Гарыць і ў іншых месцах Грэцыі.

Тысячы людзей былі эвакуяваныя з грэцкага вострава Крыт — лясныя пажары, якія распальвае моцны вецер, пагражаюць турыстычным курортам і вёскам, піша Бі-бі-сі.
На працягу ночы каля 8 тысяч чалавек былі эвакуяваныя з Рэцімна ў заходняй частцы вострава, там парывы ветру дасягалі 125 км/г.
Сіноптыкі папярэджваюць, што ўжо на гэтым тыдні ўмовы, якія спрыяюць узнікненню пажараў, распаўсюдзяцца ў бок Цэнтральнай Еўропы, прычым Грэцыя і Турцыя будуць сярод найбольш пацярпелых рэгіёнаў.
Пажар, які цяпер бушуе ў Рэцімна, успыхнуў у сераду і, як мяркуецца, ужо знішчыў шэраг дамоў і сельскагаспадарчых угоддзяў.
Гэта адзін з найбуйнейшых пажараў, якія цяпер ахапілі востраў: працягласць яго фронту перавышае 15 кіламетраў, а агонь застаецца некантраляваным.
Паводле слоў намесніцы рэгіянальнага губернатара Рэцімна Марыі Ліёні, дакладнага ўяўлення пра маштабы разбурэнняў пакуль няма. Яна дадала, што пажар усё яшчэ працягваецца, а яго лакалізацыя застаецца галоўным прыярытэтам.
Паводле яе слоў, уначы парывы ветру дасягалі 11 балаў па шкале Бафорта [11 балаў класіфікуецца як моцны шторм, максімальны вецер — 12 балаў, гэта ўраган — НН].
Нягледзячы на намаганні пажарных, моцны вецер разносіць полымя і істотна ўскладняе тушэнне пажару. У чацвер раніцай пажарныя самалёты не змаглі ўзняцца ў паветра праз неспрыяльныя ўмовы надвор'я.
Частку эвакуяваных з Рэцімна перавезлі ў часовы прытулак у суседнім муніцыпалітэце, паведаміла Ліёні. Яна таксама адзначыла, што для турыстаў арганізавалі ўсю неабходную дапамогу.
Лясныя пажары ўзніклі і ў іншых рэгіёнах Грэцыі — на астравах Паркс і Лесбас у Эгейскім моры, а таксама ў горадзе Трыфілія на поўдні мацерыковай часткі краіны.
Паводле звестак пажарнай службы Грэцыі, у барацьбе са стыхіяй задзейнічаны больш за 220 пажарных, 53 пажарныя машыны, 11 спецыялізаваных падраздзяленняў і два самалёты.
-
Жанчына з Тэнэсі выжыла пасля дзвюх смяротных ін'екцый падчас пакарання смерцю і была дастаўлена ў бальніцу
-
Самалёт Flydubai уратавалі пілот-індыец і тры пасажыры, адзін з якіх стаматолаг. Другога пілота звязалі правадамі ад слухавак і маланкамі
-
У Паўднёвай Карэі 600 тысяч чалавек прыйшлі паглядзець на акулу, якая захрасла ў канале
Каментары