Гісторыя22

Родным братам старажытнай царквы Навагрудка нечакана аказаўся храм з узбярэжжа Эстоніі — але невыпадкова

Даследчыкі мяркуюць, што замкавая царква на Навагрудскім замку мае найбліжэйшыя па архітэктуры і па часе аналагі далёка за межамі сённяшняй Беларусі.

Барочны храм на месцы замкавай царквы ў Навагрудку на малюнку Канута Русецкага. 1846. Фота: Wikimedia Commons

На канферэнцыі «Вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі ў 2024 годзе» загадчык аддзела археаграфіі Беларускага НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы Валерый Пазнякоў расказаў пра Новагародскую замкавую царкву і яе месца ў міжкультурных сувязях ХІІІ—XIV стагоддзяў.

На падставе археалагічных даных старажытную царкву ў Новагародскім замку першапачаткова датавалі не пазней за XIV стагоддзе. На аснове будаўнічай тэхнікі больш вузка — другая палова ХІІІ — першая палова XIV стагоддзя. Нарэшце, «зыходзячы з гістарычных абставін» яе датуюць часамі валадарання вялікага князя Гедыміна ў 1316—1340 гадах.

Раскопкі царквы на дзяцінцы ў Навагрудку. Від з усходу

Вядома, што прынамсі з XVII стагоддзя яна насіла імя Успенскай. На думку Пазнякова, няма падстаў сумнявацца, што і ў ранейшыя часы яна называлася ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Царква шмат разоў перабудоўвалася, у 1751 годзе ўжо барочны храм моцна пацярпеў ад пажару. У пачатку 1870-х гадоў царкву разабралі на цэглу. Сёння на Замкавай гары Навагрудка захаваліся на глыбіні больш за адзін метр толькі яе фундаменты.

Адкрытая ў ходзе рэстаўрацыйных работ на тэрыторыі Навагрудскага замка ў 1924—1928 гадах царква была цалкам раскапаная Архітэктурным атрадам Навагрудскай археалагічнай экспедыцыі Ленінградскага аддзялення Інстытута археалогіі АН СССР пад кіраўніцтвам Марыяны Малеўскай-Малевіч. 

Царква на дзяцінцы ў Навагрудку. Агульны план раскапаных канструкцый

Паводле будаўнічай тэхнікі першапачатковая новагародская царква мае паралелі з будаўніцтвам Валынскага княства. Малеўская-Малевіч спачатку шукала архітэктурныя аналагі сярод малых храмаў Паўднёвай Русі, у прыватнасці, Чарнігава і Пераяслава, пасля сярод вялікіх полацкіх і смаленскіх храмаў ХІІ стагоддзя. 

Фіксацыйны план муроў першапачатковай царквы XIV стагоддзя на дзяцінцы ў Навагрудку

На думку ж Пазнякова, больш дакладнымі аналагамі, як у планіровачным рашэнні, так і храналагічна, з’яўляюцца храмы, узведзеныя далёка за межамі сучаснай Беларусі. 

Першы з іх — храм у Новым Ольгавым Гарадку Разанскага княства (цяпер вёска Нікіціна Спаскага раёна, за 960 км на ўсход ад Навагрудка). Царква ў плане мае квадрат, да якога з трох бакоў далучаюцца прытворы, з чацвёртага боку — выцягнутая ўздоўж апсіда. Слупоў у царкве не было. 

Схематычны план капліцы Святой Марыі ў Магольме. Фота: Ancient and medieval architecture

Другі аналагічны храм Пазнякоў знаходзіць зусім у іншым, паўночным кірунку. Гэта капліца Святой Марыі, якая была пабудаваная пад горадам Магольм (цяпер каля Віру-Нігула, Эстонія, за 650 км ад Навагрудка), як мяркуецца, у памяць аб Ракаворскай бітве 1268 года.

У той бітве сутыкнуліся войскі ноўгарадцаў і іх саюзнікаў з нямецкімі рыцарамі. Сярод удзельнікаў гэтай кампаніі быў і князь Даўмонт, які быў вымушаны пакінуць Вялікае Княства Літоўскае ў час барацьбы за прастол пасля смерці Міндоўга і быў прыняты ў Пскове.

Руіны капліцы Святой Марыі ў Магольме на малюнку Карла фон Унгерн-Штэрнберга. 1828. Фота: Ancient and medieval architecture

Адзначалася, што гэтая капліца ў Магольме пабудавана «ў рускай манеры». У аснове яе плана — чатырохвугольнік, да якога з двух бакоў далучаюцца прытворы, а з трэцяга боку — квадратная апсіда. У XVI стагоддзі капліца была закінута і разбурылася. Руіны цяпер закансерваваны. 

Як піша Пазнякоў, гісторыкі архітэктуры балтыйскіх краін неаднаразова ўказвалі на старажытнарускія карані капліцы ўвогуле і яе падабенства да царквы Новага Ольгава Гарадка. Гэта падабенства дало магчымасць сучасным даследчыкам храналагічна зблізіць дзве пабудовы. Паводле іх меркавання, царква ў Новым Ольгавым Гарадку пабудавана ў сярэдзіне 1250-х гадоў, магчыма, майстрамі смаленскай будаўнічай школы. 

Аддаленыя ўплывы смаленскай школы дойлідства заўважаюцца ў новагародскай замкавай царкве. Такім чынам, выстройваецца храналагічны шэраг блізкіх па плане пабудоў у трох вельмі аддаленых мясцовасцях. 

Усходняя сцяна капліцы Святой Марыі каля Віру-Нігула добра захавалася і, на думку гісторыка, можа дапамагчы ў аднаўленні выгляду замкавай царквы ў Навагрудку. Фота: triptoestonia

Трохмерная візуалізацыя руін капліцы Святой Марыі каля Віру-Нігула

Захаваная выява эстонскай капліцы, зробленая ў ХІХ стагоддзі, на думку гісторыка, магла б дапамагчы аднавіць інтэр’еры і знешні выгляд замкавай царквы на Навагрудскім замку.

Каментары2

  • таямніца назвы
    10.09.2025
    У пачатку матэрыяла: "царква на Навагрудскім замку"
    крыху ніжэй: "пра Новагародскую замкавую царкву".
    Вы пра адзін горад пішаце, рабяты? Пра Наваградак, ці дзе?
  • Жвір
    10.09.2025
    А што спрычынілася таму, што ў 16 ст. тая капліца была закінутая й разбурылася ? Гэта ж быў час найбольшага ўплыву царквы на ўсе сфэры жыцьця тагачаснага грамадзтва, і такія аб'екты не маглі апынуцца ў заняпадзе, яны маглі перайсьці да іншых канфэсыяў, але не ў заняпад. Магчыма тамтэйшае насельніцтва было ня вельмі ахрысьціянізаванае яшчэ нават у 16 ст., альбо мясцовасьць была на доўга пакінута людзьмі й не вядома чаму.

Цяпер чытаюць

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся

Усе навіны →
Усе навіны

Перамовы аб вызваленні палітвязняў доўжыліся два дні7

Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з беспілотнікамі, што заляцелі ў Польшчу7

У Рыбакова на сустрэчы Коўла з Лукашэнкам моцна трэсліся рукі6

Вызвалены Ігар Лосік11

Выйшаў на волю Мікола Дзядок10

Лукашэнка: Наша галоўная задача — стаць побач з Трампам і дапамагаць яму ў місіі па ўстанаўленні міру22

Вызвалілі філосафа Уладзіміра Мацкевіча5

Вызвалілі Міколу Статкевіча10

Трамп перадаў у падарунак Лукашэнку запінкі з выявай Белага дома8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся78

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць