Культура66

Занядбаны палац Радзівілаў прадаюць у тры тысячы разоў даражэй, чым некалькі гадоў таму

Палац сярэдзіны XVIII стагоддзя ў Дзятлаве доўгі час безвынікова спрабавалі прадаць. Набылі яго некалькі гадоў таму, толькі калі цану знізілі да сімвалічных трох базавых. Цяпер палац ізноў прадаецца.

Палац Радзівілаў у Дзятлаве. Фота: Wikimedia Commons

Палац Радзівілаў у Дзятлаве выставілі на электронны таргі на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць», паведамілі ў прэс-службе біржы. Райвыканкам прапануе купіць яго за 296 тысяч рублёў (каля 90 тысяч даляраў) з задаткам 30 тысяч рублёў, якія трэба выплаціць перад аўкцыёнам. 

Помнік архітэктуры стаяў пустым шэсць гадоў перад тым, як яго змаглі прадаць. Спачатку ў 2021 года будынак спрабавалі прадаць за 145 тысяч рублёў, у маі і жніўні наступнага года — ужо за 31 тысячу рублёў, зменшыўшы першапачатковую цану на 80%. Але ахвотных не знайшлося. 

Толькі калі на чарговым аўкцыёне, які прайшоў у лістападзе 2022 года, цану за ўвесь будынак знізілі да 3 базавых велічынь, або 96 рублёў, з'явіўся адзіны пакупнік — расійскі бізнэсовец, які ўрэшце і стаў уласнікам палаца Радзівілаў.

Яго прадстаўніца казала, што гаворкі пра камерцыялізацыю аб'екта не ідзе, і што палац будзе мець толькі сацыяльную накіраванасць, магчыма, у ім з'явіцца рэабілітацыйны цэнтр або іншая ўстанова для дапамогі людзям. 

Палац захаваў надзвычай багата ляпніны ў стылі ракако на сваіх фасадах — больш у Беларусі нідзе такога няма. Фота: Wikimedia Commons

Аднак за тры гады ніякіх заўважных змяненняў на тэрыторыі палаца ў Дзятлаве не адбылося. Калі ўласнік цягам некалькі гадоў не пачынае аднаўляць помнік архітэктуры, то па беларускім заканадаўстве гісторыка-культурную каштоўнасць дзяржава можа адабраць. Гэта адбываецца даволі часта, калі купец не ацаніў належным чынам сваіх фінансавых магчымасцей і маштабы бюракратычнай цяганіны. Сама тое, відаць, адбылося і з палацам Радзівілаў у Дзятлаве.

Цяпер яго прапануюць купіць за цану, якая ў тры тысячы разоў перавышае тую, на якую спакусіўся ўсяго адзін чалавек за ўсе тыя гады, калі палац спрабавалі прадаць. Так, пасля няўдалых аўкцыёнаў яе зноў будуць паніжаць і ўрэшце дойдуць ізноў да пары базавых, але губляецца час — а стан помніка не становіцца лепшым.

Абгортка ў стылі ракако

У іншых абставінах за палац Радзівілаў пазмагалася б нямала аматараў даўніны, але з палацам у Дзятлаве не ўсё так проста.

Здзецел, або Зецела, як калісьці называўся горад, узнік на ўскрайку тэрыторыі, заселенай балтамі. У наваколлі да ХVІ стагоддзя гаварылі на балцкай гаворцы. Літоўскамоўныя астраўкі ў навакольных лясах датрывалі да канца ХІХ ст.

Тутэйшы маёнтак вядомы аж з XV стагоддзя. У 1672 годзе Дамінік Мікалай Радзівіл атрымаў яго ў якасці пасагу ад сваёй жонкі Ганны Марыяны з Палубінскіх. Далей Дзятлавым валодалі тры пакаленні шыдлавецка-жырмунскай галіны Радзівілаў. 

Радзівілы жылі ў замку, які быў пабудаваны яшчэ за часамі Астрожскіх, якія валодалі Зецелам да сярэдзіны XVII стагоддзя, і які быў абноўлены ў канцы XVII стагоддзя. У адным з дакументаў гэтага часу згадваецца двухпавярховы каменны палац. У гады Паўночнай вайны, якая доўжылася з 1700 па 1721 гады, будынак моцна пацярпеў.

Палац Радзівілаў на малюнку Напалеона Орды. Фота: Wikimedia Commons

Мяркуецца, што менавіта пры сыне Дамініка Радзівіла, Мікалаі Фаўстыне, пачалося ўзвядзенне новага палаца, асновай для якога паслужыў будынак XVII стагоддзя. Мікалай Фаўстын памёр у 1746 годзе, а палац, як сцвярджаюць гісторыкі архітэктуры, быў скончаны толькі ў 1751 годзе. Гэта значыць, што будаўніцтва працягваў ягоны малодшы сын Станіслаў Радзівіл.

Праўда, Станіслаў перадаў рэзідэнцыю дачцэ і зяцю, а сам пачаў будаўніцтва новага ансамбля ў Жырмунах. Палац у Жырмунах не захаваўся, але вы маглі чуць пра гэтую мясціну.

У 2018 годзе машына з гноем, якая ехала праз руіны пампезнай палацавай брамы, зачапіла яе, абваліўшы вялікі кавалак цаглянай сцяны. Гэты выпадак стаў анекдатычным прыкладам адсутнасці адэкватнай аховы культурнай спадчыны ў Беларусі.

Чарцёж галоўнага фасада палаца, выкананы ў 1846 годзе, пасля канфіскацыі яго расійскімі ўладамі. Фота: Wikimedia Commons

Рэзідэнцыі ў Дзятлаве пашчасціла нашмат болей. Пасля завяршэння будаўніцтва на высокай тэрасе над Дзятлаўкай паўстаў двухпавярховы палац на высокім цокалі. Мяркуецца, што ад ранейшага палаца новы палац атрымаў у спадчыну магутныя контрфорсы ў вуглах.

Магутны контрфорс на вуглу палаца, якія, як мяркуецца, застаўся ад даўнейшага палаца. Фота: Wikimedia Commons

У канцы XVIII стагоддзя палац купіў граф Станіслаў Солтан. Пасля здушэння паўстання 1831 года палац быў канфіскаваны і перайшоў да расійскага вайсковага ведамства, у ім размясціліся штабы і лазарэт. Пасля чарговага вызвольнага паўстання, у 1864 годзе ў выніку перабудовы будынак страціў высокі дах. У 1889 годзе палац быў прыстасаваны пад казармы.

За польскім часам, у 1930 годзе, былы палац ператварылі ў прытулак для дзяўчатак. Пасля Другой сусветнай вайны і аж да нашага часу ў ім размяшчалася медыцынская ўстанова.

Ляпніна ў стылі ракако на фасадзе палаца Радзівілаў у Дзятлаве. Фота з сацсетак

Нягледзячы на два стагоддзі выкарыстання палаца не па прызначэнні, на яго фасадах захавалася багатая ляпніна ў стылі ракако. Медальёнаў з партрэтамі людзей, якія ўпрыгожваюць сцены палац звонку, здаецца, больш нідзе ў Беларусі няма.

Партрэтны медальён на фасадзе палаца Радзівілаў у Дзятлаве. Фота з сацсетак

Нязручны помнік

Як можна зразумець, аб'ект шматслойны і складаны, а таму патрабуе асабліва далікатнай рэстаўрацыі, якая будзе здольная выявіць усе этапы існавання помніка. 

Але ёсць шэраг куды больш важкіх прычын, чаму палац нікому не патрэбны і за адну базавую велічыню. Будынак захаваў цэльнасць, накрыты дахам, але абцяжараны не толькі ахоўнымі абавязацельствамі — ён размешчаны максімальна невыгодна для любога купца, які б хацеў на ім пасля зарабляць. 

Палац мае вельмі цесны ўчастак, які не дае магчымасці аднавіць гістарычнае асяроддзе. Фота: Публічная кадастравая карта

Па-першае, ён прадаецца з вельмі невялікім участкам у 40 сотак, які мае значны ўхіл да сядзібных ставоў. Самі ставы ў яго тэрыторыю не ўваходзяць і наўрад ці іх можна будзе купіць, то-бок палац як бы адарваны ад свайго гістарычнага асяроддзя.

Рэканструкцыя планіроўкі сядзібы. Ад былой рэзідэнцыі застаўся толькі сам палац і пару ставоў. Фота: «Старадаўнія сядзібы Гарадзеншчыны», Анатоль Федарук

Па-другое, з іншага боку палац Радзвілаў выходзіць сваім галоўным фасадам на тэрыторыю раённай бальніцы. Калісьці адсюль быў парадны пад'езд да палаца з колам гонару, абапал якога размяшчаўся рэгулярны парк. Але за савецкім часам проста на месцы парку пабудавалі велізарны гмах бальнічнага корпуса — не самае прыемнае і канфліктнае суседства. 

І фактычна новы ўласнік не можа аднавіць ні парк, ні парадны пад'езд, бо ўсё гэта засталося на тэрыторыі бальніцы, якая наўрад ці зацікаўлена ў коле гонару. 

Замест парку і кола гонару перад палацам гмах раённай бальніцы і ваенны помнік пасярод пляца, выкладзенага пліткай. Фота: Wikimedia Commons

У такой сітуацыя было б разумна, калі б дзяржава сама пачала рэстаўрацыю помніка, напрыклад, пад музей — ёй прасцей дамовіцца з кіраўніцтвам бальніцы пра нейкія саступкі.

Або прапанаваць купцам не толькі зніжку, але і нейкія прывілеі за аднаўленне палаца Радзівілаў, напрыклад, вяртанне паловы выдаткаў, якія будуць патрачаныя на аднаўленне помніка архітэктуры, як робяць у суседніх еўрапейскіх краінах.

Але нічога такога няма ў беларускім заканадаўстве, адзінае, што можа прапанаваць дзяржава — ненулявую перспектыву адабрання помніка, калі рэстаўрацыя не пачнецца ў абмежаваны тэрмін, і выплаты ў Фонд Лукашэнкі ў памеры 5% з усяго прыбытку, які атрымае ўласнік з палаца пасля паспяховага яго аднаўлення. Каго можна прывабіць такімі ўмовамі?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • помнік
    08.05.2025
    няроўнасці і няволі
  • Аматар спадчыны
    08.05.2025
    Уладзь рады, што палац ў руках народнай дзяржавы, а не панскага прыватніка?
  • Valadzimir
    08.05.2025
    Гэта Беларусь-Белоруссия-Белая Раша, у якой белорашцам на літоўскую гісторыю краю насраць.

Цяпер чытаюць

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»8

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

Адышка ў Лукашэнкі цяпер ужо і калі ён гаворыць седзячы ВІДЭАФАКТ10

Матч футбольнай зборнай з-за кепскага стану поля перанеслі са стадыёна «Дынама» ў Барысаў

У Радуні на аўкцыёне прадалі будынак старой ешывы

«Рыхтаваўся да выезду, але не паспеў». Былога палітвязня паўторна затрымалі неўзабаве пасля выхаду з калоніі2

Расійскага «героя СВА» ў Стаўрапалі ўзарваў хлопец, з якім ён пазнаёміўся на рэсурсе для гей-знаёмстваў5

Сталі вядомыя акалічнасці забойства пад Оршай аднаго расійскага паліцэйскага другім5

Беларус прыехаў з Польшчы абнавіць пашпарт, а стаў фігурантам крымінальнай справы з забаронай на выезд. І пытанне не ў палітыцы5

Халодны май ударыў па клубніцах. Беларускія фермеры кажуць аб зніжэнні ўраджаю

Мінскага крымінальнага аўтарытэта асудзілі за палітыку і прызналі экстрэмістам8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»8

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць