Вайна99

Ва УСУ заявілі пра знішчэнне 19 танкераў у Азоўскім моры. Яны маглі вазіць бензін у Крым

За тры дні Сілы беспілотных сістэм УСУ заявілі пра паражэнне 19‑ці расійскіх танкераў у Азоўскім моры. Частка гэтых суднаў, паводле версіі ўкраінскага боку, магла быць звязаная з пастаўкамі паліва ў анексаваны Крым. Выданне «Вот Так» расказвае, чаму маршрут праз Азоўскае мора стаў асабліва важным для забеспячэння паўвострава і як удары па наліўным флоце могуць узмацніць паліўны крызіс у Крыме.

Атака на танкер у Азоўскім моры. Скрыншот: Мадяр / Telegram

Украінскія дроны атакуюць расійскія танкеры в Азоўскім моры

Беспілотнікі трэці дзень запар наносяць удары па расійскіх танкерах у Азоўскім моры. Інфармацыю пра гэта ў сваім тэлеграм-канале публікуе камандуючы Сіл беспілотных сістэм УСУ Роберт «Мадзяр» Броўдзі. З кожным днём пад удары трапляе ўсё больш караблёў, якія перавозяць нафтапрадукты.

У панядзелак, 6 ліпеня, Броўдзі напісаў, што ўкраінскія дроны паразілі два танкеры, якія накіроўваліся з грузам бензіну з Таганрога ў анексаваны Крым. Паводле яго слоў, на борце кожнага было па 7 тысяч тон паліва (эквівалент 200 чыгуначных цыстэрнаў).

На апублікаваным Мадзярам запісе відаць, як дроны даганяюць расійскія караблі і атакуюць іх. Украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што гэта танкеры «Капітан Бармін» і «Санар-4» класа «рака — мора», якія адносяцца да «ценявога флоту» Расіі. Яны рэгулярна курсіравалі паміж рачнымі і марскімі партамі ад Валгаграда да Наварасійска, неаднаразова заходзілі ў Крым.

У момант атакі ў непасрэднай блізкасці ад танкераў іншых караблёў у полі зроку камер беспілотнікаў не было. Ступень пашкоджання абодвух караблёў вызначыць складана, паколькі СБС УСУ не размяшчалі на сваіх рэсурсах кадры з даразведкай цэляў, якія ўдалося паразіць.

Графіка: «Вот Так»

Чаму атакі ў Азоўскім моры пагражаюць забеспячэнню Крыма

Ужо на наступны дзень, 7 ліпеня, Мадзяр паведаміў, што яго падначаленыя вынікова атакавалі адразу дзесяць расійскіх караблёў у Азоўскім моры — восем танкераў, адзін сухагруз і адзін паром.

Гэтым разам на апублікаваных кадрах відаць, што караблі ідуць вялікай групай — не менш за 20 суднаў на невялікай адлегласці адно ад аднаго. У роліку паказаныя ўдары па танкерах, частку з якіх паразілі адразу некалькі беспілотнікаў. Апублікаваныя таксама кадры даразведкі: відаць, што на некаторых суднах пасля атакі пачаўся моцны пажар.

Верагодна, танкеры паразілі недалёка ад Керчы. У гэтай частцы акваторыі Азоўскага моры 7 ліпеня спадарожнікі NASA FIRMS зафіксавалі некалькі заўважных з калязямной арбіты буйных ачагоў гарэння.

Камандаванне СБС УСУ пазначыла назвы атакаваных танкераў: «Венера-3», «Санар-1», «Санар-17», «Клімена», Teti, «Аляксей Саўрасаў», «Пенелопа», «Іван Чарамісінаў». Некаторыя з іх знаходзяцца ў санкцыйных спісах і неаднаразова былі заўважаныя ў перавозках нафтапрадуктаў у Крым.

«Характэрная арганізацыя паходу гэтых танкераў — безабаронная шчыльная маса караблёў пасярод мора, якая ўяўляе сабой цір для ўкраінскіх аператараў дронаў FPV. Ні прыкрыцця караблямі Чарнаморскага флоту, які даўно ўжо ледзь сам сябе ахоўваць можа, ні агнявых груп на саміх караблях», — пракаментаваў украінскую атаку буйны Z-канал «Военный осведомитель».

Яго аўтары выказалі здагадку, што ў хуткім часе Расія атрымае свой уласны Армузскі праліў з Украінай у ролі Ірана. У такім выпадку марскі шлях у Крым для расійскіх танкераў таксама будзе закрыты.

Расійскія танкеры ідуць у Крым без вайсковага суправаджэння

Нарэшце, 8 ліпеня камандуючы ўкраінскімі СБС напісаў пра выніковыя атакі супраць яшчэ дзевяці расійскіх танкераў у Азоўскім моры. Украінскія беспілотнікі зноў бесперашкодна наносілі па іх удары. Працы па дронах сродкамі СПА на відэа не заўважна.

Затое выразна відаць моцны пажар, які ўспыхнуў на борце адразу некалькіх караблёў (некаторыя з іх паразілі неаднаразова). Можна разгледзець, што з пашкоджанага корпуса некаторых танкераў пачалося выцяканне нафтапрадуктаў у мора.

Звязаны з Мінабароны РФ паблік «Рыбарь» тлумачыць адсутнасць вайсковага прыкрыцця і суправаджэння грузавых судоў, якія ідуць у Крым, тым, што расійскія вайсковыя караблі самі ўразлівыя для ўкраінскіх дронаў.

«Аднак сутнасць у іншым: а што, за тры гады нельга было даабсталяваць хаця б частку караблёў кулямётамі, ПЗРК і іншымі сродкамі, якімі цалкам магчыма выяўляць і збіваць нізкалятаючыя і параўнальна ціхаходныя цэлі?» — пытаюцца аўтары тэлеграм-канала.

Адзін з танкераў, якія ўдалося паразіць — «Капітан Бармін». Фота: Vessel Finder

Як удары па танкерах могуць узмацніць дэфіцыт бензіну ў Крыме

Забеспячэнне Крыма з дапамогай танкераў проста цяпер — ледзь не адзіная магчымасць завозіць паліва на паўвостраў. Пасля таго як украінскія беспілотнікі ўсталявалі агнявы кантроль над сухапутнымі шляхамі ў Крым, ён аказаўся крытычна залежным ад забеспячэння марскім шляхам.

Пасля масіраванай дронавай атакі на Славянскі НПЗ у Краснадарскім краі — асноўнага пастаўшчыка паліва на паўвостраў, — а таксама шматлікіх удараў па найбліжэйшым да яго нафтаналіўным порце Каўказ узнікла неабходнасць выкарыстоўваць альтэрнатыўныя маршруты.

Адзін з іх — праз чарнаморскія нафтавыя тэрміналы ў Новарасійску і Туапсэ. Аднак яны спецыялізуюцца на адгрузцы сырой нафты, мазуту, дызельнага паліва і не арыентаваныя на бензін, у якім так моцна мае патрэбу Крым. Да таго ж у Чорным моры актыўныя не толькі паветраныя, але і марскія дроны, што яшчэ больш павышае рызыку транспартавання гэтым шляхам.

У сувязі з гэтым адзіная марская лагістычная альтэрнатыва цяпер — дастаўляць паліва праз Азоўскае мора. У прыватнасці, яго адгружаюць на танкеры ў партах Таганрога, Растова-на-Доне і Азова.

У сувязі з тым што сярод атакаваных украінскімі беспілотнікамі танкераў частку складаюць судны класа «рака — мора», верагодна, паліва магло накіроўвацца і непасрэдна з НПЗ Паволжскага рэгіёна — Саратава, Самары, Башкартастана, Татарстана.

Усяго ў Расіі па стане на пачатак 2025 года налічвалася 428 наліўных суднаў, уключаючы як марскія танкеры, так і танкеры класа «рака — мора». Такім чынам, усяго толькі за тры дні ўкраінскія СБС маглі вывесці са строю да 5% усяго расійскага наліўнога флоту. Калі ж браць выключна судны класа «рака — мора», то гэтая доля акажацца яшчэ вышэйшай.

Паводле падлікаў «Вот Так», з пачатку 2026 года і па 6 ліпеня, калі пачалася маштабная кампанія па знішчэнні танкернага флоту ў акваторыі Азоўскага мора, у гэтым раёне СБС УСУ знішчылі толькі два расійскія танкеры. Адзін з іх быў атакаваны 30 мая ў порце Таганрога, другі — 5 чэрвеня недалёка ад акупаванага Марыупаля.

Акрамя гэтага, на працягу таго ж перыяду беспілотнікі паразілі сем сухагрузаў і чатыры паромы, якія ажыццяўлялі перавозку праз Керчанскі праліў.

Каментары9

  • угу. да
    08.07.2026
    Если бы это была правда , то уже на весь мир были бы вопли об экологической катастрофе в Азовском море.
  • Сяргей
    08.07.2026
    Ёсць розніца паміж знішчэннем і ўражаннем
  • Ya
    08.07.2026
    нн, вспоминается роман покойного В.Пикуля «Караван PQ-17“.

Цяпер чытаюць

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве12

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве

Усе навіны →
Усе навіны

Каб выправіць прыкус, беларуска рашылася на распілоўванне сківіцы — і не пашкадавала. Але вынесці такую аперацыю зможа не кожны9

Чаму гэтую пісьменніцу ХІХ стагоддзя так часта экранізуюць? У чым яе феномен?2

Як нам па-беларуску перадаваць паняцце wellness?29

ФІФА выключыла магчымасць пераносу фіналу чэмпіянату свету з-за лясных пажараў у Канадзе

Сямёра супрацоўнікаў склада Wildberries у Тамбоўскай вобласці загінулі ў выніку атакі ўкраінскіх дронаў11

Тлушч памерлых людзей стаў новым трэндам у касметалогіі3

Каля Нацыянальнай бібліятэкі выстраілася вялікая чарга на дыджэй-сэт на даху ФОТЫ1

Навукоўцы ўпершыню выявілі падобную да Зямлі планету з атмасферай2

Кітайскі стартап выпусціў ШІ-мадэль, якая абышла амерыканскія аналагі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве12

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць