Кіно44

Фільм «Зялёная мяжа»: што хацела паказаць Агнешка Холанд і што атрымалася

Фільм распавядае пра мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза. Пра нашумелую псіхалагічную драму знакамітай польскай рэжысёркі піша на сайце «Будзьма» Тарас Тарналіцкі. 

Стоп-кадр фільма

Моц эміграцыі — у яе здольнасці падкідваць нам неспадзяваныя ўрокі жыцця.

Калі беларускія аўтары ратаваліся ад рэпрэсій у Польшчы, мала хто з іх чакаў, што мясцовыя ўлады, хай пакуль што далёкія ад усіх метадаў лукашэнкаўскага аўтарытарызму, таксама своеасабліва разумеюць права на аўтарскае выказванне.

Як успрынялі «Зялёную мяжу»

Існую ў краіне палітычную цэнзуру ўласным прыкладам прадэманстравала знаная рэжысёрка Агнешка Холанд. Яе псіхалагічная драма «Зялёная мяжа», прысвечаная распачатаму ў 2021 годзе эмігранцкаму крызісу на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза, стала прадметам жорсткіх дэбатаў задоўга да выхаду. 

З аднаго боку, аўтарку падтрымала замежная мастацкая супольнасць на Венецыянскім кінафестывалі, дзе стужка атрымала спецыяльны прыз журы і яшчэ некалькі ўзнагарод. З іншага, прадстаўнікі праўладнай партыі «Права і справядлівасць» абвінавацілі польскую кінематаграфістку ў гебельсаўскай прапагандзе, жаданні зганьбіць імідж памежнай службы радзімы і мностве іншых смяротных грахоў.

Пасля выхаду фільма ў польскі пракат стала зразумела, што «Зялёная мяжа» сапраўды існуе на памежжы паміж палітычным памфлетам і бескампрамісным мастацкім творам. І гэтым двум абліччам цесна ў адным творы.

Што насамрэч цікавіць Холанд

Але калі вы беларускі глядач «Зялёнай мяжы» — выдыхайце. Нічога асабліва новага пра эміграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы фільм не распавядзе. Ён тут даецца вельмі павярхоўна, без тлумачэння кантэксту. Так, Холанд словамі адной з гераінь ураўнаважвае крызіс з эмігрантамі ў Паўднёвай Еўропе і Усходняй, але гэта, мякка кажучы, не так. У беларуска-польскага канфлікту штучная прырода, ён быў распачаты менавіта каб дэстабілізаваць і дыскрэдытаваць Еўрасаюз. Але акрамя рэплік, што гэта гібрыдная вайна, а мігранты «не людзі, а снарады Пуціна і Лукашэнкі», якія сцэнарысты ўкладаюць у вусны жорсткага кіраўніка польскай памежнай службы, тут больш нічога пра гэта няма.

Холанд цікавяць зусім не акалічнасці крызісу, праз што і як ён стаў магчымы, а зусім іншыя рэчы. Яго гуманітарнае вымярэнне, адкрыты шавінізм, уплыў на польскае грамадства і характары людзей, уцягнутых у гэта жудаснае супрацьстаянне. А яшчэ — хто вінны і што рабіць.

Каб даць адказы на ўсе гэтыя пытанні, аўтарка абрала для аповеду форму мадэрнісцкага кінарамана, які ўвасабляе ў сабе ажно некалькі іпастасяў і самастойных гісторый, аб’яднаных адной эмігранцкай тэмай.

Ад кінапубліцыстыкі да псіхалагічнай драмы

Пачынаецца «Зялёная мяжа» з эмацыйна зараджанай кінапубліцыстыкі. Яе героямі становяцца некалькі сем’яў і адзінокіх людзей з Блізкага Усходу і Афрыкі, якія наўпрост з аэрапорта Мінск трапляюць у жудасныя умовы дзікага ляснога памежжа. Ва ўсіх іх ёсць жаданне трапіць у Еўрасаюз — у Швецыю да брата ці атрымаць прытулак у Польшчы — але кошт мары апынецца непамерным. З безабароннымі персанажамі на экране адбываецца ўсё самае дрэннае, што можна сабе ўявіць: збітыя ў кроў ногі, ахаладжэнне арганізму, голад, гібель дзіцёнка ў багне, выкідышы, здзекі з боку сілавікоў Польшчы і Беларусі. 

Аўтары праводзяць людзей праз пякельную адысею, каб высекчы з душаў гледачоў іскры суперажывання і эмпатыі. І тое ім удаецца, нягледзячы на ўсю маніпулятыўнасць такога падыходу.

Пасля гуманітарнага плаката пра эмігрантаў аповед пераходзіць да псіхалагічнай драмы пра выпрабаванне характараў, увасобленай у найлепшых традыцыях польскага «кіно маральнага непакою», з якога і пачалася творчасць рэжысёркі.

Найбольш дасканалая частка «Зялёнай мяжы»

Стужка пераходзіць да польскага вымярэння крызісу. Рэжысёрку цікавіць стаўленне да канфлікту палякаў: работніка памежнай заставы і ягонай цяжарнай жонкі, палітычных актывістаў-праваабаронцаў і выпадковай псіхалагіні Юліі, якая ўцягваецца ў працэс выратавання людзей ад дэпартацыі ў Беларусь. Аўтар назірае за трансфармацыяй іх характараў у стрэсавай сітуацыі, спрабуе знайсці ў іх гуманізм — і знаходзіць яго. Гэта частка «Зялёнай мяжы» найбольш дасканала зробленая.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Аўтары перыядычна звяртаюцца да прамой крытыкі партыі «Права і справядлівасць» і іх жорсткай эміграцыйнай палітыкі. Тут такіх сцэн няшмат, але тыя, што ёсць, адназначна дазваляюць сказаць пра палітычную зараджанасць карціны, якая трапіла ў пракат акурат пад электаральную кампанію ў польскі сейм. Што пры гэтым ніяк не апраўдвае публічнае цкаванне «пісаўцамі» Холанд за яе грамадзянскую пазіцыю.

Што атрымалася ў выніку

Па выніку «Зялёная мяжа» пакідае пасля сябе цэлы спектр супярэчлівых эмоцый. У Холанд сапраўды атрымалася стоадсоткава гуманістычнае кіно, у якім яна, як і трэба ўплывоваму мастаку, выступае на баку безабаронных людзей, лёс якіх фактычна апынуўся паміж молатам і кавадлам.

Але гэта шчырае выказванне абцяжарвае складаны наратыў, які збівае гледача з панталыку. Ты глядзіш адначасова і фільм жахаў, і сацыяльна-гуманістычны маніфест для польскага грамадства, і шматфігурную драму пра выпрабаванне характараў. Ёсць месца нават для смешных кпінаў пра дрэнную ўладу. 

Фактычна тры сюжэтныя лініі хутчэй не ствараюць шматгранны аповед, а расфакусуюць увагу гледача, не дазваляюць паўнавартасна суперажываць усім персанажам, кожны з якіх пастаўлены перад сваім цяжкім выпрабаваннем. Простая думка пра гуманізм і раўнапраўнае стаўленне да чалавека, незалежна ад колеру яго скуры, рэлігіі і грамадзянства, патанае ў аўтарскім жаданні ахапіць як мага больш аспектаў няпростай тэмы бежанства.

У палкім жаданні распавесці пра каштоўнасную паразу Польшчы і Еўрапейскага саюза ў сутыкненні з усходнееўрапейскім аўтарытарызмам, аўтарка ідзе па шляху спрашчэння канфлікту і наўмыснага згушчэння фарбаў. Беларусь тут увасоблена як філіял пекла, дзе дзяржава ў выглядзе сілавікоў у балаклавах прагне толькі здзекаў, гвалтавання і рабаўніцтва вымушаных эмігрантаў. І з гэтым немагчыма спрачацца, чытаючы стужкі навін незалежных медыя.

Што паглядзець як альтэрнатыву

Але ёсць больш узважаны і блізкі для айчыннай аўдыторыі погляд на эміграцыйны крызіс. Дакументальны фільм «І зноў Беларусь» ананімнага беларускага кінематаграфіста прасочвае ўвесь шлях бежанцаў з Усходу, якія прыляцелі сюды ў пошуках еўрапейскай мары. Гэта праца падасца куды больш шчырай і зразумелай нам, чым наратывы «Зялёнай мяжы» Агнешкі Холанд.

Каментары4

  • Вероятный
    02.10.2023
    Гэта ж якую лявацкую агітку трэба было накруціць, каб левая НН перадрукавала крытычны артыкул! 
  • Кінолаг
    02.10.2023
    Асабліва пікантна выглядае хвалебны для фільма і рэжысёркі сюжэт у праграме "Панарама" на БТ.
  • 123
    02.10.2023
    Гэты фільм вельмі дрэнны і антыпольскі.

Цяпер чытаюць

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць