Спорт

Трыбуна стадыёна будучага суперніка мінскага «Дынама» ў еўракубках названа ў гонар футбаліста, які памёр падчас матча

Мінскае «Дынама» саступіла па выніках двух матчаў балгарскаму «Лудагорцу» ў першым раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і працягне барацьбу ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый, дзе супернікам у другім раўндзе будзе чэмпіён Албаніі «Эгнація». Што гэта за клуб, разбіраўся «Прессбол».

«Эгнаціі» — 90 гадоў. Але нягледзячы на такі паважаны ўзрост, «Эгнація» з невялікага гарадка Ррагожыне ў 5 тысяч чалавек [менавіта так праз два «р» пішацца назва гарадка — Rrogozhinë — НН] выступала ў наймацнейшым дывізіёне чэмпіянату Албаніі усяго пяць сезонаў.

Упершыню яна трапіла ў вышэйшую лігу ў 2004 годзе, аднак адразу ж вылецела. Другі раз — у 2021-м, і неўзабаве ўжо замацавалася на верхняй прыступцы п’едэстала. Спачатку, у чэмпіянаце 2021/22, «Эгнація» змагалася за выжыванне, фінішаваўшы восьмай. У наступным яна заваявала бронзу, а потым два залатыя медалі запар. Імклівы ўздым амаль невядомай яшчэ пяць гадоў таму каманды выглядае сенсацыйным.

У 2017 годзе ррагожынцы перамаглі ў трэцім дывізіёне, у 2021-м — у другім, а яшчэ праз тры гады сталі чэмпіёнамі. Таксама яны двойчы выйгралі Кубак краіны (2023 і 2024). Былі блізкія да трэцяй запар перамогі, але не атрымалася — у маі 2025-га прайгралі ў фінале «Дынама Сіці» ў серыі пенальці.

Пры гэтым склад «Эгнаціі» гучнымі імёнамі і прозвішчамі не вызначаўся і не вызначаецца. Імаверных прычын рыўка ўверх відаць некалькі. Па-першае, умелая праца трэнерскага штаба і правільна спланаваны кадравы падбор футбалістаў. Прычым ніякіх грандыёзных сродкаў на іх запрашэнне (набыццё) не трацілася. Хутчэй за ўсё, справа ў абумоўленых і своечасовых выплатах зарплаты.

Па-другое, можна звярнуць увагу на аслабленне ўзроўню албанскага чэмпіянату. За апошнія сем гадоў краіна ў клубным рэйтынгу УЕФА спаўзла з 34-га месца на 46-е.

Гэта ў нечым нагадвае сённяшні беларускі футбольны пейзаж, калі краіна скацілася ў рэйтынгу на 52-ю пазіцыю, і МЛ з Віцебска, што летась гуляў у першай лізе, пасля першага круга з вялікім адрывам узначаліў турнірную табліцу. Але Віцебск — хаця б абласны цэнтр, а Ррагожыне — гарадок на 5 тысяч чалавек.

Затое там пабудавалі грандыёзны па мясцовых маштабах стадыён: «Эгнація-Арэна», уведзеная ў эксплуатацыю пару гадоў таму, умяшчае 4267 гледачоў.

У студзені 2025 года арэну праінспектавалі дэлегаты УЕФА, і стадыён атрымаў «катэгорыю 3». На ім паўтара месяца таму ўжо праводзіліся матчы фінальнага турніру юнацкага (U-17) чэмпіянату Еўропы.

Wikimedia Commons

Адна з трыбун «Эгнація-Арэны» носіць імя Рафаэля Двамены. Форвард зборнай Ганы (найлепшы бамбардзір «Эгнаціі» ў чэмпіянатах 2022/23—2023/24) 11 лістапада 2023 года на 23-й хвіліне матча з «Партызані» страціў прытомнасць ад спынення сэрца і памёр па дарозе ў бальніцу.

Фота: Wikimedia Commons

Двамена быў уключаны ў сімвалічную зборную чэмпіянату-2022/23. У ёй з ррагожынскіх футбалістаў таксама фігураваў галкіпер Ален Шэры (цяпер у «Кальяры»), правы хаўбек бразілец Фернанда Мадэйрас, апорны паўабаронца Альбана Алексі і цэнтральны абаронца Рэната Малота. 

Нарэшце, у зборнай апошняга чэмпіянату 2024/25 ад «Эгнаціі» з’явіліся новыя прадстаўнікі: галкіпер Марыа Дайсіна́ні, цэнтр паўабаронца Серджыа Уйка і левы вінгер Рэгі Лушк’я (ён з 16 галамі стаў найлепшым бамбардзірам каманды).

Узначальвае суперніка мінчукоў Эдлір Тэтова (1983). Трэнерскі стаж у яго невялікі, а «Эгнаціяй» ён кіруе ўжо другі раз. Упершыню — з 4 чэрвеня па 15 кастрычніка 2022 года. Аднак 27 студзеня 2023 года яго вярнулі назад. І з таго часу ў яго скарбонцы значацца два чэмпіёнскія золаты і два Кубкі.

Застаецца сказаць, што калі ў сваёй краіне «Эгнація» ўжо ўзнялася на вяршыню, то на міжнароднай арэне пакуль яшчэ топчацца ля падножжа, пра што сведчыць вынік супрацьстаяння з ісландскім «Брэйдаблікам» — 1:0, 0:5.

Першы матч «Дынама» — «Эгнація» пройдзе ў чацвер, 24 ліпеня, і пачнецца ў 20:00. Гульня ў адказ — 31 ліпеня.

Пераможца выходзіць у трэці раўнд кваліфікацыі Лігі канферэнцый, прайграўшы пакідае еўракубкі.

«Эгнація», дарэчы, назва ў гонар старажытнай дарогі, што злучала Рым з правінцыямі ў Грэцыі і тэраторыяй сучаснай Албаніі, у той жа Грэцыі ёсць нямала назваў вуліц, якія называюцца Эгнація.

Каментары

Цяпер чытаюць

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі17

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі

Усе навіны →
Усе навіны

Хлопцу з Брэста няма і 15-ці, а ў яго ўжо 52-гі памер нагі і рост больш за 2 метры6

Вялікабрытанія назвала імёны 18-ці пуцінскіх шпіёнаў

У Расіі назвалі цану на новы аўтамабіль Lada Iskra5

У Наваполацку зафіксавалі злавесна-прыгожыя маланкі на захадзе сонца ФОТАФАКТ

Лясныя пажары сёлета знішчылі ў Еўропе тэрыторыю памерам з Люксембург1

Былога футбаліста «Крумкачоў» асудзілі за ўдзел у пратэстах1

На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць19

ЗША паказалі ўласны аналаг іранскага дрона-камікадзэ

Лукашэнку далажылі, што камбайны не гатовыя да жніва ў кожнай трэцяй гаспадарцы3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі17

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць