Грамадства

Згарэў шэдэўр народнай архітэктуры Палесся — царква ў Сцяпанках. Яна засталася на фотах «Нашай Нівы»

Сумная навіна прыйшла з Жабінкаўскага раёна: там адбыўся пажар у царкве Святога Міхаіла ў аграгарадку Сцяпанкі. У афіцыйных паведамленнях пакуль што пазбягаюць адкрыта казаць, што царква згарэла, але фоты з тушэння пажару не даюць надзеі, што там шмат чаго ацалее. 

Фота тут і далей: «Наша Ніва»

Між тым царква ў Сцяпанках, пабудаваная ў XVIII стагоддзі і рэканструяваная ў XIX-м, была адным з адметных помнікаў драўлянай архітэктуры Беларускага Палесся. Яна ўваходзіла ў склад культавых драўляных храмаў Берасцейшчыны, якія разглядаліся нават як кандыдаты на ўключэнне ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Пра 5 такіх цэркваў, у тым ліку і Сцяпанкаўскую, «Наша Ніва» ў 2019 годзе рабіла вялікі фотарэпартаж. 

Некалі старажытныя грэкі, аздабляючы каменныя храмы, імітавалі з мармуру элементы драўляных канструкцый. Нашы продкі былі грэкамі наадварот: будуючы драўляныя цэрквы, яны імітавалі мураваныя. Таму храм у Сцяпанках быў нечым падобны да класічных помнікаў віленскага барока.

Царква Святога Міхаіла была пабудаваная ў 1780-м, парамантаваная ў 1858-м. Гэта помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. У 1914-м да царквы была прыбудаваная трох'ярусная званіца. У царкве быў вялікі звон пачатку XX стагоддзя, адліты на ахвяраванні вернікаў.

Праўда, у Сцяпанках да пазнавальнага барочнага двухвежавага фасада Міхайлаўскай царквы ў пачатку XX стагоддзя дабудавалі спераду вялікую квадратную званіцу. Тое, што лічыцца аўтэнтычным, часта бывае канструктам з розных часоў, традыцый і стыляў.

Гэтая званіца была нібы аправа для сцяпанкаўскай славутасці: вялікага звона.

Сяргей Рэзановіч

Менавіта ў Сцяпанках служыў праваслаўны святар Сяргей Разановіч, цяперашні палітвязень, якому прысудзілі 16 гадоў зняволення па справе Мікалая Аўтуховіча. Разам са святаром трапіла за краты і ягоная жонка Любоў, якой пакаранне не нашмат мякчэйшае — 15 гадоў. А Павел Разановіч, іх сын, адбывае 19-гадовае пакаранне.

Любоў Разановіч

Падчас падрыхтоўкі таго рэпартажу менавіта матушка Любоў гасцінна прымала нашаніўцаў і дазволіла ім усё добра агледзець.

Гісторыя сцяпанкаўскага звона нібы апокрыф. Звон адлілі ў пачатку XX стагоддзя на ахвяраванні вернікаў, а найбольшы ўнёсак зрабіў селянін Сцяпан Аксюцік. Яго імя выбітае ў бронзе на баку звона. У часе савецка-польскай вайны звон рэквізавалі чырвонаармейцы, каб вывезці ў Расію, але ў выніку хуткага наступу палякаў каштоўнасць памяняла гаспадароў. Палякі таксама не збіраліся вяртаць яго вернікам і завезлі аж у Варшаву. Там, на чыгуначнай платформе, звон пабачыў сцяпанкаўскі чалавек. Пасля доўгіх перамоваў і ўпрошванняў удалося вярнуць каштоўнасць у Сцяпанкі.

Наступная небяспека напаткала яе ў часе Другой сусветнай, калі немцы рэквізавалі паўсюль званы. Але ўжо навучаныя досведам сцяпанкаўцы здолелі перахаваць свой. І ён маўчаў да канца савецкай эпохі.

Ад языка сцяпанкаўскага звона ішла вяроўка аж да долу, у бабінец. Каб можна было званіць, не ўздымаючыся па крутых сходах. Калі ж гулкі ўдар заспее цябе на версе званіцы, можна атрымаць ад нечаканасці лёгкую кантузію.

    Каментары

    Цяпер чытаюць

    Пасярод іранскіх бамбёжак Дубая Кірыл Руды перабраўся з Эміратаў у ЗША: «Рады злучаць кантыненты! Не саромейцеся да мяне звяртацца»4

    Пасярод іранскіх бамбёжак Дубая Кірыл Руды перабраўся з Эміратаў у ЗША: «Рады злучаць кантыненты! Не саромейцеся да мяне звяртацца»

    Усе навіны →
    Усе навіны

    У цэнтры Мінска мужчына хацеў саскочыць з шостага паверха. Псіхолаг змог яго адгаварыць

    Ці ўпадуць сёлета цэны на жыллё?5

    Памілаванага і дэпартаванага ўкраінца, які два гады быў у калоніі Шклова, мабілізавалі на фронт10

    Як цяпер жыве Наталля Хершэ, якую адправілі ў калонію за сарваную з сілавіка балаклаву2

    «Камера настолькі крутая, што можна ўбачыць мадэль тэлефона». Кіроўцы расказваюць, як ДАІ адсачыла іх з тэлефонам за стырном7

    На вайне загінуў сын расійскага неанацыста Вячаслава Дацыка13

    Оперны тэатр апублікаваў фота дырэктаркі, але перастараўся з фоташопам4

    Названы самы высокааплатны акцёр мінулага года

    Аргенцінец закахаўся ў беларуску і пераехаў на хутар пад Маладзечнам7

    больш чытаных навін
    больш лайканых навін

    Пасярод іранскіх бамбёжак Дубая Кірыл Руды перабраўся з Эміратаў у ЗША: «Рады злучаць кантыненты! Не саромейцеся да мяне звяртацца»4

    Пасярод іранскіх бамбёжак Дубая Кірыл Руды перабраўся з Эміратаў у ЗША: «Рады злучаць кантыненты! Не саромейцеся да мяне звяртацца»

    Галоўнае
    Усе навіны →

    Заўвага:

     

     

     

     

    Закрыць Паведаміць