Ежа11

Маліны ці ажыны — якія ягады больш карысныя?

Маліны і ажыны ўваходзяць у лік самых карысных ягад. І тыя, і тыя змяшчаюць шмат вітамінаў, мінералаў, клятчаткі і іншых рэчываў, якія дапамагаюць падтрымліваць здароўе. Аднак ягады маюць свае асаблівасці.

Фота: Oleg Gapeenko / Vecteezy

Як адзначае нямецкае выданне пра здаровы лад жыцця Fitbook.de, дыетолагі раяць штодня ўжываць садавіну, і ягады займаюць у гэтым рацыёне асаблівае месца. Яны адносна нізкакаларыйныя, затое ўтрымліваюць шмат вітамінаў, мінералаў, клятчаткі і другасных раслінных злучэнняў. Да апошніх адносяцца, у прыватнасці, флаваноіды і антацыяны. Ім прыпісваюць антыаксідантныя ўласцівасці. Гэтыя рэчывы могуць нейтралізаваць свабодныя радыкалы ў арганізме, тым самым абараняючы клеткі ад акісляльнага стрэсу. Акрамя таго, ёсць даныя, што яны здольныя спрыяльна ўплываць на запаленчыя працэсы.

Яшчэ адна перавага і тых, і тых ягад — высокае ўтрыманне клятчаткі. Яна спрыяе здароваму страваванню, падтрымлівае карысную мікрафлору кішэчніка, дапамагае даўжэй захоўваць пачуццё сытасці і можа змяншаць ваганні ўзроўню цукру ў крыві пасля ежы.

Хоць маліны і ажыны належаць да аднаго сямейства ружавых, гэта розныя расліны. Іх лёгка адрозніць па колеры: маліны ярка-чырвоныя, а ажыны — цёмна-фіялетавыя або амаль чорныя.

Адрозненні ёсць і падчас збору. Маліны лёгка аддзяляюцца ад пладаножкі, таму ўнутры яны застаюцца полымі. Але праз гэта ягады вельмі далікатныя і хутка мнуцца.

Ажыны, наадварот, пры зборы застаюцца прымацаванымі да пладаножкі, якая застаецца ўнутры плода ў выглядзе невялікага светлага стрыжня. Дзякуючы гэтаму яны больш трывалыя, лепш пераносяць транспарціроўку і даўжэй захоўваюцца.

Чым карысныя ажыны

У 100 грамах ажынаў змяшчаецца каля 44 кілакалорый. Пры гэтым яны багатая на антацыяны — пігменты, якія надаюць ягадам насычаны цёмны колер. Даследаванні паказваюць, што гэтыя рэчывы могуць абараняць клеткі ад акісляльнага стрэсу. Навукоўцы таксама вывучаюць, ці здольныя яны паляпшаць памяць і канцэнтрацыю ўвагі.

Акрамя таго, ажыны змяшчаюць вітамін С, бэта-карацін, які ў арганізме ператвараецца ў вітамін А, вітаміны групы В, у тым ліку фалаты, калій і пекцін.

Вітамін С падтрымлівае імунную сістэму і неабходны для ўтварэння калагену, які забяспечвае здароўе скуры, костак, храсткоў, крывяносных сасудаў і дзяснаў. Вітамін А важны для зроку і абароны клетак.

Калій спрыяе нармальнай рабоце сэрца і мышцаў, а таксама ўдзельнічае ў рэгуляцыі артэрыяльнага ціску. Пекцін, які адносіцца да растваральнай клятчаткі, паляпшае страваванне, дапамагае даўжэй захоўваць адчуванне сытасці і можа змяншаць ваганні ўзроўню цукру ў крыві пасля ежы.

Чым карысныя маліны

Маліны яшчэ менш каларыйныя — каля 33 кілакалорый на 100 грамаў. Пры гэтым яны змяшчаюць адносна мала цукру.

У іх склад уваходзяць вітамін С, клятчатка, флаваноіды, антацыяны, калій, магній, дубільныя рэчывы і рэсвератрол — расліннае злучэнне, найбольш вядомае дзякуючы чырвонаму вінаграду. Яму прыпісваюць супрацьзапаленчыя ўласцівасці, аднак яго ўплыў на здароўе чалавека працягвае вывучацца.

Яшчэ адна асаблівасць малінаў — нізкі глікемічны індэкс. Пасля іх ужывання ўзровень цукру ў крыві павышаецца павольней, чым пасля многіх іншых відаў садавіны. Таму яны могуць быць добрым выбарам для людзей, якія кантралююць узровень глюкозы.

Дубільныя рэчывы таксама могуць запавольваць расшчапленне крухмалу, дзякуючы чаму ўзровень цукру пасля ежы расце больш паступова.

Якая ягада лепшая крыніца вітаміну С

І тыя, і тыя ягады змяшчаюць вітамін С, але ў малінах яго крыху больш. Калі ў 100 грамах ажынаў яго прыкладна 15 міліграмаў, то ў такой жа колькасці малінаў каля 25 міліграмаў. Для параўнання, у лімоне гэты паказчык складае каля 50 міліграмаў на 100 грамаў.

Так што выбіраць паміж малінамі і ажынамі няма вялікай патрэбы. Усе ягады багатыя на вітаміны, клятчатку і антыаксіданты, таму найбольшую карысць прынясе не пошук пераможцы, а разнастайны рацыён. Што па сезоне, тое і ежце.

Каментары1

  • Ваўкалак
    31.07.2026
    Заўвага. Ажыны такія ж каларыйныя, як і піва.

Цяпер чытаюць

Беларуска год адпрацавала дальнабойшчыцай у Еўропе. Цяпер спрабуе паступіць у італьянскі ўніверсітэт6

Беларуска год адпрацавала дальнабойшчыцай у Еўропе. Цяпер спрабуе паступіць у італьянскі ўніверсітэт

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка паляцеў у Расію1

Загінуў аўтаслесар-лудаман з Віцебшчыны. Грошы прайграваў у казіно, а зарабляць пайшоў на вайну4

Зяленскі гатовы сустрэцца з Пуціным нават у Антарктыдзе3

Скардзіўся на зубны боль і апынуўся ў рэанімацыі. Удава расказала пра раптоўную смерць мужа14

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму9

Расія, Украіна і ЗША аднаўляюць перамовы пасля доўгай паўзы. Чаго чакаць ад сустрэчы ў Абу-Дабі?4

Букераўскую прэмію 2026 года атрымаў фантаст М. Джон Харысан за раман «Канец усяго» пра свет пасля катастрофы

У Мінску прадаюць дом з уласным басейнам, пра які можна марыць. Але цана кусаецца3

У аэрапорце Каліфорніі самалёт перакуліўся ўверх коламі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска год адпрацавала дальнабойшчыцай у Еўропе. Цяпер спрабуе паступіць у італьянскі ўніверсітэт6

Беларуска год адпрацавала дальнабойшчыцай у Еўропе. Цяпер спрабуе паступіць у італьянскі ўніверсітэт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць