Грамадства88

Сталі вядомыя падрабязнасці крушэння мотадэльтаплана пад Мінскам

14 красавіка 2026 года побач з аграгарадком Азярцо пад Мінскам разбіўся мотадэльтаплан, які выконваў аглядны палёт. Загінулі пілот і пасажырка. Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт (МАК) правёў расследаванне авіяцыйнага здарэння і апублікаваў справаздачу па яго выніках. У дакуменце апісаныя прычыны катастрофы, а таксама дзіўная дэталь, якая тычылася апарата, што разбіўся. Выданне «Люстэрка» азнаёмілася з дакументам і расказвае галоўнае.

Кадры палёту на мотадэльтаплане, якія зняла пасажырка. Выявы: mak-iac.org

Што здарылася?

14 красавіка на пляцоўцы Азярцо праводзілі аглядныя палёты з пасажырамі. Пілотам быў 45‑гадовы Руслан Іваноў, у мінулым вядомы як гітарыст гурта «Цвет Алоэ». Першай пасажыркай стала 26‑гадовая Таццяна Палянская.

Згодна са справаздачай, палёт працягваўся менш за хвіліну. Адзіны відэазапіс, які дапамог экспертам, вяла на тэлефон загінулая пасажырка. Яна падрабязна задакументавала дзеянні пілота, паказанні прыбораў і абставіны, якія прывялі да трагедыі.

На 14‑й секундзе палёту на вышыні 30—40 метраў мотадэльтаплан трапіў у зону турбулентнасці. Яе інтэнсіўнасць нарастала.

Ад трасення нос мотадэльтаплана пачаў задзірацца — апарат заходзіў у больш круты набор вышыні, чым трэба. Пілот спачатку адрэагаваў правільна: пацягнуў ручку кіравання на сябе, і нос пачаў апускацца назад. Аднак апарат працягваў набіраць вышыню пад дзеяннем узыходнага патоку паветра.

Кадры палёту на мотадэльтаплане, на якіх бачныя паказанні прыбораў і дзеянні пілота. Фрагмент справаздачы МАК. Выявы: mak-iac.org

Чаму ўпаў мотадэльтаплан?

Аналіз экспертаў паказаў, што пілот, відавочна, імкнуўся не дапусціць зніжэння апарата і кампенсаваць крэн. Але ў пэўны момант адступіў ад інструкцыі, праз што мотадэльтаплан страціў стабільнасць.

Эксперты мяркуюць, што для пілота інтэнсіўная турбулентнасць аказалася нечаканасцю, таму што ён недастаткова прааналізаваў фактычнае надвор’е.

На 20‑й секундзе палёту апарат перайшоў у так званы «кувырок» — некантраляванае кручэнне вакол папярочнай восі. Канструкцыя пачала разбурацца проста ў паветры: зламалася левая папярочная труба крыла, паўкрыло склалася, апарат стаў інтэнсіўна круціцца.

Злева — момант пераходу ў «кувырок», справа — выпадзенне пілота. Фрагмент справаздачы МАК пра крушэнне лятальнага апарата. Выявы: mak-iac.org

Ад перагрузак разбурылася пражка мацавання рамня Іванова — і яго выкінула з кабіны. Прышпіленая рамнём пасажырка заставалася ў крэсле да самага падзення (сябар камандзіра расказваў, што яна пікіравала адна каля сямі секунд).

У выніку загінулі абодва ўдзельнікі палёту. Цела пілота знайшлі за 30 метраў ад месца катастрофы апарата.

Абломкі мотадэльтаплана на месцы крушэння. Выява: mak-iac.org

Што вядома пра пілота?

У дакуменце не пазначана імя загінулага пілота, аднак яно называлася раней — гэта быў Руслан Іваноў. Згодна са справаздачай, ён быў не толькі камандзірам паветранага судна ў той дзень, але таксама дырэктарам кампаніі «Авіясвет», якая эксплуатавала мотадэльтаплан і пасадачную пляцоўку ў Азярцы.

Іваноў пачаў навучанне палётам на мотадэльтапланах у 2018 годзе, у 2023‑м атрымаў пасведчанне пілота камерцыйнай авіяцыі. Яго агульны налёт складаў 558 гадзін, раней не было ніводнага здарэння ці інцыдэнту з яго ўдзелам.

Загінулы пілот Руслан Іваноў. Фота: tochka.by

Літаральна за некалькі дзён да трагедыі Іваноў праходзіў камісію Міністэрства аховы здароўя, якая прызнала яго прыдатным да працы. А вось у дзень палёту ён не прайшоў перадпалётны медыцынскі агляд, хоць авіяцыйныя правілы патрабуюць гэтага ў абавязковым парадку. У графе «перадпалётны медагляд» значыцца «самакантроль».

Пасмяротная судмедэкспертыза ўстанавіла, што ў яго крыві не было слядоў алкаголю ці наркатычных рэчываў, смерць наступіла ад траўмаў пры ўдары аб зямлю.

Адкуль узялася турбулентнасць?

Фармальна з надвор’ем у дзень здарэння ўсё было ў парадку: бачнасць 8—10 кіламетраў, малавоблачна, слабы вецер. Да пачатку палётаў Іваноў даведваўся пра надвор’е ў мясцовым дыспетчарскім пункце.

Але аўтары справаздачы адзначаюць, што ўсё гэта не выключае небяспекі для мотадэльтаплана.

«Мотадэльтаплан мае малую масу, значную плошчу крыла, мяккую канструкцыю крыла і балансірнае кіраванне, — тлумачаць яны. — Таму лакальныя вертыкальныя парывы тэрмічных паветраных патокаў, якія выклікаюць рэзкае змяненне вуглоў атакі, і кароткачасовае гарызантальнае ссоўванне ветру могуць аказваць значна большае ўздзеянне на мотадэльтаплан, чым на больш цяжкія паветраныя судны з больш эфектыўным аэрадынамічным кіраваннем».

Той дзень быў малавоблачным, гэта дазволіла сонцу інтэнсіўна праграваць зямлю. На карце мясцовасці бачна, што адзін участак быў цямнейшы за іншы.

Карта пасадачнай пляцоўкі Азярцо. Белым адзначана месца пачатку палёту, чырвоным — мяжа зон з кантраснай паверхняй, жоўтым — месца крушэння. Выява: mak-iac.org

«Адкрытыя ўчасткі мясцовасці, асабліва сухія палі і ўчасткі з больш цёмнай паверхняй, награваюцца хутчэй, чым лес, вільготныя нізіны або зацененыя зоны. На межах такіх неаднародных (кантрасных) паверхняў праз іх нераўнамерны прагрэў магчыма ўзнікненне зон лакальнай канвергенцыі і ўтварэнне тэрмічных паветраных патокаў (тэрмікаў) і паветраных віхраў».

Згодна з аналізам экспертаў, апарат трапіў ва ўзыходныя патокі паветра менавіта каля мяжы такой «зоны з кантраснай паверхняй».

Чаму зламалася труба?

Трубу, якая зламалася ў палёце, адправілі на экспертызу ў Цэнтральны навукова-даследчы інстытут Вайскова-паветраных сіл расійскага Мінабароны. Згодна з яе вынікамі, матэрыял «адпавядае патрабаванням тэхнічнай дакументацыі».

Аўтары справаздачы таксама падрабязна вывучылі сам злом і дэфармацыю трубы. Па іх ацэнцы, «разбурэнне адбылося ад дзеяння аднаразова прыкладзенай расцягвальнай і згінальнай нагрузкі з кручэннем, якая перавысіла трываласць трубы».

Фрагмент трубы, якая зламалася ў паветры. Выява: mak-iac.org

Прасцей кажучы — на гэты элемент прыпала занадта моцная нагрузка. А вось прыкмет разбурэння праз стомленасць металу ці карозію эксперты не выявілі. Не знайшлі яны таксама дэфектаў матэрыялу ў месцы злому.

З самім апаратам не ўсё было чыста

Аглядаючы абломкі, спецыялісты заўважылі сур’ёзную нестыкоўку. На судне, што разбілася, бачны бартавы нумар EW-307SL. Згодна з дакументацыяй, на мотадэльтаплане з гэтым нумарам павінны былі стаяць рухавік Honda D16ZC і крыло «Атам».

На апараце, што разбіўся, бачны бартавы нумар EW-307SL, аднак эксперты прыйшлі да высновы, што гэта была падмена. Скрыншот: mak-iac.org

Аднак у яго аказаліся рухавік Suzuki-G16B і крыло БЛІК-14 — камплектацыя, якую дакументацыя не прадугледжвае.

Пры гэтым у ангары стаяў іншы мотадэльтаплан — з патрэбнымі рухавіком і крылом, але без таблічкі з дзяржаўным і рэгістрацыйным знакамі (былі толькі адтуліны для мацавання).

Яшчэ адзін мотадэльтаплан са «скручанымі» таблічкамі. Скрыншот: mak-iac.org
Месца мацавання «скручаных» таблічак. Скрыншот: mak-iac.org

Камісія прыйшла да высновы, што таблічкі з дзяржаўным і рэгістрацыйным знакамі, а таксама заводскім нумарам знялі з іншага мотадэльтаплана і пераставілі на той апарат, які ў выніку разбіўся.

У «падменнай» прылады, з якой здарылася трагедыя, не было дакументаў, рэгістрацыі і сертыфіката лётнай прыдатнасці. Яго дата выпуску і тэрмін службы ў справаздачы «не ўстаноўленыя». Не атрымалася нават вызначыць яго ўладальніка (у іншай частцы дакумента пазначаная нейкая «прыватная асоба»).

Фрагмент справаздачы МАК пра крушэнне мотадэльтаплана пад Азярцом. Скрыншот: mak-iac.org

Хто і калі зрабіў гэту падмену, аўтары не пішуць. Верагодна, гэтае пытанне не ўваходзіла ў кампетэнцыю камітэта.

Аўтары дакумента падкрэсліваюць, што іх расследаванне «не прадугледжвае ўстанаўлення долі чыёй-небудзь віны ці адказнасці», а мэта публікацыі — прадухіленне авіяцыйных здарэнняў у будучыні.

Сярод выніковых рэкамендацый МАК такія:

  • узмацніць кантроль за законнасцю палётаў «прыватнікаў»;
  • паклапаціцца пра тое, каб пілоты звышлёгкай авіяцыі дастаткова ведалі пра турбулентнасць;
  • абмяжоўваць навучальныя і азнаямляльныя палёты з пасажырамі ў гадзіны «з высокім узроўнем тэрмічнай актыўнасці атмасферы», асабліва вясной, а пры неабходнасці — арганізоўваць разведку надвор’я перад выкананнем палётаў;
  • разгледзець магчымасць забеспячэння мотадэльтапланаў хуткадзейнай парашутнай сістэмай пры выкананні палётаў з пасажырамі і тымі, хто навучаецца.

Раней Следчы камітэт завёў крымінальную справу па факце крушэння мотадэльтаплана. Справа заведзеная па ч. 3 арт. 314 КК (Парушэнне правіл бяспекі эксплуатацыі паветранага транспарту, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх асоб), ёй заняліся супрацоўнікі Галоўнага следчага ўпраўлення СК. Ім таксама трэба будзе ўстанавіць правільнасць «эксплуатацыі паветраных суднаў дадзенага тыпу па ўсёй краіне» для «прадухілення падобных інцыдэнтаў».

Каментары8

  • !
    21.07.2026
    рассмотреть возможность оснащения мотодельтапланов быстродействующей парашютной системой при выполнении полетов с пассажирами и обучаемы .Как они такое себе представляют?
  • .
    21.07.2026
    Наколькі памятаю, пісаў тады, што быў антыцыклон, ясна, рэзкія кантрасты начных і дзённых тэмператур. Такое максімальна праяўляецца вясной.
    У антыцыклон высокі ціск прыціскае паветра да зямлі, а нагрэтае толькі над полем паветра рухаецца ў адваротным напрамку - ўверх. Вось і вертыкальная турбуленцыя.

    Эфект узмацняла мясцовасць: проста ў лесе ў той час магло быць холадна, а побач на полі спякотна. І кантрасны холмісты рэльеф каля Пцічы.
    Мог уплываць і сам вадаём (Воўкавіцкае вадасховішча), над якім паветра яшчэ мацней апускалася ўніз і ахалоджвалася ад вады (не памятаю, мабыць, і лёд мог яшчэ заставацца). Халодны брыз над берагам з вадаёму мог сустракацца з сустрэчным ветрам антыцыклону і ствараць у зоне аварыі дадатковую пульсацыю (нестабільнасць) і пад’ём паветра.
    (У справаздачы слушны аналіз. Ад сябе я дадаў пра уплыў антыцыклону і версію пра фронт брызу з вадасховішча).

    Антыцыклон увогуле значна ўзмацняе лакальныя мікраэфекты мікраклімату, што мы ведаем па цяжкапрадказальным начным замаразкам над глебай. А спецыфічныя эфекты ўдзень на сонцы і над зямлёю праверылі сваім жыццём два чалавекі.
  • дзирке
    21.07.2026
    лол, дзирачка, пока что надежнее "Союза" еще никто на планете не придумал.

Цяпер чытаюць

Латвія «па тэхнічных прычынах» закрыла мяжу з Беларуссю12

Латвія «па тэхнічных прычынах» закрыла мяжу з Беларуссю

Усе навіны →
Усе навіны

Ураджэнку Мінска не ўзялі на дыпламатычную службу Германіі, бо ў яе застаўся бацька ў Беларусі15

У цэнтры Варшавы паляк напаў на беларуску пасля таго, як пачуў яе акцэнт142

Самая маленькая незалежная рэспубліка ў свеце змяніла назву3

Мужу вядомай беларускай адвакаткі далі ў Расіі 9 гадоў калоніі за хабары. А іх сумесную кватэру ў Выбаргу цішком прадалі6

Айцішніка родам з Мазыра асудзілі па шэрагу палітычных артыкулаў і кінулі за краты1

«Байсол» запусціў традыцыйны збор для дзяцей палітвязняў перад 1 верасня3

У 48 гадоў памёр першы намеснік начальніка Партызанскага РУУС Мінска30

Памёр экс-футбаліст зборнай Італіі і «Мілана» Франка Барэзі

Хаскі з Мінска стаў тварам новай калекцыі Mark Formelle. За гэта ён атрымаў адну футболку2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Латвія «па тэхнічных прычынах» закрыла мяжу з Беларуссю12

Латвія «па тэхнічных прычынах» закрыла мяжу з Беларуссю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць