Беларуска з заробкам 2 500 BYN падарожнічае двойчы на год і ўжо наведала 34 краіны
Ёсць меркаванне, што частыя падарожжы на далёкія адлегласці — прывілей айцішнікаў або топ-менеджараў з даходамі ад некалькіх тысяч даляраў. 33‑гадовая мінчанка Валерыя даказвае адваротнае. Працуе дзяўчына не ў IT, але падарожнічае як мінімум два разы на год, прычым выбірае незацяганыя і далёкія кірункі. В’етнам і Малайзія, Саудаўская Аравія і Бахрэйн, Аман і Камбоджа — усяго ў яе спісе ўжо 34 краіны і амаль дзве сотні гарадоў, піша Myfin.by.

Упершыню за мяжу Лера паехала ў 23 гады — і адразу ўцягнулася. Пра тое, як спланаваць маршруты на два гады наперад, навошта шукаць чацвёртага спадарожніка ў інстаграме і чаму хостэл з басейнам за тры даляры — гэта рэальнасць, дзяўчына расказала журналісту Myfin.by.
«Закупляюся на Ждановічах і адкладваю 40% даходу»
«Заробак у чалавека, які падарожнічае два разы на год, не павінен быць касмічным. На сваім нядаўнім месцы працы я зарабляла 2 500 рублёў».

Сакрэт Леры ў свядомым спажыванні і фінансавай пісьменнасці. Яна не любіць траціць грошы на дастаўкі, таксі і непатрэбныя дробязі. Доўга носіць рэчы, аддае перавагу іх рамонту, а не выкіданню. Гэта і эканомна, і экалагічна.
«Я магу вычапіць штосьці цікавае ў сэканд-хэндзе або закупiцца на «Ждановічы-fashion». Плюс зараз я жыву з бацькамі і скідваюся толькі на камуналку. Як толькі прыходзіць заробак, каля 40% я адразу пераводжу ў валюту і адкладваю ў трэвел-фонд. Ну і проста пісьменна сумяшчаю дзяржсвяты, «доўгія выхадныя» і два адпачынкі на год».

Падарожнічае Валерыя часцей за ўсё па бязвізавых краінах. Звычайна ў яе бягучы год і наступны ўжо цалкам распісаныя. Яна падпісаная на дзясяткі трэвел-чатаў са зніжкамі і рассылкамі авіякампаній. Пра свой графік інфармуе наогул усіх знаёмых: калі хтосьці захоча далучыцца, яны ведаюць даты за паўгода. Вылеты Валерыя часцей за ўсё шукае з Масквы — так танней. Напрыклад, у 2024 годзе яе самым бюджэтным пералётам стаў рэйс Масква — Бішкек мясцовымі авіялініямі ўсяго за $130 у адзін бок.
«Ашчаджу на гатэлі, але вазьму класныя экскурсіі»
Часам нават у ідэальнага планіроўшчыка ўсё ідзе не па графіку. У адзін з адпачынкаў Валерыя з сяброўкамі павінна была ляцець на Кубу. Дзяўчаты купілі гатовыя туры — на той кірунак так выходзіла танней. Але ўмяшаўся форс-мажор.
«На Кубе пачаліся праблемы з бензінам, праз што сталі масава адмяняцца туры. Заставалася роўна тры тыдні, каб прыдумаць новую паездку з нуля. Так у нашым плане ўзнікла Камбоджа».
У выніку 12 дзён у Камбоджы абышліся Валерыі і яе спадарожніцам прыблізна па $1800 на чалавека. З іх $850 пайшло на квіткі, а $30 — на візу.

«Цэны ў Камбоджы проста суперскія. У горадзе Сіемрэап мы зарэзервавалі жаночы нумар на чатырох у хостэле з басейнам. У выніку ў пакоі мы жылі ўтрох, а за дзве ночы пражывання кожная заплаціла па $6».
Дзяўчына прызнаецца: яна свядома выбірае стратэгію «танны начлег — дарагія ўражанні».
«Я лепш ашчаджу на гатэлі, але вазьму класныя экскурсіі. Аддаю перавагу таму, каб наймаць індывідуальнага гіда на машыне. Пошук спадарожнікаў — гэта таксама частка разліку. Адной ездзіць дорага, ідэальна ўчатырох.
У 2019 годзе я паклікала ў Сербію сваю найлепшую сяброўку Юлю, з тых часоў мы катаемся разам. Пазней на сайце махнем.ру знайшла Вольгу з Мінска — яна стала нашай трэцяй спадарожніцай. А чацвёртага чалавека бяром «збоку»: шукаем сярод знаёмых і ў Instagram.
Выдаткі на індывідуальныя экскурсіі і гідаў дзеляцца на ўсіх і перастаюць палохаць. У Амане, напрыклад, двухдзённая экскурсія абышлася на $100 на чалавека, а за асабістага гіда па храмах Ангкор-Ват у Камбоджы аддалі па $57».

Кыргызстан — топ-1 у рэйтынгу эканоміі і душэўнасці
Валерыя скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, свабодна валодае англійскай, але менавіта СНД, лічыць яна, ідэальны старт для бюджэтнага турыста — усе разумеюць рускую мову, не трэба думаць пра візы. Топ-1 у яе асабістым рэйтынгу эканоміі і душэўнасці займае Кыргызстан.
«Прыгожая краіна ва ўсім: людзі, прырода, кухня. Мы бралі групавыя экскурсіі амаль кожны дзень усяго па $10. А смачна і сытна паабедаць там можна літаральна за пару даляраў».
Самым дарагім падарожжам у біяграфіі мінчанкі стала Манголія. Пералёт расійскімі авіялініямі каштаваў $890, а за 7 дзён паслуг гіда аддалі яшчэ $700 з чалавека — па-іншаму ў стэпах без дарог і правадніка немагчыма.
«У Манголіі я пакінула шмат грошай на сувеніры, разумеючы, што наўрад ці туды вярнуся. Але я купляю толькі карысныя рэчы: куфлі, майкі, шкарпэткі або мясцовую ежу. Ніякіх магнітаў».
Паспаборнічаць у дарагоўлі з Манголіяй магла б Саудаўская Аравія, дзе адна толькі віза каштуе $450. Але туды Валерыя лётала ў працяглую камандзіроўку: жытло і трансфер аплаціла кампанія. Час паездкі прыпаў на Рамадан, працы стала менш, таму ўдалося праехаць па краіне. Тым не менш за 2,5 месяца дзяўчына патраціла $1200 асабістых грошай выключна на ежу і паездкі ў суседнія гарады.

Паездку ў Казахстан таксама бюджэтнай не назавеш: на 14 дзён адпачынку пайшло $2089 на чалавека. Дзяўчаты наведалі тры гарады: Астану, Актау каля Каспійскага мора і Алматы, а галоўным ударам па кашальку стала паездка ў стэп. Тры дні ў намётах каштавалі $500.
«Самыя дарагія экскурсіі былі ў Амане — там адзін дзень каштаваў 70 рэалаў (амаль $180). Але неверагодна пашанцавала з гідам: жанчына была настолькі гасціннай, што бясплатна пасяліла мяне ў сябе дома, гатавала, мыла і падарыла яшчэ адзін дзень экскурсій ад сябе».

У Кыргызстане Лера са спадарожніцай затрымаліся на экскурсіі: аўтобус паехаў у горад, а мабільны ў гіда разрадзіўся. Давялося стукацца ў першы дом, які трапіўся, каб папрасіць зарадку.
«Гаспадар дома, даведаўшыся, што я з Беларусі, прыйшоў у захапленне. Тут жа наліў чарку, пачаставаў пловам, дастаў процьму ласункаў. Потым паклікаў сяброў, прыбеглі дзеці — усе хацелі са мной сфатаграфавацца. У выніку мы праседзелі ў гасцях амаль дзве гадзіны».

Пабочны эфект частых паездак
Перамяшчаецца ўнутры краін дзяўчына грамадскім транспартам. Пераезд з Салалы ў сталіцу Амана Маскат заняў 12 гадзін, але абышоўся ўсяго 4 рэалы (каля $10) у камфортным паўпустым аўтобусе з кандыцыянерам і вайфаем. Ва Узбекістане Валерыя таксама адмовілася ад самалётаў, аб'ехаўшы ўсю краіну на мясцовых цягніках і аўтобусах.

У ежы ў мінчанкі свае правілы: яна любіць каштаваць новае, але тое, што непрыемнае на выгляд, есці не стане. У Тайландзе абышла бокам смажаных тараканаў, а самым агідным на смак палічыла дурыян.
«Затое ў Манголіі я піла малако свінні. Праўда, яно было не мясцовым, яго прывезлі з Паўднёвай Карэі. На смак — як звычайнае малако, моцна разбаўленае вадой. Яшчэ паспытала акулу, вярблюда і каніну».

У частых паездак ёсць пабочны эфект: з часам прыгажосць новых месцаў пачынае прыядацца.
«Да азіяцкай і ўсходняй культуры хутка звыкаеш, калі краіны ідуць адна за адной. Пасля Тайланда тыя ж В’етнам і Камбоджа падаліся мне занадта падобнымі. Таму мая парада — абавязкова разбіваць кірункі. Злёталі ў Тайланд? У Камбоджу ляціце толькі праз пару гадоў. Зараз я вярнулася з Казахстана, а значыць, у Таджыкістан палячу гады праз два, каб не змазаць уражанні».
З сабой — чамадан сукенак
Складанасці ў дарозе таксама бываюць. У Кыргызстане дзяўчаты выпадкова абралі горны хайкінг «сярэдняй складанасці», які на практыцы быў найскладанейшым. Валерыя не змагла працягнуць шлях, пачалася горная хвароба.
А ў каньёне Малінавая цясніна іх увогуле накрыла залева. Замерзлых турыстак заўважыў мясцовы пастух, паклікаў да сябе, наліў гарачай гарбаты з сушкамі і выдаў курткі. А потым, пакінуўшы атару авечак у гарах, верхам на кані, у суправаджэнні сабакі, асабіста правёў іх да фінальнага пункту маршруту.

Пра ўсе падарожжы Валерыя расказвае ў блогу valerieks_travel. Для прыгожага візуалу ў яе ёсць лайфхак.

«У чамадане вязу абярэмак убораў, якія загадзя размеркавала пад лакацыі. Калі наперадзе пустыня, бяру зялёную сукенку з чатырохметровым шлейфам. Звычайна турысты арандуюць такія рэчы за шалёныя грошы, а я сшыла за 150 рублёў. Так, яна займае дахалеры месца, затое кадры атрымліваюцца фантастычнымі. У тропіках добра глядзяцца на фоне зеляніны аранжавыя або ружовыя сукенкі».

Не трэба чакаць, пакуль вы станеце багатымі, каб пачаць падарожнічаць, упэўненая Валерыя.
«Уражанні і ўспаміны — гэта адзінае, на што сапраўды не шкада траціць грошы. Дакладней, не траціць, а інвеставаць. Урэшце, якая розніца, колькі гадоў вашым красоўкам, калі вы шпацыруеце ў іх па вулачках Бахрэйна або Камбоджы?»
Беларуска сабрала 1 001 кубак з 76 краін свету. Яе калекцыя каштуе больш за 10 000 рублёў
Беларусы адмовіліся ад тура за 15700 BYN і выправіліся ў Кітай самастойна. Ашчадзілі ўдвая
«Пры сустрэчы яны датыкаюцца адно да аднаго насамі». Беларусы патрапілі на выспу, пра якую мала хто чуў
Беларусы даехалі аўтастопам да Аўстраліі і расказалі, колькі патрацілі
Адпачынак у В'етнаме за $500 у суткі. Беларусы расказалі, што расчаравала за такія грошы
Каментары