Культура99

«Мы ўклалі ў Беларусь мільён даляраў». 94‑гадовая Надзея Запруднік — пра любоў да краіны, жыццё ў Другую сусветную і выпрабаванні беларусаў

Надзея Рагалевіч-Запруднік — адна з тых беларусак, чый лёс увабраў у сябе трагедыю і годнасць ХХ стагоддзя. Яна перажыла нацысцкую акупацыю, жыццё ў лагерах для перамешчаных асоб у Германіі і эміграцыю ў ЗША ў 1950-м, дзе пасля дзесяцігоддзямі служыла беларускай справе разам з мужам Янкам Запруднікам.

Надзея Запруднік (сядзіць за прасніцай) з беларускімі ўдзельнікамі фестывалю ў Парку Свабоды. Нью-Джэрсі, 1979 г. Здымак з архіву Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНІМ)

Цяпер спадарыня Надзея жыве ў доме для старых у Нью-Джэрсі. У 94 гады яна застаецца чалавекам, які, нягледзячы на выпрабаванні, паўтарае запавет свайго жыцця: «Наперад». У размове з «Белсатам» яна расказала, як дажыць да такога ўзросту, падзялілася ўспамінамі пра вайну і дала парады маладым людзям.

Надзея нарадзілася ў 1932 годзе ў палескай вёсцы Лутоўе (Жыткавіцкі раён). У сям’і было 8 дзяцей, чацвёра пайшлі з жыцця ў раннім узросце. Вайну Рагалевічы сустрэлі ў роднай вёсцы, а ў 1943 годзе перабраліся ў Жыткавічы. У 1944‑м Надзея, яе брат Міхаль, яго жонка і сямёра дзяцей выехалі ў Нямеччыну, дзе да 1950‑га жылі ў лагерах для перамешчаных асоб у амерыканскай зоне ўплыву. А пасля ўсе разам выехалі ў ЗША, дзе пасяліліся ў Пенсільваніі.

«Не «Белараша», як кажуць, а мы навучылі іх гаварыць «Беларусь» — гэта гонар нашай эміграцыі»

— Ваш муж, гісторык і публіцыст Янка Запруднік, і вы ўклалі ў беларускую справу шмат грошай — дапамагалі выдаваць кнігі, аплачвалі навучанне студэнтаў, падтрымлівалі людзей у Беларусі. Чаму гэта было для вас так важна?

— Калі глядзіш на ўсё гэта, то проста шкада было. Мы мелі магчымасць, працавалі. Мы былі людзі, якія, як кажуць, giving away — аддаюць. Калі мой муж калісьці крыху падлічыў паміж намі (мы ж не хвалімся тым, што зрабілі), дык выйшла, што выдалі на Беларусь каля мільёна даляраў. Калі ехалі ў якую краіну, а тым больш у Беларусь, то заўсёды з дапамогай.

Калісьці Янка кажа: «Ну, бяры ты дзесяць тысяч і я дзесяць тысяч, і раздаём». Вяртаемся дахаты. Я кажу: «Ну дык колькі там у цябе засталося?» Ён кажа: «Пустая кішэня». Я кажу: «О, дык у мяне лепш! Хоць каву зможам выпіць па дарозе, захавала дзвесце даляраў».

— У вашага брата Міхаля было сямёра дзяцей, яны былі з вамі і падчас акупацыі, і ў Нямеччыне, калі вы знаходзіліся ў амерыканскай зоне ўплыву, а пасля — у ЗША. Фактычна вы іх выгадавалі.

— Так, немцы забралі нас на працу ў Германію. Я далучылася да брата. Трэба было дапамагаць. Многія з іх ужо памерлі. Але я маю тут і ўнукаў, і праўнукаў. І вельмі цешуся, што яны ведаюць, хто яны ёсць.

Дажыла да дзевяноста чатырох гадоў, і ўжо, здавалася б, пара адыходзіць, але ўсё яшчэ хочацца нешта зрабіць. Хоць сілы ўжо не тыя. Мне цяжка хадзіць, але кожную нядзелю я іду ў царкву, і гэтым шчаслівая. Я калісьці ў хоры спявала, дык цяпер паціхеньку з імі… Яны на клірасе спяваюць, а я ўнізе сабе ціха малюся. І гэта для мяне такі штуршок наперад. Як Янка заўсёды казаў: «Наперад! Наперад!» Я і кажу сабе: «Наперад».

Там, дзе я жыву, усе людзі вельмі змешаныя — такая інтэрнацыянальная супольнасць. І дайшло да таго, што мы далі зразумець, хто мы ёсць. Не «Белараша», як кажуць, а мы навучылі іх гаварыць «Беларусь», «беларус». І гэта — гонар нашай эміграцыі.

Вяселле Янкі і Надзеі Запруднікаў. Саўт-Рывэр (Нью-Джэрсі). 27 траўня 1995 года. Здымак з архіву Беларускай фундацыі Крачэўскага

«Планую вандроўку на машыне»

— Як дажыць да 94 гадоў? У чым сакрэт вашага даўгалецця?

— Не быць лянівай. Я з характарам, шпаркая. Не люблю сядзець. Час — гэта, як казаў адзін знаёмы, — грошы. Але справа не ў грашах, а ў тым, што ў мяне ўроджаны характар дапамагаць людзям. Я і цяпер хаджу, выходжу на двор, хоць вельмі холадна. Энергія такая, што не сядзіцца. Я чытаю — вельмі шмат чытаю. Гэта мяне пацяшае. Я не наракаю. Калі мяне пытаюцца: «How are you?», я кажу: «Fine!». Хоць спіна баліць. Але што ж я буду жаліцца?

— Якія ў вас умовы жыцця ў доме састарэлых у Саўт-Рывэры? Ці добра даглядаюць?

— О, так! Ёсць доктар — раз на тыдзень прыходзіць, правярае. Кухня свая, вялікі рэстаран. Меню вельмі разнастайнае. І ўсюды чысценька, без канца чысценька. Калі нехта закашляе — адразу маску, каб не распаўсюджваў. Нараканні, канечне, у людзей бываюць, бо ніхто не хоча тут быць. Але ніхто нікога не прымушаў сюды ісці — самі выбіралі. І заўсёды ёсць магчымасць памяняць.

Я некалі ездзіла машынай, цяпер крыху спынілася — батарэя села. Але знаёмы прыехаў, паправіў. Думаю, можа, праз пару тыдняў, калі пагода зменіцца, з’езджу куды-небудзь. Хоць гэта пакуль што толькі мары. Але я не наракаю.

— Вы ў 94 гады кіруеце машынай?

— Так. Я ж не еду на вялікія дарогі, дзе фуры ездзяць, еду так, спакойнай дарожкай.

1 — Надзея Запруднік зь сяброўкай Лізай Літаровіч. 2008 год. Здымак з архіву БІНіМу; 2 — Надзея Запруднік. Іст-Брансвік, Нью-Джэрсі. Жнівень 2025 года. Здымак Наталлі Гардзіенкі

«Картэры працавалі для людзей, будавалі бедным хаты, памагалі як маглі»

— Чаму ў 1950‑м вы вырашылі ехаць жыць менавіта ў ЗША? Многія, напрыклад, ехалі ў Аўстралію.

— Уся Еўропа, можна сказаць, была для нас адкрытая, але, не ведаю, брат выбраў Амерыку. Брат казаў: «Калі нідзе не знойдзецца дапамогі, то будзем у Германіі заставацца». Але здарыўся вось такі крок — у Пенсільваніі дапамаглі людзі-хрысціяне. Яны нас абсалютна не ведалі, але забралі да сябе, далі маленькую хату ў вёсцы. І мы былі вельмі шчаслівыя, што папалі ў Амерыку. Бо ведалі, што тут зможам сабрацца і паставіць сябе на ногі.

А ў іншыя краіны… Мы разумелі, што не дамо рады. З такой вялікай сям’ёй, дзесяць чалавек — хто нас возьме?

Прыплылі мы ў ЗША з Нямеччыны на вайсковым караблі. Прыехалі на станцыю — а там чалавек на машыне мусіў нас забраць і адправіць у Пенсільванію. Ён схапіўся за галаву: столькі людзей за адзін раз не пасадзіць, давялося два разы яму ехаць.

— Вы заспелі дзевяцярых прэзідэнтаў ЗША. Хто з іх вам падабаўся?

— Яны ўсе добрыя былі. Адзін толькі дурань цяпер сядзіць! Яго не пераношу.

Я любіла Кенэдзі. Ён быў энергічны, казаў: «Што ты зробіш, тое ты і зможаш як грамадзянін». Гэта яго такі слоган быў. І я яго вельмі блізка бачыла, нават тут прывіталася неяк. Мне падабаўся Абама. Малады! Картэр быў спакойны вельмі. Ведаю, як ужо ў сталым веку яго жонку даглядалі. Яна — выбачайце — пойдзе ў прыбіральню, а яны: «Місіс Картэр, are you okay? Are you okay?». Бегаюць за ёй, як вар’яты. Яна раз узяла парык надзела, узяла ключы, паехала машынай — і ўсё! Паніка: місіс Картэр прапала! Хтосьці ўкраў! А яна сабе ўцякла ад гэтага жыцця.

Картэры працавалі для людзей, будавалі бедным хаты, памагалі як маглі. Такіх люблю.

«Немцы, бывала, прыходзяць у хату і кажуць: «Матка, яйка?», «Матка, хлеб?» — просяць, а прыйдзе рускі — ён не пытаецца»

— Вы пішаце ў сваёй кнізе «Мая адысея з Беларусі ў Амерыку», што ў Нямеччыне, адразу пасля вайны, вясной 1946-га, калі па вас прыехаў амерыканскі грузавік, каб чарговы раз перакінуць з аднаго лагера ў іншы, вы паехалі на ім, узняўшы бел-чырвона-белы сцяг. У вас ён быў заўсёды з сабой?

— О-о, так, так! Я без сцяга нікуды. Там у лагеры вельмі розная публіка была — шмат палякаў. Вы б пабачылі тых палякаў: «Паглядзіце, паглядзіце, хто едзе!» — казалі яны. Нас прывезлі ў Этлінген. Там былі казармы, у якіх былі ўкраінцы, і нас не захацелі там прыняць. Брат пайшоў шукаць у лагеры беларусаў і напаткаў Васіля Рагулю. Нас нарэшце прынялі, аказалася, што там і палякі жылі. Прабылі там пару месяцаў, потым перавезлі ў Герэнберг, там ужо пераважна жылі беларусы і расейцы. Тады вось рэлігійнае жыццё стала вельмі важным для нас. Але і там пражылі да восені 1946-га. Пасля — Майнлёйз, Гібэльштат…

— Якія ў вас засталіся ўспаміны пра нацысцкую акупацыю?

— Вельмі хутка з’явіліся партызаны. І калі нехта сёння хваліць партызанаў, дык для мяне гэта вельмі-вельмі дрэнная падзяка. Яны цалкам агалялі маю хату. Тады немцы вырашылі, што трэба выгнаць партызан з лесу. Я сама была ў партызанах, мяне паставілі ў разведку. Ну, і пасля пачалося… вывозілі, палілі. І ў той момант ты ўжо не думаеш ні пра што: куды бегчы, што рабіць. Ты проста ідзеш. Нібыта розум ужо не твой. У галаве нешта сваё. Немцы, бывала, прыходзяць у хату і кажуць: «Матка, яйка?», «Матка, хлеб?» — просяць. Прыйдзе рускі — ён не пытаецца. Ён можа проста расстраляць. Як хацелі расстраляць майго бацьку. Прыйшлі аднойчы два маладыя хлопцы, прасілі паказаць дарогу да адной вёскі, якая ўжо спаленая была. Я зразумела, што хочуць бацьку забраць так, ды стала прасіць, каб не чапалі.

Выпрасіла. «Жалко ребенка», — сказалі. Пасля гэтага ён ужо ў хаце не начаваў, быў у лесе, каб зноў па яго не прыйшлі.

Мы былі вельмі бездапаможныя, у пастаянным страху. Але страх з часам робіцца нейкім іншым. Думаеш: ну што ж, заб’юць дык заб’юць. І ўсё.

Надзея Запруднік з Янкам Запруднікам і Аляксандрам Надсанам у Музеі Якуба Коласа. Менск, Беларусь. 2005 год. Здымак з архіваў Беларускага Інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ)

«Да вайны не было вялікіх слёз — і гэта было добра»

— Ці быў у вас голад падчас вайны?

— Не, толькі ў Нямеччыну як трапілі, то тады галадалі. Нас прывезлі і пасялілі ў адзін пакой чатыры сям’і. І ўсе дзеткі са мною былі. А братава жонка пайшла на працу, і брат таксама. Што можна дзецям даць, калі няма нічога? Прынясуць суп, і ўсё.

Часам я ўцякала ў горад, быў перарэзаны дрот. І ведаеце што — сам горад быў у голадзе. Я пастукала, хацела, каб мне далі нешта там, дык мяне назвалі «schweine» ('свінняʼ альбо ʼсволач»). Горад — адно каменне. Усё збіта, усё знішчана. Але неяк давалі рады. Прынясуць дванаццаць кавалкаў хлеба на дзесяць чалавек — і што? Трэба дзяліць.

— Што пасля вайны немцы казалі пра гэтую вайну? Ці размаўлялі вы з імі?

— Адчувалася, што яны ведаюць пра віну за гэтую вайну. Але не ўсе былі такія, многія проста маўчалі. Некаторыя шкадавалі — яны ж таксама пацярпелі. Вайна, бомбы, стрэлы, пажары, знішчэнне гэтага ўсяго — гэта не ласка Божая. Няшчасны народ папаў пад гэта.

— Якія былі вашы думкі, калі вы даведаліся пра вайну ва Украіне?

— Страшныя, бо, па-першае, ракету туды пусціў Лукашэнка. Мы вельмі перажывалі і перажываем цяпер. У царкве неяк збіралі на дзяцей украінскіх. Пасылаюць пасылкі туды для дзяцей. Удзельнічаю як магу, а што больш зробіш?..

— Што з вашага дзяцінства і маладосці вы ўспамінаеце з асаблівай цеплынёй? Што для вас самае дарагое?

— Грыбы збіраць! Палессе ж багатае, балота. А самае прыгожае — гэта журавіны. Я вельмі любіла іх збіраць, бо ў вадзе, каб рукі чыстыя былі.

Да вайны не было вялікіх слёз — і гэта было добра. Мама ў мяне была вельмі добрая гаспадыня, і я была з ёй вельмі блізкая. Куды мама — туды і я. А цяпер, калі глядзіш назад, столькі гадоў прайшло, усё нібыта перамяшалася… І часам думаеш: а куды ж гэта ўсё падзелася? Жыццё наша — як човен пасярод мора.

Надзея Запруднік (ідзе першая злева) з беларускімі ўдзельнікамі фестывалю ў Эдысане, Нью-Джэрсі, 1986 год. Здымак з архіву БІНіМа

«Вялікая трагедыя, калі мы не будзем змагацца»

— Ці можаце вы пералічыць постаці, якія вашу беларускасць сфармавалі?

— Інтэлігенцыя. З першым мужам мы пабраліся шлюбам у царкве. І мама ў мяне малілася, але казала мне: «Толькі не ўголас, бо сценкі чуюць». Забаронена ж было. Але калі чалавеку кажуць, што нельга, то ён наадварот будзе рабіць. Калі я была ў школе, там быў помнік Леніну. І вось настаўнік кажа перад ім: «Паўтарайце за мной, што Бога няма». А я кулакі сашчапіла, і — «Ёсць, ёсць, ёсць!». Гэта немагчыма выкінуць, калі ў вас гэты падножак дадзены з дзяцінства.

— Ці верыце вы, што Беларусь, якая цяпер перажывае столькі выпрабаванняў, усё ж пераможа?

— Так. Вялікая трагедыя, калі мы не будзем змагацца. Я не ведаю, чым гэта скончыцца, але, як кажуць, трэба рабіць — столькі, колькі можаш. Гэта жахліва, што людзей ціснуць, душаць. Тыя, хто цяпер прыязджае сюды, новыя, часта бываюць абыякавыя, бо яны страцілі надзею, што можна нечага дабіцца. Але я веру, што будзе. Дай Божа.

— Чаму беларусам пасылаюць такія выпрабаванні?

— Каб ведалі, што трэба маліцца Богу. Дзякаваць за тое, што маеце, і за тое, што яшчэ можаце мець. Апускаць рукі — гэта не дапаможа. Трэба верыць у Бога, у Яго моц і сілу. Я веру ў гэта, бо калі б не малітва, я не ведаю, ці можна было б усё гэта перажыць у маім жыцці. Памолішся — і лягчэй становіцца. І з’яўляецца надзея, што будзе лепш.

Надзея і Янка Запруднікі каля сваёй хаты ў Самэрсэце (Нью-Джэрсі). 2017 год. Здымак Наталлі Гардзіенкі

— А што б вы параілі маладым людзям, маладым беларусам? Які жыццёвы наказ далі б?

— Вось мае суседзі — у іх дзве дачкі, унукі. І ведаеце што? Іх унукі гавораць па-беларуску! У іх у хаце Каляды, Куцця — усё як належыць. Калі яны мне тэлефануюць, я чую: «Надзея, як вы там?» — і пачынаецца размова па-беларуску. Яны недалёка жывуць, але далёка ад нашай царквы, каб часта прыязджаць. Але яны расказваюць, як захапляюцца, як ім прыгожа, як ім важна. Але такіх, канечне, няшмат. Ёсць і такія, што кажуць: «Ну, я беларуска — і на гэтым канец». Але ёсць моладзь, асабліва пры царкве ў Нью-Ёрку — вельмі добрая, свядомая. Яны трымаюць гэтыя цэрквы. Мы вось Каляды мелі — хор спяваў, поўная царква людзей. Ну дык што яшчэ жадаць?

— Вы калі-небудзь думалі, што вернецеся жыць у Беларусь?

— Так. Усё ж зямля свая… Але ўжо зацяжка, сілы не тыя. І па-другое — ужо больш пражыла ў Амерыцы, чым у Беларусі. І пачынаць нанова там, у такім веку, — ужо не. Досыць наздзекаваліся з нас усіх. Буду пахаваная ў Амерыцы.

Каментары9

  • Вынікі беларушчыны
    31.01.2026
    Беларусь» — гэта гонар нашай эміграцыі»....гэтае не гонар, а аблудны шлях нашае нацыі.
  • Тоже
    31.01.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Жыве Беларусь!!!
    31.01.2026
    Вялікі Дзякуй!!!!

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»17

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

«Я не маю намеру з гэтым мірыцца». Кіраўнік МУС Літвы хоча праверыць дзейнасць Вольгі Карач16

Z-блогерцы Таццяне Манцян далі 1,5 года калоніі. Яна заклікала да гвалту ў дачыненні да «сацыяльнай групы асоб «ахранота»19

Дроны з пярцовым спрэем, чатырохногія робаты і штучны інтэлект. Як Японія тэхналогіямі абараняецца ад мядзведзяў2

Жанчына са Смаргонскага раёна дапамагла вярнуць бацькам чатырохгадовага хлопчыка10

«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў8

Беспілотнік на выходных заляцеў у Брэсцкую вобласць і накіраваўся да мяжы з Польшчай3

«Здарылася тое, чаго баяліся». Падрабязнасці падзення роўпджампера з вышкі пад Мінскам7

Рубіа заявіў пра праграмны збой у сістэме ранняга папярэджання Украіны11

«У 2015‑м выйграў $10 тысяч». Беларусы ўзгадваюць, як і колькі выйгравалі ў латарэі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»17

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць