Грамадства1414

Каму і для чаго сілавікі выдаюць пашпарты прыкрыцця?

Учора «Наша Ніва» апублікавала інфармацыю, што ў мужа былой супрацоўніцы Белтэлерадыёкампаніі Вольгі Сямашкі Фёдара Гарбачова ёсць пашпарт прыкрыцця, які выдаецца сілавікам альбо іх агентам. Для чаго выкарыстоўваюць такі дакумент, каму яго могуць зрабіць і хто пра яго можа ведаць? «Люстэрка» спытала пра гэта прадстаўніка Belpol Уладзіміра Жыгара, які да падзей 2020 года працаваў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС.

Фота ілюстрацыйнае

Для чаго патрэбен пашпарт прыкрыцця?

Сілавікі выкарыстоўваюць пашпарт прыкрыцця для стварэння так званай легендарнай асобы, тлумачыць Уладзімір Жыгар. Усё гэта робіцца ў адпаведнасці з Законам аб аператыўна-вышуковай дзейнасці.

Дакумент могуць выдаваць як КДБ, так і розныя падраздзяленні МУС. Колькасць напрамую звязаная з колькасцю задач: у некаторых людзей іх па пяць-шэсць, сцвярджае прадстаўнік Belpol.

«Гэта не той дакумент, які робяць направа і налева, — падкрэслівае Уладзімір. — Павінен быць матываваны рапарт, што ёсць неабходнасць. Калі можна абысціся без яго, так і робяць. Галоўны крытэр — неабходнасць для працы. Напрыклад, увядзенне свайго чалавека ў нейкую кампанію можа адбывацца як уладкаванне на працу. У свой час, калі ў 2017 годзе нібыта ішоў прарыў мяжы на «джыпе» з Украіны ў Беларусь (Украіна заяўляла, што аўтамабіль не перасякаў яе мяжу і прарыву не было. — Заўв. рэд.), у затрыманага грамадзяніна Беларусі быў пашпарт прыкрыцця (інфармацыі пра гэта ў адкрытым доступе няма. — Заўв. рэд.). Насамрэч гэта быў супрацоўнік з цэнтральнага апарату КДБ».

З тэхнічнага боку ў стварэнні легендарнага пасведчання асобы няма нічога складанага, працягвае суразмоўца. Самому чалавеку нічога рабіць не трэба, усё афармляюць за яго. Далей даныя пра новую асобу дадаюць у базу «Пашпарт». Пры гэтым ніякай інфармацыі, што гэта дакумент для прыкрыцця, у ёй не пазначаюць.

«І калі спатрэбіцца ўладкавацца на працу або зрабіць сім-карту, ён не выкліча ніякіх пытанняў», — кажа экс-сілавік.

Каму могуць выдаць такі пашпарт?

Улічваючы спецыфіку выдачы пашпарта прыкрыцця, яго наяўнасць дакладна гаворыць пра сувязь з сілавымі структурамі, упэўнены Уладзімір Жыгар.

«Таму што які яшчэ можа быць варыянт яго стварэння? Такі пашпарт нельга купіць на барахолцы або на распродажы. Ён робіцца для выканання пэўных задач, — канстатуе прадстаўнік Belpol. — Уладальнікам можа быць як супрацоўнік органаў (прычым не абавязкова высокапастаўлены), так і завербаваны агент (не сілавік. — Заўв. рэд.).

З высокай доляй верагоднасці ва ўладальніка будуць падпісаныя дакументы з МУС. Але яго могуць зрабіць і для чалавека, якога выбралі і ўгаварылі выканаць нейкую задачу. Пры гэтым ён не будзе агентам у міліцэйскім сэнсе гэтага слова, бо ён не падпісваў ніякіх папер і не лічыцца такім. Хоць па ўспрыманні ўсё адно будзе ім лічыцца».

Ці азначае наяўнасць легендарнага пасведчання асобы, што ягоны ўладальнік супрацоўнічае з сілавікамі ў гэты момант? Былы сілавік адзначае, што са стопрацэнтнай дакладнасцю гэтага сцвярджаць нельга.

«Пашпарт маглі зрабіць для падстрахоўкі, розныя ёсць сітуацыі. Чалавек мог атрымаць яго, але не выканаць пастаўленую задачу, — кажа суразмоўца. — Для чаго ствараецца той ці іншы дакумент, мы сказаць дакладна не можам, бо гэта ўсё сакрэтна. Але яго адназначна немагчыма проста ўзяць і атрымаць. Так не працуе».

Хто можа ведаць пра падобны дакумент?

Пра падобны пашпарт звычайна ведаюць толькі яго ўладальнік і непасрэднае кіраўніцтва ў сілавых структурах, тлумачыць Уладзімір Жыгар.

«Ні саслужыўцы, ні калегі, ні сям'я не павінны нават здагадвацца пра наяўнасць так званай легендарнай асобы, — падкрэслівае суразмоўца. — Ты не маеш права гэта расказваць, падпісваеш пагадненне аб невыдаванні».

Па словах экс-сілавіка, пасля выканання задачы пашпарт прыкрыцця ў чалавека адбіраюць, але запіс у сістэме застаецца. Па-першае, на выпадак, калі ў будучыні спатрэбіцца зноў выкарыстоўваць гэтую асобу. Па-другое, каб не выклікаць лішніх падазрэнняў.

«З тых магчымасцяў, якія ў нас ёсць, можна меркаваць, выконваецца задача ці не. Напрыклад, калі чалавек па такім дакуменце праходзіў пацярпелым па нейкай крымінальнай справе, працаваў у нейкай арганізацыі, афармляў на яго сім-карту, — кажа суразмоўца. — Калі ж ніякіх дзеянняў у сістэме няма, вельмі складана зразумець, для чаго стваралася новая асоба».

Каментары14

  • забаўка
    03.04.2025
    Вось, еўрапейчыкі кажуць : "пашпарт новай Беларусі - ненадзейны дакумэнт - не будзем яго прызнаваць!" У гэты самы час - лукашысты падрабляюць ідэнтычнасці натоўпу агентаў - і еўрапейчыкі такія: "а вось пашпарт, што робяць лукашысты - надзейны і міжнародна прызнаны"... Беларусы такія : "што?!"....
  • даведка
    03.04.2025
    Вот только не нужно путать оперативно-розыскную деятельность внутри страны и внешнюю разведку за её пределами. Этим занимаются разные субъекты (органы).
  • Органы
    03.04.2025
    Гэбуха ванючая вось і ўсе органы

Цяпер чытаюць

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны16

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Сібіга: У дзень нараджэння Пуціна расійскія генералы паднеслі яму ягоны любімы падарунак3

42‑гадовага Дзмітрыя Бакея асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Аляксандра Таратуту, якога тры гады таму асудзілі за забойства трохгадовага сына, расстралялі14

Новыя магістралі і мост цераз Дразды. Якой будзе дарожная сетка на поўначы Мінска

Статкевіч: Сапраўдная мэта вайны ва Украіне — ліквідацыя ўкраінцаў як нацыі24

У звычайным мінскім шматпавярховіку хаваецца сапраўдны палац. У яго рамонт уклалі мільёны13

Кіраўнікоў рэгіянальных КДБ і КДК будуць абавязкова ўключаць у склад аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама7

ЗША заклікалі сваіх грамадзян неадкладна пакінуць Расію праз магчымую ўспышку чумы5

Выдаўца Ігара Логвінава абвясцілі ў вышук

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны16

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць