Грамадства22

Беларуска зрабіла новы пашпарт, а ён аказаўся несапраўдным: Даведалася пра гэта ў аэрапорце

За гадзіну да вылету даведацца, што твой пашпарт несапраўдны, — страшны сон любога турыста. Вераніка зрабіла новы дакумент у ліпені гэтага года, а ў пачатку верасня збіралася паляцець з ім у Дубай. У дзень вылету дзяўчыну ў аэрапорце развярнулі, але падарожжа ўсё ж адбылося, піша Onliner.by.

Для паездкі ў ААЭ пашпарт павінен дзейнічаць мінімум паўгода. Вераніка пра гэта ведала, таму загадзя занялася заменай дакумента. Новы пашпарт атрымала 1 ліпеня гэтага года. Разам з ім дзяўчына атрымала на рукі стары — з шэнгенам. Гэта робіцца для таго, каб падчас наступнай падачы ў пасольстве паказаць добрую візавую гісторыю.

— Я не першы раз пакідаю сабе два пашпарты. Дзесяць гадоў таму таксама лётала так за мяжу, увогуле праблем не было. Стары трэба паказваць толькі для паездак у Еўрасаюз, калі перасякаеш мяжу. Там было анулявана ўсё, акрамя старонкі з візай.

Спроба з'ехаць №1. «На кантролі не прапусцілі»

Збіраючыся ў адпачынак з Мінска ў Эміраты, дзяўчына ўзяла з сабой толькі новы пашпарт, бо шэнген ёй у гэтай паездцы быў не патрэбны.

— Вылет быў начны, у 00:30 6 верасня. Прыходжу на кантроль да памежнікаў, даю дакумент, дзяўчына глядзіць яго доўга, пачынае гартаць, потым камусьці тэлефануе, прыходзіць начальнік змены… Мне праз акенца заявілі, што ў мяне несапраўдны дакумент. Я кажу: як такое можа быць? Яны сказалі, што трэба ісці ў міліцыю. Да пасадкі ў самалёт заставалася 40 хвілін. Дзяўчына патлумачыла сваю сітуацыю з выдачай двух пашпартоў, але на рэйс яе ўсё роўна не пусцілі. Самалёт паляцеў без яе.

— У выніку мне аддалі паперу, у якой напісана, што пашпарт у мяне канфіскавалі з-за таго, што дакумент несапраўдны. Сказалі, што за такое прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, але штрафу не будзе, таму што гэта не мая віна. Усё было дастаткова ветліва і карэктна з іх боку, — успамінае беларуска.

І тым не менш ноч выдалася стрэсавай. Па словах Веранікі, тур каштаваў каля $1330. Згубіць гэтыя грошы было вельмі крыўдна, таму дзяўчына стала шукаць варыянты.

Яна даведалася, што ў той жа дзень, 6 верасня, заставаліся білеты на рэйс у Дубай з вылетам у 13:30, і паспрабавала хутка вырашыць пытанне з пашпартам.

— Я разважала так: у мяне альбо згараць $1330, бо наўрад ці агенцтва верне мне грошы, альбо я даплачу $450 — і ўсё ж такі адпачну.

Спроба з'ехаць №2. І зноў «пашпарт несапраўдны»

Да вылету заставалася палова дня. Раніцай дзяўчына ўжо была ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ), які выдаў ёй пашпарт.

— Мне патлумачылі, што супрацоўнік дадала птушачку, якая ставіць пашпарт на кантроль, і гэта значыць, што пашпарт несапраўдны. Павінны былі зрабіць гэта толькі на стары пашпарт, а паставілі і на новы, — распавядае Вераніка.

— У АГіМ звязаліся з аэрапортам, і тыя пацвердзілі, што дакумент у іх, але аддаць яго яны могуць толькі ўпаўнаважанаму супрацоўніку АГіМ. Мне сказалі, што супрацоўнік паедзе са мной у аэрапорт. І паралельна знялі птушачку аб тым, што пашпарт на кантролі. Я паспела купіць білет, схапіць валізку і зноў прыехала ў аэрапорт, дзе атрымала на рукі пашпарт.

Але выдыхнуць з палёгкай атрымалася не адразу. На кантролі гісторыя з «несапраўдным дакументам» паўтарылася.

— Змена новая, мяне зноў не пускаюць. Я прашу патэлефанаваць у АГіМ намесніку начальніка, але ніхто тэлефанаваць не спяшаецца. Прыйшоў начальнік змены і патлумачыў: пашпарт з кантролю знялі, але, пакуль дакумент пройдзе па ўсіх базах і інфармацыя абновіцца, патрэбны час. І гэта не 15 хвілін і не 2 гадзіны. Яшчэ трохі пакутлівага чакання — і на гэты раз усё скончылася добра.

Памежная служба аэрапорта ўсё ж такі змагла звязацца з АГіМ і атрымаць пацвярджэнне, што пашпарт сапраўдны. А турыстцы ўдалося, нарэшце, дабрацца да патрэбнага гейта і паляцець у адпачынак. У Дубаі праблем з пашпартам ужо не было, па прылёце дадому — таксама.

Але з'явілася яшчэ адна дэталь, якая дадала Вераніцы хваляванняў у гэтай паездцы. Для авіякампаніі ўночы 6 верасня яна «не з'явілася на пасадку», а гэта значыць, што была рызыка анулявання зваротнага білета.

— Нягледзячы на тое, што я была зарэгістравана на рэйс і мела пасадачны талон, на пасадку я не з'явілася. Гэта правіла называецца no-show. Потым мы яшчэ некалькі дзён чакалі пацвярджэння ад авіякампаніі, што за мной усё ж такі захаваны зваротны білет. У выніку ўсё абышлося — на зваротны білет траціцца не прыйшлося.

«Страціла $550 не па сваёй віне»

Беларуска палічыла свае выдаткі: $450 і дадаткова $100 на таксі да гатэля (ужо аплачаны трансфер дзяўчына прапусціла). Дзяўчына плануе пісаць дасудовую прэтэнзію ў АГіМ з просьбай кампенсаваць непрадбачаныя выдаткі.

— Насамрэч, я вельмі ўдзячна, што маё пытанне так хутка вырашылася. Але гэта не адмяняе таго, што я патраціла свае грошы, каб гэты адпачынак увогуле адбыўся. А маёй віны ў гэтым няма, — кажа дзяўчына.

— Хачу яшчэ дадаць, што ў такіх сітуацыях вельмі важна захоўваць спакой. Не трэба плакаць, істэрыць, умольваць, стаяць на каленях — вас усё роўна не выпусцяць з краіны з несапраўдным дакументам. Супрацоўнікі працуюць па сваіх правілах і не могуць рабіць выключэнняў. Важна як мага хутчэй прыняць сітуацыю і пачаць разбірацца з гэтым.

Журналісты таксама звярнуліся па тлумачэнні ў прэс-службу ГУУС Мінгарвыканкама. Вось як пракаменціравалі гэты выпадак:

— Сапраўды, да нас звярнулася мінчанка, у якой супрацоўнікі памежнага кантролю забралі пашпарт. Мы ўстанавілі, што пры выдачы грамадзянцы новага пашпарта была дапушчана тэхнічная памылка. Супрацоўнікі АГіМ аператыўна адрэагавалі на ўзніклую сітуацыю і на працягу некалькіх гадзін ва ўзаемадзеянні з аддзелам памежнага кантролю ліквідавалі дапушчаную памылку.

Каментары2

  • Клаўс
    16.09.2025
    Якія ж харошыя гэтыя беларускія чыноўнікі! Згубіла $500 але засталася ўдзячная!
    Які ж гэта сорам, госпадзі
  • )
    16.09.2025
    Спасибо пусть скажет что вообще выдали. Вон, людей за границу без паспортов выкидывают. Могла бы по нейтралке литовский гулять

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль5

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Падчас абмену палоннымі вызвалілі былога беларускага вайскоўца Генадзя Шчэрбаня, якога Расія ўтрымлівала амаль чатыры гады3

У Італіі адкрылі зімовыя Алімпійскія гульні ФОТЫ3

У Расіі патануў у ванне былы намеснік міністра юстыцыі9

ЗША настойваюць, каб у новай дамове аб кантролі над ядзернымі ўзбраеннямі акрамя Расіі быў і Кітай

Ціханоўская шукае ў Варшаве касметолага і трэнера па боксе31

Трамп адкрыта выказаў падтрымку Віктару Орбану на выбарах4

Форма зборнай Гаіці выклікала сапраўдны фурор на Зімовых Алімпійскіх гульнях. Але яе ледзь не забаранілі2

Еўракамісія прадставіла прапановы па 20‑м пакеце санкцый супраць Расіі. Яго маюць прыняць да гадавіны вайны

Калеснікава падзякавала за падтрымку і кілаваты цеплыні і святла, якія яны адчула ў апошнія дні12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль5

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць