Грамадства44

«Жывём тут як у танку». Беларусы з памежжа расказалі, як перажываюць закрытую мяжу і вучэнні

Для многіх жыхароў беларускага памежжа закрыццё мяжы з Польшчай — асабістая драма. Хтосьці можа страціць магчымасць убачыць дзяцей, хтосьці — крыніцу для заробку. Выданне Most звязалася з беларусамі, якія жывуць у памежных рэгіёнах, і спыталася, што яны думаюць пра сітуацыю. У мэтах бяспекі змененыя імёны суразмоўцаў і некаторыя даныя, па якіх іх можна ідэнтыфікаваць.

Фота: Памежны камітэт Беларусі

«У мяне дзеці ў Варшаве»

У Гражыны з Гродна два сыны жывуць у Варшаве. Абодва выехалі з Беларусі пасля падзей 2020 года і вяртацца на радзіму для іх небяспечна. Два разы на год жанчына разам з мужам ездзіла да дзяцей у Польшчу. Цяпер гродзенка перажывае, што такой магчымасці ў яе не будзе.

«Мы жывём тут як у танку. Ніякай інфармацыі ніхто не дае. Учора на працы абмяркоўвалі гэтае пытанне (закрыццё мяжы. — Заўв. Most). Мала хто верыць, што пасля вучэнняў яна адкрыецца. І гэтая невядомасць палохае. У мяне дзеці там, калі я іх змагу ўбачыць?» — не стрымліваючы эмоцый, задаецца пытаннем жанчына.

«Да многіх яшчэ не дайшло»

Сяргей гандлюе на адным з гродзенскіх рынкаў — у асноўным аўтазапчасткамі і маторнымі алівамі. Мужчына кажа, што да такой навіны быў гатовы — сярод гандляроў закрыццё мяжы абмяркоўвалася, і не раз. Праўда, ніхто з іх да апошняга не мог паверыць, што гэта ўсё ж такі здарыцца.

«Ды і цяпер, думаю, да многіх яшчэ не дайшло. Раней спадзяваліся, што не закрыюць, цяпер разлічваюць, што адкрыюць пасля 16-га [верасня]. А як там будзе насамрэч — ніхто не ведае».

Ацаніць страты для свайго дробнага бізнэсу Сяргей пакуль не можа: у яго яшчэ ёсць запас прывезенага з-за мяжы тавару. Паводле яго падлікаў, павінна хапіць на найбліжэйшы месяц.

Дарэчы, ягоныя калегі па рынку, якія гандлююць адзеннем, не пацерпяць ад закрыцця межаў: свой бізнэс яны даўно пераарыентавалі на Расію ці Турцыю — увесь тавар прывозяць адтуль.

«Шмат перакупаў адсеецца»

Закрытая мяжа адаб'ецца і на так званых перакупшчыках — людзях, якія куплялі машыны ў Еўропе і ўвозілі іх на тэрыторыю Беларусі. Увозіць аўтамабіль можна праз абедзве мяжы — польскую і літоўскую. Але розніца ёсць:

«Праз польскую можаш хоць кожны дзень афармляць машыны, а вось праз літоўскую — толькі два разы на год. Таму шмат перакупаў адсеецца, калі межы не адкрыюць. Але ўсе спадзяюцца, што закрылі толькі на чатыры дні, потым адкрыюць», — расказвае гродзенскі перакупшчык Павел.

Мужчына кажа, што ў чацвер, у апошні дзень перад закрыццём пункта пропуску «Цярэспаль — Брэст», быў на польскай мяжы — ён паспеў яе перасекчы, але былі і тыя, хто не паспеў да закрыцця шлагбаўма.

«Ёсць тыя, хто пакінуў машыны ў Варшаўскім аэрапорце і паляцеў на адпачынак. Цяпер ім трэба думаць, як вярнуць машыны дадому. Вунь чытаў ужо ў чатах, што паслугі эвакуатара прапануюць: з Бяла-Падляскі да Беларусі праз Літву — 500 еўра. Малайцы, хутка зрэагавалі».

Ужо пасля гэтай гутаркі з Сяргеем паступіла інфармацыя, што Літва часова дазволіла праезд па сваёй тэрыторыі аўтамабіляў на беларускіх нумарах, калі яны вяртаюцца ў Беларусь з іншых краін ЕС. Да гэтага ў краіне дзейнічалі абмежаванні: уезд машын, зарэгістраваных у Беларусі, быў дазволены толькі тады, калі ўладальнік мае візу або ДНЖ Літвы альбо з'яўляецца грамадзянінам ЕС.

«Гэта ўсё. Жалезная заслона»

Фёдар жыве ў адным з беларускіх раённых цэнтраў. Да найбліжэйшага закрытага пункта пропуску — 30 кіламетраў. У Польшчу мужчына ездзіў стабільна раз на тыдзень — зарабляў тым, што перавозіў тавар.

«Нас тысячы людзей з Брэста і Гродна жылі на гэтым. Пенсіянеры маглі спакойна 50 даляраў зарабляць за адну паездку. Раз на тыдзень з'ездзіць — і вось ужо 200 даляраў штомесяц да пенсіі. Цяпер яны ўжо каўбасу не пойдуць сабе купляць, думаю».

Сам мужчына перавозіў аўтазапчасткі на заказ. Заробак быў розным, але, як прызнаецца суразмоўца, «менш соткі з паездкі не зарабляў».

«Я тэлефанаваў нашым на Кавалерыйскі рынак. Ва ўсіх паніка — капец! Зразумела, што пад агульны шумок мяжу закрылі, маўляў, вучэнні. Хтосьці спадзяецца, што хаця б адзін [пункт пропуску] ды адкрыюць пасля вучэнняў. Можа, «Баброўнікі»? (Гэты пункт пропуску зачынены з лютага 2023 года. — Заўв. Most) Інакш — гэта ўсё. Жалезная заслона».

«Дроны лётаюць як ластаўкі»

Пасля некаторай паўзы мужчына дадае:

«Ладна, мяжа закрыецца. Дык у нас у мястэчку страх што дзеецца! Вайскоўцы занялі ўсе свабодныя кватэры (гаворка ідзе пра тых, што прапануюцца ў кароткатэрміновую або доўгатэрміновую арэнду. — Заўв. Most), запускаюць дроны пастаянна — тыя лётаюць як ластаўкі, інтэрнэт зусім дрэнны — напэўна, глушаць. Вось гэта страшна. І разумееш, што ўсё гэта вучэнні. А з іншага боку — ніколі не ведаеш, чым яны скончацца».

Такога ж меркавання трымаецца яшчэ адна жыхарка прыгранічнага горада. Дзяўчына кажа, што сярод тых яе сяброў і знаёмых, хто ездзіць у Польшчу, шмат панікі вакол закрытых межаў. Але яе хвалюе ваенная абстаноўка.

«Невядомасць палохае вельмі. Інфармацыя супярэчлівая адусюль паступае. А хочацца проста, каб не было вайны і жыць нарэшце каб можна было свабодна».

Каментары4

  • Ярусь
    13.09.2025
    У гэтым сэнс гібрыднай вайны. Вайны быццам бы няма. Але Польшч і Літва вымушаны дзяржаць войскі на мяжы, рэгулярна лезуць мігранты, залятаюць дроны. У рэгіене няма спакою. Гойсаюць ваенныя машыны, стаяць патрулі, летаюць верталеты. Турысты не едуць, інвестар не будуе фабрыку, няма працы, грошай, няма перспектывы. Людзі наракаюць на сваю уладу, пратэстуюць. Выскокваюць "палітыкі" якія вінавацяць уладу. З’яўляецца дыверсіі і хаос. Потым уваходзіць армія суседняй дзяржавы наводзіць парадак, некаторыя людзі напачатку будуць гэта вітаць
  • Транзит форевер!
    13.09.2025
    Ничего, транзит по ЖД поляки откроют быстренько. Ну а по беларусам они оттопчутся. Надо же с "рэжымам" бороться!..
  • Клаўс
    14.09.2025
    Лука самастойна вынішчыў эканоміку заходняй беларусі

Цяпер чытаюць

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй12

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр прафесар Міхась Кандрацюк

У Непале прэм'ер-міністрам упершыню прызначылі жанчыну1

Павел Вінаградаў за час адседкі схуднеў на 40 кг ФОТАФАКТ14

«Жывём тут як у танку». Беларусы з памежжа расказалі, як перажываюць закрытую мяжу і вучэнні4

У ААН прагаласавалі за стварэнне палесцінскай дзяржавы17

У Беларусі расце запазычанасць насельніцтва па банкаўскіх крэдытах

У Расіі рэзка вырас попыт на беларускія пеністыя віны1

У Гомелі на Дзень горада тысяча чалавек станчылі пад песню «Касіў Ясь канюшыну» ВІДЭА4

У тыктоку завірусіўся «кідок кобры» ў Беларусі ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй12

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць