Грамадства99

Калеснікаў з «Коммерсанта» зноў пакпіў з Лукашэнкі

«Аляксандр Лукашэнка не дасць у крыўду штучнаму інтэлекту нікога з тых, хто сядзіць у зале, і ў самой Беларусі. Лукашэнка выстаіць і гэтым разам, можна не сумнявацца. Ну што штучны інтэлект?.. І не такіх перажываў».

Асвятляючы працу Еўразійскага эканамічнага форуму ў Астане, спецыяльны карэспандэнт расійскага выдання «Коммерсантъ» Андрэй Калеснікаў шмат увагі надаў выступу Аляксандра Лукашэнкі пра штучны інтэлект. Яго цытаты журналіст суправадзіў шматлікімі іранічнымі заўвагамі.

Свой матэрыял Калеснікаў назваў «Отец и батька», змясціўшы фота Аляксандра Лукашэнкі і Касым-Жамарта Такаева. Чаму выбрана такая назва, чытачу становіцца зразумела ў самым канцы артыкула.

«Як Аляксандр Лукашэнка расказаў пра штучны інтэлект на ўроку інфарматыкі для калег», — так гучыць лід да артыкула, а сам ён пачынаецца з наступнай заўвагі: «Андрэй Калеснікаў лічыць, што хэдлайнерам дыскусіі стаў такі чалавек, як прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які, як кажуць, парваў усіх».

Калеснікаў заўважае, што з самага пачатку Лукашэнка імкнуўся імправізаваць:

«Не быў бы ён Аляксандрам Лукашэнкам, каб не мог на хаду перабудавацца і дадаць галоўнае ад сябе. Ды і давайце будзем адкрытымі: нават калі б ён не перабудаваўся, то ўсё роўна б дадаў».

Першае, што зрабіў Лукашэнка, — нагадаў, што па першай прафесіі ён настаўнік. І пасля заявіў, што «ў Беларусі сістэмная праца над гэтай тэмай [ШІ] вядзецца з сярэдзіны 1960‑х гадоў».

«Асабіста я з самага пачатку рыхтаваўся да таго, што Беларусь — радзіма штучнага інтэлекту, і цяпер мог толькі радавацца таму, што самыя смелыя здагадкі пацвярджаюцца», —

іранізуе журналіст і працягвае:

«Не разлічваючы, што слухачы задаваліся глыбіннымі пытаннямі, прэзідэнт Беларусі ўзяў не тое што быка за рогі, а казу, якой штучны інтэлект патрэбны як баян, і спытаў наўпрост:

— Што ж такое штучны інтэлект? Я хачу сказаць, што палова ў гэтай зале асабліва не пагружалася ў гэтае пытанне! І ў сілу нейкіх абставін, не ведаючы, што такое штучны інтэлект, я таксама належу да гэтых людзей!

Прызнанне каштавала шмат чаго.

— Але заўсёды ў Беларусі, — агаварыўся Аляксандр Лукашэнка, — я папярэджваю навамоднікаў, я магу свабодна пра гэта казаць, я не з’яўляюся рэтраградам! Першыя IT-паркі ў СНД з’явіліся ў Беларусі з маёй падачы!

Хто б сумняваўся!

Мяне, прызнацца, адольвала нават нейкая пяшчота да Аляксандра Лукашэнкі. Ён зноў не падвёў, прычым асабіста мяне як журналіста, якому заставалася толькі слухаць і намотваць, так бы мовіць, на магнітафонную стужку».

Не менш іранічна Калеснікаў адрэагаваў на развагі Лукашэнкі пра сутнасць ШІ. Калі палітык пачаў тлумачыць, што гэта ўсяго толькі «вобласць інфарматыкі», Калеснікаў заўважыў:

 «Усё проста: лекцыя пра штучны інтэлект у вуснах школьнага настаўніка ператваралася, вядома ж, ва ўрок інфарматыкі».

Калі Лукашэнка заявіў, што чалавек і без ШІ мог бы вырашыць усе гэтыя задачы, проста на гэта спатрэбілася б больш часу, Калеснікаў саркастычна дадаў:

«Ну якая, насамрэч, лічбавая гонка, якая стаўка на які інтэлект?.. Гэта ўсё звычайная інфарматыка. Чаго ўсе вар'яцеюць?»

Асобна Калеснікаў цытуе Лукашэнку, дзе той заўважае:

«Час паскараецца, і гэты самы штучны інтэлект, гэты няшчасны камп’ютар, які ўжо дасягнуў велізарных вышынь, ён дапамагае чалавеку ў гэтым паскарэнні…»

Журналіст адзначыў:

«Штучны інтэлект — інфарматыка — камп’ютар… Звёны аднаго ланцуга былі пазначаныя. Зло названа па імені, а значыць, ужо страціла сваё д’ябальскае аблічча».

«Аляксандр Лукашэнка меў на ўвазе не сябе», — піша аўтар рэпартажу, цытуючы словы пра тое, што «штучнага інтэлекту асабліва баяцца людзі старэйшага пакалення».

Злева направа: прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, віцэ-прэм'ер Арменіі Мгер Грыгаран, старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжан Сагінтаеў, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка наведваюць выставу лічбавых праектаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза ў Міжнародным цэнтры штучнага інтэлекту Alem.ai ў Астане, 28 мая 2026 года. Фота: Sergei Bobylev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Калеснікаў дзеліцца ўражаннямі:

«Аляксандр Лукашэнка выступаў часам як бацька родны, які, цалкам ясна, не дасць у крыўду штучнаму інтэлекту нікога з тых, хто сядзіць у зале, і ў самой Беларусі, вядома, таксама. Дык вось таму ён і «бацька» ім усім…»

Летапісец Пуціна Калеснікаў заўважае, што падчас выступу Лукашэнка некалькі разоў назваў прэзідэнта Казахстана Касыма-Жамарта Такаева «Касымам-аке». Журналіст піша, што «бачыў разгубленыя твары казахстанскіх журналістаў» і спытаў у аднаго з іх, што гэта слова значыць.

«Гадаем… — паціснуў ён плячыма. — Агаварыўся, напэўна, Аляксандр Рыгоравіч. Хоць не адзін раз сказаў… «Аке» — гэта «бацька»… А Касым — імя… Не сыходзіцца ўсё гэта…»

Аднак сам Калеснікаў прапанаваў сваё тлумачэнне:

«А па-мойму, усё сыходзілася. Бо там, дзе Аляксандр Лукашэнка — «бацька», там і Касым-Жамарт Такаеў — «отец».

Пры канцы выступу Лукашэнка запэўніў, што ШІ не заменіць чалавека, а будзе толькі дапамагаць яму, вызваляючы ад руціннай працы.

Паводле Калеснікава, пасля гэтага «яшчэ некаторы час Аляксандр Лукашэнка пераконваў прысутных, якія марылі ўхапіць штучны інтэлект за хвост (інакш усё…), што ганяцца за ім няма ніякага сэнсу. Ён для нас, а не мы для яго».

Праўда, іншыя выступоўцы ацэньвалі ШІ куды больш сур'ёзна.

«Гэта было занадта жорстка. Ды яшчэ і прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў згарача параўнаў штучны інтэлект з прамысловай рэвалюцыяй і палётам чалавека ў космас. Ды і Уладзімір Пуцін, можна сказаць, не да месца аддаў належнае штучнаму інтэлекту. (…) А потым калег падтрымаў яшчэ і віцэ-прэзідэнт Кубы, і віцэ-прэм'ер Арменіі, і віцэ-прэм'ер В'етнама…

Але Аляксандр Лукашэнка выстаіць і гэтым разам, можна не сумнявацца. Ну што штучны інтэлект?.. І не такіх перажываў».

Каментары9

  • Nw
    29.05.2026
    Колесников- талантливый первопроходец сервильной придворной журналистики, мастер присыпать банальной типо иронии в строго разрешенных рамках чтобы хоть чуть-чуть возвеличить своего пахана
  • віншую
    29.05.2026
    Хлопчык для біцця, блазан для высмейвання - годная дыктатарская старасць
  • Генадзь
    29.05.2026
    Калеснікаў - гэта троль 80 lvl за заробку ў Крамля, але немагчыма ўявіць сабе, каб ягоныя сатырычныя эскапады на адрас Лукашэнкі не былі ўзгодненыя на ўзроўні Пуціна. Таму гэта дакладны сігнал з Крамля Лукашэнку: Ты - кепска адукаваны расейскі васал з сельскай мясцовасці, твой узровень - гэта абосраныя каровы, але дакладна ніяк не штучны інтэлект.

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Усе навіны →
Усе навіны

«Не абавязаныя». Страхавая кампанія адмовіла беларусу ў падаўжэнні поліса пасля буйной выплаты5

Спёка. Як перажыць і як паводзіць сябе ў такое надвор'е?1

Чаму мужчын прыцягваюць жаночыя азадкі? Навукоўцы і гэта патлумачылі39

Інфанціна выбачыўся за памылку, але застаўся прэзідэнтам ФІФА3

«Гэтыя аб'екты былі асуджаныя». Чаму наступствы балістыкі па лагістычных цэнтрах пад Кіевам такія цяжкія10

У ліпені Расія яшчэ больш павялічыла закупкі паліва ў Беларусі

Зяленскі: Ракеты для Patriot могуць не даваць, каб Украіна была больш саступлівая15

У Тайландзе маланка забіла 24‑гадовага футбаліста проста падчас матча ВІДЭА2

Колькасць ахвяр ДТЗ у Светлагорскім раёне павялічылася да 4-х. Памерла яшчэ адно дзіця1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць