Грамадства33

Рукавіцы Фядуты, кубак Золатавай. У Варшаве адкрылася выстава турэмных артэфактаў

У варшаўскім Музеі вольнай Беларусі 20 студзеня адкрылася выстава «Кропка ўваходу — 123». У экспазіцыі — больш за 30 прадметаў турэмнай рэальнасці РБ, у якую можна ўвайсці, але выйсці з якой немагчыма — можна толькі вызваліцца. Сурвэткі, кубкі, біркі, «мутка», «заначка зэка», рукавіцы і турэмныя «палажняковыя» лыжкі…

Правадніком «Белсата» па выставе быў былы палітвязень Алег Кулеша.

«Адна з маіх сябровак пасля вызвалення прыехала дадому. Прайшоў, можа, дзень, яны з матуляй, паабедаўшы, выйшлі на гаўбец папаліць. Былая палітзняволеная даядала яшчэ дэсерт, паварочваецца, — а мама стаіць і плача. «Мам, ты чаго? Я ўжо амаль суткі як дома, супакойся!» — прытуліла яе. А маці адхіляе вопратку дачкі і дастае з унутранай кішэні лыжку, якую тая па зонаўскай звычцы схавала туды аўтаматычна…» — распавядае гісторыю былы палітвязень і сузаснавальнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша.

Гэтыя матчыны слёзы — маўклівы адказ на тое, навошта ладзіць такія выставы, як «Кропка ўваходу — 123».

Фотаздымак і футляр з гігіенічнымі прыналежнасцямі палітзняволенай Т. К.

Сведкі гвалту і выжывання»

«Фондавая выстава «Кропка ўваходу — 123» — гэта праект пра ўваход у сучасную беларускую рэальнасць праз канкрэтныя, маўклівыя, але надзвычай красамоўныя артэфакты. Гэта спроба асэнсаваць гістарычны момант праз рэчы, якія сталі носьбітамі памяці», — гаворыцца ў анатацыі да выставы, якая адкрылася ў Музеі вольнай Беларусі 20 студзеня і будзе працаваць да 1 сакавіка.

У экспазіцыі размешчаныя больш за 30 прадметаў з той самай беларускай — турэмнай — рэальнасці, якія былі вывезеныя іх уладальнікамі за межы турмы і краіны 13 снежня 2025 года. Памятаем, што менавіта ў гэты дзень 123 (адсюль гэтая лічба ў назве праекту) палітвязні былі вызваленыя ў межах паразумення з дзяржадміністрацыяй ЗША і вывезены беларускімі кадэбэшнікамі ва Украіну. Рэчы, якія былыя палітвязні перадалі потым музею, апынуўшыся ў вітрынах, сталіся «сведкамі досведу зняволення, гвалту і выжывання».

Цалкам простыя рэчы. І ў той жа час — зусім не простыя. За імі не толькі слёзы. За імі — цэлыя «кавалкі жыцця». Пра кожную лыжку ці кубак на выставе можна пісаць кнігу.

Сярод выстаўленых прадметаў — рукавіцы Аляксандра Фядуты, кубак Марыны Золатавай, гадзіннік Аляксея Германа, «заначка зэка» Алены Гнаўк, паштоўка Максіма Знака, жаночая бялізна Алены Елькінай…

«Вось, глядзіце, тут слоічак ад вермішэлі «Ролтан», у якім можна было закіпяціць ваду, запарыць гарбату. Напэўна, з турмы, бо ў СІЗА выдавалі «палажняковыя» кубкі. Выбачайце, што карыстаюся турэмнай феняй, бо феня — таксама ўваход у той свет, таксама наш артэфакт. «Палажняковае» — гэта тое, што табе выдае дзяржава для карыстання, што табе «паложана». Вось, напрыклад, палажняковая лыжка, проста з калоніі. Гэта насамрэч рэдкі артэфакт. Таму што калі чалавек вызваляецца ў звычайным парадку, усё «палажняковае» ў яго адбіраюць. А гэтыя прадметы тым і каштоўныя, што іх не забралі, бо людзей проста выдзіралі з калоніяў і турмаў у той дзень, а кадэбэшнікам потым было ўсё адно, вывозяць яны палажняк ці не. Таму на выставе шмат такіх рэчаў», — распавядае Алег Кулеша.

Ручнік і мыла Алены Гнаўк

«Гэта «палажняковае», а значыцца — без якасці і цеплыні»

Кулеша зазначае, што адзін з самых каштоўных экспанатаў тут — турэмная «мутка», якая, па словах былога палітвязня, выкарыстоўваецца ў месцах зняволення як грашовая (і «жыццёвая», — дадае Алег) мера. Па сутнасці, гэта пакецік з поліпрапіленавай плёнкі — ніжняя частка ўпакоўкі пачка цыгарэт. Але калі гэты пакецік напаўняецца кавай, гарбатай ці цукрам — мае пэўны грашовы сэнс.

«Напрыклад на маёй зоне такая «мутка» на той час каштавала «шасцёрку» — гэта тры пачка цыгарэтаў «Winston», — тлумачыць Алег Кулеша.

«Мутка» на выставе прадстаўленая арыгіналам і сучаснай копіяй — напоўненая кавай. Каля «муткі», на той самай вітрыне ў форме вялікага кубу, ляжыць «заначка зэка» Алены Гнаўк — пластыкавы пакет, перавязаны на дзве часткі вузлом: у адной — пакецікі з гарбатай, у другой — карабок («карабель») з-пад запалак, у якім захоўваліся самаробныя карты (квадрацікі паперы з лічбамі розных колераў).

«Заначка» суседзіць з чорнай балаклавай былога палітвязня Віктара Мекі, у якой яго везлі з бабруйскай калоніі да мяжы з Украінай. На вітрыне побач — турэмная фуфайка Юрыя Рубашэнкі, у кішэні — ягоная ж роба. Спраўджваем таўшчыню фуфайкі: наўрад ці ў ёй вытрываеш нават у варшаўскія маразы, не кажучы ўжо пра гомельскія, бабруйскія ды віцебскія.

«На турэмнай — «цялага». Зараз калі б выйшаў у ёй — змёрз бы за 15 хвілін (у Варшаве было мінус сем). Гэта ж не тая цялага, якая выдавалася цывільным людзям. Гэта ўсё палажняковае, а значыцца — без якасці і цеплыні», — тлумачыць праваднік.

«Смурод ад мыла стаяў невыносны»

Алег Кулеша падыходзіць да самай першай вітрыны. На ёй выстаўлены прадметы з жаночай калоніі. Распавядае, якімі нікчэмнымі вафельнымі ручнікамі (ужывае слова «скарач») даводзіцца карыстацца жанчынам на зоне. Спыняецца на кавалках аўтэнтычнага турэмнага мыла («Апошняя выдача на ПК-24»), якое «выехала» на волю з Аленай Гнаўк. Алег сцвярджае, што ў ягонай калоніі (Кулеша адбываў тэрмін у Бабруйску) «белае» мыла не выдавалі — толькі цёмнае.

«І яго было да халеры, тому што ім амаль ніхто не карыстаўся. Яно было сырое і было зваранае з дохлай сабачаціны — смурод стаяў проста невыносны. А калі ты з волі не грэешся і не маеш «мутку», каб сабе накупіць нейкага шампуню, то вымушаны быў ужываць тое, што табе дае зона…» — тлумачыць Алег Кулеша.

Там жа — папяровыя сурвэткі Алы Дзясятнік («Сурвэткі з сімвалам агню… Нам у Берасцейскім СІЗА не давалі сродкаў гігіены. Я зберагала і выкарыстала толькі тры сурвэткі, яны былі для мяне сімвалам сілы, маім абярэгам…»), кубак з мапай свету журналісткі Марыны Золатавай (глядзіш на кубак і бачыш цёплую ўсмешку Марыны — як добра, што ўжо на волі!), вязаная шапка Наталлі Малец, каля шапкі — яшчэ адна лыжка.

Кіпяцільнік і зашчэпкі Віктара Мекі

«Яшчэ вось, глядзі. Здавалася б такія дробязныя рэчы. Слоічак з-пад замяняльніка цукру «Сламікс». Ага, «насладись всласть». Але на зонах забаронена мець цукар. Нам у калоніі выдавалі, калі добра памятаю, 12 ці 14 маленькіх кулёчкаў па 5 грамаў на месяц. Але салодкага ўсё роўна хочацца. І людзі выкарыстоўваюць вось такі цукразамяняльнік. Калі знаходзішся ў СІЗА і разумееш, што цябе чакае на зоне, то абавязкова паспрабуеш гэта выцягнуць…» — расказвае Алег Кулеша.

Чаму ў калоніях забараняюць цукар? Каб жыццё раптам не падалося салодкім? Гэта таксама. Але найперш — каб зэкі не варылі самагон.

«Гэта, дарэчы, не спыняе асуджаных. Праўда, ніхто гэтага не бачыў, каб гналі, але гісторыі пра такое чулі ўсе. Забароны не азначаюць, што зона не жыве сваім жыццём. Жыве, жыве — і вельмі моцна, бывае. Але ўсё, што там было, павінна застацца на зоне. Такое правіла. Таму журналісты таксама павінныя на волі думаць галавой…» — раіць экскурсавод.

Журналісты запэўніваюць былога палітвязня, што спрабуюць гэта рабіць увесь час…

«На кругаль — два караблі найлепшага чаю…»

Раўнавагу ўсёй экспазіцыі выставы «Кропка ўвахода — 123» надаюць два абʼекты — самыя адасобленыя, самыя вертыкальныя і высокія (у фізічным сэнсе) і самыя яркія. Яны як два вартаўнікі, а можа, як два анёлы, якія пільна ўглядаюцца ў прастору той беларускай рэальнасці, у якую нялёгка ўвайсці і зусім немагчыма выйсці — толькі вызваліцца.

Першы: у левым крыле ля ўваходу — бел-чырвона-белы сцяг з імёнамі палітвязняў (сцяг Марыі Грыц). Другі: у правым крыле — паштоўка Максіма Знака:

«Ірыша, прывітанне!.. Спадзяюся, што чайная цырымонія табе спадабалася. Расказваю рэцэпт: на кругаль два караблі найлепшага буйналіставога чаю, размяшаць мяшалкай, піць з асалодай, элегантна адкладаючы лішнія чаінкі на сурвэтку. Паштоўка — вельмі! Але нават месца не саступіў! Лапух? Не! Проста няма чаго ёй тут сядзець. Захапляюся. Абдымаю. Я. 27.02.2021».

Пра гэта можна пісаць кнігі.

Малюнак Максіма Знака

Каментары3

  • Барадзед 216
    22.01.2026
    Вось з такіх дробных прадметаў "быта" чамусьці асабліва адчуваецца жах лукашысцкага канцлагера. Тыя самыя прадметы, якія цяжкія настолькі, каб старонка ніколі не перагортвалася
  • Панi Зося
    22.01.2026
    Нiбыта глядзiш на артэфакты з канцлагера Аушвiц Бiркенау, ён жа Асвенцым. Жудасна, адначасова балюча ад таго, што так здзекваюцца з людзей нi за што. Адно крыху суцяшае, што вертухаi гэтыя таксама сядзяць у термах разам з бязвiннымi, па “працоўных сменах”, але ўсё ж. Бог суддзя.
  • Панi Зося
    22.01.2026
    У турмаx

Цяпер чытаюць

Беларусы масава нясуць грошы ў банкі. Чаму так і наколькі выгадна класці рублі на дэпазіты?4

Беларусы масава нясуць грошы ў банкі. Чаму так і наколькі выгадна класці рублі на дэпазіты?

Усе навіны →
Усе навіны

«Плакала і крычала». Беларуска расказала, як яе прымусілі галасаваць на выбарах за Лукашэнку падчас моцных родавых схватак8

Летась у Беларусі правялі рэкордную колькасць трансплантацый3

Беларусы Вільні збіраюць подпісы ў абарону магчымасці навучаць дзяцей па-беларуску7

Амерыканскі экстрэмал зрабіў неверагоднае: без страхоўкі падняўся на хмарачос на 500 метраў ВІДЭА

У «Доме вольнай Беларусі» ў Львове ўшанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага. Там цяпер захоўваецца і помнік герою4

На свой дзень нараджэння Зяленскі з Наўроцкім, Наўседам і Ціханоўскай у Вільні ўшануе памяць Кастуся Каліноўскага11

«Усе спампоўваюць аплікацыю для байкоту тавараў з ЗША». Беларуская архітэктарка распавяла пра вайб у Грэнландыі25

Бабарыка аднавіў свой акаўнт у фэйсбуку з 22 тысячамі падпісчыкаў14

У Пінскім раёне другія суткі шукаюць зніклага падлетка1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы масава нясуць грошы ў банкі. Чаму так і наколькі выгадна класці рублі на дэпазіты?4

Беларусы масава нясуць грошы ў банкі. Чаму так і наколькі выгадна класці рублі на дэпазіты?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць