Туры з Беларусі ў анексаваны Крым у 2026 годзе адмяняюцца. Але Краснадарскі край Расіі па-ранейшаму ў хітах продажаў, нягледзячы на рэкамендацыі ўладаў адпачываць на радзіме, піша Deutsche Welle.

Ужо два аўтобусы з беларусамі пацярпелі ад атак дронаў у Бранскай вобласці Расіі. Нават дзяржсакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у Расію.
Але паездкі ў Краснадарскі край з Беларусі не спыніліся, паказала даследаванне DW, проста цяпер аўтобусы едуць «падалей ад гарадоў і нафтабаз». А вось выбухі і перабоі са святлом у анексаваным Крыме на пяты год поўнамаштабнай вайны нарэшце спынілі паток беларусаў.
«Цяпер аб’язджаем Бранскую вобласць»
Пад атаку дронаў у абодвух выпадках трапілі аўтобусы, якія везлі беларусаў на адпачынак у Краснадарскі край Расіі, у Анапу і Геленджык.
17 чэрвеня беспілотнік атакаваў аўтобус, у якім ехала дзіцячая футбольная каманда і суправаджаючыя асобы, пацярпелі шэсць чалавек, загінула жонка трэнера.
2 ліпеня ад дрона пацярпеў аўтобус Мінск — Анапа, унутры знаходзілася 19 пасажыраў, двое кіроўцаў былі лёгка параненыя. У абодвух выпадках улады Расіі абвінавацілі ў атацы ўкраінскія войскі, ва УСУ адхілялі абвінавачванні.
Пасля другога трапляння дзяржсакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заклікаў устрымацца ад паездак у прыгранічныя вобласці Расіі і адпачываць на радзіме:
«Там кожны дзень падаюць беспілотнікі, адбываюцца такія дрэнныя выпадкі. Мы не закрывалі межы, гэта рашэнне кожнага — ехаць ці не ехаць».
«Мы адразу памянялі маршрут! Праз Бранскую вобласць больш не едзем. Перасоўваемся бяспечным маршрутам, праз Смаленскую вобласць, Тульскую… Дарога без заезду ў гарады, побач няма вайсковай інфраструктуры, нафтабаз-нафтасховішчаў. Нічога, так бы мовіць, з ваеннага пункту гледжання цікавага… Спакойна едзем, нікому не патрэбныя і непрыкметныя», — апісалі DW у адной з турфірмаў, якая возіць беларусаў на адпачынак у тым ліку ў Краснадарскі край Расіі.
Паводле слоў менеджара, падарожжа падоўжылася ўсяго на 2—3 гадзіны, а кошт застаўся той самы.
Прыкладна гэтак жа сама адказалі яшчэ ў дзвюх фірмах.
«Усе даязджаюць, усё добра, ніхто не скардзіцца. Ну і было б зусім дрэнна, не ехалі б!» — пераконвае іншы менеджар.
Галоўны мінус, прызнаюць тураператары, у тым, што новыя аб’язныя дарогі не асабліва разлічаныя на турыстаў, там менш прыдарожных кавярняў, горшыя ўмовы на санітарных прыпынках, менш прыбіральняў.
А вось самая буйная кампанія з тых, каго абзвоньвалі журналісты, адзін з найстарэйшых шматпрофільных тураператараў Беларусі, паездак у Краснадарскі край сёлета не прапануе.
«Прапановы на сайце — толькі ад нашых партнёраў. Мы можам прапанаваць вам Грузію, Балгарыю», — адказалі там.
«Людзей з Крыма толькі забіраем»
Турфірмы і перавозчыкі працягвалі апошнія гады адпраўляць беларусаў у анексаваны Расіяй Крым. Паездка на аўтобусе займала каля двух сутак — праз Расію і па мосце на паўвостраў. Напрыклад, адзін з варыянтаў на сайце турфірмы: з Мінска праз Гомель у Керч, Феадосію, Кактэбель, і тут жа пазнака, што «ў выпадку форс-мажорных абставін з Крымскім мостам» магчымая перасадка ў мікрааўтобусы або на паромную пераправу з даплатай.
Колькі беларусаў там адпачывала, невядома, даныя не агучваюць ні Расія, ні Беларусь. Кіраўнік арганізацыі «Беларусы Крыма», якая дзейнічае на анексаваным паўвостраве, заявіў, што ў 2024 годзе там адпачыла «каля 150 тысяч турыстаў з Беларусі», без спасылкі на крыніцу інфармацыі.
У ліпені 2026 года на сайтах тураператараў туры ў Крым па-ранейшаму ёсць, але на самой справе іх адмянілі.
«Хтосьці зараз гатовы ехаць у Крым?» — недаверліва перапыталі журналістаў у турфірме.
Яны размаўлялі 6 чэрвеня, у дзень, калі на анексаваным паўвостраве ўначы была трывога, раніцай практычна не было электрычнасці, а бензін па-ранейшаму выдавалі па талонах і не больш за 20 літраў у адны рукі.
«Мы забралі турыстаў, якіх ужо адправілі, і ўсё спынілі. Проста сайт яшчэ не абноўлены», — патлумачылі менеджары.
«Мы цалкам знялі гэты кірунак. У Краснадарскі край ездзім, у Крым — ужо не, там зараз усё «цікавей»… Рыхтаваліся да сезону і ў гэтым годзе, але знялі ўсе паездкі, наколькі я ведаю, іншыя кампаніі таксама. І наўрад ці сітуацыя сёлета зменіцца. Выбірайце лепш Грузію. Даражэй, але і здароўе дарагое», — параілі ў іншай турфірме.
У грузінскім Батумі ёсць і мора, і горы. Самалёт з Мінска ляціць чатыры гадзіны і адпраўляецца некалькі разоў на тыдзень
Двое сутак у аўтобусе, але і ўдвая ніжэйшыя цэны
Галоўны аргумент для адпачынку ў Расіі — гэта кошт, а ў параўнанні з краінамі ЕС — яшчэ і віза. Кошт паездкі ў Турцыю ці Егіпет, традыцыйныя месцы адпачынку беларусаў, стартуе ад 800 даляраў з чалавека за тыдзень адпачынку, і далей імкнецца ў бясконцасць. А вось Краснадарскі край даступны ад 300 даляраў. Але дабірацца трэба ў аўтобусе ад 35 гадзін і даўжэй.
Як альтэрнатыву анексаванаму Крыму і Краснадарскаму краю Расіі беларускія тураператары прадаюць у першую чаргу адпачынак у Грузіі і ў Абхазіі (самаабвешчаная рэспубліка, з пункту гледжання міжнароднага права з’яўляецца часткай Грузіі). Дабірацца туды можна самалётамі, а можна — двое сутак у аўтобусах праз Расію, у дарозе звычайна ёсць прыпынак на начлег. Кошт адпачынку з аўтобусам становіцца ніжэйшым на 300—400 даляраў.
Ёсць і новыя кірункі — напрыклад, Дагестан, «спакойны адпачынак, горы і мора», турфірмы абяцаюць і забавы, але «трэба памятаць пра дрэс-код, ніякіх адкрытых пупкоў».
Расія ў 2025 годзе была галоўным кірункам адпачынку для беларусаў. Туды з’ездзілі 162,9 тысячы чалавек, прыводзіць даныя Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый (РСТА). Падзяліла з ёй першае месца Турцыя (162,5 тысячы чалавек), таксама ў топ краін увайшлі Егіпет (112 752), ААЭ (78 105), Грузія (45 956), Кітай (28 321), Італія (22 849), Тайланд (16 988), Грэцыя (11 374), Францыя (10 945). Даныя ўключаюць толькі тых, хто адпачываў з дапамогай турфірмаў.
Паводле даных РСТА, пяцёрка лідараў не змяняецца з 2020 года.
«Ростам адзначаныя такія кірункі, як Кітай, Тайланд, В’етнам дзякуючы запуску рэйсаў «Белавія» з Мінска», — адзначылі ў арганізацыі.
Так, турпаток у В’етнам вырас з 1855 адразу да 8724 чалавек. Усё больш і тураў у Кітай на востраў Хайнань: паездка туды на тыдзень з Мінска абыдзецца прыкладна ў тысячу даляраў на чалавека.
Расійскія прапагандысты выдумалі ўдар дрона па турыстычным аўтобусе. Але ў гісторыі ёсць загадкавыя фуры
Пасажыры аўтобуса Мінск — Анапа, у які трапіў дрон пад Бранскам, расказалі, што адбывалася
Вальфовіч назваў выбух дрона каля аўтобуса выпадковым, але позна. Прапаганда паспела знайсці вінаватых і абліць увесь свет дзярмом
Беларускія турфірмы тэрмінова пераробліваюць аўтобусныя маршруты ў Грузію — час у дарозе павялічваецца на 4‑5 гадзін
Адпачынак для бясстрашных і беспрынцыповых: што цяпер з турамі з Беларусі ў Крым?
Каментары