Грамадства55

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада

Моладзь абураецца, што дзяцей трэба вазіць праз палову горада ў дзіцячы садок, а людзі сталага ўзросту патрабуюць цішыні і хвалююцца за дрэвы.

Так выглядае будучы дзіцячы сад у Брэсце на рэндары

Сёлета ўлады Брэста паведамілі, што збіраюцца пабудаваць новы дзіцячы садок на 190 дзяцей у мікрараёне Паўднёвы. На рэндарах усё выглядае шыкоўна: сучасныя дзіцячыя пляцоўкі, утульныя групы з велізарнымі вокнамі і нават басейн. Бонусам абяцалі ўладкаваць тэрыторыю побач.

Грамадскае абмеркаванне праводзілі з 19 мая па 2 чэрвеня 2025 года. Потым афіцыйна паведамлялася: 1838 грамадзян падтрымалі ідэю будаўніцтва новага дзіцячага сада, супраць выступілі 454 чалавекі.

Але за сухімі лічбамі хаваецца канфлікт пакаленняў, які не сціхае ўжо некалькі месяцаў.

«Калі няма машыны, то перамяшчэнні з дзіцём па горадзе займаюць да трох гадзін у дзень!»

Улады аргументавалі неабходнасць сада тым, што ў мікрараёнах Паўднёвы і Вулька актыўна будуецца жыллё — у тым ліку для шматдзетных сямей і сем’яў вайскоўцаў (бо побач 38‑я Брэсцкая дэсантна-штурмавая брыгада). А тыя садкі, якія ёсць, перапоўненыя.

На абмеркаванні. Тут і далей скрыншоты відэа ў тыктоку

Тое, што праблема сапраўды актуальная, можна пабачыць па каментарыях у тыктоку. Людзі абураюцца, што ім прыходзіцца вазіць дзяцей праз палову горада.

Вось адзін з крыкаў душы ад маладой маці:

«Увесь Паўднёвы Захад, Вулька і Паўднёвы пакутуюць ад недахопу месцаў у дзіцячых садках. Калі дзіця нарадзілася не ў верасні-снежні, — усё, ты асуджаны вазіць яго ў сад у лепшым выпадку ў цэнтр, а вясновых і летніх дзяцей — на ўсход! А калі няма машыны, то гэтыя перамяшчэнні займаюць да трох гадзін у дзень.

І вось з’яўляецца хаця б нейкі варыянт вырашэння глабальнай праблемы, дык не, пенсіянерам дзеці замінаюць! Адкуль гэтая тэндэнцыя з’явілася за апошнія гадоў пяць, што дзеці раптам пачалі ўсім перашкаджаць?! У транспарце бурчаць, у кафэ абураюцца, у краме з вазочкам баішся зрабіць лішні рух, а цяпер, аказваецца, і само існаванне дзіцяці ў непасрэднай блізкасці з дарослымі — таксама злачынства! Свет звар’яцеў!»

«У асноўным у гэтых дамах жывуць пенсіянеры, якім патрэбны цішыня, спакой»

Праціўнікі будаўніцтва лічаць, што грамадскае абмеркаванне прызначылі ўжо пасля таго, як улады самі ўсё вырашылі. Бо яшчэ 27 лютага «УКБ горада Брэста» заплаціла 32 500 рублёў за тэндар на інжынерныя паслугі па кіраванні будаўніцтвам і выкананні функцый заказчыка пры праектаванні дзіцячага садка на 190 месцаў з басейнам на вуліцы Жукава ў Брэсце.

На тэлеканале «Беларусь 4. Брэст» распавялі, што старшыні Брэсцкага гарвыканкама Сяргею Лабадзінскаму патэлефанавала шмат абураных людзей.

Журналісты сцвярджаюць, што ў асноўным гэта людзі сталага ўзросту. Яны паразмаўлялі з пенсіянерамі, якія катэгарычна супраць сада, і вось якія аргументы пачулі.

«У нас блокавыя дамы, чутнасць стопрацэнтная, вось у нас паміж дамамі зрабілі як бы не дзіцячую пляцоўку, а проста арэлі і пясочніцу. І дзеці крычаць, гэта ж дзеці, іх не ўтаймаваць, і без таго шумна, і ўвогуле мы катэгарычна супраць», — распавяла пенсіянерка Святлана.

«У асноўным у гэтых дамах жывуць пенсіянеры, якім патрэбны цішыня, спакой. Потым жа гэта будзе вялікі паток транспарту, гэта таксама неспакой, мы супраць, і ўсе мае суседзі супраць гэтага. У Паўднёвым шмат іншых месцаў, дзе можна спакойна без усялякіх нязручнасцяў для жыхароў знайсці месца для гэтага садка»,

— лічыць Уладзімір, які жыве ў Паўднёвым 40 гадоў.

Яшчэ адзін важны нюанс: пад будаўніцтва дзіцячага садка аддаюць месца, дзе быў міні-рынак.

Прадавачка адной з крам дзялілася меркаваннем у сюжэце на дзяржаўным тэлебачанні.

«Гэты раён, вось гэтыя найбліжэйшыя дамы — пажылых людзей, яны ходзяць з палачкамі, там прыступкі, падняцца ім цяжка. Дзве сардэлькі, дзве каўбаскі там маленькія купіць. Ёсць цырульня, веласіпеды, нехта ездзіць з пажылых на дачу, рамонт ёсць. «Сад-агарод», «Перфект», шавецкая, гародніна і прадукты. Я не супраць садка, але ў іншым месцы. Няўжо нідзе не знайшлося месца, каб гэта зрабіць? Вось і ўсяго толькі», — заяўляла Наталля.

@belarus_brest_news Детский сад без диалога В Бресте решили строить детсад — но людей поставили перед фактом. Почему важно не только строить, но и слушать тех, кто рядом живёт? #Брест #детскийсад #общественноеобсуждение #урбанистика #правоголоса ♬ оригинальный звук - Брест Беларусь

Фінансаваць будаўніцтва дзіцячага сада будзе інвестар, дзякуючы чаму бюджэт зэканоміць вялікую суму. Праз гэта пачалі гучаць меркаванні, што менавіта інвестар выбіраў пляцоўку.

Чыноўнікі ж запэўніваюць: гэта месца на генплане і прадугледжвалася для садка. А месца для міні-рынку абяцаюць знайсці недзе не вельмі далёка.

Ідзе ўжо шосты месяц канфлікту

«Брэсцкі веснік» апублікаваў у тыктоку відэа з чарговай сустрэчы з чыноўнікамі, на якой сабраліся прыхільнікі і праціўнікі будаўніцтва дзіцячага сада. Мяркуючы па роліку, рашэнне, якое б задаволіла ўсіх, дагэтуль не знойдзена.

Журналісты абураюцца, што мясцовыя жыхары пратэстуюць не супраць казіно, завода ці запраўкі, а супраць дзіцячага садка.

«Мы не хочам», «Будуйце не тут», «Панараджалі дзяцей — самі і разбірайцеся», — такія аргументы прыводзяцца ў апісанні роліка. Абмеркаванне выглядае напружаным.

У самім відэа гучаць наступныя тэзісы: плошча будучага садка зойме 40% ад дваровай тэрыторыі, на астатняй плошчы абяцаюць уладкаваць месцы для адпачынку, а таксама пасадзіць на 50% больш дрэваў, чым вырубяць у працэсе будаўніцтва.

@brestvestnik В Бресте мешают построить детский сад на улице Жукова. Против выступает часть жильцов нескольких домов. "Мы не хотим", стройте не здесь", "нарожали детей - сами и разбирайтесь" - такие высказывания звучали от пенсионеров на встрече с властями и проектировщиками. Их переубеждали, как могли. #скандал #против #кактак ♬ оригинальный звук - Brestvestnik

Падчас адной з папярэдніх сустрэч дэпутат Андрэй Крупенькін абураўся:

«Ствараецца ўражанне, што меркаванне праціўнікаў будаўніцтва сфармавана некалькімі маніпулятарамі. Улады прыводзяць аргументаваныя довады «за» дзіцячы сад, а праціўнікі будаўніцтва супрацьпастаўляюць толькі эмоцыі».

Менш чым за суткі ролік з апошняга абмеркавання набраў 29 тысяч праглядаў. У каментарыях гарачая дыскусія працягваецца. Нехта лічыць, што пенсіянеры перашкаджаюць жыць моладзі, іншыя пішуць, што непатрэбны садок у раёне, дзе адны пенсіянеры.

Каментары5

  • хх
    23.10.2025
    «Панараджалі дзяцей — самі і разбірайцеся»
    а хто забяспечвае вам пенсіі, пенсіянеры, вы не думалі?
  • Ненене
    23.10.2025
    хх, думаць - гэта не пра электарат лукавага
  • Ёсік
    23.10.2025
    Садок больш патрэбны, чым цэрквы рпц, што паўсюль суюць, не пытаючыся ў насельніцтва.

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада5

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада

Усе навіны →
Усе навіны

Ва Уруччы высекуць сквер пад праваслаўную царкву. Натхняліся раннехрысціянскай архітэктурай Рыма22

Трамп адмяніў сустрэчу з Пуціным у Будапешце1

ЗША абвясцілі пра санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла»8

На вайне з Украінай загінуў сын былога міліцэйскага начальніка з Віцебска23

ЗША знялі ключавое абмежаванне на ўдары дальнабойнымі ракетамі па Расіі — WSJ5

Выбух адбыўся на абаронным заводзе ў Чалябінскай вобласці. Ёсць ахвяры6

Як Фядыніч адкрыў аўтобус Статкевічу на мяжы і як Вінярскі таксама выйшаў, каб застацца ў Беларусі. Новыя падрабязнасці3

Генеральны сакратар НАТА падтрымаў ідэю Трампа спыніць вайну ва Украіне па лініі фронту

Лукашэнка загадаў чыноўнікам праводзіць нарады на выходных і пасля працы3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада5

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць