Свет44

Эквадор паспрабаваў выкарыстаць мадэль Сальвадора ў барацьбе з бандамі. Аднак яна не спрацавала

Жорсткая барацьба з арганізаванай злачыннасцю, маштабная прысутнасць войска і будаўніцтва новай турмы павінны былі вярнуць Эквадору бяспеку. Аднак праз два гады пасля пачатку гэтай кампаніі краіна зноў сутыкнулася з рэкордным узроўнем гвалту. У прычынах разбіралася BBC.

Вайскоўцы патрулююць вуліцу ў Гуаякілі пасля ўвядзення прэзідэнтам Эквадора Даніэлем Нобаа надзвычайнага становішча ў рамках барацьбы з арганізаванай злачыннасцю. 15 мая 2026 года. Фота: AP Photo / Dolores Ochoa

У студзені 2024 года прэзідэнт Эквадора Даніэль Нобаа абвясціў у краіне ўнутраны ўзброены канфлікт і даручыў войску нейтралізаваць 22 арганізаваныя злачынныя групоўкі. Урад узяў курс на меры, якія нагадвалі палітыку прэзідэнта Сальвадора Наіба Букеле: мілітарызацыю грамадскай бяспекі, будаўніцтва новай турмы, пашырэнне выкарыстання надзвычайнага становішча і ўзмацненне кантролю над тэрыторыяй. Сам Нобаа заяўляў, што гэтыя крокі сталі неабходнымі для барацьбы з «наркатэрарызмам», аднак эфектыўнасць абранай стратэгіі працягвае выклікаць дыскусіі.

Спачатку гэта дазволіла знізіць узровень гвалту, асабліва ў турмах, а таксама скараціць колькасць паведамленняў пра вымагальніцтва і выкраданні людзей. Аднак ужо ў 2025 годзе ў Эквадоры было зарэгістравана больш за дзевяць тысяч забойстваў — на траціну больш, чым годам раней.

Пры гэтым эксперты сумняваюцца, што эквадорская версія «мадэлі Букеле» здольная прынесці такі ж вынік, як у Сальвадоры. Даследчык Эквадорскай абсерваторыі канфліктаў Луіс Кордава лічыць, што ўлады найперш перанялі знешні бок гэтай стратэгіі — дэманстрацыю жорсткай барацьбы са злачынцамі.

На яго думку, сімвалам такога падыходу стала будаўніцтва турмы La Encuentro, якая пазіцыянавалася як аналаг знакамітага сальвадорскага пенітэнцыярнага комплексу Cecot. Аднак калі турма ў Сальвадоры разлічана на дзясяткі тысяч зняволеных, то эквадорская можа змясціць толькі 740 чалавек. Таму, на думку эксперта, гэты праект мае хутчэй палітычны і сімвалічны, чым практычны эфект, дапамагаючы Нобаа стварыць імідж лідара, які не баіцца супрацьстаяць арганізаванай злачыннасці.

Іншы маштаб пагрозы

Разам з тым спецыялісты адзначаюць, што простае капіяванне сальвадорскага вопыту ў Эквадоры наўрад ці магчымае. Краіны істотна адрозніваюцца як па геаграфіі, так і па структуры злачыннасці.

Калі ў Сальвадоры асноўную пагрозу ўяўлялі вулічныя банды, то ў Эквадоры дзейнічаюць транснацыянальныя сеткі, звязаныя з глабальным гандлем какаінам і якія валодаюць велізарнымі фінансавымі рэсурсамі. Сам Нобаа прызнаваў, што дзяржава супрацьстаіць мафіі, якая аперуе дзясяткамі мільярдаў долараў штогод.

Дадатковыя цяжкасці ствараюць і маштабы краіны. Эквадор прыкладна ў 13 разоў большы за Сальвадор, мае працяглыя межы, цяжкадаступныя раёны і розныя прыродныя зоны, у тым ліку Амазонію, якая стала адным з апорных пунктаў арганізаванай злачыннасці.

Прэзідэнт сцвярджае, што дзяржава ўжо кантралюе тэрыторыю, турмы і межы, аднак прызнае, што пасля многіх гадоў слабой прысутнасці дзяржавы барацьба з крымінальнымі групоўкамі запатрабуе часу.

Прэзідэнт Эквадора Даніэль Нобаа падчас пасяджэння Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў (ААД) у Вашынгтоне. 14 мая 2026 года. Фота: AP Photo / Jacquelyn Martin

Фрагментаваны праціўнік

Яшчэ адна асаблівасць эквадорскай арганізаванай злачыннасці — яе фрагментаванасць. Калі ў Сальвадоры банды мелі выразную іерархію, то ў Эквадоры пасля ліквідацыі адных лідараў узнікаюць новыя групоўкі, якія пастаянна мяняюць саюзы і сферы ўплыву. Паводле ацэнак аналітыкаў, сёння Нобаа супрацьстаіць ужо значна большай колькасці крымінальных структур, чым у пачатку сваёй кампаніі супраць злачыннасці.

Злачынныя сеткі не толькі пашыраюць сваю прысутнасць па ўсёй краіне, але і асвойваюць новыя крыніцы прыбытку — ад наркатрафіку да незаконнай здабычы карысных выкапняў, гандлю людзьмі і зброяй, адмывання грошай і вымагальніцтва. Паводле ацэнак, арганізаваная злачыннасць ужо дзейнічае больш чым у 150 з 222 муніцыпалітэтаў Эквадора.

Эксперты лічаць, што праблема значна глыбейшая, чым проста дзейнасць узброеных груповак. На іх думку, арганізаваная злачыннасць не змагла б так шырока распаўсюдзіцца без падтрымкі часткі грамадства, у тым ліку карумпаваных чыноўнікаў, суддзяў, пракурораў і прадстаўнікоў іншых прафесій. Таму, нягледзячы на маштабную прысутнасць арміі і паліцыі, адной мілітарызацыі недастаткова — без умацавання дзяржаўных інстытутаў і сістэмы правасуддзя пераламаць сітуацыю будзе складана.

Іншы вораг

Эксперты лічаць, што адным з галоўных фактараў, які падтрымлівае арганізаваную злачыннасць у Эквадоры, з'яўляецца адмыванне грошай. Дзякуючы яму прыбыткі ад наркатрафіку, незаконнай здабычы карысных выкапняў і іншых нелегальных схем легалізуюцца праз цалкам законныя сферы — рынак нерухомасці, гандаль аўтамабілямі, сельскую гаспадарку, рыбалоўства і іншыя віды бізнэсу.

Паводле даследчыкаў, у гэтых схемах удзельнічаюць не толькі прадстаўнікі крымінальнага свету, але і юрысты, натарыусы, бухгалтары ды іншыя спецыялісты, якія дапамагаюць ствараць фіктыўныя кампаніі і хаваць незаконныя даходы.

Разам з карупцыяй гэта стварае ўмовы для далейшага развіцця арганізаванай злачыннасці. У апошнія гады эквадорскія ўлады сталі больш увагі надаваць расследаванню канкрэтных схем адмывання грошай, аднак маштаб праблемы застаецца значным.

Зняволеныя ў адной з турмаў Эквадора падчас праверкі сіламі бяспекі. Фота: AP Photo / Cesar Munoz

Прыватызацыя бяспекі

Рэкордная колькасць забойстваў, зафіксаваная ў 2025 годзе, звярнула ўвагу на праблему шырокага распаўсюджвання агнястрэльнай зброі ў Эквадоры. Яшчэ на пачатку гэтага дзесяцігоддзя ў краіне яе было значна менш, чым у суседніх дзяржавах дзякуючы адной з самых жорсткіх сістэм дзяржаўнага кантролю ў рэгіёне. Аднак пасля серыі крывавых турэмных бунтаў і росту вулічнага гвалту сітуацыя пачала змяняцца.

У красавіку 2023 года ўлады дазволілі грамадзянам імпартаваць зброю і насіць яе для самаабароны, а таксама надалі супрацоўнікам прыватных ахоўных кампаній права аказваць падтрымку паліцыі.

Такая трансфармацыя прывяла да прыватызацыі бяспекі, якая перастала быць гарантаваным грамадскім правам і ператварылася ў прыватны прывілей. Сёння абароненым сябе можа адчуваць толькі той, хто мае грошы на наёмную ахову або ўласны пісталет.

Пры гэтым праз слабы дзяржаўны нагляд менавіта прыватныя ахоўныя фірмы сталі адным з асноўных каналаў пастаўкі зброі на чорны рынак, а некаторыя з іх нават апынуліся пад непасрэдным кантролем мафіі.

Пераймаючы прыклад Сальвадора, урад дазволіў сілавікам выкарыстоўваць канфіскаваную ў бандытаў зброю. Гэта папулярнае ў народзе рашэнне, якое ўспрымаецца як справядлівая помста, аднак на практыцы яно стварае тэхнічны хаос у забеспячэнні арміі праз адсутнасць адзінага стандарту ўзбраення. Нягледзячы на відавочны крызіс, пытанне рэальнага раззбраення ў краіне нават не абмяркоўваецца.

Вайскоўцы часова затрымліваюць маладога чалавека для праверкі на наяўнасць татуіровак, звязаных з крымінальнымі групоўкамі, падчас патрулявання паўднёвай часткі Кіта. Студзень 2024 года. Фота: AP Photo / Dolores Ochoa, File

Правы чалавека і свабода прэсы

Як і Наіб Букеле, Даніэль Нобаа сутыкнуўся з крытыкай з боку праваабарончых арганізацый, журналістаў і міжнародных структур. Канстытуцыйны суд паставіў пад сумнеў прававую ацэнку сітуацыі як унутранага ўзброенага канфлікту. Праваабаронцы паведамляюць пра пагаршэнне ўмоў сваёй працы і рост негатыўнага стаўлення да іх у грамадстве.

«Рэпарцёры без межаў» адзначылі рэзкае пагаршэнне пазіцый Эквадора ў сусветным рэйтынгу свабоды прэсы, а Human Rights Watch і эксперты ААН заявілі пра выпадкі сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека падчас барацьбы са злачыннасцю, у тым ліку пра пазасудовыя пакаранні, адвольныя затрыманні і гвалтоўныя знікненні людзей. Прэзідэнт гэтыя абвінавачанні адхіляе, заяўляючы, што яго галоўная задача — абараніць законапаслухмяных грамадзян і забяспечыць выкананне закона.

Частка аналітыкаў папярэджвае, што адсутнасць поспехаў у сферы бяспекі можа спрыяць паступоваму аслабленню дэмакратычных інстытутаў. Пры гэтым, паводле апытанняў двух вядучых даследчых праектаў грамадскай думкі ў Лацінскай Амерыцы — LAPOP і Latinobarómetro, многія эквадорцы гатовыя падтрымаць моцнага лідара, які абяцае навесці парадак, нават калі гэта будзе азначаць абмежаванне незалежнасці дзяржаўных інстытутаў або дэмакратычных свабод.

Каментары4

  • Рэцэпт
    04.08.2026
    Патрэбна сапраўдная хрысьціянізацыя Эквадора.
  • Алесь
    04.08.2026
    На хвалі неправавога змагання супраць злачыннасці Букеле актыўна будуе асабістую дыктатуру. Тое ж самае спрабуе рабіць і ягоны эквадорскі калега. І тое ж самае ў 90х у адной усходнееўрапейскай краіне рабіў тады яшчэ адносна малады прэзідэнт-папуліст. Спачатку ён рукамі эскадронаў смерці ліквідаваў эканамічных канкурэнтаў з ліку арганізаванага крымінала, а потым надыйшоў час пазасудовых забойстваў палітычных апанентаў ды журналістаў. Бо дыктатар, аднойчы пачаставаўшы крыві - спыніцца ўжо ня можа. Дарэчы, у 90х становішча з арганізаванай злачыннасцю ў пасткамуністычных Польше і Літве было вельмі складаным, але яго атрымалася выправіць законным шляхам і без усталявання дыктатуры, у выніку чаго тыя краіны крочылі далёка наперад
  • беларус
    04.08.2026
    Алесь, "Атрымалася выправіць" кажаш? Дык Наўроцкі сам з таго гопніцкага асяроддзя, былы футбольны фанат. Таму яго напады на беларусаў не цікавяць, бо здзяйсняюцца яны сацыяльна блізкімі да прэзідэнта асобамі. Цяпер такія гопнікі ў Польшчы ўлада, адны ў кабінетах, другія на вуліцах.

Цяпер чытаюць

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну16

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну

Усе навіны →
Усе навіны

У Вільні былы кіраўнік элітнага падраздзялення паліцыі застрэліў віцэ-чэмпіёна Еўропы па кікбоксінгу — бо той сікаў каля дома23

Мінскі дызайнер, які стварыў пухавік з сена, здзівіў яшчэ раз6

У Грэцыі выратавалі 44‑гадовую жанчыну, якая правяла ў моры 20 гадзін

У Мінску заўважаюць незвычайных птушак. Ці патрэбная ім дапамога людзей?2

НАТА: Расія толькі за верасень страціла больш за 50 тысяч вайскоўцаў10

Кіраўнік Palantir: У эпоху ШІ будуць мець поспех толькі дзве групы людзей17

Кая Калас: ЕС плануе захаваць ізаляцыю Расіі і Беларусі ў сусветным спорце12

Просты электраманцёр з Асіповічаў сабраў багатую калекцыю дробных манет з усяго свету1

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу146

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну16

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць