Свабода дурніц. Як амерыканцы пачалі вырошчваць ягады ў Кітаі, але радаваліся нядоўга
Пятнаццаць гадоў таму буйны амерыканскі вытворца ягад пачаў працаваць у Кітаі, разлічваючы зрабіць дурніцы новым харчовым трэндам у краіне. Сёння Паднябесная вырошчвае дурніц больш за любую іншую краіну свету, цэны абваліліся, а амерыканская кампанія судзіцца з мясцовымі вытворцамі праз незаконнае размнажэнне абароненых сартоў. З падрабязнасцямі гэтай гісторыі знаёміць The Wall Street Journal.

Калі ў пачатку 2010‑х амерыканская ягадная кампанія Driscoll’s шукала магчымасці для пашырэння за межамі ЗША, яе кіраўнікі ездзілі па розных краінах Лацінскай Амерыкі і Азіі. У выніку стаўка была зроблена на Кітай. Эканоміка краіны імкліва расла, багацеў сярэдні клас, а разам з гэтым павялічвалася цікавасць да здаровага харчавання. У Driscoll’s вырашылі, што на гэтым трэндзе можна пабудаваць новы вялікі рынак для ягад.
Заставалася выбраць, для якіх менавіта. Маліны і ажыны ў кампаніі палічылі занадта нязвыклымі для кітайскіх густаў. Клубніцы таксама не выглядалі найлепшым варыянтам: імі ўжо займаліся японскія вытворцы. У выніку стаўку зрабілі на дурніцы, якія ў Кітаі тады амаль не вырошчвалі. Driscoll’s хацела ператварыць іх у новы папулярны прадукт і паспець заняць гэтую нішу раней за канкурэнтаў.
Садзілі не ў грунт, а ў субстрат
Для вытворчасці выбралі правінцыю Юньнань на паўднёвым захадзе краіны. Клімат падыходзіў: шмат сонца ўдзень і прахалодныя ночы. Але з зямлёй і вадой узніклі праблемы. Побач з патэнцыйнымі плантацыямі трапляліся звалкі, у рэкі маглі скідаць сцёкавыя воды, а сама глеба не заўсёды адпавядала патрабаванням кампаніі.
Каб вырашыць праблемы з якасцю мясцовай глебы і вады, кампанія ўкараніла высакатэхналагічныя цяпліцы, дзе кусты высаджваліся не ў грунт, а ў какосавы субстрат. Гэта дазваляла дакладна кантраляваць паступленне пажыўных рэчываў і пазбягаць хвароб раслін. Для Driscoll’s гэта была самая дарагая вытворчасць у разліку на гектар у гісторыі кампаніі.
Адначасова была набыта эксклюзіўная ліцэнзія на вырошчванне сартоў з адмысловымі смакавымі характарыстыкамі. Сярод іх сорт Eureka Sunrise. Прадукцыю пазіцыянавалі як прэміяльны тавар: ягады каштавалі дорага і часта набываліся ў якасці падарунка. Прыбытковасць бізнэсу была настолькі высокай, што выдаткі на інфраструктуру акупляліся за адзін сезон.

Незаконна размнажалі чаранкамі
Неўзабаве тэхналогію пачалі капіяваць мясцовыя вытворцы. Вырошчваць падобныя ягады аказалася тэхнічна нескладана, бо для атрымання запатэнтаваных сартоў было дастаткова зрэзаць чаранкі з кустоў і размножыць іх.
Спачатку Driscoll’s пазбягала судовых іскаў супраць мясцовых фермераў, асцерагаючыся рэпутацыйных страт. Аднак еўрапейскія генетычныя кампаніі, якія валодалі правамі на сарты, пачалі праводзіць расследаванні. Яны наймалі прыватных дэтэктываў, якія пад выглядам купцоў здабывалі ўзоры саджанцаў у мясцовых гаспадарках і адпраўлялі іх на генетычную экспертызу.
У адным з такіх выпадкаў іспанская кампанія даказала ў кітайскім судзе, што мясцовы вытворца нелегальна выкарыстоўваў сарты, у тым ліку Eureka Sunrise. Парушальнік прызнаў, што набыў расліны праз знаёмствы на плантацыях Driscoll’s. Суд абавязаў знішчыць саджанцы і выплаціць каля 23 тысяч даляраў кампенсацыі і штрафаў. Пазней сама Driscoll’s таксама падала больш за 20 пазоваў у Кітаі для абароны інтэлектуальнай уласнасці.
Судовыя спрэчкі вакол асобных сартоў ужо не маглі спыніць рост галіны. У 2021 годзе Кітай абышоў ЗША і стаў найбуйнейшым вытворцам дурніц у свеце, а да 2025‑га яго гадавая вытворчасць была ўжо ўдвая большай за амерыканскую.
Разам з вытворчасцю расла і канкурэнцыя. Усё больш кампаній заходзілі ў прыбытковую нішу, прапанова павялічвалася, а цэны ішлі ўніз. У Кітаі падобныя цыклы звышжорсткай канкурэнцыі называюць «інвалюцыяй»: паспяховы рынак прыцягвае новых гульцоў, яны хутка нарошчваюць вытворчасць, і ў выніку барацьба за купца з'ядае прыбыткі.
Для пакупнікоў, аднак, гэты працэс меў прыемны вынік. Дурніы, якія яшчэ нядаўна былі дарагой экзотыкай, сталі масавым і даступным прадуктам. Кітайскія дзяржаўныя СМІ нават загаварылі пра «свабоду дурніц» — даступнасць іх усім.

Высновы для замежнага бізнэсу
Як адзначае WSJ, выпадак з дурніцамі паказвае характэрную асаблівасць вядзення бізнэсу ў Кітаі. На гэтым рынку можна хутка атрымаць высокі прыбытак, аднак перыяд эксклюзіўнасці звычайна вельмі кароткі. Калі прадукт аказваецца паспяховым, мясцовыя кампаніі пры падтрымцы дзяржаўнага фінансавання хутка капіююць тэхналогіі, маштабуюць вытворчасць і абрынаюць маржынальнасць усяго сектара.
Сама Driscoll’s, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю і скарачэнне прыбыткаў яе вытворцаў, застаецца ў Кітаі і разлічвае на далейшы рост. Спажыванне дурніц на душу насельніцтва ў краіне ўсё яшчэ ніжэйшае, чым у ЗША і Еўропе. Адначасова кампанія нарошчвае экспарт вырашчаных у Юньнані ягад у іншыя краіны Азіі.
Каментары