Грамадства

«У савецкі час амаль зарабіў на «Жыгулі». Пенсіянер расказаў пра свой кветкавы бізнэс

У свае 73 гады пенсіянер з Гомеля паспяхова вырошчвае цюльпаны на продаж. Напярэдадні жаночага свята ў Міхаіла Пятровіча Коршака, вядомага ў сацсетках проста як Пятровіч, спраў па горла. Аднак фермер знайшоў час і падзяліўся з Myfin.by сакрэтамі кветкавага бізнэсу, а яшчэ расказаў, як правільна выбраць свежыя кветкі.

Міхаіл Коршак і яго цюльпаны

З камунікацыяй у сеціве заснавальніку сямейнага бізнэсу дапамагае справіцца ўнучка Ірына, яна ж займаецца прасоўваннем цюльпанаў у сацсетках. Гэта шосты па ліку кветкавы сезон для гамельчукоў, але насамрэч гісторыя бярэ свой пачатак у васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя.

«Выпрацаваў свой алгарытм, які дазваляе збіраць да 5 тысяч кветак за сезон»

— Раскажыце, калі вы прынялі рашэнне заняцца кветкаводствам?

— У далёкім 1983 годзе ўпершыню паспрабаваў вырасціць кветку. Тэхналогію я пачуў ад знаёмага агранома. У яго ж закупіў цыбуліны, зараз нават не памятаю, якую менавіта колькасць. І кветка атрымалася, але няякасная: яна была бляклая, таму што не хапала святла. Дакладная тэхналогія вырошчвання на той момант мне была невядомая, паколькі не было інтэрнэту, дзе можна падгледзець нюансы працы з цыбулінамі. Таму радаваўся і такому поспеху, што кветкі ўсё ж такі выраслі.

На другі год закупіў пабольш цыбулін. У цешчы ў агародзе пабудаваў невялікую цяпліцу, у ёй склаў печ. Кветак вырасла больш. Мне нават удалося добра іх прадаць.

Амаль зарабіў на «Жыгулі», якія ў той час каштавалі дзесьці 5 тысяч рублёў. Дык вось мой даход ледзь не дасягнуў гэтай сумы.

На рынку гандлявалі цюльпанамі я і яшчэ адзін мужчына. Тады не існавала кіроўцаў і прадаўцоў, мы ўсё рабілі самі. Вынесем па чамаданчыку і хутка прадаем, а людзі проста ў чарзе просяць яшчэ кветак. Цюльпаны лічыліся рэдкасцю і былі вельмі запатрабаваныя. Падчас такога гандлю мяне заўважыў сакратар маёй партыйнай арганізацыі і кажа:

— Пятровіч, што гэта вы робіце?

— Кветкі рэалізую, а што?

— Вы што? Вы ж камуніст!

У той час я працаваў майстрам на заводзе, быў маладым спецыялістам. Калега мне сказаў, што гэта спекуляцыя. Вось калі б я вырошчваў агуркі, то гэта зусім іншая справа! Прыкладна такое ж адбылося і з маёй жонкай. Яе ўбачылі калегі з праектнага інстытута, дзе яна працавала на той момант, і ёй таксама чамусьці стала сорамна. Пасля гэтых падзей і двух сезонаў мы адмовіліся ад вырошчвання цюльпанаў.

На пенсіі вырашыў успомніць тэхналогію, якую палепшыў, вывучыўшы інфармацыю ў інтэрнэце. За шэсць гадоў выпрацаваў свой алгарытм, які дазваляе збіраць да 5 тысяч кветак за сезон.

Мне дапамагаюць жонка, сын і дачка, а яшчэ ўнучка і ўнук. Запрашаю ўсіх, хто вольны. Яны і самі зацікаўленыя, бо дзядуля шчодры, абавязкова аддзячыць. Адному адолець вырошчванне нават трох тысяч штук складана, а тым больш рэалізацыю. Мы з жонкай заўсёды гандлюем разам на рынку «Чарнігаўскі», дзе нас ужо добра ведаюць пакупнікі. Людзям падабаюцца нашы кветкі, іх якасць, а яшчэ расфарбоўка. Цюльпаны ў нас заўсёды свежыя. Я настолькі адпрацаваў тэхналогію, што кветка расце пад свята і пад зрэз выходзіць менавіта да жаночага дня 8 Сакавіка.

— Якія прыкладныя выдаткі на закупку цыбулін?

— Паглядзелі на маркетплэйсе кошт цыбулін і прыкладна падлічылі, якая сума патрэбная для закупкі. Дарэчы, часцей за ўсё адна цыбуліна жыве адзін год і дае адну кветку. 10 штук каштуюць крыху больш за 30 рублёў. Калі ўявіць, што ўмовы для вырошчвання будуць ідэальнымі і кожная кветка ўзыдзе, то для 5 тысяч цюльпанаў неабходна закупіць цыбулін мінімум на 15 тысяч рублёў.

— А якія існуюць рызыкі ў працэсе вырошчвання кветак?

— Усе кветкаводы, якія займаюцца вырошчваннем цюльпанаў, у нейкай ступені рызыкуюць. Брак у любым выпадку існуе, нават на стадыі адбору цыбулін. Па кожным сорце ідзе пэўны працэнт адбракоўкі.

На другім этапе брак з'яўляецца пасля пасадкі: некаторыя кветкі не ўзыходзяць.

Трэці этап — на стадыі левітацыі (актыўнага росту кветкі). Можа здарыцца топінг (захворванне кветкі), калі празяваў вільготнасць глебы. Калі не хапае святла, то кветка будзе залішне падоўжанай і бляклай. У выпадку, калі парушаны тэмпературны рэжым, цюльпан будзе кароткім. Існуе вялікая колькасць хвароб, пры паражэнні якімі кветка ўжо не з'яўляецца сартавой і ідзе ў адкіды. У знаёмых кветкаводаў страты часам дасягаюць 25 %, а гэта адбіваецца на выніку працы.

— Ці ставіце перад сабой мэту па маштабаванні бізнэсу?

— Жыццё пакажа, як далей будзе. Ёсць шмат абставін, якія не дазваляюць зараз думаць пра тое, каб пашырыць бізнэс. Першае — закупка цыбулін. У пастаўшчыкоў значна пагоршылася якасць тавару, цыбуліна стала драбнейшай. З мінулага года іх кошт вырас амаль у 2 разы. Я разумею пастаўшчыкоў: гэта выдаткі лагістыкі, бо наўпрост у Беларусь паставіць нельга, а як яны возяць — гэта ўжо іх справа.

Яшчэ з гэтага года для тых, хто вырабляе або перакупляе кветкі, вельмі нечаканым аказаўся памер падатку на гандаль. У мінулыя гады было так: гандлюеш да 15 дзён, сума падатку — 50 %. Зараз падатак аплачваецца 100 % за месяц, плюс яго велічыня вырасла. У мінулыя гады па Гомелі было 153 рублі (плацілі ўсяго 75 рублёў), а ў гэтым сезоне — 173 рублі, якія трэба цалкам выплаціць.

Тэст ад Пятровіча на свежасць кветкі

— Як правільна выбраць свежую кветку падчас пакупкі?

— Па сваім вопыце на рынку я заўважыў, што звычайны пакупнік выбірае цюльпан па каляровай гаме і па вялікім памеры «бакала».

Купляць кветку з вялікім «бакалам» — памылка!

Вялікі «бакал» (бутон) вырошчваецца з вялікай цыбуліны, і гэта рэдкасць. Хутчэй за ўсё, ён будзе вялікім з-за таго, што кветка даўно вырасла: ужо паспела адкрыцца і закрыцца. Такім чынам, набрала сваю сілу і аддала ў «бакал». Стойкасць такога цюльпана — 2—3 дні. Любая кветка, якая яшчэ не раскрывалася, будзе з невялікім «бакалам», сярэдняга памеру. І калі яна пастаіць у вазе, то дні праз тры набярэ сваю сілу.

Я праводзіў вопыт з нашымі цюльпанамі, якія засталіся пасля рэалізацыі. Яны прастаялі мінімум 10 дзён. Гэта пры ўмове, што на кветку не трапляюць сонечныя прамяні, а ваду мяняюць на халодную штодня.

Тэст ад Пятровіча. Кветку бярэм за сцябло і глядзім, як яна сябе паводзіць у гарызантальным становішчы. Калі цюльпан ехаў з заморскіх краін або доўга захоўваўся, то ён будзе прагінацца ў такім становішчы. Значыць, ён нясвежы або не набрынялы вадой.

Унучка Ірына: «У адной сацсетцы дзядулю падтрымалі 300 тысяч чалавек»

— Я займаюся прасоўваннем у сацсетках, паколькі працую ў гэтай сферы, а таксама дапамагаю з упакоўкай букетаў. У гэтым сезоне ўпершыню падзяліліся сваёй гісторыяй у Threads (раней выкарыстоўвалі толькі Instagram). Мы не думалі, што гэтая сетка настолькі адгукнецца. Але людзі, хутчэй, падтрымалі і прасунулі Пятровіча, чым дапамаглі прадаць кветкі.

Можна заказваць зрэзаныя кветкі, захоўваць іх месяц да свята і проста перапрадаваць. Мы ж купляем цыбуліны, якія чысцім, садзім і самі вырошчваем кветкі. Гэта зусім іншыя выдаткі: вада, святло, ўгнаенні, абсталяванне і, вядома ж, сілы дзядулі. Ён ужо не малады хлопчык. Раней мог ноччу выбегчы зімой у цяпліцу, каб праверыць тэмпературу і адрэгуляваць паток паветра. Зараз у сілу ўзросту вырашыў вырошчваць кветкі ў сябе ў падвале, што крыху спрасціла задачу.

Мой дзядуля таксама вырошчвае гародніну, садавіну і ягады для ўсёй нашай сям'і. Вы б бачылі памер клубніц — з кулак! Ён майстар на ўсе рукі: сам збудаваў цяпліцу, лёгка вырашае хатнія пытанні. Дзядуля не баіцца працы, а вельмі яе любіць, і я ім захапляюся і ганаруся.

Каментары

Цяпер чытаюць

Расійскія ваенкары заяўляюць, што страты дасягнулі непрымальнага ўзроўню. «Чакае нас рэмейк восені 2022 года»5

Расійскія ваенкары заяўляюць, што страты дасягнулі непрымальнага ўзроўню. «Чакае нас рэмейк восені 2022 года»

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля некалькі гадоў скарачэння ў Беларусі зноў стала расці колькасць аграсядзіб

Прызналі «экcтрэмісцкім фармаваннем» тэлеграм-чат «Беларусы Валенсіі»2

Прыцэльны ўдар па месцы зборкі наземных дронаў у Данецку — трое расійскіх вайскоўцаў загінулі, адзін знік2

Сталкер Ганны Бонд прыматаў да яе машыны цацку з чырвона-зялёным сцяжком18

Жонка дырэктара ЕРАМ, грошы на змаганне з анкалогіяй для якой збіралі ўсім светам, увайшла ў рэмісію16

У Бабруйску айчым уцягнуў непаўналетняга пасынка ў гандаль наркотыкамі. Абодва атрымалі конскія тэрміны1

Беларуска судзіцца з польскай сацабаронай з-за пенсіі. Ведамства палічыла яе працу фіктыўнай3

Саудаўская Аравія і Кіеў рыхтуюць «гіганцкую дамову» на фоне іранскай пагрозы6

Яшчэ адна футбалістка і трэнер зборнай Ірана папрасілі прытулак у Аўстраліі. Але і ўся зборная не можа вярнуцца ў Іран

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійскія ваенкары заяўляюць, што страты дасягнулі непрымальнага ўзроўню. «Чакае нас рэмейк восені 2022 года»5

Расійскія ваенкары заяўляюць, што страты дасягнулі непрымальнага ўзроўню. «Чакае нас рэмейк восені 2022 года»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць