Грамадства1313

Пад Гомелем са дна Сожа паднялі мораныя дубы, якія праляжалі пад вадой тысячы гадоў

У Гомельскім раёне працягваюць падымаць з дна Сожа ствалы моранага дуба. Самаму старому дрэву, па папярэдняй ацэнцы спецыялістаў, каля шасці тысяч гадоў. Большасць знойдзеных дубоў праляжалі пад вадой прыблізна дзве тысячы гадоў, піша Times.by.

Фота: Times.by

Гэтым разам залежы выявілі непадалёк ад мікрараёна Сеўрукі, які цяпер будуецца ў Гомелі. Да пачатку будаўнічых работ тут земснарад намываў пясок для будучай пляцоўкі.

«Калісьці на гэтым месцы расла дуброва. З часам рака змяніла рэчышча, пачала размываць берагі, і дрэвы апынуліся пад вадой», — расказаае Аляксандр Дупанаў, дырэктар кампаніі, якая займаецца прамысловай здабычай моранага дуба.

Аляксандр Дупанаў. Фота: Times.by

Аляксандр Аляксандравіч з калегамі абследавалі ўчастак працягласцю каля 30 км і знайшлі дзясяткі буйных ствалоў на глыбіні ад двух да дзесяці метраў. Сёлета гэта першая выніковая аперацыя па пошуку моранага дубу ў Беларусі. Апошняя такая знаходка датаваная восенню летась і таксама на тэрыторыі Гомельскага раёна.

Разам з дубамі з дна паднялі лістоўніцу. Яе ўзрост папярэдне 750—800 гадоў. Раней гэтая парода ў прыдонных залежах драўніны не сустракалася.

«Нягледзячы на адсутнасць практычнай каштоўнасці, лістоўніцу мы таксама дасталі з вады. У нашай арганізацыі ёсць залатое правіла — пасля завяршэння работ рачное дно павінна заставацца чыстым», — тлумачыць кіраўнік.

Ад вадалазаў да кранаў

Пад'ём кожнага ствала пачынаецца пад вадой. Аквалангісты абследуюць залежы, вызваляюць драўніну ад грунту і замацоўваюць тросы. Затым у працу ўключаецца спецыяльны плаўсродак, створаны інжынерамі прадпрыемства для пад'ёму і перамяшчэння цяжкіх дрэў па рацэ. На бераг дубы пераносяць краны.

Фота: Аляксандр Дупанаў для Times.by
Фота: Аляксандр Дупанаў для Times.by

Найбольш цяжкія з паднятых у гэты раз ствалоў важаць да 15 тон. Праца з імі патрабуе гранічнай асцярожнасці: любое пашкоджанне троса або выпадковы праход маторнай лодкі можа прывесці да аварыі.

«Мне лягчэй двое сутак аддзяжурыць на беразе, чым дзве гадзіны суправаджаць аквалангіста, які працуе пад вадой. Часам водныя судны ляцяць і не звяртаюць увагі на сцяг «падводныя работы». А па правілах, убачыўшы яго, яны адразу павінны знізіць хуткасць і не набліжацца да месца бліжэй чым 50 м. Прычын нервавацца хапае», — тлумачыць нюансы прамысловай здабычы моранага дубу Дупанаў.

Сам ён пагружаецца з аквалангам з 1980‑х гадоў. Спачатку гэта было захапленнем, а цяпер — частка прафесіі.

Фота: Аляксандр Дупанаў для Times.by
Фота: Аляксандр Дупанаў для Times.by

Пасля пад'ёму дубы адмываюць ад глею і пяску, а затым накрываюць поліэтыленавай плёнкай. Такая ўпакоўка абараняе драўніну ад занадта хуткага высыхання. Наперадзе ў яе працяглы працэс натуральнай сушкі — ён можа заняць ад года да пяці гадоў.

Каштоўны матэрыял

Эксперт называе мораны дуб «экалагічна чыстым матэрыялам з велізарным гістарычным патэнцыялам». У працэсе марэння (мінералізацыя солямі металаў) драўніна набывае розныя адценні — ад палева-серабрыстага да вугальна-чорнага.

Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by

«Кожны ствол унікальны па тэкстуры і колеры, вось чаму не бывае двух аднолькавых вырабаў з моранага дубу», — тлумачыць Аляксандр Дупанаў.

Аднак у перапрацоўку пойдзе толькі невялікая частка рэліктавай драўніны. З цяперашняй знаходкі прыдатнымі для апрацоўкі акажуцца максімум 10 працэнтаў — папярэдне гэта каля 10—12 кубічных метраў. Матэрыял можна будзе выкарыстоўваць для вырабу мэблі асаблівай трываласці і сувенірных вырабаў з унікальным малюнкам.

«Памер дрэва не заўсёды вызначае яго каштоўнасць. Часам невялікі фрагмент дае больш выразны малюнак, чым велізарны ствол. Каб выявіць такі ўзор, драўніну даследуюць паступова — спіл за спілам», — тлумачыць суразмоўца.

Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by

Паводле яго слоў, галоўная складанасць пачынаецца ўжо пасля здабычы. Калі парушыць тэхналогію сушкі або апрацоўкі, унікальны матэрыял можа растрэскацца і стаць непрыдатным для працы.

Узрост вызначаюць у лабараторыі

Раней узрост дубоў рэгулярна пацвярджалі радыевугляродным аналізам. Для лабараторнага даследавання дастаткова каля 30 грамаў драўніны. Па ўзоры можна вызначыць момант, калі дрэва перастала абменьвацца вугляродам з атмасферай — то бок прыблізны час яго гібелі.

Фота: Times.by

Аналіз каштуе нятанна, кажа як ёсць Дупанаў. За гады працы ў яго назапасілася каля пяцідзесяці такіх даследаванняў. Цяпер папярэдні ўзрост дрэва Аляксандр Аляксандравіч здольны вызначыць і візуальна — уся справа ў досведзе, які назапашаны за амаль 40 гадоў.

Адна з вядомых знаходак у ягонай практыцы была яшчэ старэйшая за цяперашнюю.

«Самаму старому дубу, які мы падымалі, было больш за восем тысяч гадоў. Дзе менавіта яго знайшлі, казаць не буду, таму што праз 5‑6 гадоў абавязкова зноў туды вернемся», — запэўнівае спецыяліст.

Паводле яго слоў, мораны дуб можа зноў з'явіцца на ўжо абследаваным участку праз некалькі гадоў. Пад дзеяннем плыні і руху пяску на дне адкрываюцца новыя слаі з рэліктавай драўнінай.

Каментары13

  • алег
    15.08.2026
    рабіць з тысячагадовых дубоў шалёўку і тэрасныя дошкі як па мне нейкае дзікунства

    хіба нашым навукоўцам не трэба такі летапіс для дэндрахраналогіі?

    а кампанія беларуская - https://bogoak.biz
  • No
    15.08.2026
    лукашысты як саранча - ўсё знішчаюць да чаго дабяруцца.
    Гістарычныя помнікі знішчаюць, землю прадаюць арабам, лес высякаюць на продаж. Цяпер дабраліся да мораных дубоў, якія карыстныя для экалогіі.
  • Ну
    15.08.2026
    То-бок, дрэвы, каторым некалькі тысячаў гадоў, распілоўваюць на шматкі. І выкарыстоўваюць толькі 10% ад гэтых шматкоў. Астатняе на сметнік. Я правільна ўсё зразумеў?

Цяпер чытаюць

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна ўвяла санкцыі супраць стваральнікаў «Машы і Мядзведзя»3

У Вільні выпрабоўвалі электробус даўжынёй 25 метраў2

Сабаленка захавала першы радок у сусветным тэнісе1

Рэкорднае абмяленне Дуная агаліла падмуркі моста імператара Канстанціна Вялікага — найдаўжэйшага моста антычнасці1

Стала вядома, чые парэшткі знайшлі беларускія турысты ў гарах Казахстана

Мост праз Свіслач каля плошчы Перамогі адкрыюць пасля рамонту да канца жніўня

Кіеў рыхтаваў другое «Павуцінне» супраць аэрапортаў Масквы, але план спынілі9

Украінцы, якія ваявалі за Расію і былі ўзятыя ў палон, расказалі, чаму працягваюць яе любіць10

Беларусь закрывае сваё пасольства ў Фінляндыі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць