Біл Клінтан, Майкл Джэксан і Мік Джагер. Каго можна знайсці ў новых дакументах са справы Джэфры Эпштэйна
Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала першую частку дакументаў па справе Джэфры Эпштэйна, публікацыя якіх чакалася пасля прыняцця Кангрэсам закона, які патрабуе апублікаваць увесь масіў файлаў не пазней за 19 снежня, піша ВВC.

Сярод гэтых дакументаў былі ў тым ліку фатаграфіі шэрагу вядомых людзей, уключаючы былога прэзідэнта ЗША Біла Клінтана, экс-прынца Эндру Маунтбетэна-Віндзара, а таксама музыкаў Міка Джагера і Майкла Джэксана.
Згадка ці выява ў гэтых дакументах не з'яўляецца доказам супрацьпраўных дзеянняў. Многія з тых, чые імёны фігуравалі ў папярэдніх публікацыях, звязаных з Эпштэйнам, адмаўлялі сваё дачыненне да якіх-небудзь злачынстваў.
Біл Клінтан у басейне і джакузі
Сярод апублікаваных выяў ёсць некалькі фотаздымкаў былога прэзідэнта ЗША Біла Клінтана. На адным здымку ён плавае ў басейне, на іншым — ляжыць у джакузі, закінуўшы рукі за галаву.


Клінтана фатаграфавалі з Эпштэйнам некалькі разоў у 1990‑я і пачатку 2000‑х гадоў, яшчэ да першага арышту фінансіста. Ніхто з тых, хто перажыў гвалт з боку Эпштэйна, не абвінавачваў Клінтана ў неправамерных дзеяннях, а ён сам неаднаразова заяўляў, што не ведаў пра сэксуальныя злачынствы Эпштэйна.
Прадстаўнік Клінтана, каментуючы публікацыю новых фатаграфій, падкрэсліў, што яны былі зробленыя не адзін дзясятак гадоў таму.
«Яны могуць публікаваць колькі заўгодна размытых здымкаў дваццацігадовай даўніны, але гэта не пра Біла Клінтана. Ніколі не было і ніколі не будзе», — заявіў Анхель Урэнья.
«Тут ёсць два тыпы людзей. Першая група — тыя, хто нічога не ведаў і спыніў зносіны з Эпштэйнам да таго, як яго злачынствы сталі вядомыя. Другая — тыя, хто працягваў стасункі з ім пасля гэтага. Мы належым да першай групы. Ніякія спробы з боку людзей з другой групы гэтага не зменяць. Усе, асабліва MAGA, чакаюць адказаў, а не ахвярных казлоў», — дадаў ён.

Знаёмства Трампа з 14‑гадовай дзяўчынкай
У апублікаванай частцы файлаў згадваецца і цяперашні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Паводле судовых дакументаў, апублікаваных Мінюстам ЗША, Эпштэйн нібыта пазнаёміў Трампа з 14‑гадовай дзяўчынкай у яго рэзідэнцыі Мар-а-Лага ў Фларыдзе. Падчас меркаванай сустрэчы ў 1990‑я гады Эпштэйн штурхнуў Трампа локцем і «гулліва спытаў», паказваючы на дзяўчынку: «Прыгожанькая, праўда?».
Як сцвярджаецца ў пазове, пададзеным у 2020 годзе супраць Эпштэйна і яго памочніцы Гіслейн Максвел, Трамп у адказ усміхнуўся і кіўнуў на знак згоды.
У дакуменце гаворыцца, што «яны абодва хіхікнулі», а дзяўчынка адчула сябе некамфортна, «хоць і была занадта юная, каб зразумець прычыну». Пацярпелая сцвярджае, што на працягу многіх гадоў падвяргалася грумінгу і гвалту з боку Эпштэйна. Абвінавачванняў супраць Трампа ў судовых матэрыялах яна не выстаўляе.
Гэты эпізод з'яўляецца адной з нямногіх згадак цяперашняга прэзідэнта на тысячах файлаў, апублікаваных у пятніцу. Ён прысутнічае на некалькіх фотаздымках, але яго ўдзел мінімальны.
Афіцыйная старонка перадвыбарчага штаба Трампа пасля выхаду дакументаў апублікавала ў сацсетцы X фатаграфіі Клінтана. Прэс-сакратарка Трампа таксама перапосціла выявы Клінтана, дадаўшы подпіс: «Ого!»
Пры гэтым публікацыя дакументаў яшчэ не закончаная. Намеснік генеральнага пракурора Тод Бланш заявіў, што «некалькі сотняў тысяч» старонак усё яшчэ праходзяць праверку і пакуль не апублікаваныя.
Раней прэзідэнт ЗША казаў, што на працягу многіх гадоў сябраваў з Эпштэйнам, але прыкладна ў 2004 годзе яны пасварыліся — за некалькі гадоў да першага арышту фінансіста. Трамп паслядоўна адмаўляе любое дачыненне да злачынстваў, звязаных з Эпштэйнам.
Эндру, які ляжыць на каленях у іншых людзей
На адным з апублікаваных здымкаў відаць выява Эндру Маунтбетэна-Віндзара, які ляжыць на каленях у пяці чалавек, твары якіх зафарбаваныя. Ззаду іх стаіць Гіслейн Максвел — асуджаная саўдзельніца Эпштэйна.

Эндру ўжо шмат гадоў знаходзіцца пад пільнай увагай з-за свайго ранейшага сяброўства з Эпштэйнам, які на гэтым фота адсутнічае. У канцы кастрычніка Эндру Маунтбэтэн-Віндзар быў пазбаўлены тытула прынца ў тым ліку з-за сувязяў з Эпштэйнам.
Эндру неаднаразова адмаўляў любую датычнасць да злачынстваў, звязаных з Эпштэйнам, заяўляючы, што «не бачыў, не быў сведкам і не падазраваў пра якія-небудзь дзеянні, якія пасля прывялі да яго арышту».
Майкл Джэксан, Дыяна Рос, Крыс Такер і Мік Джагер
Упершыню ў апублікаваных матэрыялах па справе фінансіста, вядомага сваімі сувязямі ў свеце шоу-бізнэсу і палітыцы, прадстаўленае настолькі шырокае кола знакамітасцяў. На некаторых малюнках, апублікаваных Мінюстам ЗША, выяўленыя такія зоркі, як Майкл Джэксан, Мік Джагер і Даяна Рос.


Незразумела, дзе і калі былі зробленыя гэтыя фатаграфіі і ў якім кантэксце. Таксама невядома, ці быў Эпштэйн асабіста звязаны з усімі гэтымі людзьмі ці проста прысутнічаў на тых жа самых мерапрыемствах.
На некалькіх здымках прысутнічае акцёр Крыс Такер. На адным з фота ён сядзіць побач з Клінтанам за абедзенным сталом, на іншым — стаіць на ўзлётнай паласе аэрадрома побач з Гіслейн Максвел.

Максвел каля рэзідэнцыі на Даўнінг-стрыт
На іншай фатаграфіі, уключанай у апублікаваныя ўчора дакументы, Гіслейн Максвел пазуе на фоне дома №10 на Даўнінг-стрыт — афіцыйнай рэзідэнцыі прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі ў Лондане.
На фатаграфіі яна адна; пры гэтым адсутнічае які-небудзь кантэкст, які тлумачыць мэту яе знаходжання там ці час, калі быў зроблены здымак.
Таксама невядома, хто займаў пасаду прэм'ер-міністра ў момант здымкі і ў якой якасці Максвел наведвала Даўнінг-стрыт.

Сотні тысяч старонак усё яшчэ не апублікаваныя
Сярод дакументаў, апублікаваных 19 снежня, мноства матэрыялаў са схаванымі фрагментамі, уключаючы паліцэйскія справаздачы, пратаколы расследаванняў і фатаграфіі. Больш за 100 старонак аднаго дакумента, звязанага з расследаваннем вялікага журы, зарэтушаваныя цалкам.
Улады ў адпаведнасці з законам мелі права рэдагаваць матэрыялы для абароны асоб ахвяр або звестак, звязаных з расследаваннем, якое яшчэ ідзе, аднак па законе яны абавязаныя тлумачыць прычыны такіх правак. Пакуль гэтага зроблена не было.
Як заявілі ў Мінюсце ЗША, тысячы старонак, апублікаваных 19 снежня, — толькі частка запланаваных да публікацыі дакументаў. Намеснік генеральнага пракурора Тод Бланш паведаміў, што ведамства апублікуе «некалькі сотняў тысяч старонак» 19 снежня і збіраецца апублікаваць «яшчэ некалькі сотняў тысяч» у найбліжэйшыя тыдні. Ён растлумачыў, што кожную старонку старанна правяраюць, каб «кожная ахвяра — яе імя, асоба, гісторыя, у той меры, у якой гэта неабходна, — была цалкам абароненая», і гэты працэс патрабуе часу.
Тэрміны публікацыі дадатковых матэрыялаў застаюцца няяснымі, і заканадаўцы з абодвух бакоў выказваюць незадаволенасць з гэтай нагоды. Дэмакраты, уключаючы кангрэсмена Ро Хану, прыгразілі мерамі ў дачыненні да супрацоўнікаў Мінюста, аж да імпічменту або магчымага крымінальнага пераследу з-за затрымак.
Хана супольна з кангрэсмэнам-рэспубліканцам Томасам Масі дамогся вынясення на галасаванне закона аб публікацыі файлаў Эпштэйна.
«Публікацыя Міністэрствам юстыцыі сотняў тысяч старонак дакументаў не адпавядае патрабаванням закона», — напісаў Хана ў сацсетках, дадаўшы, што яны з Масі разглядаюць розныя варыянты далейшых дзеянняў.
Апублікавалі новыя фота з архіва Джэфры Эпштэйна. На іх ёсць і Трамп
Трамп падпісаў закон аб публікацыі «файлаў Эпштэйна»
Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за раскрыццё «файлаў Эпштэйна». Сенат прыняў гэтую пастанову без абмеркавання
Трамп, Пуцін, гомасэксуальныя кантакты і іншыя брудныя намёкі — у ЗША апублікавалі 20 тысяч файлаў Эпштэйна
Трамп загадаў расследаваць магчымыя сувязі Эпштэйна з Клінтанам і банкірамі. Мінюст ЗША падпарадкаваўся
У ЗША апублікавалі новыя лісты па справе Джэфры Эпштэйна, якія дыскрэдытуюць Трампа
Каментары
Джэксан - неаднаразовыя абвінавачванні ў педафіліі.
Джагер і ўвесь яго гурт (акрамя барабаншчыка) - геі, падцверджаны факт.
Гэта ж трэба было адмыслова ляцець на тую выспу...
Вычварэнцы гуртаваліся разам, бо былі супольныя інтарэсы.