Што Польшча і Беларусь хочуць адзін ад аднаго пры вызваленні Пачобута? А Канапацкая вызвалася стаць паручыцелем
Польскі ўрад агучыў свае прапановы за вызваленне Пачобута. Польшча можа зноў адкрыць дадатковыя памежныя пераходы з Беларуссю, якія былі зачыненыя пры партыі «Права і справядлівасць». Аднак Мінск павінен выканаць некалькі ўмоў. Чаго Польшча чакае ад Аляксандра Лукашэнкі, піша Rzeczpospolita.

Паводле крыніц выдання ў польскім урадзе, польскі бок чакае спынення працяглага міграцыйнага крызісу на мяжы, вызвалення журналіста і аднаго з лідараў польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута, а таксама супрацоўніцтва ў справе вызначэння вінаватых у забойстве польскага салдата, сяржанта Матэвуша Сітэка.
— Беларусы ведаюць спіс нашых прыярытэтаў, але, на жаль, ні ў адной з гэтых сфер дагэтуль не адбылося прагрэсу, — кажа суразмоўца.
Выданне сцвярджае, што на стале ў Лукашэнкі ўжо ляжыць прапанова Варшавы.
Калі ўлады ў Мінску супакояць сітуацыю на мяжы і выпусцяць Анджэя Пачобута, — будуць адкрытыя раней закрытыя памежныя пераходы. У Мінску пра гэта ведаюць, — кажа добра праінфармаваны суразмоўца. Іншых падрабязнасцяў ён не раскрывае.
Як мяркуе выданне, гаворка ідзе, верагодна, пра памежны пераход у Баброўніках (Бераставіца), закрыты ў 2023 годзе з прычыны прысуду Пачобуту ў восем гадоў.
Не выключана, што туды ўваходзіць і адкрыццё пераходу ў Кузніцы (Брузгі), які дагэтуль застаецца закрытым для асабовага і таварнага руху. Гэта, безумоўна, палепшыла б гандаль Беларусі з ЕС, піша выданне.
Як даведалася Rzeczpospolita, 25 верасня, у дзень адкрыцця мяжы, у Мінску сабралася камісія, якая займаецца вызваленнем палітычных вязняў.
З адпаведнай просьбай аб вызваленні Анджэя Пачобута да Лукашэнкі звярнулася нядаўна кіраўніца непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, якая сама больш за год правяла за кратамі. Ёй дазволілі таксама сустрэцца з журналістам у турме, але далей справа не пайшла.
Ці разглядаецца просьба Борыс у цяперашні час урадавай камісіяй?
— Не маю права выдаваць падрабязнасці, датычныя працы камісіі, — адказала на пытанне Rzeczpospolita член камісіі Ганна Канапацкая.
— Я падтрымліваю ініцыятыву Анжалікі Борыс і гатова быць паручальнікам у справе вызвалення Анджэя Пачобута, — кажа яна.
Канапацкая сцвярджае, што раней яна была паручальніцай вызваленага ў лістападзе мінулага года Рыгора Кастусёва. Лукашэнка вызваліў яго з прычыны цяжкага стану здароўя і дазволіў яму застацца ў Беларусі.
Ці ёсць шанец на хуткае вызваленне Пачобута, чый стан здароўя ўжо доўгі час выклікае сур'ёзныя засцярогі? На гэта пытанне Канапацкая не адказала.
Адна з крыніц у польскім урадзе сказала выданню, што «не хапае ўзаемнага даверу паміж Польшчай і Беларуссю».
— Лукашэнка гэта зацягвае, а між тым такі жэст мала б што яму каштаваў, але мог бы стаць добрай асновай для перамоваў у будучыні, — кажа выданню суразмоўцаў ва ўрадзе. — Прозвішча Пачобута ведаюць і амерыканцы, якія вядуць перамовы з Лукашэнкам аб вызваленні чарговых палітычных вязняў, — дадае ён.
Ён кажа, што Пачобут знаходзіцца на чале «польскага спісу» асоб, за чыё вызваленне змагаецца Варшава. У спісе могуць быць нават некалькі дзясяткаў прозвішчаў, у тым ліку асуджаны на 11 гадоў лагераў ксёндз Генрых Акалатовіч, але таксама затрыманы нядаўна 27‑гадовы польскі кармеліт Гжэгаж Гавел.
Цяпер чытаюць
«Паставілі палаткі, развялі вогнішчы». МУС пацвердзіла затрыманне 350 чалавек пад Расонамі. Знайшлі і аргумент: «Многія ў голым выглядзе перад малалетнімі»
Каментары