Грамадства66

«Стаўленне на найвышэйшым узроўні». Як былыя ўдзельнікі «СВА» адпачываюць у беларускіх санаторыях

Беларусь афіцыйна не ўдзельнічае ў вайне Расіі супраць Украіны, але ўлады краіны сістэмна абслугоўваюць Крэмль, ствараючы каляваенную інфраструктуру. БРЦ піша, як на працягу апошніх трох гадоў ветэраны «СВА» аднаўляюць здароўе ў беларускіх санаторыях.

Электрафарэз для снайпера

Масажныя крэслы, дыхальны салявы пакой, электрафарэз і шмат іншых працэдураў прапанаваў Лепельскі вайсковы санаторый Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь былому ўдзельніку «СВА» Антону Кубасаву. Пра гэта расіянін сам распавёў журналістцы БРЦ, якая патэлефанавала яму пад выглядам супрацоўніцы беларускага дзяржаўнага выдання. Журналісты выйшлі на мужчыну, калі шукалі пацвярджэнні таму, што беларускія здраўніцы прымаюць расійскіх салдат.

Цяпер Кубасаву 41 год. Ён скардзіцца на самаадчуванне, кажа, што развальваецца, дакучае разбурэнне суставаў. На аздараўленні ў Беларусі ён быў летась з 20 лістапада па 10 снежня — у складзе групы ветэранаў.

«Мне вельмі спадабалася [у Лепельскім санаторыі]. Па-першае, само стаўленне да нас было на найвышэйшым узроўні. Харчаванне абалдзеннае. Усе імпрэзы, якія праходзілі, — вельмі класна, спадабалася. Не параўнаць з рускімі [санаторыямі]», — падзяліўся Кубасаў.

У размове ён прызнаўся, што служыў снайперам-разведчыкам у 488 палку (гэта мотастралковы полк, які ўваходзіць у склад 144 гвардзейскай мотастралковай дывізіі ў Смаленскай вобласці). Кубасаў дадаў, што ўдзельнічаў у баях за Крамянную на Луганшчыне — з сярэдзіны красавіка 2022‑га горад знаходзіцца пад расійскай акупацыяй. 

Сам пра сябе мужчына сказаў: «Адзін з тых, хто там выжыў».

Пацверджанай інфармацыі, колькі не выжыла мірных жыхароў у час штурму расійскімі войскамі гораду, няма. На другі дзень баёў за Крамянную тагачасны кіраўнік абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай назваў лічбу ў 200 чалавек, але падкрэсліў, што яна можа быць большай, бо эвакуяваць насельніцтва падчас захопу было немагчыма. Тыя, хто самастойна намагаўся пакінуць горад, траплялі пад абстрэлы. 

Без нагі, але з грашыма 

Паездка ў беларускі санаторый — гэта адзіная ўзнагарода за ўдзел у вайне супраць Украіны, паскардзіўся Кубасаў. Ані медалёў, ані выплат ён не атрымаў. У адрозненні ад іншага госця Лепельскага санаторыя — ураджэнца Пскова Андрэя Палзахноўскага. З вайны супраць Украіны ён вярнуўся без нагі, але, як пісала выданне «Север. Реалии», з ордэнам Мужнасці і трыма мільёнамі расійскіх рублёў у якасці кампенсацыі за раненне ($32 тысяч). Цяпер яму 24 гады. 

У Лепельскім санаторыі Палзахноўскі адпачываў у той жа час, што і Кубасаў. Фотаздымкі з ім у інтэр’ерах беларускай установы апублікаваў расійскі фонд «Защитники Отечества». Палзахноўскі публічна падзякаваў арганізатарам лячэння — гэта дало яшчэ адно пацвярджэнне, што жаўнеры, якія ваявалі супраць Украіны, праходзяць рэабілітацыю ў Беларусі. 

Журналісты спрабавалі паразмаўляць з расіянінам, але не змаглі датэлефанавацца да яго. Ваяваць супраць Украіны ён пайшоў добраахвотна ў кастрычніку 2022‑га з жаданнем зарабіць. Пра сваё рашэнне не шкадуе. Больш за тое, калі б не пратэст маці, то вярнуўся б на вайну — прынамсі так ён сказаў у 2023 годзе журналістам выдання «Север. Реалии».

Тры гады — без розгаласу

Такіх як Кубасаў і Палзахноўскі Лепельскі вайсковы санаторый, што знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, прымае з 2023 года. Пра гэта БРЦ распавялі ў маркетынгавым аддзеле ўстановы. Журналісты патэлефанавалі туды, выкарыстаўшы легенду пра журналістаў дзяржаўнага медыя, але гэтым разам расійскага.

«У нас аздараўленне праходзіць, санаторна-курортнае лячэнне менавіта вось гэта катэгорыя грамадзянаў з Расійскай Федэрацыі штогод», — сказала супрацоўніца санаторыя.

За адпачынак расійскія вайскоўцы не плацяць. Пуцёўкі ім даюць дзяржаўныя органы і дабрачынныя арганізацыі. Адна з іх — фонд «Защитники Отечества», якім кіруе намесніца міністра абароны РФ і, як сцвярджае расійскае выданне «Вёрстка», сваячка Уладзіміра Пуціна Ганна Цывілёва. Падстава для прадстаўлення такой паслугі, паводле супрацоўніцы санаторыя, — дамова з Пастаянным камітэтам «Саюзнай дзяржавы»: «Гэта [датычыць] не толькі «СВА». Гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, а таксама «ветэраны-афганцы». На іншыя пытанні яна адмовілася адказваць, бо «ў якім фармаце падаць гэтую інфармацыю, спачатку трэба абмеркаваць з начальнікам санаторыя». 

Дамова, якую згадала суразмоўца, найхутчэй датычыць мерапрыемстваў па арганізацыі санаторна-курортнага лячэння, прадугледжаных пастановай Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы за 2011 год. Першапачаткова яна была скіраваная на людзей з інваліднасцю і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, аднак у 2022 годзе дакумент скарэктавалі. У пералік тых, хто мае права за кошт бюджэту «Саюзнай дзяржавы» атрымліваць курортна-санаторнае лячэнне, дадалі людзей з інваліднасцю і ветэранаў баявых дзеянняў, у тым ліку на тэрыторыі іншай краіны. Гэты афіцыйны дакумент прадугледжвае адпачынак расійскіх вайскоўцаў у беларускіх здраўніцах.

У 2024 годзе ўдзел у рэалізацыі праграмы прымалі тры беларускія санаторыі — ужо згаданы Лепельскі вайсковы, «Чабарок» і «Сасновы бор», а таксама два расійскіх — «Перадзелкіна» і «Карачарава». 

Фінансаванне вядзецца з бюджэту «Саюзнай дзяржавы». Сёлета на патрэбы па аздараўленні ветэранаў выдзелілі 26 мільёнаў расійскіх рублёў ці амаль 950 тысяч беларускіх (каля $312 тысяч). У 2024 годзе сума была меншай — 877 тысяч беларускіх рублёў на 389 пуцёвак, 180 з якіх — у нашыя здраўніцы. Колькі сярод іх для жаўнераў, што ваявалі супраць Украіны, не вядома.

Лукашэнка гатовы дапамагчы

У хуткім часе ў беларускія санаторыі могуць прыехаць сотні былых удзельнікаў «СВА». Расійскія і беларускія ўлады абмяркоўваюць адмысловую праграму дапамогі ў рэабілітацыі для былых удзельнікаў вайны ва Украіне. Удзельнічае ў гэтым губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка. Напрыканцы верасня ён прыязджаў у Беларусь з візітам. Яго сустракаў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў.

У той жа час жонка Драздзенкі Ірына, якая кіруе Усевалажскім Мультыцэнтрам сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі, наведала санаторна-курортныя ўстановы Меншчыны і правяла перамовы з кіраўніцтвам выканкаму Магілёўскай вобласці. У выніку паўстала дамоўленасць пра стварэнне праграмы рэабілітацыі для расійскіх вайскоўцаў і іх сем’яў у беларускіх санаторыях.

Мяркуецца, што аздараўленне ў нашай краіне штогод будуць праходзіць не меней за 800 чалавек. На якіх умовах — гэта цяпер прапрацоўвае Камітэт па сацыяльнай абароне Ленінградскай вобласці. Ініцыятыву ўжо ўхваліў Мікалай Снапкоў, пра што пісалі расійскія медыя, а вось беларускія дзяржаўныя СМІ гэтым планам увагі не надалі. 

Беларускі і расійскі бакі на працягу некалькіх гадоў абмяркоўваюць магчымасць скіроўваць удзельнікаў вайны супраць Украіны ў нашыя санаторыі. У верасні 2023 года Аляксандр Драздзенка ўжо падымаў гэтае пытанне пры сустрэчы з Мікалаем Снапковым. Тады ленінградскі губернатар наракаў, што ў Расіі не хапае свайго рэсурсу. Летась Драздзенка прапанаваў выкарыстоўваць беларускія курорты для аздараўлення расійскіх салдат і самаму Аляксандру Лукашэнку. Той выказаў гатовасць дапамагчы, не згадаўшы, што Беларусь ужо прадставіла свае санаторыі для былых удзельнікаў вайны ва Украіне.

Журналісты даслалі запыты ў расійскі фонд «Защитники Отечества», Лепельскі вайсковы санаторый і Міністэрства аховы здароўя Беларусі з просьбай пракаментаваць, колькі былых удзельнікаў «СВА» прайшлі рэабілітацыю ў беларускіх санаторыях, а таксама на якім этапе знаходзіцца распрацоўка сумеснай праграмы дапамогі. На момант публікацыі ніхто з іх не адказаў.

Каментары6

  • Панаскін
    30.12.2025
    А дзевачкі ёсць?
  • Спадар
    30.12.2025
    Абслугоўвайце,абслугоўвайце --- гэтыя забойцы вам яшчэ "заплацяць"...
  • Заходні Беларус
    30.12.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»3

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Усе навіны →
Усе навіны

«Селядзец пад шубай» з чырвонай ікрой ад пафаснага рэстарана расчараваў пакупнікоў3

Кватэры ў Мінску сталі часцей купляць замежнікі. А старое жыллё без рамонту не цікавае нават іншагароднім

«Шаптуна Пуціна Лукашэнку падвялі ці то «старэйшыя браты», ці то ўласная інтуіцыя»1

Трамп зладзіў раскошную навагоднюю вечарыну і пажадаў «міру на Зямлі»6

Чалы дае прагноз на 2026 год9

Ціханоўская расказала пра першую сустрэчу з Калеснікавай7

Севярынец расказаў пра першую сустрэчу з сям'ёй пасля вызвалення2

Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай9

«Байсол» назваў суму, якую ўдалося сабраць за 2025 год2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»3

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць