аддзялення, Альберце давялося б узяць на сябе прапарцыянальную долю дзяржаўнага доўгу Канады.
Акрамя таго, паводле прагнозаў праціўнікаў незалежнасці, праз палітычную нестабільнасць правінцыя можа страціць мільярды інвестыцый і частку знешняга гандлю.
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары