Аўто44

Мінчанка прадала машыну за 900 рублёў, а праз чатыры гады даведалася пра доўг 6000 рублёў

Ніна нядаўна апынулася ў судзе: з яе хочуць спагнаць доўг — больш за 4000 рублёў — за захоўванне на штрафстаянцы машыны, якая паспела стаць аўтахламам. Там Citroen Xantia прабыў амаль 4,5 года. Вось толькі ёсць нюанс: жанчына сцвярджае, што прадала аўтамабіль яшчэ ў 2020 годзе, прычым за 900 рублёў, якія ніяк не акупяць доўг, пiша Onliner.by.

Прадала машыну ў 2020-м, а праз тры гады даведалася: аўто на штрафстаянцы

Гаворка пра старэнькі Citroen Xantia, выпушчаны ў 1990-х: Ніна ўжо і не прыгадае, які год выпуску быў пазначаны ў тэхпашпарце. Фатаграфій машыны таксама не захавалася, але колер быў шэры металік. З аўтамабілем мінчанка развіталася яшчэ ў кастрычніку 2020 года, прадаўшы яго за 900 рублёў.

— Перад продажам я зняла Citroen з уліку, — расказвае Ніна. — Купіў машыну сын маіх суседзяў (яны жывуць праз два пад'езды ад майго) па імені Яўген. У мужчыны не было часу на афармленне аўтамабіля, і ён напісаў мне распіску, што абавязваецца паставіць яго на ўлік.

Ілюстрацыйнае фота

Вось тая самая распіска: на аркушы сшытка і, вядома, не завераная ні ў якога натарыуса.

«Абавязуюся перааформіць аўто ў найкарацейшыя тэрміны. Нясу поўную матэрыяльную адказнасць», гаворыцца ў ёй.

Ніна тлумачыць: пагадзілася на распіску, бо прадавала машыну не проста «чалавеку з вуліцы» — суседзі ўсё ж такі. Угода адбылася, жанчына і думаць забылася пра «старычка», але неўзабаве ён сам пра сябе нагадаў.

— У 2023 годзе мне прыйшло паведамленне: аўтамабіль знаходзіцца на штрафстаянцы ў Барысаве.

Ніжэй — вышэйзгаданае паведамленне ад Барысаўскага гарадскога прадпрыемства «Жыллё», у якім паведамляецца, што машына прастойвае на штрафстаянцы з мая 2021 года. Верагодна, туды Citroen трапіў як аўтахлам. Такая версія падзей пацвярджаецца і паведамленнем, якое прыйшло Ніне ў 2025-м.

Мінчанка запэўнівае: да 2023 года з ёй ніхто не звязваўся і не паведамляў ёй пра сумны лёс аўтамабіля. Чаму гэта важны нюанс? Тут трэба звярнуцца да ўказа Лукашэнкі ад 9 жніўня 2011 года №348 «Аб мерах па арганізацыі збору, захоўвання неэксплуатаваных транспартных сродкаў і іх наступнай утылізацыі».

Паводле пункта 7, у аўтаўладальніка ёсць тры месяцы на тое, каб даць аб сабе знаць і забраць машыну пасля эвакуацыі. Пры гэтым давядзецца аплаціць выдаткі, звязаныя з буксіроўкай і захоўваннем. У адваротным выпадку праз суд аўтамабіль могуць утылізаваць.

Калі б Citroen пасля трох месяцаў прастою быў прызнаны безгаспадарным праз суд — здаецца, гэтай публікацыі і не было б. Як і вялікага доўгу ў Ніны. Аднак практыка паказвае: гэта не адзінкавы выпадак, калі аўтамабіль гадамі прастойвае на штрафстаянцы і ніхто не займаецца яго ўтылізацыяй.

«Доўг за штрафстаянку пераваліў за 6000 рублёў»

Якога памеру дасягнуў доўг, пры згадванні якога ў размове ў жанчыны наварочваюцца слёзы? У дакументах, прадстаўленых гераіняй у рэдакцыю, сума не пазначана. Аднак Ніна ўспамінае: у 2023 годзе доўг складаў больш за 4000 рублёў (такую суму, па словах мінчанкі, ёй агучылі па тэлефоне). Зараз, мяркуе жанчына, ён пераваліў за 6000.

Тады, у 2023 годзе, я спытала: ці правільна я разумею, што павінна прадаставіць дакументы на машыну, каб забраць яе? Мне адказалі — так. Я здзівілася: у мяне ні дакументаў, ні ключоў — як я яе забяру?

Ніна пачала шукаць Яўгена, пакупніка сваёй машыны. Гэта атрымалася зрабіць праз яго бацькоў, якія жылі ў тым жа доме, што і жанчына. Аднак мужчына адказаў, што аўтамабіль даўно прадаў і не ведае пра яго далейшы лёс.

Журналісты таксама звязаліся з Яўгенам па тэлефоне. Ён распавёў, што пра нялёгкую сітуацыю, у якую трапіла Ніна, ведае. І нават спрабаваў знайсці чалавека, якому перапрадаў машыну. Аднак ужо не памятае ні яго імя, ні прозвішча, ні якіх-небудзь іншых падрабязнасцей.

— Я ездзіў на Citroen усяго два месяцы (да снежня 2020 года), а пазней перапрадаў яго па рахунку-даведцы, — сцвярджае Яўген. — Здымак рахунку-даведкі я скідаў Ніне, аднак ні ў мяне, ні ў яе ён не захаваўся.

— Хто быў пазначаны ў рахунку-даведцы?

— Пакупнік (імя не памятаю) і прадавец — Ніна.

— Пакупнік быў з Мінска?

— Не, ён не мінчук.

Ніна расказвае: з размовы з Яўгенам яшчэ ў 2023 годзе яна вырашыла, што пытанне закрыта.

— Ён, відаць, знайшоў той рахунак-даведку, які ў яго быў. Я зразумела, што ён яго прадаставіў штрафстаянцы — ну і ўсё на гэтым. Расслабілася.

Аднак 5 лютага 2025 года Ніне зноў прыйшло паведамленне: машына ўсё яшчэ на штрафстаянцы! А ў выпадку адмовы ад добраахвотнага пакрыцця выдаткаў на захоўванне аўтамабіля сума будзе спагнана з жанчыны праз суд. Дарэчы, машына ўсё яшчэ з тымі ж «транзітамі», што і ў 2020 годзе.

Да паведамлення прыкладаецца акт агляду Citroen ад 4 лютага 2025 года. Аўтамабіль без акумулятара і магнітолы. Таксама ў дакуменце пазначана: «Транспартны сродак не эксплуатуецца больш за 6 месяцаў з моманту пастаноўкі». Машына, нагадаем, трапіла на штрафстаянку ў маі 2021 года. А была перапрададзена, як мяркуецца, у снежні 2020-га. Атрымліваецца, апошні ўладальнік пасля здзелкі так на аўто і не ездзіў? Гэта пытанне застанецца без адказу.

У канцы жніўня 2025 года Ніне прыйшоў яшчэ адзін ліст: Барысаўскі райвыканкам паведаміў пра тое, што была пададзена заява ў суд аб прызнанні Citroen безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасць Барысаўскага раёна.

Здарылася гэта, нагадаем, амаль праз 4,5 года пасля траплення аўтамабіля на штрафстаянку, хоць утылізаваць яго маглі праз суд праз тры месяцы.

«Ніна — першы і апошні ўладальнік аўто з пункту гледжання закона». Каментарый юрыста

Напярэдадні выхаду гэтай публікацыі Ніна расказала: знаёмыя дапамаглі ёй высветліць, што той самы «апошні» пакупнік за кароткі час валодання машынай паспеў аформіць «аўтаграмадзянку» і нарвацца на штраф за перавышэнне хуткасці (пры гэтым «ліст шчасця», па словах Ніны, ёй не прыходзіў).

Жанчыне вядома яго імя: Аляксандр Анатолевіч К., аднак яна пакуль што не ведае, як яго знайсці. Ды і ці пагодзіцца мужчына добраахвотна пагасіць доўг за штрафстаянку? А тым часам асноўнае судовае пасяджэнне прызначана на 8 кастрычніка (папярэдняе ўжо прайшло).

Як сітуацыю пракаментуе юрыст? Журналісты звярнуліся да Таццяны Равінскай.

— Фізічная перадача аўтамабіля іншай асобе і атрыманне ад яе грашовых сродкаў без афармлення адпаведнай дамовы не з'яўляецца купляй-продажам. І пра гэта варта памятаць, паколькі могуць наступіць негатыўныя наступствы для абодвух бакоў такой «хуткай» здзелкі, — нагадвае юрыст. — Калі да 22.01.2023 была магчымасць прадаць аўто па рахунку-даведцы, то зараз з уступленнем у сілу ўказа Лукашэнкі ад 15.10.2007 №504 у рэдакцыі ад 18.07.2022 «Аб мерах па ўпарадкаванні здзелак па адчужэнні транспартных сродкаў» адзіным законным спосабам афармлення здзелкі паміж фізічнымі асобамі з'яўляецца складанне дагавора куплі-продажу, які неабходна зарэгістраваць у рэгістрацыйным падраздзяленні ДАІ або засведчыць у натарыяльнай канторы (бюро) з абавязковай прысутнасцю прадаўца і пакупніка. Дамова складаецца ў трох экзэмплярах: для прадаўца, пакупніка і рэгістрацыйнага падраздзялення ДАІ альбо натарыуса.

Адным з істотных момантаў, па якім узнікае нямала спрэчак, калі гаворка заходзіць пра пераафармленне аўто, з'яўляецца пераход права ўласнасці на аўтамабіль. У адпаведнасці з заканадаўствам права ўласнасці на аўтамабіль ад прадаўца да пакупніка пераходзіць з моманту рэгістрацыі дагавора ў рэгістрацыйным падраздзяленні ДАІ альбо пасля сведчання ў натарыуса.

Такім чынам, усе спосабы куплі-продажу аўто, пры якіх не адбываецца рэгістрацыя дагавора ў рэгістрацыйным падраздзяленні ДАІ альбо сведчанне ў натарыуса, прынясуць нямала праблем.

Яшчэ раз варта растлумачыць: калі ўладальнік аўтамабіля проста перадаў яго іншаму чалавеку або выдаў яму даверанасць і ўзяў грошы — гэта не продаж. Бо ўласнік у аўтамабіля не мяняецца. Фактычна пакупнік набывае не аўтамабіль, а права яго выкарыстоўваць і распараджацца ім пэўны час.

Для пакупніка пры такой сітуацыі могуць узнікнуць наступныя праблемы, напрыклад:

  • адкліканне даверанасці або спыненне тэрміну яе дзеяння;
  • падзел маёмасці ў судовым парадку пры скасаванні шлюбу прадаўца: калі аўтамабіль уваходзіць у склад агульнай уласнасці мужа і жонкі — яго прыйдзецца вярнуць;
  • на аўтамабіль могуць накласці спагнанне або арышт па даўгах прадаўца;
  • адсутнасць даверанасці — узнікаюць праблемы па афармленні страхоўкі на аўтамабіль;
  • немагчымасць забраць аўтамабіль са штрафстаянкі і г. д.

Сярод негатыўных наступстваў для прадаўца:

  • рызыка пакрыцця шкоды, нанесенай яго аўтамабілем, у выпадку здзяйснення пакупніком ДТЗ;
  • абавязак аплаціць штраф па ўсіх вядомых «лістах шчасця» пры парушэнні пакупніком ПДР;
  • выплата адпаведных падаткаў, бо аўтамабіль усё яшчэ належыць прадаўцу з прычыны адсутнасці пераходу права ўласнасці.

Кожная сітуацыя індывідуальная і яе рашэнне залежыць ад канкрэтных дзеянняў, распачатых па афармленні здзелкі: ці маецца дагавор, ці зарэгістраваны ён у ДАІ, калі аўтамабіль быў зняты ўладальнікам з уліку.

Самы просты спосаб вырашыць канфлікт, які склаўся з пакупніком, — гэта правесці перамовы і ўсё ж такі аформіць здзелку належным чынам. Варыянт вырашэння спрэчкі дапушчальны ў судзе ў рамках грамадзянскіх праваадносін, у прыватнасці, пры падачы пазову аб выманні маёмасці з чужога незаконнага валодання. Судом будуць устаноўлены фактычныя абставіны справы і з улікам гэтага прынята адпаведнае рашэнне. Судовая практыка сведчыць, што такія спрэчкі вырашаліся станоўча — на карысць тытульнага ўласніка транспартнага сродку.

Таццяна падкрэслівае: Ніна — першы і апошні ўладальнік аўто з пункту гледжання закона. Вядома, ёсць шанец, што нехта з улікам іх вусных дамоўленасцей прыйдзе і заплаціць за яе доўг за штрафстаянку, аднак гэта амаль фантастычнае развіццё падзей.

Каментары4

  • Імя
    23.09.2025
    > рызыка пакрыцця шкоды, нанесенай яго аўтамабілем,

    Гэта ж нейкі чыста савецкі абсурд, не?
  • вася
    23.09.2025
    Яўген. У мужчыны не было часу на афармленне аўтамабіля, і ён напісаў мне распіску, што абавязваецца паставіць яго на ўлік. - ДАЛЬШЕ НЕ ЧИТАЛ....
  • Цыганский грабёж
    23.09.2025
    3 года ждали пока накапают денюжки

Цяпер чытаюць

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны7

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі трэба адкладаць у месяц, каб купіць кватэру па новай сістэме будаўнічых зберажэнняў1

У Польшчы затрымалі групоўку, якая па-за санкцыямі пераганяла люксавыя аўто ў Беларусь і Расію3

На вуліцы Карла Маркса ў Мінску прадаюць яркую сталінку. Квадрат каштуе больш за $4400

Мінчанка прадала машыну за 900 рублёў, а праз чатыры гады даведалася пра доўг 6000 рублёў4

Nvidia дамовілася інвеставаць да $100 млрд у ChatGPT — кампаніі плануюць стварыць суперінтэлект2

«На прабегу 40—55 тысяч пачынаюць прагараць клапаны». Беларусы пра досвед карыстання Geely13

Як Стакгольм перамог заторы без абурэння жыхароў8

«Залаты мяч» атрымаў французскі нападнік Усман Дэмбеле

Аэрапорты Даніі і Нарвегіі прыпынялі працу праз з'яўленне вялікіх дронаў9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны7

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць