Грамадства33

Адпачынак для бясстрашных і беспрынцыповых: што цяпер з турамі з Беларусі ў Крым?

Турфірмы і перавозчыкі працягваюць вазіць беларусаў у Крым — нягледзячы на акупаваны статус паўвострава, вайну і праблемы з палівам.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Наколькі Крым папулярны кірунак?

Да анексіі Крыма Расіяй у 2014 годзе грамадзяне Беларусі займалі трэцяе месца сярод турыстаў на паўвостраве.

У 2013‑м Крым наведалі каля 6 мільёнаў турыстаў, з якіх каля 250 тысяч былі грамадзянамі Беларусі. Такія даныя прыводзіла Украіна.

Натуральна, што пасля 2014 года паток турыстаў з Беларусі моцна зменшыўся, хоць цалкам і не спыніўся.

Паводле заяваў падкантрольнай Расіі рады рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Крыма», летась амаль 150 тысяч грамадзян Беларусі наведалі акупаваны Крым. 

Не толькі з Мінска

Большасць тураў, натуральна, прадаецца з выездам з Мінска. Аўтобус едзе праз Гомель, Растоў-на-Доне і далей праз Крымскі мост у Крым.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

У некаторых турфірмаў першы выезд запланаваны толькі 18 чэрвеня. У іншых праграма пачалася 13 чэрвеня, таму сезон, так бы мовіць, толькі ў самым пачатку.

Апроч Мінска, туры ў Крым прадаюць, напрыклад, з Віцебска. Першы выезд — 16 чэрвеня, другі — 26 чэрвеня. Адпачынак прапануюць толькі на ўсходнім беразе — у Феадосіі або Судаку.

Адсутнасць варыянтаў адпачынку на паўднёвым узбярэжы (раён Ялты) у турфірме патлумачылі тым, што туды немагчыма дабрацца.

Паездка аўтобусам з Віцебска займае каля двух сутак. Праезд у Крым адбываецца па мосце.

Праз дэфіцыт паліва, кажуць, турбавацца не варта, бо аўтобус запраўляецца напоўніцу ў Расіі.

Попыт прасеў?

Пры гэтым прынамсі ў адной з турфірм прызналіся, што сёлета колькасць выездаў скарацілася. 

Тым не менш, трэба ўлічваць, што, апроч турыстычных паездак з Мінска і некаторых іншых буйных гарадоў Беларусі, ёсць маршрутныя рэйсы Мінск-Ялта ад «Інтэркарса» (перавозчык «БаерТранс»)

Фота: скрыншот старонкі з інстаграм

З Беларусі ў «Белоруссию»

І ў адрозненне ад турфірм, многія з якіх абмяжоўваюцца толькі ўсходнім узбярэжжам, рэгулярны аўтобус едзе не толькі ў Феадосію, але і ў Ялту, Алушту і Місхор, дзе знаходзіцца санаторый «Белоруссия».

Пачаткова перавозчык заяўляў пра намер выконваць рэйсы на акупаваны паўвостраў праз дзень, але пазней з'явіўся яшчэ адзін дадатковы аўтобус з Мінска.

Такім чынам, «Інтэркарс» плануе выконваць па пяць рэйсаў на тыдзень.

На бліжэйшыя дні білеты каштуюць па 418 рублёў (122 еўра).

З Мінска да Ялты абяцаюць даставіць за 40 гадзін. Праезд адбываецца праз Гомель, Бранск, Растоў.

Што да агульных рызык і рызыкі адмены рэйсаў, то ў «Інтэркарсе» адказалі, што яны не могуць прадказаць і ацаніць рызыкі па тым ці іншым кірунку.

«Усё, што мы ведаем, — перавозчык не пераносіць і не адмяняе рэйсы, усё выконваецца па раскладзе», — адказалі ў «Інтэркарсе» наконт засцярог пры куплі білетаў у Ялту.

Што кажуць людзі?

Тэма адпачынку ў акупаваным Крыме даволі актыўна абмяркоўваецца на анлайнераўскім форуме.

Там нават ёсць дзве асобныя тэмы: агульная пра адпачынак у Крыме і пра паездкі туды на ўласным аўто.

Чакана — самыя папулярныя пытанні тычацца праблем з палівам і бяспекай.

Што да праблем з палівам, то многія схіляюцца да таго, што дастаткова заправіць поўны бак у Краснадарскім краі і на тым жа паліве вярнуцца назад.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Агулам кажучы: калі ў аўто бак літраў 70 і ў адпачынку не раз'язджаць па Крыме, то пра запраўкі там можна забыцца наогул», — напісаў адзін з фарумчан.

Іншы напісаў, што, маўляў, перад кожным сезонам пішуць пра праблемы з мазутам, палівам, бяспекай, а насамрэч галоўнай праблемай з'яўляецца чарга на праверку пры ўездзе.

Данецкая вобласць замест моста

Але ёсць і тыя, хто ўжо не раз ездзіў у Крым падчас вайны і зноў плануе ехаць туды, прычым па акупаванай частцы мацерыковай Украіны.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Таксама думаю ехаць, але не праз мост, а па новых тэрыторыях, два гады запар езджу — палёт нармальны», — напісаў адзін з фарумчан.

Ёсць і тыя, хто аматараў адпачынку на паўвостраве называе авантурыстамі-суіцыднікамі, якім перад паездкай варта пакідаць завяшчанне.

Некаторыя адпісваюць, што пасля «незабыўнага адпачынку» летась у Крым іх больш не цягне.

«Верагоднасць сустрэцца з дронамі ў Крыме вышэйшая, чым вы сабе ўяўляеце. Некалькі гадоў таму такая верагоднасць выпала мне і маёй сям'і. Мы чулі і бачылі, як спрацавала СПА, і адбылося гэта практычна над нашымі галовамі.

Больш адчуваць такое не хочам. Таму свае паездкі ў Крым адклалі да лепшых часоў», — напісала адна з карыстальніц форуму.

Іншы каментатар, які таксама ўжо наеўся адпачынку ў Крыме, дадаў, што калі ўдзень усё нібыта нармальна, то ў начны час там зусім не спакойна праз дроны.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP / Alexander Zemlianichenko

Пры гэтым сярод удзельнікаў форуму адгукнулася жанчына, якая ўжо 18 чэрвеня выязджае аўтобусам праз турфірму.

А адзін з каментатараў наогул плануе паездку на пачатак ліпеня ў бадай самую небяспечную частку ўзбярэжжа — у Еўпаторыю. Ды яшчэ і шукае спадарожнікаў.

Агулам жа многія схіляюцца да таго, што сёлета адпачываць там больш небяспечна, чым калі-небудзь раней, таму ад паездкі ў Крым у гэтым годзе, хутчэй за ўсё, адмовяцца.

Каментары3

  • мамкін маркетолаг
    16.06.2026
    Рэкламная кампанія Крыма: прыдуркаватасць і адвага
  • Простае рашэньне праблемы
    16.06.2026
    Заставайцеся дома. Не дапамагайце й не падбухторвайце іншаземную акупацыю Ўкраіны. Адпачынак на скрадзенай зямлі, заплямленай нявіннай крывёю — гэта не адпачынак.
  • Жывуць пад камнем
    16.06.2026
    Хто збіраецца ў зону баявых дзеянняў і яшчэ плаціць за гэта грошы. Амёбы нейкія, не ведаюць, што адбываецца? Трасса навароссія мініруецца кожную ноч, міны не разлічаюць, легкавая ці машына, ці не. Крымскі мост могуць ўзарваць ў любы момант, як паліва па яму павязуць.

Цяпер чытаюць

Адпачынак для бясстрашных і беспрынцыповых: што цяпер з турамі з Беларусі ў Крым?3

Адпачынак для бясстрашных і беспрынцыповых: што цяпер з турамі з Беларусі ў Крым?

Усе навіны →
Усе навіны

Фатограф з Калінкавічаў засудзіў Маскоўскі заапарк, які выкарыстаў без дазволу яго фота норкі2

«Гэта яго падушка бяспекі». На трасе пад Мінскам заўважылі незвычайны спосаб перавозкі шын2

У ЗША разбіўся стратэгічны бамбардзіроўшчык6

Лукашэнка ўвязаў вызваленне палітвязняў з адкрыццём амерыканскага пасольства і фінансавымі пытаннямі4

Лукашэнка ўпершыню заклікаў і Расію «пайсці на кампраміс»7

Лукашэнка папрасіў прабачэння ў Зяленскага32

Грозныя іспанцы не змаглі нічога зрабіць са зборнай Каба-Вэрдэ3

Трамп заявіў, што пасля Ірана засяродзіцца на вайне ва Украіне6

У Беларусі ёсць гарадскі пасёлак, дзе за год не было ніводнага вяселля

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адпачынак для бясстрашных і беспрынцыповых: што цяпер з турамі з Беларусі ў Крым?3

Адпачынак для бясстрашных і беспрынцыповых: што цяпер з турамі з Беларусі ў Крым?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць