Здарэнні22

«Выкопвала невялікія ямкі, збірала мутную дажджавую ваду і піла яе». Пенсіянерка, якая два тыдні блукала па лесе, расказала, як ёй удалося выжыць

Гісторыя Ніны Куніцкай падняла на ногі сотні валанцёраў і ратавальнікаў Пінскага раёна, у выніку яе знайшлі.

Ніна Куніцкая правяла чатырнаццаць дзён у лясным гушчары без ежы і чыстай вады. Пра барацьбу за жыццё, суровыя лясныя будні і выратаванне яна расказала «Пінск-медыя».

Родныя прывезлі 67‑гадовую жанчыну ў горад на агляд да доктара.

Ніна Сцяпанаўна пайшла ў ягады яшчэ 14 ліпеня. На наступны дзень сям'я пачала хвалявацца і звярнулася да ратавальнікаў, бо жанчына так і не вярнулася дадому.

Жанчына кажа, што зайшла ў лес каля вёскі Плоскінь. Яе сям'я пераехала туды з Ліпнікаў толькі ў канцы снежня, таму жанчына яшчэ дрэнна ведала мясцовасць. У той дзень сын пайшоў у бок лесу, а Ніна Сцяпанаўна накіравалася за ім і заблукала.

У першыя дні блуканняў пенсіянерка сустрэла ў лесе незнаёмага мужчыну. Той паказаў кірунак і параіў ісці ўздоўж канавы да мастка.

На пытанне журналістаў, чаму яна не папрасіла дапамогі і не папрасіла вывесці яе з лесу, Ніна Сцяпанаўна толькі няпэўна паціснула плячыма.

Жанчына даверылася парадзе і пайшла далей, але мастка на месцы не аказалася.

Дзікіх жывёл на сваім шляху, на шчасце, сельская жыхарка не сустрэла. Адзінай крыніцай харчавання на працягу чатырнаццаці дзён сталі спелыя чарніцы.

Каб здабыць ваду, жанчына разграбала мох і сухую зямлю голымі рукамі. Яна выкопвала невялікія ямкі, збірала мутную дажджавую ваду і піла яе. Ноччу ад пранізлівай волкасці яе ратаваў толькі дажджавік.

«Мох грэбла, але там вада была чорная. Ваду рукамі разграбала. А калі ішоў дождж, у ямку, якую рабіла з плёнкі, набіралася вада — тая была чыстая», — успамінае Ніна Сцяпанаўна.

Пакуль валанцёры, ратавальнікі і міліцыя прачэсвалі лясы, родныя чапляліся за любую магчымасць знайсці жанчыну.

Змучаныя невядомасцю блізкія нават схадзілі да варажбіткі, але тая дала трывожны адказ. Нявестка Кацярына прызнаецца: у такі сцэнар ніхто не паверыў. Сям'я адмовілася прымаць страшнае прадказанне і ўпарта працягвала пошукі.

А Ніна Сцяпанаўна працягвала свой нялёгкі шлях па лесе. Яна прызнаецца: часам ёй было вельмі страшна, але вельмі хацелася дадому.

І вось 28 ліпеня, на 14‑ы дзень блуканняў, з ледзь жывой надзеяй сельская жыхарка пачула шум матора.

Яна пайшла на гук і ўбачыла грыбніка на матацыкле.

Мужчына спыніўся і спытаў, ці патрэбна ёй дапамога. Толькі тады знясіленая жанчына ціха сказала, што блукае па лесе ўжо два тыдні.

Цяпер Ніна Сцяпанаўна адпачывае дома ў атачэнні блізкіх. Унукі Максім і Ігар літаральна не адыходзяць ад любімай бабулі, наперабой абдымаючы яе.

Каб абараніць роднага чалавека ад новых небяспечных прагулак, сям'я плануе набыць смарт-гадзіннік з GPS-датчыкам.

Каментары2

  • Шмат пытанняў
    30.07.2026
    Чаму ў яе не было тэлефона, калі пайшла ў лес? Дзе наогул яе тэлефон, ці не зараджаны быў? Калі яна не ладзіць з тэхналогіямі, чаму дзеці не навучылі? Гэта ж пытанне бяспекі.
    Чаму да першага, хто ёй сустрэўся, не звярнулася па дапамогу?
    Шта за візіт да варажбіткі, родным рабіць няма чаго, толькі б грошы незнама каму аддаваць?
    Здаецца мне, яна жыла ціхенька, абы не турбаваць нікога і не замінаць, таму і тэлефона не было. Нават калі згубілася. А то неяк няёмка – турбаваць кагосьці. Лепей памерці, выходзіць.
    Жах.
  • Чаму?
    30.07.2026
    Шмат пытанняў
    Гэта магла быць і мая маці. У лес камурку з сабой не бярэ. І ніякіх довадаў яна не ўспрымае. Упартая. Праўда яна ходзіць ў “свой” лес. Смартфон ей наладзілі ў 2020. Гэта быў апошні год, калі мы бачыліся. Я з’ехала і сапраўды няма каму ей паказаць як зрабіць тое самае зненьце на тэлефоне. Але ж яна сама знайшла нейкія інфармацыйныя крыніцы, пэуна тыя, што я чытала на телефоне ў 2020, якія пазней сталі екстрэмістскімі. Вось так мая пенсіянерка стала прыхільніцай экстрэмістскага напрамку.

Цяпер чытаюць

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі87

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі

Усе навіны →
Усе навіны

Ва Украіне прадухілілі замах на камандзіра «Хартыі»

Зяленскі дабіваецца, каб Маск дазволіў Украіне выкарыстоўваць Starlink для навядзення дронаў на тэрыторыі Расіі1

Вось якое хараство за 40 мільёнаў даляраў прадае сябар-трэнер Лукашэнкі3

У Мінску мантуюць грандыёзны аквапарк на вадзе амаль на 2000 квадратных метраў2

Пад украінскім Хмяльніцкім дэтанавалі боепрыпасы на вайсковым палігоне

На Смаргоншчыне правялі заняткі народнага апалчэння ФОТЫ17

Прадстаўніцу беларускай арганізацыі выключылі з Кансультацыйнай рады НДА нацыянальных меншасцяў Латвіі7

Беларускага добраахвотніка Жэрара вызвалілі з-пад варты пад заклад1

Mark Formelle упершыню выпусціў адзенне для сабак і катоў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі87

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць