Грамадства2020

З факультэта філасофіі звольніўся ўжо другі выкладчык. Шмат абураных пазіцыяй БДУ

«Наша Ніва» 30 верасня пісала пра тое, што з факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ сышоў дацэнт Павел Баркоўскі. Ён з заснавальнікаў стачкама факультэта, а звольніўся «пад ціскам уласнага сумлення».

Прэс-служба БДУ праз «НН» распаўсюдзіла адказ, што Баркоўскі проста страціў аўтарытэт і падтрымку ў калектыве, а яшчэ ў яго быў нізкі рэйтынг сярод выкладчыкаў. Адказ адміністрацыі ўніверсітэта абурыў студэнтаў цяперашніх і былых, а таксама выкладчыкаў універсітэта. «Наша Ніва» атрымала каля дзясятка водгукаў.

Акцыя ў падтрымку Баркоўскага на прыступках ФФСН БДУ.

«Мне было дзіўна і прыкра чытаць пра нібыта страту аўтарытэту і пераацэнены ўклад Паўла Уладзіміравіча. Спытаеце любога студэнта факультэта — Баркоўскі нікога не пакідаў абыякавым. Асабіста я лічу яго найлепшым выкладчыкам за ўвесь час майго навучання».

«Паведамленне адміністрацыі БДУ — гэта хлусня і ачарненне чалавека».

«Ён ніколі не гнаўся за колькасцю. Для яго ўніверсітэт не быў «кар'ерай», якім ён з'яўляецца для аматараў рэйтынгаў. Наш факультэт быў для Паўла Уладзіміравіча прызваннем».

Прыкладна такія словы ў падтрымку Баркоўскага атрымлівалі мы.

У лісце адміністрацыі БДУ адзначаўся такі момант: нібыта студэнты чацвёртага курса, не падтрымліваючы забастоўку, папрасілі прызначыць іншага выкладчыка ў сувязі з няяўкай Паўла Баркоўскага на заняткі. І гэта адзначалася як адзін з пунктаў падзення аўтарытэту выкладчыка.

Паліна — стараста той самай групы патлумачыла, як сітуацыя выглядала насамрэч. «Павел Уладзіміравіч прынёс нам петыцыю, мы яе падпісалі, але мы выпускнікі, таму сказалі, што ўдзельнічаць у забастоўцы не будзем. Ён сказаў, што гэта цалкам наша права, ён нікога не прымушае. Канечне, мы ўгаворвалі яго застацца, ніхто лепш сучасную філасофію не патлумачыць нам. Але ён быў катэгарычна супраць.

Я звярнулася ў дэканат, там нам прапанавалі іншага выкладчыка. Выдатна, мы пагадзіліся. Але пры гэтым сказалі напісаць заяву з просьбай аб замене. Маўляў, гэта фармальнасць. Я нават не разумела, што гэта можа быць неяк выкарыстана. Толькі потым ужо самі выкладчыкі сталі казаць, навошта мы гэта напісалі. Некарэктна казаць, што мы адмаўляліся ад Паўла Уладзіміравіча», — кажа Паліна.

Студэнтка кажа, што сярод яе аднагрупнікаў усе паважалі Баркоўскага. «У нас шмат моцных выкладчыкаў, але гэта быў адзін з найлепшых. І вельмі прыкра, што гэтую заяву, якая была напісаная па няведанні, цяпер выкарыстоўваюць супраць яго».

Тым часам стала вядома, што з ФФСН таксама звольнілася дацэнт, кандыдат псіхалагічных навук Ганна Давідовіч. Яна была таксама ў ліку тых выкладчыкаў ФФСН, што падтрымалі забастоўку.

Ганна Давідовіч. Фота reform.by.

«Я не магу сказаць, што нехта ціснуў і прымушаў звольніцца, але ўмовы былі створаныя такія, што больш заставацца там не было як», — кажа «НН» спадарыня Давідовіч.

«Мы не планавалі звальняцца, думалі, што месяц забастоўкі дабудзем і вернемся ў аўдыторыю. Тым больш Павел пайшоў у адпачынак на верасень, а мае пары перанеслі на кастрычнік, як бы шкоды навучальнаму працэсу не нанесена. Але вярнуцца ўжо немагчыма.

У час забастоўкі я чытала лекцыі для студэнтаў у вольнай форме пра расстройства асобы, інфантылізм. Звяртаюся ў дэканат з просьбай правесці лекцыю, мне кажуць, што дадуць памяшканне, калі звярнуся за два дні — звяртаюся. Кажуць, вольных аўдыторый няма. І гэта пры тым, што навучанне зараз на дыстанцыйцы. Прыходзім у першую вольную аўдыторыю, праз хвілін дзесяць заходзіць туды выкладчык, які кажа, што яго адправілі тэрмінова сюды правесці кансультацыю з іншай аўдыторыі.

Мы пісалі тлумачальныя, што бяром ключы на вахце, што псуём сценкі, калі не знаходзілі аўдыторыі і былі ў фае», — кажа Ганна Аляксандраўна.

Спадарыня Давідовіч гаворыць, што дэкан ФФСН Вадзім Гігін заняў пазіцыю, што нікога звальняць не будзе.

«Ён казаў, маўляў, я разумею, вы хочаце, каб я вас звольніў, але ніякіх бонусаў і дывідэндаў ад мяне вы не атрымаеце.

Магчыма, Павел яму і замінаў у нечым. Але што тычыцца мяне, то я заўсёды была безадмоўным чалавекам, калі трэба зрабіць нешта для ўніверсітэта. Адкінуўшы сціпласць, скажу, што такіх спецыялістаў па псіхалогіі дзяцей з асаблівасцямі ў нас не так шмат, таму замену будзе знайсці няпроста, але ніхто не стаў спрабаваць мяне пакінуць. Гігін толькі адказаў: «Ваша права», заяву аб звальненні падпісваў не ён».

Выкладчыца кажа, што ў прыватнай размове Гігін успомніў ёй і паездкі на заводы ў падтрымку бастуючых рабочых, і затрыманне мужа 27 жніўня на плошчы Незалежнасці, і інтэрв’ю «Еўрарадыё». «Ён дэманстраваў вялікую дасведчанасць ва ўсіх справах. Казаў, што мне лёгка баставаць, калі муж працуе на літоўскую кампанію».

Існуе меркаванне, што змена ў пазіцыі дэканата ФФСН пачалася пасля меркаванай сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з адміністрацыяй БДУ. «Да пэўнага часу на нас глядзелі так: ну спяваеце песні — спявайце сабе. А потым пачаліся і тлумачальныя аб знікненні ключоў і іншае».

Прапаноў па працаўладкаванні спадарыня Давідовіч мае нямала, запрашае БДПУ імя Танка, але яна баіцца, што там сітуацыя не будзе асабліва іншай. «Я буду сумаваць па выкладанні — гэта было маё».

Дацэнт кафедры агульнай і медыцынскай псіхалогіі Таццяна Сініца яшчэ адна з удзельніц забастоўкі з боку выкладчыкаў. Яна падзялілася сваім бачанне сітуацыі.

«Я таксама актыўна падтрымлівала ідэю страйку на факультэце. Магу пацвердзіць той факт, што Павел Баркоўскі карыстаецца высокім аўтарытэтам сярод калег і студэнтаў, хоць і не многія адкрыта падтрымалі страйк. Асабіста я актыўна падтрымлівала і падтрымліваю Паўла Уладзіміравіча ў пытанні выражэння грамадзянскай пазіцыі менавіта шляхам правядзення акцый і страйку, але пакуль не звольнілася па прычыне маральна-этычнай пазіцыі толькі ў сувязі з прывязкай да арэнднага жылля ад БДУ. Хацелася б даведацца, хто выказаў пазіцыю БДУ, каб ачарніць звольненага выкладчыка? Гэта ўсё няварта і непрыгожа», — лічыць спадарыня Сініца.

Дэкан ФФСН БДУ Вадзім Гігін палічыў за лепшае адмовіцца ад каментароў на дадзеную тэму.

Каментары20

Цяпер чытаюць

«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца4

«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка на некалькі гадзін заскочыць у М'янму і 2 ліпеня вылеціць у Беларусь3

«Рукамі не чапаць». Прадаўцы забараняюць беларусам адбіраць сабе лепшыя ягады ФОТАФАКТ7

У Дзяржынскім раёне на аўкцыёне прадаюцца руіны старога храма з абавязкам неадкладна звесці іх са свету8

У Расіі чакаюць мабілізацыю 1,2 мільёна мужчын увосень23

Расійская злачынная сетка атрымала амаль мільярд даляраў ад дзяржаўнай праграмы медстрахавання ЗША. Рогі і капыты ХХІ стагоддзя4

Сцэнар, пры якім Расія атрымае адчуванне перамогі ва Украіне, беларускія эксперты лічаць самым небяспечным для Беларусі15

З наступнага года да «Еўрабачання» далучыцца Канада

Казахстан паставіць у Расію каля 50 тысяч тон бензіну ў якасці гуманітарнай дапамогі9

Выдавецтва «Янушкевіч» падзялілася статыстыкай за першую палову 2026 года. Яна сумная2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца4

«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць