Грамадства1616

Беларусы без пашпартоў ва Украіне ў жніўні рызыкуюць стаць нелегаламі — яны не змогуць абнавіць ДНЖ

У замежнікаў, якія пражываюць ва Украіне, засталося менш за месяц, каб падаць дакументы на абнаўленне часовых дазволаў на жыхарства. Зрабіць гэта трэба да 4 жніўня, у тым ліку беларусам.

Тыя, у каго няма дзейнага пашпарту, не змогуць атрымаць ДНЖ (так званыя «посвідкі»), і стануць нелегаламі. Ці ёсць развязанне праблемы? Пра сітуацыю піша «Белсат».

«У снежні я стану нелегалкай» 

Беларуска Марыя Анімія жыве ва Украіне з 2023 года. Яна прыехала як валанцёрка і потым на гэтай падставе атрымала часовы дазвол на жыхарства. У 2024 годзе Марыя выйшла замуж за ўкраінскага вайскоўца і далей легалізоўвалася на падставе шлюбу. 

Сёлета ж дзяўчына можа сутыкнуцца з праблемамі. Справа ў тым, што ў яе ў снежні 2026 года заканчваецца тэрмін дзеяння беларускага пашпарту, а разам з ім — часовага дазволу на жыхарства, падоўжыць які без дзейнага дакументу, які ідэнтыфікуе асобу, цяпер не атрымаецца. 

5 лютага 2026 года Кабінет міністраў Украіны прыняў пастанову №141, што адмяняе дзеянне пастановы №1202 ад 21 кастрычніка 2022 года. Тая дазваляла замежнікам з часовым і сталым украінскім ДНЖ, які закончыўся пасля 24 лютага 2022 года, законна знаходзіцца ва Украіне да адмены ваеннага становішча і яшчэ цягам 30 дзён пасля. 

Пастанова не распаўсюджвалася толькі на грамадзян Расіі, але беларусы, нават тыя, у каго цягам гэтых гадоў скончыўся пашпарт, знаходзіліся ва Украіне цалкам легальна. 

Новая пастанова гэта скасоўвае і абавязвае ўсіх замежнікаў з часовымі ДНЖ у тэрмін з 7 мая да 4 жніўня падаць дакументы на абнаўленне дазволаў. Без дзейнага пашпарту зрабіць гэта будзе немагчыма. Тым жа, хто яшчэ мае пашпарт, ДНЖ дадуць толькі на тэрмін яго дзеяння. 

Такім чынам, Марыя не зможа падоўжыць ДНЖ па сканчэнні свайго пашпарту: 

«То бок, у снежні я стану нелегалкай, без грошай, без магчымасці штосьці рабіць. Я і цяпер не магу адкрыць банкаўскі рахунак, а без ДНЖ тым больш не змагу. І для мяне будзе закрыты далейшых шлях легалізацыі — атрымання сталага ДНЖ і грамадзянства, на што я маю права як жонка ўкраінца».

«У ДМС кажуць: едзьце ў Беларусь і мяняйце пашпарт» 

Марыя цяпер спрабуе развязаць сваю сітуацыю. Яна робіць акцэнт на тым, што яна — публічны чалавек: прадстаўляе фонд BYSOL ва Украіне, курыруе дапамогу беларускім добраахвотнікам. Беларуска падае заявы па сваім кейсе ва ўсе магчымыя ўстановы — у Офіс прэзідэнта Украіны, амбудсмэну, аднак пакуль паўсюль атрымлівае адмовы.

Не дапамагае і тое, што Марыя — жонка вайскоўца. Справа ў тым, што апошнія змяненні ў заканадаўстве спрасцілі легалізацыю для беларускіх добраахвотнікаў і іхных сямейнікаў — на сямейнікаў украінскіх вайскоўцаў новыя нормы не распаўсюджваюцца.

«У гэтым і абсурд маёй сітуацыі. Калі б я была замужам за вайскоўцам-замежнікам, у тым ліку беларусам, праблемы не было б. А вось такія шлюбы, дзе адзін з пары — украінскі грамадзянін, а другі — замежнік, беларус — ніяк не прапісаныя ў заканадаўстве», — тлумачыць дзяўчына.

Таму ў ДМС (дзяржаўная міграцыйная служба) разводзяць рукамі і кажуць: магчыма, мы маглі б прыняць вашыя дакументы, але працаваць з імі і выдаць вам ДНЖ без дзейнага беларускага пашпарту мы не зможам.

«Едзьце ў Беларусь і мяняйце пашпарт. Гэта пры тым, што да свайго кейсу я прыкладваю дакументы, што знаходжуся ў вышуку ў Беларусі, у Расеі, маю некалькі крымінальных справаў, а яны мне такое раяць. І я такая не адна, тысячы беларусаў тут будуць мець праблемы з ДНЖ», — кажа дзяўчына. 

Статус уцекача ва Украіне Марыя таксама не зможа атрымаць, бо цяпер яго ў прынцыпе амаль нікому не даюць, бо ідзе вайна і Украіна не можа гарантаваць бяспеку заяўніку. А акрамя таго, беларусы — грамадзяне краіны-суагрэсара. Яшчэ адзін аргумент, які можа сыграць не на карысць — Украіна не была для Марыі першай краінай уезду, пасля ад’езду з Беларусі ў 2020 годзе яна некаторы час жыла ў Літве. 

«Я магу атрымаць прытулак у Літве. Але тады я аказваюся ў сітуацыі, калі мне давядзецца кінуць сваю сям’ю ва Украіне, каб потым мець магчымасць прыязджаць ва Украіну толькі па візе ў пашпарце замежніка», — зазначае дзяўчына. 

Катастрафічная сітуацыя 

Марыя падкрэслівае, што праз новую пастанову вялізная колькасць беларусаў аказваецца ў заканадаўчай яме: 

«Што рабіць людзям — абсалютна незразумела. З 4 жніўня яны становяцца нелегаламі, будуць вымушаныя плаціць штрафы, прыдумляць, як легалізавацца, не маючы падстаў». 

Беларуска бачыць два выйсці з гэтай сітуацыі — ці спадзявацца на заканадаўчыя змяненні, ці з’язджаць з Украіны — пакідаць тут сваю сям’ю, працу, дом, падавацца на прытулак, напрыклад, на польскай мяжы. А там асобны трэк — як атрымаць статус уцекача? А нават калі яго дадуць, трэба будзе думаць, як потым трапіць ва Украіну, на якіх падставах. 

«Гэта катастрафічная сітуацыя для тых, хто жыве тут шмат гадоў, стварыў сям’ю і планаваў і далей тут заставацца», — падкрэслівае Марыя. 

Валанцёрка мяркуе, што цяпер усе беларускія арганізацыі, якія маюць уплыў, а найперш палітычныя актары, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў павінны ўключыцца, праводзіць інфармацыйныя кампаніі, перамовы з украінскім бокам, каб знайсці выйсце для такіх людзей, дамовіцца аб прызнанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў ці нейкім іншым развязанні. Марыя падкрэслівае — гэта трэба рабіць ужо цяпер, бо часу засталося вельмі мала. 

13 ліпеня Марыя разам з намесніцай кіраўніка прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінету па сацыяльнай палітыцы Анастасіяй Махамет выступілі на пасяджэнні часовай следчай камісіі Вярхоўнай Рады Украніы па пытаннях расследавання магчымым парушэнняў заканадаўства Украіны ў сферы абароны, антыкарупцыйнага заканадаўства і выканання правоў і свабод чалавека падчас ваеннага становішча. Марыя распавяла пра сваю сітуацыю.

«Ромская стратэгія» для беларусаў 

Аляксей Францкевіч, кіраўнік грамадскай арганізацыі «Беларуская супольнасць Украіны» і Дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь», таксама моцна занепакоены сітуацыяй, у якой рызыкуе апынуцца частка беларусаў ва Украіне пасля 4 жніўня. 

«З пастановай №141 пачаліся праблемы для тых беларусаў, у якіх за гэты час скончыліся пашпарты і якія не могуць паехаць у Беларусь іх замяніць. Гэтыя людзі цяпер ці вымушаныя з’ехаць, ці пасля 4 жніўня стануць нелегаламі. Мы цяпер сустракаемся і з дэпутатамі, і з упаўнаважанымі — з усімі, таму што засталося менш за месяц, і нам патрэбныя заканадаўчыя змяненні, бо беларусы, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарту, апынуліся ў закладніках сітуацыі», — кажа прадстаўнік беларускай супольнасці ва Украіне. 

Са слоў Францкевіча, беларусы Украіны падымалі гэтую праблему на сустрэчах у Вярхоўнай Радзе, з кіраўніком міграцыйнай службы, на форумах Рады Еўропы. Аляксей прапаноўваў ужыць да беларусаў так званую «ромскую стратэгію» («Стратэгія спрыяння рэалізацыі правоў і магчымасцяў асоб, якія належаць да ромскай нацыянальнай меншасці, на перыяд да 2030 года»). 

«Пасля таго, як Украіна падала заяўку на ўступленне ў Еўразвяз (28 лютага 2022 года), ім трэба задакументаваць ромаў, у якіх няма дзяржавы, дакументаў і т.п. І цяпер ва Украіне выбудоўваюць стратэгію — што з імі рабіць, як іх дакументаваць. На працягу двух гадоў я кажу пра праблему дакументавання беларусаў, якая востра паўстала б у любым выпадку. Напрыклад, калі заўтра скончыцца ваенны стан, а рэжым Лукашэнкі нікуды не дзенецца — што тады рабіць беларусам, якія жывуць ва Украіне і не могуць вярнуцца дамоў праз палітычна матываваны пераслед?» — пытаецца Аляксей. 

Дэпартацыі ў Беларусь 

Паводле суразмоўцы, пакуль зразумелае рашэнне ёсць толькі для тых замежнікаў, хто ідзе ваяваць за Украіну паводле кантракту з УСУ і іхных сямейнікаў — яны могуць атрымліваць дазвол на жыхарства нават з пратэрмінаваным пашпартам. А вось у цывільных — тых, хто не ваюе — раней ці пазней узніклі б праблемы. Іх развязання і шукае Аляксей Францкевіч разам з камандай аднадумцаў. 

«Нашыя юрысты распрацавалі законапраект аб змяненнях у заканадаўства, мы даслалі яго ў Офіс прэзідэнта, у Вярхоўную Раду, Кабінет міністраў, Кабінет прэм’ер-міністра, у МЗС. Але мы рэалісты і разумеем, што мы не можам наўпрост падаць законапраект на разгляд, што гэта павінны зрабіць дэпутаты. А каб ён быў разгледжаны і падпісаны прэзідэнтам, спатрэбіцца час, якога ў беларусаў цяпер няма», — кажа суразмоўца. 

Колькі менавіта беларусаў ва Украіне могуць апынуцца ў нелегальным становішчы, Аляксей не ведае, але падкрэслівае, што пытанне трэба вырашаць, нават калі яно будзе датычыць толькі аднаго чалавека, бо гэта — «чалавечае жыццё, лёс гэтай адной асобы». 

Францкевіч непакоіцца, што беларусы, якія апынуцца ў нелегальным становішчы, могуць трапіць пад дэпартацыю ў Беларусь. Ва Украіне ёсць такая практыка адносна тых, хто ўчыніў нейкія парушэнні ці злачынствы. Працуюць лагеры для нелегалаў, пункт пропуску ў Даманаве (Макраны з беларускага боку), праз які за апошні час былі дэпартаваныя не менш як сямёра беларусаў, адзначае суразмоўца. За што менавіта — не ўдакладняецца, аднак галоўнае тут тое, што Украіна дэпартуе ў Беларусь, падкрэслівае Аляксей: 

«Тыя, хто застануцца тут пасля 4 жніўня нелегальна, могуць трапіць пад умоўную праграму «Мігрант» па адсочванні нелегалаў, якую вядзе міграцыйная служба, і тэарэтычна могуць быць дэпартаваныя ў Беларусь». 

Ці дадуць ва Украіне прытулак? 

Са слоў Францкевіча, пэўную праблему ствараюць беларусы, якія ездзяць у Беларусь, мяняюць пашпарты і вяртаюцца. 

«Калі я сустракаюся з кіраўніком міграцыйнай службы, мне паказваюць статыстыку — колькі чалавек з’ездзілі і абмянялі пашпарты, колькі беларусаў прадставілі даведкі аб несудзімасці, колькі адмовіліся ад беларускага грамадзянства і т.п. Як мне на фоне гэтых лічбаў пераконваць, што ёсць людзі, якія не могуць так зрабіць?» — пытаецца беларус. 

Гэтак жа, як і Марыя Анімія, Аляксей кажа, што статус уцекача цяпер ва Украіне не атрымаць. Па-першае, заявы на прытулак прымаюцца толькі цягам 5 дзён з моманту ўезду ў краіну. Па-другое, ідзе вайна, таму ў статусе ўцекача адмаўляюць з фармулёўкай, што ёсць краіны з больш бяспечнымі ўмовамі. 

«Палітычны складнік ёсць, рэалізацыі на ўзроўні ведамстваў няма» 

Паводле кіраўніцы Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне Святланы Шацілінай, станам на 28 лютага 2026 года ва Украіне было 2958 грамадзянаў Беларусі з часовым ДНЖ. Да 4 жніўня гэтыя людзі павінны аднавіць свае «посвідкі», прадставіўшы пашпарт. 

«На жаль, мы не ведаем, у якой колькасці беларусаў тут пашпарт ужо скончыўся. Але калі яны не змогуць праз гэта абнавіць ДНЖ, то апынуцца па-за прававым полем», — кажа прадстаўніца Місіі дэмсілаў. 

Шаціліна ўхваляе заявы Уладзіміра Зяленскага і міністра замежных спраў Андрэя Сыбігі, сказаныя падчас візіту ў Кіеў Святланы Ціханоўскай, што яны раздзяляюць беларускі народ і рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Аднак «гэты палітычны складнік пакуль не перайшоў у межы адміністратыўных рашэнняў», зазначае прадстаўніца дэмсілаў: «То-бок, палітычны складнік ёсць, а рэалізацыі на ўзроўні міністэрстваў і адпаведных ведамстваў пакуль няма. Таму мы, Місія, а таксама грамадскія арганізацыі і беларусы, якія нас падтрымліваюць, звярнуліся праз дэпутатаў Вярхоўнай Рады ў Кабінет міністраў і папрасілі зрабіць дзве рэчы: прадугледзець магчымасць выкарыстання грамадзянамі Беларусі пратэрмінаваных пашпартоў з мэтай ідэнтыфікацыі асобы. Другое — падоўжыць на 180 каляндарных дзён тэрмін дзеяння палажэнняў пастановы Кабінету міністраў №141 ад 5 лютага 2026 года, каб магчымасць абмяняць ДНЖ была да 30 студзеня 2027 года.

Мы напісалі зварот да дэпутатаў, яны падрыхтавалі дэпутацкі запыт і адправілі ў Кабінет міністраў. І мы ўжо ведаем, што Кабінет міністраў спусціў яго далей, каб адпаведныя ведамствы далі сваё заключэнне. Думаю, цягам двух тыдняў мы атрымаем адказ», — кажа Шаціліна. 

Са слоў прадстаўніцы Місіі дэмсілаў, праблемы ва Украіне захоўваюцца нават у тых беларусаў, якім не пагражае хуткі нелегальны статус, бо беларус з часовым ДНЖ усё роўна моцна абмежаваны ў правах ва Украіне. Напрыклад, ён не можа адкрываць рахунак у банку, а на разблакаванне заблакаваных рахункаў патрэбны дазвол СБУ. 

Больш правоў дае сталы дазвол на жыхарства, уласніку якога могуць разблакаваць стары рахунак і адкрыць новы, кажа Святлана Шаціліна. 

Беларусы таксама могуць атрымаць украінскае грамадзянства, калі маюць падставы. Са слоў Шацілінай, гэты працэс цяпер стаў вельмі павольным, але ідзе, і ёсць беларусы, якія атрымалі ўкраінскае грамадзянства падчас вайны. 

Каментары16

  • Гонар маем?
    15.07.2026
    Не прайшло і месяца з дня "гістарычнага візіта" Ціханоўскай ва Ўкраіну, а нашых людзей пруць ужо і адтуль. Калісці спыніцца гэты вэрхал?!
  • Алесь.
    15.07.2026
    Дзіўны гэты Францкевіч. Яму ўлады Украіны паказваюць, як супрацоўнічаюць з лукашэнкаўскім рэжымам, і ў прыватнасці дэманструюць, якім чынам з Менска адбудоўваць сваю гэбэшную сетку ўва Украіне, а ў Аляксея зноўку - "беларусы вінаваты". Спадар Францкевіч, у лукашэнкаўскай агентуры няма праблем з легалізацыяй ува Украіне. І агентуры ўва Украіне - шмат. Але, праблемы ў беларусаў ува Украіне, якія супраць Лукі. Няўжо так цяжка гэта патлумачыць, калі аказалася, што трапіў на прыём да нейкага ўкраінскага чыноўніка?
    Калі шчыра, то і без Францкевіча, то даўно абрыдла беларусафобія і адначасна з гэтым супраца з рэжымам, якую дэманструе Кіеў. Дэпартацыя грамадзянаў Беларусі з Украіны ў Беларусь, то гэта проста "вішанька на кіеўскі торт". І, натуральна, што каго канкрэтна дэпартавалі, то невядома. Бо "скажуць пасля перамогі"?
    Сапраўды жах.
    Мо хопіць ужо беларусам Украіны гуляцца ў "віну" беларусаў? Мо час ужо казаць праўду?
  • Хмм
    15.07.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне5

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі пракаментаваў сённяшнія ўдары па складах Wildberries15

Украіна ўпершыню адказала на расійскія атакі на склады «Новай пошты» сіметрычнымі ўдарамі па хабах «Вайлдберыз». Падмаскоўны згарэў дашчэнту10

Былы ратавальнік МНС стаў фермерам і вырошчвае буякі4

Беларус выгрыз кватэру памерлай сваячкі ў Пецярбургу, хоць стаяў у шостай чарзе спадчыннікаў1

Выхавацеля вучылішча алімпійскага рэзерву з Мазыра асудзілі за замах на здраду дзяржаве3

«Тэлефануй бацьку, у мяне ўжо нерваў не хапае». Як абітурыенты штурмавалі ВНУ ў апошнія гадзіны прыёмнай кампаніі3

Каб выправіць прыкус, беларуска рашылася на распілоўванне сківіцы — і не пашкадавала. Але вынесці такую аперацыю зможа не кожны9

Чаму гэтую пісьменніцу ХІХ стагоддзя так часта экранізуюць? У чым яе феномен?3

Як нам па-беларуску перадаваць паняцце wellness?30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне5

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць