Стала вядома, хто атрымаў жыллё ў «сакрэтным» доме пад Драздамі. Сярод іх — сілавік, які «вызначыўся» ў 2020 годзе
У дзесяціпавярховы дом каля Драздоў, які называлі «таемным», засяляюцца чыноўнікі. Гэта высветліла выданне «Люстэрка» дзякуючы крыніцы, знаёмай з сітуацыяй.

Пра якое жыллё гаворка
Больш за год таму на вуліцы Ціхай, 54 дабудавалі шматпавярховы дом — узвядзеннем займалася дзяржкампанія. Што гэта за праект і хто там будзе жыць, не паведамлялася. Толькі адзін раз забудоўшчык заявіў, што кватэры ў гэтым доме ў адкрыты продаж не паступяць. Такая «сакрэтнасць» нарадзіла дадатковыя пытанні — з’явіліся здагадкі, што кватэры ў дзесяціпавярховіку прызначаныя для чыноўнікаў і функцыянераў, а сам дом пачалі называць «таемным».
Хто атрымаў кватэры
Як высветліла «Люстэрка» з дапамогай крыніцы, знаёмай з сітуацыяй, у гэтым «сакрэтным» шматпавярховым доме на вуліцы Ціхай, 54, у лютым — сакавіку 2025 года сваіх уладальнікаў набылі больш за 50 кватэр.
Сярод тых, хто засяліўся, — некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў. Так, адна з кватэр належыць першаму намесніку кіраўніка МУС Юрыю Назаранку, які трапіў пад санкцыі ЗША, а таксама ЕС — бо нясе адказнасць «за кампанію рэпрэсій і запалохвання, якая праводзіцца МУС пад яго камандаваннем пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года». Як раней паведамлялася, пасля жорсткага збіцця затрыманых у 2020 годзе ў Фрунзенскім РУУС Мінска Назаранка абяцаў правесці праверку, па выніках якой «будуць зробленыя пэўныя высновы». Ці былі прыцягнутыя да адказнасці датычныя да гэтага сілавікі, невядома.
Уладальнікам яшчэ адной кватэры ў «таемным» доме стаў Юрый Ярашэвіч. Гэта амбасадар Беларусі ў Ізраілі, які заняў гэтую пасаду ў студзені 2025 года. Да гэтага працаваў у МЗС і амбасадзе Беларусі ў Расіі.
Сярод іншых уладальнікаў квадратных метраў у гэтым доме — Аляксей Шапецька. Ён працуе дырэктарам санаторыя «Беларусь» у Сочы, які ўваходзіць у Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Гэты санаторый прымае на лячэнне і рэабілітацыю расійскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны, і калектывы прадпрыемстваў расійскага вайскова-прамысловага комплексу, паведамляў раней Belpol.
Сярод навасёлаў таксама ёсць Аляксандр Рагожнік — экс-амбасадар Беларусі ў Расіі, а цяпер старшыня Віцебскага аблвыканкама.
Акрамя іх, кватэры ў гэтым доме атрымалі дзясяткі шараговых чыноўнікаў і функцыянераў з розных ведамстваў. У дакументах у іх напісана, што цягам пяці гадоў з даты дзяржрэгістрацыі жылога памяшкання яго нельга прадаць, падарыць ці іншым чынам перадаць іншаму ўласніку. Таксама памяшканне можна перадаваць у заклад толькі банку.
Дарэчы, у Беларусі шмат гадоў выкарыстоўваецца практыка поўнасцю або часткова засяляць дамы работнікамі дзяржструктур, ільготнікамі, сілавікамі. Таму не зусім зразумела, чаму ў гэтым выпадку дзяржаўны забудоўшчык ці ўлады сталіцы адразу не патлумачылі грамадскасці мэты будаўніцтва нерухомасці.
Колькі каштуе жыллё ў гэтым раёне
Як і заяўляў забудоўшчык, кватэры ў доме не выстаўляліся на продаж. Былі толькі нешматлікія выключэнні: так, у сакавіку мінулага года з’явілася абвестка пра продаж двухпакаёўкі ў гэтым доме плошчай 57,3 кв. м. Кошт быў каля 535 837 рублёў, або 179 000 даляраў. Гэта 3124 даляры за квадратны метр. У гэтым выпадку ўласнасць была пазначаная як прыватная.
Калі паглядзець на іншыя прапановы ў гэтым элітным раёне, то іх кошт значна вышэйшы. Так, праз дарогу, на вуліцы Піянерскай, прадаюць трохпакаёўку плошчай 80,2 кв. м за 1 038 750 рублёў, або 375 тысяч даляраў. У іншым суседнім доме — таксама на Піянерскай — ёсць двухузроўневая кватэра на 165,1 кв. м за 1,55 мільёна рублёў, або амаль 560 тысяч даляраў. Вядома, характарыстыкі гэтага жылля могуць істотна адрознівацца ад тых, што ў доме на Ціхай, 54, — як у лепшы, так і ў горшы бок.
У сакрэтным і футурыстычным мінскім шматпавярховіку прадаецца трохпакаёвая кватэра. Кошт квадрата ўражвае
Названа вуліца Мінска з самай дарагой зямлёй
У чым прычына незадаволенасці жыхароў мікрараёна Лебядзіны ў Мінску? Вось што насамрэч там планавалі будаваць
Былы галоўны ідэолаг Беларусі прадаў дом у Драздах за $600 тысяч
Каментары