Вайна33

«Адзін шпрыц на ўсіх». У расійскай арміі эпідэмія ВІЧ і гепатыту

Афіцыйная прапаганда пачынае асцярожна казаць, што эпідэмія яшчэ толькі наспявае. Але расследаванне журналістаў «Новай газеты Еўропа» сцвярджае, што сітуацыя нашмат горшая.

Група расійскіх мабілізаваных. Фота: Мінабароны Расіі

«Расійская ваенная аперацыя ператварылася ў ачаг эпідэмій, наступствы якіх выйдуць далёка за межы лініі фронту», — папярэджвае аўтар артыкула ў «Новай газеце Еўропа» Ілля Волжскі.

Па словах аўтара, у той час як афіцыйная прапаганда толькі пачынае казаць пра тое, што «наспявае эпідэмія», на фронце хваробы ўжо сталі часткай штодзённасці. Вайскоўцы вымушаны хаваць свае дыягназы, каб атрымаць кантрактныя выплаты, у шпіталях катастрафічна не хапае лекаў і стэрыльных медыцынскіх інструментаў, а ў акопных умовах інфекцыі распаўсюджваюцца з шалёнай хуткасцю.

Наспявае эпідэмія

Аўтар спасылаецца на словы расійскай прапагандысткі Анастасіі Кашаваравай, якая паведаміла, што ў войску плануюць пераняць досвед ПВК «Вагнер», дзе існаваў асобны атрад Umbrella для байцоў з ВІЧ і гепатытам.

Паводле яе слоў, цяпер у арміі служыць шмат кантрактнікаў з ВІЧ, гепатытамі, анкалогіяй і нават сухотамі, якія трапілі на службу па падробленых даведках дзеля грошай. Таму было вырашана фармаваць з такіх вайскоўцаў, якія маюць катэгорыю прыдатнасці «В» (абмежавана прыдатны), асобныя падраздзяленні. Іх абавяжуць насіць адметныя павязкі ў залежнасці ад дыягназу, а асноўнай задачай стане ўтрыманне абарончых рубяжоў.

Кашаварава, якую цытуе выданне, тлумачыць, што прамой забароны на ўдзел у вайне для такіх салдат няма, бо поўнае вызваленне ад службы дае толькі катэгорыя «Д».

«Тыя, хто хварэе даўно, пагаршаў захворванне ўжываннем алкаголю/наркотыкаў, а потым пайшоў падпісваць кантракт, — іх альбо саджаць за махлярства, альбо, калі атрымалі выплаты, няхай служаць у асобным падраздзяленні. Так будзе справядліва. А нашэнне павязак — правільна, медыкі, эвакуацыйныя групы будуць ведаць, што баец хворы, і павышаную ўвагу надаваць пры кантакце і аперацыях», — лічыць прапагандыстка.

Расаднік хвароб

Раней Кашаварава апісвала фронт як ідэальнае асяроддзе для распаўсюджвання хвароб: «Там, дзе смерць, побач заўсёды блукае хвароба і яе разносчыкі — пацукі, мышы, вошы».

Як сцвярджае прапагандыстка, пасля значных страт на пачатку вайны ў войска пачалі масава набіраць былых зняволеных і іншых людзей з ВІЧ і гепатытам. Да таго ж на фронце квітнее наркаманія, што таксама спрыяе распаўсюджванню інфекцый. У выніку, знаходзячыся ў адным акопе ці на адным аперацыйным стале, здаровыя вайскоўцы лёгка заражаюцца.

Асабліва востра стаіць праблема з гепатытам С, які, па словах Кашаваравай, ператварыўся ў сапраўдную эпідэмію. Лячэння ў войску практычна няма, а хворых не звальняюць.

«На грамадзянцы рэальна павінны задумацца — стаіць пагроза эпідэміі сацыяльна небяспечных захворванняў. Гепатыт, ВІЧ, сухоты — цяпер гэта закранае войска і распаўсюджваецца на франтавыя рэгіёны, далей пойдзе і ўглыб Расіі», — заявіла Кашаварава.

Група мабілізаваных расійскіх грамадзян. Фота: сацыяльныя сеткі

Зняволеныя і наркаманы

Інфармацыю прапагандысткі пацвярджае ананімны расійскі доктар, які займаецца рэабілітацыяй параненых. Паводле яго слоў, велізарны працэнт арміі складаюць былыя зняволеныя, наркаманы і людзі з сацыяльна неабароненых слаёў. Ён адзначае, што многія мабілізаваныя з так званых «ДНР» і «ЛНР» ужо мелі сур'ёзныя праблемы са здароўем.

Доктар сцвярджае, што сустракаў нават байцоў з адкрытай формай сухотаў, якія маглі заразіць дзясяткі таварышаў па службе.

Аўтар таксама спасылаецца на словы афіцэра медыцынскай службы, які распавядае пра так званыя «акопныя хваробы», галоўная з якіх — сухоты. Праз антысанітарыю, дрэннае харчаванне і стрэс у салдат рэзка падае імунітэт.

Па словах доктара-рэабілітолага, да паловы расійскіх зняволеных, якія ідуць на службу, — былыя наркаманы, якія ў войску вяртаюцца да сваіх згубных звычак. Паколькі з алкагалізмам на перадавой у многіх падраздзяленнях пачалі сур'ёзна змагацца, значная частка салдат, якія захапляюцца рознымі рэчывамі, перайшла на наркотыкі.

Аўтар апісвае гісторыю мабілізаванага Аляксандра Кузняцова, у якога пасля ранення выявілі хранічны гепатыт С. Нягледзячы на дыягназ, камісія прызнала яго прыдатным да службы. Па словах медыкаў, якіх цытуе выданне, каб быць звольненым з гепатытам, трэба мець цыроз печані і атрымаць інваліднасць I групы.

Акрамя таго, ёсць і гісторыі адкрытага махлярства. Так, салдат Павел Шчапоцін прызнаўся на допыце, што купіў падробленыя даведкі, каб схаваць гепатыт С, сухоты і язву страўніка. За паслугі пасярэдніка, які дамовіўся з медыкамі ў Дагестане, Шчапоцін павінен быў заплаціць каля $4000. 

Кантрактнікі з ВІЧ

Аўтар артыкула цытуе «Ваенна-медыцынскі часопіс», паведамляючы пра выбуховы рост захворвання на ВІЧ у войску. У параўнанні з даваенным перыядам у канцы 2023 года колькасць выпадкаў вырасла ў 20 разоў.

Паводле даных, якія прыводзіць выданне, амаль усе інфікаваныя (99,8%) — кантрактнікі. Амаль усе з іх — салдаты і матросы (93,5%), невялікая частка — афіцэры (4,4%), прапаршчыкі і мічманы (1,8%), а таксама курсанты (0,1%).

Многія з іх ведалі пра свой дыягназ, але выкарыстоўвалі фіктыўныя даведкі, каб атрымаць кантракт і выплаты. Аўтары даследавання адзначаюць, што рэальныя лічбы могуць быць значна вышэйшымі праз праблемы з дыягностыкай.

Вайскоўцы расійскай арміі. Фота: AP Photo / Alexei Alexandrov

Адзін шпрыц на ўсіх

Масавае заражэнне, як тлумачыцца ў артыкуле, адбываецца не толькі праз наркаманію, але і падчас аказання медыцынскай дапамогі.

Па словах доктара-рэабілітолага, у іх шпіталі сотні вайскоўцаў, якія захварэлі на ВІЧ. Ёсць нават спецыяльныя палаты для хворых на ВІЧ і адначасова на адкрытую форму туберкулёзу.

Іншы суразмоўца са сферы эпідэміялогіі патлумачыў, што расійскія вайскоўцы маглі масава заразіцца ВІЧ і пасля траплення на фронт — праз парушэнні правілаў асептыкі пры аказанні медыцынскай дапамогі.

«У ваенных умовах шпрыцы маюць уласцівасць вельмі хутка заканчвацца», — адзначае спецыяліст. Гэтыя словы пацвярджае ваенны медык, словы якога цытуе выданне, апісваючы ўмовы ў прыфрантавых шпіталях: «Усюды кроў. (…) Нават аперацыйныя прадэзынфікаваць мы толкам не можам». Паводле яго слоў, паўторна выкарыстоўваюцца не толькі шпрыцы, але і хірургічныя інструменты.

Аўтар спасылаецца на матэрыял Цэнтра Карнэгі, у якім сцвярджаецца, што вайна значна пагоршыла сітуацыю з эпідэміяй ВІЧ. Гэта адбылося з-за змены прыярытэтаў у ахове здароўя і зніжэння выяўляльнасці хваробы, бо людзі перасталі праходзіць рэгулярныя агляды.

Акрамя перадачы інфекцыі праз раненні, у войску працвітаюць і традыцыйныя шляхі: неабароненыя палавыя кантакты і ін'екцыі наркотыкаў агульнай іголкай. Гэтаму спрыяе само армейскае асяроддзе, дзе салдаты з вялікімі грашыма жывуць «апошнім днём».

Пры гэтым усплёск адбываецца на фоне таго, што ВІЧ фармальна з'яўляецца падставай для прызнання непрыдатным да вайсковай службы. Але на справе ўсё інакш. У якасці прыкладу аўтар прыводзіць выпадак, калі жыхара Свярдлоўскай вобласці з цяжкай стадыяй ВІЧ мабілізавалі на вайну другі раз.

Фота: Прэс-служба Міністэрства абароны Расіі / АР

Чумны барак

Як адзначае аўтар, эксперты, апытаныя выданнем, лічаць ідэю стварэння асобных падраздзяленняў для хворых нерэальнай, бо на фронце ніхто не праводзіць сістэматычнага абследавання. Аўтар спасылаецца на словы доктара-рэабілітолага, які называе гэтую прапанову стварэннем «чумнога барака».

Паводле яго слоў, у такім падраздзяленні смяротнасць будзе павышаная нават не ў баі, бо «яны ж усе адзін аднаго перазаражаюць. Праз тыдзень усе пагалоўна будуць з сухотамі. Праз месяц — з гепатытам». Лячыць іх будзе няма дзе, бо шпіталі і так перапоўненыя параненымі.

Спецыяліст падкрэслівае, што неабходна ўлічваць, што ў арміі ўжо лютуе эпідэмія цяжкіх захворванняў. Калі наступіць мір і ў расійскія гарады вернецца велізарная колькасць дэмабілізаваных, яны прынясуць з сабой рэзкі скачок распаўсюджання розных хвароб, да чаго расійская медыцына, хутчэй за ўсё, не будзе гатовая.

Каментары3

  • Ужасы войны
    19.09.2025
    Реально какие-то полчища орко-зомби, как из фильма "Обитель зла".
  • Аксюмарон
    19.09.2025
    Вірус імунадэфіцыту чалавека - у нелюдзяў.
    Але 1 шпрыц на ўсіх - гэта па-брацку, гэта моцна, гэта своіх не бросаем і адзін за ўсіх, усе за аднаго. Так трымаць! Гэты экспанат абавязаны заняць сваё пачэснае месца ў храме УС рф побач з фуражкай Гітлера!
  • Слава ТЦК!
    19.09.2025
    Да что там шприц, и автомат у россиян один на всех и танк один, и ракета последняя осталась. И вообще скоро кофе в Крыму и стрим этого, как его... Падлюка.

Цяпер чытаюць

Што расказваў Статкевіч суседзям у ноч перад выездам на мяжу15

Што расказваў Статкевіч суседзям у ноч перад выездам на мяжу

Усе навіны →
Усе навіны

У Віндзарскім замку Меланія Трамп была абсалютна непранікальнай. А пасля пераапранулася — і стварыла процілеглае ўражанне ФОТЫ11

«Перавыхаваць, мілітарызаваць і русіфікаваць»: Расія стварыла беспрэцэдэнтную сістэму для выкрадзеных украінскіх дзяцей5

«Міліцэйская дзяржава». Прарасійская актывістка Мірсалімава скардзіцца, што міліцыя не пакідае яе ў спакоі6

З Мінска і Гродна запусцілі аўтобусы ў Варшаву праз Латвію3

У Пінскім і Івацэвіцкім раёнах два чалавекі памерлі ад укусаў насякомых2

Іміграцыйная і мытная служба ЗША затрымала не менш за дзевяць беларусаў пасля выкліку на праверку2

«Хоць цэглай сцірай», або нізкі статус». Гутарка з хлопцам, якога прымусілі ў калоніі знішчыць тату з Пагоняй2

«Дзе грошы, Франак?» Вячорка тлумачыць сістэму міжнароднай дапамогі грамадзянскай супольнасці і куды ідуць 30 млн ад ЕС56

У Століне да юбілею горада адкрылі сквер без травы і дрэваў, але з металічным сталом8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што расказваў Статкевіч суседзям у ноч перад выездам на мяжу15

Што расказваў Статкевіч суседзям у ноч перад выездам на мяжу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць