«Будавала кар'еру, каб цяпер сарвацца ў аграрны? Адназначна так!» Дэканы Горацкай акадэміі закахалі ў сябе сацсеткі
Натуральны вобраз упэўненых у сабе мужчын з выразным беларускім акцэнтам падкупіў стомленых офісных работнікаў і выклікаў сапраўдную хвалю жаночых сімпатый.

Aфіцыйныя інстаграм-акаўнты Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі апублікавалі ролік, у якім запрашаюць паступаць да іх. Дэкан факультэта біятэхналогіі і аквакультуры Мікалай Кудравец трымае ў руках вялізную пластыкавую бутлю са смочкай і гладзіць штучнае цяля, прапануючы навучыць, як правільна гадаваць кароваў. Яго калега, дэкан агратэхналагічнага факультэта Андрэй Гарноўскі, прапануе вывучаць лічбавыя тэхналогіі і ствараць новыя сарты раслін.
Каб пазбегнуць лішняга стрэсу, яны прапануюць заключаць мэтавы дагавор і паступаць без экзаменаў. Ролік, відавочна, быў арыентаваны на ўчорашніх школьнікаў, але прыцягнуў зусім іншую аўдыторыю — людзей, якія перажываюць крызіс сярэдняга ўзросту. Іх падкупіла шчырасць і простасць аграрыяў, якія любяць і не саромеюцца сваёй справы.
Каментатары — айцішнікі, якія стаміліся ад пісання кода, маркетолагі і фінансавыя дырэктары, — прызнаюцца, што пасля роліка ім раптам захацелася кінуць свае офісы ў Мінску, Санкт-Пецярбургу, Маскве ці нават Лондане і паехаць у Горкі вучыцца аграрным навукам.
«Я ў крызісе сярэдняга ўзросту: агратэхналагічны факультэт».
«Мне 47, я заканчваў БДЭУ, а потым яшчэ і выкладаў. Але чаму мне раптам захацелася паступіць на факультэт, дзе мяне навучаць на трактары ездзіць?»
«Я будавала кар'еру ў маркетынгу і камунікацыях 10 гадоў, каб цяпер сарвацца і з'ехаць у Беларускі аграрны? Адназначна так».
«Сыну пакуль і трох гадоў няма, пачакаеце? Ён на 1/8 беларус, пройдзе па мэтавым?»
У каментарах адзначыўся нават расійскі блогер і ўрбаніст Ілля Варламаў: «Гучыць някепска, трэба ісці!». Блогеру нагадалі, што ў яго яшчэ ёсць час — да 29 ліпеня можна паступіць па мэтавым дагаворы без экзаменаў. Праўда, адразу папярэдзілі, што адпрацоўваць давядзецца пяць гадоў замест двух.
Беларускія мужчыны каго хочаш да сябе заманяць

На фоне маладых блогераў-інфлюэнсераў, якія прадаюць прыгожае жыццё, паспяховы поспех і курсы па псеўданавуковых практыках, вобраз спелых, салідных мужчын, якія займаюцца справай, максімальна набліжанай да зямлі, для многіх аказаўся глытком свежага паветра. Упэўненыя і шчырыя, апранутыя ў простыя летнія касцюмы са светлымі штанамі і сінімі кашулямі з кароткім рукавом — яны скарылі многіх жанчын. Гледачы адчулі ў героях відэа надзейнасць і спакой — дэфіцытныя якасці ў лічбавую эпоху.
«Ох ужо гэтыя беларускія мужчыны. Каго хочаш да сябе заманяць».
«Я адна пераглядала, каб разгледзець, ці ёсць пярсцёнкі ў таварышаў?».
«Здаецца, я хачу замуж за беларуса».
«Адразу відаць — нармальныя мужыкі!»
«Так па-добраму знята… Добрая, пазітыўная і карысная прафесія, і такія дэканы!»
Некаторыя каментатары, заўважыўшы выразнае беларускае вымаўленне, якое з правінцыі не здолелі выкараніць нават два стагоддзі русіфікацыі, адзначылі патэнцыял, які пакуль застаецца нераскрытым: «Ну чаму, чаму з такім вымаўленнем гэтыя мужчыны не размаўляюць на мове, якая натуральна гучала б з іх вуснаў».
Аднак беларускае вымаўленне не прыйшлося даспадобы некаторым расійскім пурыстам. Як і тое, што мясцовыя жыхары прынцыпова пішуць па-руску «белАрусы».
«І гаворка такая ж: исчо… тибя… научым…» — пачалі абурацца ў каментарах.
«Гаворыш на рускай, гавары правільна», — катэгарычна заявіў хлопец з Валгаграда.
Беларусы ў адказ адразу сталі ў абарону свайго права на ўласны акцэнт:
«Так мы ў Беларусі, а не ў Расіі, у чым прыкол дачэплівацца да гаворкі людзей?»
На іранічнае пытанне, ці навучаць у Горацкай акадэміі вымаўляць літару «гэ» і ці ўваходзіць гэта ў праграму, прадстаўнікі ўстановы з жалем адказалі: «У праграму навучання не ўваходзіць».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу
Каментары
за сваіх ванек выходзе. пакіньце беларусаў беларускам