Гісторыя4848

Дзейсны імперыяліст: выходзяць з друку мемуары Мураўёва-вешальніка пра паўстанне Каліноўскага

9 красавіка ў «Галерэі Tut.by» (пр.Дзяржынскага, 57, 9 паверх, ст.м. «Міхалова») Аляксандр Фядута прачытае публічную лекцыю пра Міхаіла Мураўёва. Пачатак а 19.00.

«Нататкі пра кіраванне Паўночна-Заходнім краем і падаўленне ў ім бунту» — так называецца кніга, якая праз некалькі дзён выйдзе ў серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» выдавецтва «Лімарыус».

Самі ўспаміны віленскага генерал-губернатара друкуюцца на мове арыгінала, па-расейску, але каментары і навуковы апарат пададзеныя па-беларуску, кажа ўкладальнік і аўтар прадмовы да 200-старонкавага выдання Аляксандр Фядута.

Тыя мемуары Мураўёў дыктаваў свайму чыноўніку па асаблівых даручэннях Масалову адразу пасля вяртання з Вільні ў Пецярбург, у 1865.

Гэта была вельмі важная для амаль 70-гадовага Мураўёва справа: у тэксце ён малюе сябе такім, якім хацеў застацца ў памяці нашчадкаў.

Варагаваў з імператарскай сям’ёй

Большая частка мемуараў прысвечаная інтрыгам. Мураўёў варагаваў з усімі, у тым ліку з імператарскай сям’ёй. Даходзіла да таго, што ён не з’яўляўся на віленскі вакзал сустракаць роднага брата імператара — другую асобу ў дзяржаве.

Мураўёў лічыў, што расійскія імператары занадта мяккія.

Яму, прыхільніку «цвёрдай рукі», імпанаваў толькі Мікалай І. Пры ім Мураўёў, дарэчы, дасягнуў найбольшых кар’ерных вышынь — узначаліў Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў.

Там ён праявіў сябе як чалавек разумны, але настолькі бескампрамісны, што, расказвалі, падчас яго рэвізіі два чыноўнікі памерлі ад страху.

Удзельнічаў у Барадзінскай бітве

На батарэі Раеўскага 15-гадовы Міхаіл Мураўёў быў цяжка паранены ў нагу ядром і да канца жыцця хадзіў, абапіраючыся на кіёк.

Пасля замежнай кампаніі расійскай арміі 1813—14 гадоў ён прасіў пра адстаўку, але цар яе не даў. 

Падтрымліваў прыгон

Мураўёў быў рэзкім праціўнікам адмены прыгоннага права. Але, разам з тым,

у часы голаду 1821-га ён карміў 30 тысяч сялян у Смаленскай губерні (меў там маёнткі) за ахвяраванні, сабраныя ў Маскве з чыноўнікаў і дваранаў.

Ініцыяваў забарону Статута ВКЛ

Прызначаны магілёўскім губернатарам у 1828, Мураўёў у 1830 падаў Мікалаю І справаздачу з настойлівай рэкамендацыяй забараніць выкарыстанне ў справаводстве Літоўскага Статута. І 1 студзеня 1831 цар выдаў адпаведны загад.

У іншых запісках цару Мураўёў раіў адхіліць ад удзелу ў адукацыі моладзі каталіцкіх святароў і зачыніць Віленскі ўніверсітэт.

Найвышэйшая ўлада з часам прыслухалася і да гэтых рэкамендацый.

Мянушку «вешальнік» атрымаў не за паўстанне Каліноўскага

Яна на трыццаць гадоў старэйшая. Займаючы пасаду грамадзянскага губернатара ў Гродне,

Мураўёў у 1833-м «памілаваў» паўстанца Міхаіла Валовіча, замяніўшы таму чвартаванне на «больш гуманную» шыбеніцу.

Паводле тагачаснага заканадаўства, чыноўнік яго рангу мог памілаваць асуджанага толькі на адну прыступку. Наступнае памілаванне падпісваў вышэйшы начальнік. Але генерал-губернатар Далгарукі не замяніў Валовічу павешанне на пажыццёвую катаргу, а ратыфікаваў прысуд Мураўёва. Больш Міхаіл Мураўёў такой памылкі не рабіў.

Французская карыкатура, на якой Мураўёва параўналі з вядомай парыжскай балярынай. Яна сарвала апладысменты за падыманне ног, а Мураўёў — за «падыманне рук».

Псіхалогія карніка

Дарэчы, масавае паўстанне ў Вялікім Княстве выбухнула з прыездам Мураўёва, які адным з першых падпісаў загад аб расстрэле ксяндзоў. Асудзілі іх яшчэ пры папярэднім губернатару, Назімаву, але апошні пакінуў Мураўёву магчымасць зрабіць іміджавы крок: пачаць кіраванне з памілавання. Той не скарыстаўся.

Як генерал-губернатар успрымаў паўстанне?

«Для Мураўёва, як для карніка, паўстанцы не існавалі як людзі. Гэта былі «мятежные банды», антыдзяржаўны, антыманархічны бунт, які трэба было душыць,

— кажа Аляксандр Фядута. — Праілюстраваць яго стаўленне можна апавяданнем Анатоля Франса «Пракуратар Юдзеі». Састарэлы Понцій Пілат расказвае пра сваё кіраванне правінцыяй, пра палітыку, пра Рым. пры канцы яму задаюць пытанне пра гісторыю з Ісусам Хрыстом. «Не памятаю», — адказаў Пілат».

Служыў імперыі верна і ахвотна

«Нi вялiкiм патрыётам, нi пачварай дэспатызму Мiхаiл Мiкалаевiч не быў, — піша Аляксандр Фядута ў прадмове да выдання. — Неардынарны чалавек, ён быў, як нi банальна гэта гучыць, сынам свайго часу.

Жорсткi i валявы кiраўнiк ў iм спалучаўся з карупцыянерам, а патрыёт — з сапраўдным кар’ерыстам.

Але, у адрозненне ад iншых сваiх сучаснiкаў, Мураўёў змог найбольш яскрава ўвасобiць у сабе расійскi варыянт тыпу дзейснага iмперыялiста. Ён служыў iмперыi верна, ахвотна знаходзячы пры гэтым для сябе магчымыя асабiстыя выгады, — аднак апошняе ў памяцi нашчадкаў застаецца не заўсёды.

Не ведаем, цi атрымлiваў Мураўёў насамрэч задавальненне ад выканання той ролi ката, якую добраахвотна ўзяў на сябе.

Лёс Мiхаiла Мiкалаевiча склаўся так, а не iнакш, магчыма, якраз таму, што ўсе мажлiвыя спалучэннi супрацьлегласцяў былi i для яго, i для часу, у якiм ён жыў, зусiм натуральныя».

Каментары48

Цяпер чытаюць

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»

Усе навіны →
Усе навіны

На Гомельшчыне праблемы з мабільнай сувяззю і інтэрнэтам А12

Хто можа ўзначаліць урад Украіны і чаму Зяленскі мяняе прэм’ера — што кажуць эксперты

Амерыканская армія нанесла новыя ўдары па Іране: атакаваныя сістэмы СПА і катары КВІР у Армузскім праліве

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну18

Ці прыцягвае смартфон маланку? Ратавальнікі расказалі, ці трэба выключаць тэлефон у навальніцу3

У Пружанскім касцёле новы арган, які прывезлі з Нідэрландаў. Папярэдні касцельны арган пусцілі на дровы для Дома культуры2

У Лошыцкім парку з’явілася алея незвычайных лавак ФОТЫ9

У цэнтры Мінска закрылася яшчэ адно бістро1

Салаўёў абвінаваціў Ксенію Сабчак і яе маці Нарусаву ў дзяржздрадзе4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць