Грамадства

«Я заўсёды быў праўкраінскім чалавекам». Беларус амаль 20 гадоў працаваў у Маскве — вось што з ім адбылося пасля 2022‑га

Павел — беларус, але амаль 20 гадоў працаваў у Маскве: з 2003 і да 2022 года. Цяпер ужо ў Мінску, але ўсё яшчэ ў штаце расійскай кампаніі, піша Devby.io.

— Я пачаў працаваць яшчэ ў канцы дзевяностых, пакуль вучыўся — у маленькай кампаніі, якая займалася афшорнай распрацоўкай. Мой працадаўца меў нейкае дачыненне да БДУІР — таму ў нас працавалі і выкладчыкі, і аспіранты, і студэнты, — кажа Павел (імя зменена)

— Праграміста з мяне неяк не атрымалася, затое я быў добрым сістэмным адміністратарам — не толькі Office на камп’ютары ўсталёўваў, але і займаўся падтрымкай баз даных і нашай распрацоўкі для ERP-сістэмы, якую пазней купіла Microsoft. У мяне гэта атрымлівалася лепш, чым у іншых.

Наогул той час быў няпросты ў плане працы: людзі, як я, яшчэ не былі асабліва запатрабаваныя — у EPAM Systems і іншых буйных кампаніях вакансіі для такіх спецыялістаў з’явіліся толькі праз некалькі гадоў. Тое, што ў мяне была тады праца, — ужо шчасце.

«У Мінску я атрымліваў 350 даляраў — а ў Маскве адразу прапанавалі 1200»

У 2003 годзе адзін з маіх калегаў пайшоў з кампаніі. Шанцаў знайсці высокааплатную працу ў Беларусі па яго профілі не было — а ён быў праграмістам высокага ўзроўню, вёў праекты ў розных краінах, шмат ездзіў у камандзіроўкі. Таму ён паехаў у Маскву — і вельмі хутка знайшоў месца ў добрай кампаніі.

У канцы таго ж года ў іх звольніўся сістэмны адміністратар, і мой былы калега і сябра паклікаў мяне — пазнаёміцца, пагутарыць. Масква таго часу — «бандыцкі» горад, дзе чалавек чалавеку воўк: не будзеш пільны — падмануць. Але мне пашчасціла сустрэць там вельмі добрых, прыстойных людзей.

У Мінску я тады атрымліваў 350 даляраў — а ў Маскве, з улікам таго, што давялося б здымаць кватэру, мне адразу прапанавалі 1200, і фінансавы дырэктар (ён жа CEO) яшчэ і хваляваўся, ці дакладна хопіць.

Кампанія была невялікая — каля 30 чалавек, і я быў у ёй адзіным сістэмным адміністратарам. У мяне была магчымасць развівацца так, як я сам хацеў: я прымаў рашэнні па «жалезе» і тэхналогіях, па ўкараненні розных праграмных сістэм, а кампанія без праблем выдзяляла на гэта грошы.

Я прапрацаваў там 10 гадоў — душа ў душу з калегамі. Потым у нейкі момант паехаў у адпачынак, а калі вярнуўся, аказалася, што ўладальнік бізнэсу прадаў яго сваім знаёмым, бо страціў цікавасць. Новы кіраўнік спытаў, чым я займаўся раней, — і прапанаваў іншую працу.

Гэта кампанія была буйнейшая — толькі ІТ-аддзел больш за 100 чалавек. Там я прапрацаваў яшчэ 10+ гадоў і працую цяпер.

«Я ніколі не гнаўся толькі за грашыма»

У новай-старой кампаніі мне прапанавалі пасаду інжынера па інтэграцыі — ствараць сетку філіялаў па ўсёй краіне. Спачатку я быў адзіным спецыялістам такога кшталту, а да лютага 2022 года ўжо кіраваў цэлым аддзелам.

Я мог бы бязвыязна сядзець у Маскве і займацца выключна менеджментам — мая прысутнасць у рэгіёнах не была абавязковай. Але мне не падабалася сядзець на месцы. Я люблю падарожнічаць — і мая праца дазваляла гэта рабіць за кошт кампаніі (і нават браць з сабой жонку і дзіця не забаранялася).

Улічваючы пасаду, я выбіраў цікавыя мне месцы: Паволжжа, Урал, Байкал… Было імкненне даехаць да Уладзівастоку. Трошкі не даехаў — 750 км!

Мой заробак рос — і нармальна: ён заўсёды быў крыху вышэй за сярэдні па рынку. Але, скажам так, я ніколі не гнаўся толькі за грашыма.

Што ж здарылася, што я вярнуўся назад у Беларусь? Вайна!

«З 2014 года ўзнікалі слоўныя канфлікты з калегамі рознай ступені «ватнасці»

Ужо з 2014 года ў мяне ўзнікалі слоўныя канфлікты з калегамі — да рукапрыкладства, вядома, не даходзіла, але сутычкі былі жорсткія, бо гэтыя людзі моцна «прасякнутыя» тэлебачаннем. А я заўсёды быў праўкраінскім чалавекам.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны я пісаў сябрам і сваякам з Украіны, а яны — мне. Вельмі перажываў за ўсіх. Ужо ў сакавіку стаў думаць пра пераезд у Мінск, тым больш што ў бацькі ў Беларусі пачаліся праблемы са здароўем — усё супала.

Тут я жыву з бацькамі: паколькі гэта прыватны дом, то і ў маёй сям’і, і ў мамы з татам ёсць па цэлым паверсе.

З пачаткам вайны мой аддзел пасадзілі на «бэнч» — не звальнялі, але і не давалі працы. І ў нейкі момант я сказаў, што мне проста так сядзець нецікава, — прапанаваў падумаць, чым яшчэ магу быць карысны кампаніі. Праца знайшлася — цяпер я, па сутнасці, DevOps.

Мая кампанія дазваляе працаваць дыстанцыйна — хоць у Краснаярску, хоць у Мінску. Наша сістэма выбудавана так, што ўсе гэтыя блакіроўкі, пра якія шмат кажуць, не перашкаджаюць мне працаваць.

Дэ-факта ў большасці кампаній у Расіі асноўным спосабам камунікацыі стаў Telegram: ад працоўных чатаў да асабістых перапісак. Спробы яго абмежаваць, вядома, ударылі па людзях. У мяне калегі ўвесь час пытаюцца: «Як у вас там, не блакіруюць?» — «Не блакіруюць!»

«Будзь у мяне выбар — я б, вядома, паехаў далей на захад»

І кампанію, і мяне задавальняе, што я ў Мінску. Калі што — самалёт або цягнік, і я ўжо сёння ці заўтра ў офісе ў Маскве.

Жонка рада, што мы з’ехалі ў Беларусь. Яна хоць і расіянка, але супраць вайны. У яе таксама шмат сяброў і знаёмых ва Украіне, уключаючы блізкую сяброўку — тая ў лютым—сакавіку 2022 года знаходзілася пад Кіевам недалёка ад Бучы.

Ваенная павестка час ад часу даганяе маю жонку — яна з невялікага пасёлка, дзе многія пайшлі на вайну: хтосьці загінуў, хтосьці трапіў у палон, і ўсё гэта пастаянна абмяркоўваецца ў сям’і — а тут жонка хоць крыху выдыхнула.

Скажу шчыра: будзь у мяне выбар — я б, вядома, паехаў далей на захад. Што мне перашкаджае — гэта тое, што грамадзянам Расіі цяпер вельмі дрэнна выдаюць шэнгенскія візы. У мяне віза ёсць, у малодшага сына — таксама, а вось жонцы не даюць.

«На жаль, ёсць перашкоды: ад узросту (47+) да сітуацыі на рынку»

Таму, хто папракне мяне, што я працягваю працаваць на Расію, скажу: так, але найперш — на сваю кампанію.

Калі пачалася поўнамаштабная вайна, я быў уражаны тым, што казалі людзі, якія раней здаваліся мне думаючымі і адэкватнымі. Некаторыя калегі мяне сапраўды расчаравалі.

Пакуль іншага працадаўцы, які мяне задавальняе, няма, я цаню тое, што ёсць: працую дыстанцыйна і з людзьмі, якіх даўно ведаю.

Большасць вакансій у Расіі цяпер — там, дзе я не хацеў бы працаваць: або ў дзяржаўных кампаніях, або ў звязаных з «абаронкай». Таксама не разглядаю сферу iGaming.

Я шукаю працу — і змяніў бы асяроддзе, калі б трапілася добрая прапанова. Але ёсць перашкоды: і ўзрост, і сітуацыя на рынку. Час ад часу адгукаюся на вакансіі, бываюць сумоўі — але ўсё гэта ў вялым рэжыме.

Ёсць яшчэ адна праблема: па досведзе я мог бы прэтэндаваць на сеньёра, але амаль на кожным сумоўі пытаюцца пра досвед з воблачнымі тэхналогіямі. Пэўны ёсць — з расійскім аналагам Amazon (Яндэкс-воблакам), але абмежаваны, бо кампанія аддавала перавагу ўласнай інфраструктуры.

«Прывык казаць праўду: з гэтымі рэчамі працаваў шчыльна, а гэтыя — толькі «кранаў»

Я не перабольшваю свой досвед на сумоўях — прывык казаць праўду. У рэзюмэ многія пішуць усё запар, а я адкрыта кажу: вось гэта ведаю добра, а гэта — толькі крыху.

Разумею, што гэта можа быць супраць мяне. Часцей атрымліваю ярлык занадта высокакваліфікаваны або ўвогуле ніякага фідбэку.

Узрост не хаваю — і сэнсу няма, калі ў рэзюмэ пазначаны год заканчэння ўніверсітэта (1999).

У першай мінскай кампаніі я пастаянна карыстаўся англійскай, але за час працы ў Расіі размоўныя навыкі пагоршыліся (тэхнічны пераклад усё яшчэ без праблем).

Дарэчы, аднойчы праходзіў сумоўе ў беларускай кампаніі. На пытанне, чаму хачу змяніць працу, адказаў: «рэгіён таксічны». У адказ мяне спыталі, чаму я так лічу — нават здзівіўся, што гэта трэба тлумачыць. Потым спыталі пра падзеі 2020 года — я зразумеў, да чаго ідзе размова, і згарнуў яе.

Каментары

Цяпер чытаюць

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч23

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч

Усе навіны →
Усе навіны

Заснавальніка «Рыбаря» выдвараць з Чарнагорыі. А заехаў ён туды праз Германію, нягледзячы на санкцыі ЕС8

У Францыі знайшлі дзве раней скрадзеныя карціны Рэнуара2

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж26

На Лагойшчыне ўжо другі раз за месяц пабачылі незвычайную лісу. Але не тую самую ВІДЭА

Ёгурт з гарбузом, гадзіннік-касета і шампунь з цыбуляй. Чым здзівілі беларускія брэнды ў кастрычніку6

У Гродне мужчына выкінуў з дзявятага паверха ёркшырскага тэр’ера, які бараніў гаспадыню4

У Беларусі ўпершыню выпусцілі «дыетычны» энергетык. У ім амаль няма кілакалорый1

Ад аднаго ўдару УСУ па Данецку загінулі як мінімум 20 расійскіх афіцэраў9

Украінцы паразілі дронамі найбуйнейшы дата-цэнтр «Яндэкса» ў Расіі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч23

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць