Галоўны інвестар «Паўночнага берага» пакідае Беларусь з-за санкцый. Для Лукашэнкі гэта «стала навіной»
Агенцтва Reuters са спасылкай на блізкія да сітуацыі крыніцы паведамляе, што Махамед Алі Алабар, магнат нерухомасці Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ) і забудоўшчык знакамітай Бурдж-Халіфы, ініцыяваў продаж усіх сваіх беларускіх актываў, у ліку якіх ёсць элітны і шматфункцыянальны жылы комплекс «Паўночны бераг», які толькі-толькі пачаў будавацца ў Мінску. На навіну адрэагавалі ў Лукашэнкі.

«Галоўны інвестар шматмільярднага праекта North Waterfront («Паўночны бераг») у Мінску і кіраўнік эмірацкай кампаніі Emaar Properties Махамед Алі Алабар дасягнуў папярэдняй дамовы аб продажы ўсіх сваіх актываў у Беларусі з-за санкцый Захаду», — піша Reuters са спасылкай на дзве блізкія да сітуацыі крыніцы.
Акрамя таго, дадатковай нагодай для сыходу Алабара з Беларусі крыніцы называюць яго новы будаўнічы праект у Сербіі, які ладзіцца ў супрацоўніцтве з амерыканскім бізнэсменам Джарэдам Кушнерам, зяцем былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Сербскі праект Алабара прадугледжвае перабудову былой штаб-кватэры югаслаўскай арміі ў Белградзе ў сучасны і высокатэхналагічны жылы комплекс, перадаюць крыніцы Reuters.
Сам Алабар адмовіўся каментаваць Reuters прычыны свайго сыходу з Беларусі і асобу патэнцыйнага пакупніка яго беларускіх актываў. У той жа час прэс-служба Лукашэнкі заявіла, што для таго рашэнне Алабара «стала навіной», адзначае агенцтва.

Нагадаем, што пад праект «Паўночнага берага» Аляксандр Лукашэнка ў 2021 годзе выпусціў спецуказ №186 «Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта». У ім інвестару даюцца шматлікія прэферэнцыі, галоўная з якіх у тым, што шчыльнасць забудовы дазволена павялічыць амаль удвая вышэй за лімітную норму, зацверджаную раней рознымі міністэрствамі.
Эколагі асцерагаліся, што калі праект «Паўночны бераг» рэалізуецца ў тым выглядзе, які абяцаюць інвестары, то цэнтр сталіцы Беларусі, імаверна, будзе задыхацца ад пастаяннага смогу. Бо шчыльнасць забудовы будзе залімітнай (значна вышэйшай за «Мінск-Свет» або «Маяка Мінска»), а вышыня будынкаў — большай за 50 метраў.
Сам «Паўночны бераг» яшчэ толькі-толькі пачаў будавацца на поўначы Мінска. Для яго была выдзелена амаль тысяча гектараў зямлі, а кошт праекта ацэньваецца мінімум у 4 мільярды еўра (каля 15 мільярдаў беларускіх рублёў).
Цалкам дабудаваць ўвесь комплекс планавалі да 2040 года. На яго тэрыторыі патэнцыйна змогуць пражываць больш за 30 тысяч чалавек.

Цяпер чытаюць
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Каментары
...а зря, ребята! Сейчас там налепят панелек а-ля Каменная Горка, откаты выданы, назад дороги нет!)