Усяго патроху55

Колькі сяброў можа быць у чалавека ў эпоху сацсетак? Навуковец падлічыў

Наш мозг эвалюцыяніраваў для сацыялізацыі, аднак памер нашых сацыяльных сувязяў застаецца абмежаваным, нягледзячы на тэхналогіі. Чаму так, разбіралася The Wall Street Journal.

Фота: Pavel Bednyakov / AP Photo

Пры сваёй адносна невялікай вазе чалавечы мозг з'яўляецца самым энергазатратным органам у нашым целе. Ён спажывае ажно 20% усёй энергіі і займае непрапарцыйна вялікую частку нашай анатоміі ў параўнанні з большасцю іншых жывёл. У чым прычына такой раскошы?

Паводле адной з навуковых гіпотэз, наша складаная нервовая сістэма развілася менавіта для таго, каб мы маглі падтрымліваць шматлікія і разгалінаваныя сацыяльныя сувязі. Здаецца, людзі проста створаныя для стасункаў.

Мозг чалавека вагой каля 1,4 кілаграма складае ўсяго 2% ад масы цела, але тры чвэрці гэтага органа займае неакортэкс — вобласць, якая адказвае за такія складаныя функцыі, як памяць, мова, рашэнне праблем і самасвядомасць. Гэтыя здольнасці дазваляюць нам арыентавацца ў складаных стасунках у сям'і, сярод сяброў, у спартыўных камандах і на працы. А развіццё шырокай сеткі кантактаў прыносіць карысць здароўю.

Даследаванні паказваюць, што людзі з большай колькасцю сацыяльных сувязяў маюць вышэйшыя паказчыкі выжывальнасці, а таксама зніжаную рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў, інсульту, дыябету 2‑га тыпу, дэпрэсіі і нават дэменцыі.

Аднак, па словах брытанскага псіхолага Робіна Данбара, высокія кагнітыўныя выдаткі на падтрыманне гэтых карысных сувязяў накладаюць ліміт на колькасць стабільных стасункаў, якія мы можам падтрымліваць.

Каб лепш зразумець гэтыя абмежаванні, Данбар даследаваў нашых сваякоў — малпаў, лемураў і чалавекападобных малпаў — і знайшоў сувязь паміж памерам неакортэкса кожнага прымата і памерам яго сацыяльнай групы.

Даныя паказалі выразную залежнасць: чым большы неакортэкс, тым большая сацыяльная група. Данбар выявіў, напрыклад, што ў шымпанзэ сярэдні памер групы — каля 50 асобін.

Максімум — 150

На аснове гэтых даных ён пралічыў верагодны памер і для чалавечых сацыяльных груп. Адказ аказаўся нечаканым і дакладным: 150.

Гэтая лічба, на думку Данбара, застаецца нязменнай з часоў з'яўлення нашага віду, нават у сучасную лічбавую эпоху. Каб праверыць сваю тэорыю, даследчык аналізаваў гістарычныя тэксты, археалагічныя даныя і нават вывучаў царкоўныя абшчыны.

Ён знайшоў пацвярджэнне ліку 150 у самых розных супольнасцях: ад сетак сваяцтва паляўнічых-збіральнікаў і паселішчаў бронзавага веку да англасаксонскіх вёсак у сярэднявечнай Еўропе да сучасных супольнасцяў.

Як і ў іншых прыматаў, чалавечыя стасункі іерархічныя. Данбар параўноўвае іх з коламі на вадзе. У самым цэнтры, у найбліжэйшым коле, знаходзяцца ўсяго пяць чалавек — гэта самыя блізкія сябры або сваякі, з якімі ў вас наймацнейшая эмацыйная сувязь. Гэта тыя, каму вы можаце «паплакацца ў камізэльку» і з кім кантактуеце хаця б раз на тыдзень.

Наступнае кола пашыраецца, дадаючы яшчэ дзесяць добрых сяброў, якіх вы бачыце прынамсі раз на месяц. На гэтых 15 чалавек з абодвух колаў прыпадае каля 60% усёй вашай сацыяльнай увагі.

Далей ідзе група, якую можна назваць «кампаніяй для шашлыкоў на выходных» — яна ўключае ў сябе папярэдніх 15 чалавек і пашыраецца да 50. І, нарэшце, знешняе кола даводзіць агульную колькасць да 150. Гэта людзі, якіх вы б запрасілі на вялікае жыццёвае свята, напрыклад, вяселле, ці тыя, каго вы б не саромеліся павітаць, нават калі б выпадкова сутыкнуліся з імі а 3‑й гадзіне ночы ў аэрапорце далёкага шматлюднага горада.

Калі кантакт з кімсьці з гэтых колаў становіцца радзейшым, гэты чалавек, па словах Данбара, «непазбежна апускаецца на ніжэйшыя ўзроўні, а праз некалькі гадоў выпадае з вашай «сонечнай сістэмы» і становіцца проста знаёмым».

Фота: Pavel Bednyakov / AP Photo

Гэта такія людзі, як барыста з кавярні побач ці большасць калег па працы. Магчыма, вы б выпілі з імі піва час ад часу, але ніколі б не запрасілі іх дадому.

Па падліках Данбара, акрамя 150 блізкіх людзей, у нас ёсць яшчэ каля 350 знаёмых. А пазнаць у твар мы можам яшчэ каля 1000 чалавек. Напрыклад, вядомага палітыка ці акцёра. Але гэтыя адносіны ўжо аднабаковыя — вы іх ведаеце, а яны вас, хутчэй за ўсё, не. Ключавая асаблівасць «кола 150» у тым, што гэтыя адносіны ўзаемныя.

А што думаюць іншыя навукоўцы?

Аднак не ўсе навукоўцы згодныя з гэтай лічбай. У 2021 годзе група шведскіх даследчыкаў выказала меркаванне, што 150 — гэта заніжаная ацэнка. Яны сцвярджаюць, што грамадства людзей і прыматаў развіваецца па-рознаму.

У прыматаў даступнасць ежы і рызыка нападу драпежнікаў — вельмі важныя фактары, якія абмяжоўваюць памер групы. Людзі ж, наадварот, могуць збірацца ў велізарныя групы на стадыёнах ці канцэртах, а потым вяртацца дадому да цалкам забітых лядоўняў. Гэта, на думку крытыкаў, павінна дазваляць нам мець значна большыя сацыяльныя сеткі.

Здавалася б, у эпоху Facebook, Instagram і Telegram мы маглі б лёгка прабіць «столь» у 150 чалавек. Але Данбар лічыць, што сацсеткі істотна не змянілі ні памер, ні якасць нашых сувязяў. Калі паглядзець на частату пастоў, тэлефонных званкоў ці асабістых сустрэч, мы ўбачым усё тыя ж іерархічныя колы.

Што сапраўды зрабілі сацыяльныя платформы, дык гэта дазволілі нам даўжэй утрымліваць людзей на пэўным узроўні стасункаў, запавольваючы іх пераход у катэгорыю знаёмых.

Каментары5

  • Андрусь
    09.10.2025
    Жвір , шызоідны тып арганізацыі асобы = 1 - 2 кантакты і глыбокія разважанні пра сэнс жыцця і караблі, якія бараздзяць прасторы Сусвету.

    Істэроідны тып арганізацыі асобы 300+ кантактаў і ўсе сябры:)))

    У мяне астэнічны з істэроідным ухілам - прыблізна 30+ чалавек у сталым кантакце. Больш не магу, бо пачынаецца самакапанне.

    Людзі - гэта цяжка.
  • .
    09.10.2025
    1. "Людзі з большай колькасцю сацыяльных сувязяў маюць вышэйшыя паказчыкі выжывальнасці, а таксама зніжаную рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў, інсульту, дыябету 2‑га тыпу, дэпрэсіі і нават дэменцыі".

    Звычайнае: карэляцыя не значыць прычынная сувязь.
    Можа быць інакш, напрыклад, нармальны ўдзельнік грамадства мае і здароўе лепш за маргінала, і больш сацыяльных кантактаў.

    2. Ліміт на сацыяльныя сувязі, падлічаны з фізіялогіі, не значыць сярэднюю колькасць гэтых сувязей. Ліміт - гэта проста тая лічба, пасля якой ужо не памятаеш, хто гэта.
    А рэальная колькасць кантактаў залежыць ад розных фактараў, у тым ліку ад наяўнасці свабоднага часу.
    Або ад месца пражывання: ў горадзе можна ўдзельнічаць у розных суполках па інтарэсах, у вёсцы вы будзеце кантактаваць толькі з суседзямі і па інтэрнэту.
  • Жвір
    09.10.2025
    Андрусь , вы блытаеце кантакты й сяброўства. Гэта не адно й тое ж. Сацыяльныя сеткі пэўна называюць вашыя кантакты "сябрамі", кшталту, а гэта лухта. Можна мець шмат знаёмстваў і людзей зь якімі падтрымліваеш кантакт, але адначасова ня мець сяброў і самому ня быць ім сябрам.

Цяпер чытаюць

«ЗША хочуць нармалізацыі літоўска-беларускіх адносін. Адсюль і рухі з офісам Ціханоўскай»9

«ЗША хочуць нармалізацыі літоўска-беларускіх адносін. Адсюль і рухі з офісам Ціханоўскай»

Усе навіны →
Усе навіны

Новы канфлікт вакол «Пагоні». Літоўцы вінавацяць беларускі футбольны клуб у крадзяжы іх сімволікі69

У Ваўкавыскім раёне жыхарку вёскі аштрафавалі за вялікую колькасць катоў. Але юрыстка дапамагла адбіцца3

Пасля жудаснай аварыі ў Светлагорскім раёне шпіталізавалі восем чалавек

Плануюць аб'яднаць беларускую «Е-Паслугу» і расійскія «Госуслуги»12

Венесуэльская лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру прысвяціла яе свайму народу і Дональду Трампу5

У Еўрасаюзе набылі моц новыя правілы палітычнай рэкламы. Яны павінны ўскладніць знешняе ўмяшанне ў выбары

Найбуйнейшы нафтавы тэрмінал Крыма пасля атакі дрона гарыць пятыя суткі1

Шэсць чалавек загінулі ў Светлагорскім раёне пры аварыі маршруткі2

У мінскім Сухараве з'явілася новая пляцоўка для цюбінгу2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«ЗША хочуць нармалізацыі літоўска-беларускіх адносін. Адсюль і рухі з офісам Ціханоўскай»9

«ЗША хочуць нармалізацыі літоўска-беларускіх адносін. Адсюль і рухі з офісам Ціханоўскай»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць