Каханне і сэкс11

Навукоўцы вызначылі адну дэталь, якая істотна павышае ўвагу да вашага профілю ў дадатку для знаёмстваў

Калі вы калі-небудзь карысталіся Tinder ці падобнымі да яго дадаткамі для знаёмстваў, то, хутчэй за ўсё, заўважалі адно і тое ж: дзясяткі, сотні профіляў, якія выглядаюць амаль аднолькава. «Люблю падарожжы», «займаюся спортам», «люблю серыялы» — стандартны набор, які хутка губляецца ў бясконцым скроле. Аб тым, як вылучыцца сярод гэтай аднастайнасці, піша Tagesspiegel.

Фота: Luis Alvarez / Getty Images

Журналісты выдання звяртаюць увагу на даследаванне ізраільскага псіхолага Гурыт Бірнбаум. Яна разам з калегам вывучала, якія профілі ў знаёмствах сапраўды выклікаюць цікавасць.

Гіпотэза даследавання прыйшла з маркетынгу. Там даўно вядома: рэклама, якая выклікае эмоцыі і ўцягвае ў гісторыю, працуе лепш за сухія факты. Навукоўцы вырашылі праверыць, ці дзейнічае той жа прынцып на рынку знаёмстваў — прасторы, дзе людзей часта ўспрымаюць павярхоўна і ацэньваюць па знешнасці.

Як праводзілася даследаванне

У трох эксперыментах удзельнічалі амаль 600 чалавек — прыкладна пароўну мужчын і жанчын. Усе яны спачатку стваралі ўласныя профілі, каб апынуцца ў рэалістычнай сітуацыі, а пасля ацэньвалі чужыя. Асноўнае, што цікавіла даследчыкаў, — гэта ўзровень эмпатыі: наколькі ўдзельнікі адчувалі сувязь з чалавекам за профілем.

У першым эксперыменце 131 студэнт прачытаў дзве версіі выдуманага профілю для знаёмстваў. Абедзве ўтрымлівалі абсалютна аднолькавую інфармацыю. Аднак калі ў першым проста пералічваліся хобі, прафесія і вопыт падарожжаў, то ў другім тыя ж факты былі звязаны ў сюжэт з пачаткам, паваротам і фіналам.

Факталагічны профіль умоўнага «Дэна» выглядаў наступным чынам: «Маё жыццё пачалося ў свеце мастацтва. Яшчэ ў дзяцінстве я навучыўся граць на гітары. Мая першая гітара была падарункам ад дзядулі. Пасля школы я паехаў з сябрамі ў Паўднёвую Амерыку. Гэта падарожжа было доўгім і незабыўным. Сёння я студэнт-эканаміст і адначасова працую ў сферы высокіх тэхналогій. У вольны час я бегаю трушком, а ў канцы дня выпіваю келіх віна і граю на гітары».

Профіль «Дэна» ў форме гісторыі: «Колькі я сябе памятаю, я жыву мастацтвам. Мой дзядуля верыў, што музыка злучае людзей, і ў сем гадоў падарыў мне гітару, якая стала неад’емнай часткай мяне. Пасля школы я паляцеў з сябрамі ў Паўднёвую Амерыку. Шчырыя размовы з мясцовымі жыхарамі навучылі мяне цаніць тое, што сапраўды важна ў жыцці. Урэшце мне прыйшлося вырашаць, ці заставацца мне ў мастацтве, ці абраць новы кірунак. Не буду трымаць вас у напрузе: сёння я студэнт-эканаміст і працую ў сферы высокіх тэхналогій. Але не хвалюйцеся, гітара ўсё яшчэ са мной».

У другім эксперыменце з удзелам 130 чалавек увага была звернута на здымкі. Адной групе паказвалі серыю здымкаў, якія складаліся ў «дзень з жыцця»: спорт раніцай, прыгатаванне ежы ў абед, сустрэчы з сябрамі вечарам. Фотаздымкі былі звязаныя паміж сабой і напоўненыя кантэкстам. Другая група бачыла таго ж выдуманага чалавека, але ў нейтральных, не звязаных паміж сабой сітуацыях, напрыклад, у парку ці на вуліцы.

У трэцім эксперыменце (з удзелам 333 чалавек) аб’ядналі тэкст і выявы. Даследчыкі параўноўвалі чатыры варыянты: і тэкст, і фота ў форме гісторыі; апавядальны толькі тэкст; толькі фота, аб’яднаныя ў сюжэт; тэкст і фота нейтральныя і факталагічныя.

Вынікі

Эксперыменты паказалі: той, хто чытаў ці бачыў гісторыю, адчуваў больш эмпатыі да чалавека. І гэта надзейна прадказвала, ці ўзнікне ў кагосьці рамантычная цікавасць. Спалучэнне апавядальнага тэксту і апавядальных выяў стварала самую моцную эмацыйную сувязь і найбольшую цікавасць.

Даследчыкі апісваюць эмпатыю як вырашальны псіхалагічны механізм, эмацыйны мост паміж успрыманнем чалавека і жаданнем пазнаёміцца з ім. Яны называюць гэта «наратыўнай транспартацыяй» — адчуваннем занурэння ў свет іншага чалавека яшчэ да таго, як вы абмяняліся хоць адным словам.

У выпадку з другім «Дэнам» узнікае адчуванне, што вы яго ўжо крыху ведаеце. Яго міні-гісторыя стварае фільм у галаве і робіць тое, чаго не можа зрабіць пералік фактаў: яна пераадольвае тыповыя бар'еры анлайн-знаёмстваў — страх адмовы, недавер да чужых профіляў.

Дык што рабіць?

Што гэта значыць для людзей, якія шукаюць мэтч у Tinder, ці Zorki?

«Нас захапляюць гісторыі, але свае профілі для знаёмстваў мы пішам як спісы пакупак», — кажа Бірнбаум.

Па словах даследчыцы, не рост ці амбіцыі прымушаюць кагосьці захапляцца іншым. Важна адчуць чалавека за гэтымі дэталямі, а гэта немагчыма, калі інфармацыя пададзена ў выглядзе кароткіх тэзісаў.

Даследчыкі рэкамендуюць адысці ад шаблону — тэзіснага пераліку кшталту знешнасць, праца, хобі. Замест гэтага паспрабуйце выбудаваць паслядоўную гісторыю: чаму вы нечым займаецеся, як да гэтага прыйшлі, што вас у гэтым прываблівае. Нават у 150, 300 ці 500 знаках можна змясціць міні-гісторыі.

Не проста «люблю падарожнічаць», а — як і чаму гэта стала важным. Не проста «граю на гітары», а — адкуль гэта з’явілася ў вашым жыцці. Менавіта такія дэталі дазваляюць выйсці за межы стандартнага профілю.

Бірнбаўм бачыць у сваіх выніках таксама адказ на праблему, якую ведаюць многія: стомленасць ад бясконцага свайпу. Калі ўсе профілі выглядаюць аднолькава, людзі пачынаюць успрымаць адзін аднаго як заменныя аб’екты. Гісторыі ж вяртаюць адчуванне, што перад табой жывы чалавек.

Праўда, аўтары заўважаюць, што іх вынікі маюць абмежаванні. У даследаванні ўдзельнічалі ў асноўным маладыя студэнты, пераважна гетэрасэксуальныя. Таму не факт, што вынікі цалкам пераносяцца на іншыя ўзроставыя або сацыяльныя групы. Акрамя таго, эксперыменты праводзіліся не ў рэальных дадатках, а ў змадэляваных умовах. Таксама незразумела, ці гарантуе «гісторыя ў профілі» больш шчаслівыя працяглыя адносіны.

Каментары1

  • Херня
    09.08.2026
    И с боку бантик

Цяпер чытаюць

«Калі вы пазакрываеце я**льнікі»: злоўлены на допінгу амапавец з Гродна паказаў сваё высокакультурнае аблічча12

«Калі вы пазакрываеце я**льнікі»: злоўлены на допінгу амапавец з Гродна паказаў сваё высокакультурнае аблічча

Усе навіны →
Усе навіны

На Дзень незалежнасці Украіны ў Кіеве правялі парад вайсковых робатаў — на зямлі, ў вадзе і ў паветры ВІДЭА2

Адзін з нямецкіх рэстаранаў уключыў у меню мяса янота5

Беларуска зайшла ў прыбіральню гандлёвага цэнтра і пабачыла там камеры2

Амбасада Францыі не па ўласным жаданні закрыла ў Мінску сваю медыятэку, якая працавала 30 гадоў10

Вось што моцны вецер зрабіў з галоўнай веладарожкай у Мінску ФОТАФАКТ1

На мінскім праспекце дэмантуюць надпіс «Квітней, родная Беларусь»7

У Панаме з пластыкавых бутэлек пабудавалі цэлы жылы комплекс1

Тэмпература Сусветнага акіяна дасягнула рэкорднага ўзроўню3

Мяч, якім Марадона забіў на чэмпіянаце свету гол рукой, прадалі за 3,3 мільёна даляраў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі вы пазакрываеце я**льнікі»: злоўлены на допінгу амапавец з Гродна паказаў сваё высокакультурнае аблічча12

«Калі вы пазакрываеце я**льнікі»: злоўлены на допінгу амапавец з Гродна паказаў сваё высокакультурнае аблічча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць