Грамадства1111

Жыгар пра садыста Шынвізэ: Ён прыехаў у Германію па аднаразовай візе і ўжо атрымаў грамадзянства

Прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў Уладзімір Жыгар на просьбу «Радыё Свабода» пракаментаваў сітуацыю вакол былога высокапастаўленага супрацоўніка бабруйскай калоніі № 2 Дзмітрыя Шынвізэ, які, па інфармацыі «Нашай Нівы», рэпатрыяваўся ў Германію і атрымаў грамадзянства гэтай краіны праз нямецкія карані свайго бацькі Рудольфа Шынвізэ.

Дзмітрый Шынвізэ, фота: база «Пашпарт», Белпол

— Гэты грамадзянін Рэспублікі Беларусь праходзіў службу ў дэпартаменце выканання пакаранняў, і Шынвізэ быў не проста нейкім шараговым супрацоўнікам, ён быў намеснікам начальніка калоніі.

Па той інфармацыі, якую мае Belpol, ён быў датычны да негуманнага абыходжання са зняволенымі, у тым ліку з палітвязнямі, ажыццяўляў падчас сваёй службы рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, менавіта асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах. Не так даўно ён рэпатрыяваўся па лініі свайго бацькі і пераехаў у Германію.

Цяпер Belpol знаходзіцца ў кантакце з усімі дэмакратычнымі інстытутамі, якія працуюць па гэтым напрамку. З нашага боку быў накіраваны запыт у нямецкую пракуратуру. Мы таксама ўжо размаўлялі з нашымі нямецкімі партнёрамі па гэтым пытанні. Таксама будзем яшчэ сёння мець зносіны з нашымі партнёрамі ў іншых дзяржавах, якія таксама зацікаўленыя ў тым, каб Шынвізэ быў прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасці.

Так, ён атрымаў грамадзянства Германіі. Як ён трапіў на тэрыторыю Еўрапейскага саюза, нам таксама вядома. Гэта была, умоўна кажучы, аднаразовая віза, па якой ён проста прыехаў у Германію, і там ужо непасрэдна ў паліцыі атрымаў пашпарт грамадзяніна Германіі.

Мы адправілі запыт у Міністэрства замежных спраў наконт гэтай справы. Для нас вельмі важна, каб было ўзнятае пытанне вось аб чым: калі ён запаўняў анкеты пры рэпатрыяцыі, ці паказваў ён гэтую частку сваёй біяграфіі. Таму што калі ён не паказваў гэтага, калі ён, скажам так, падмануў Германію, тады гэта можа разглядацца ў тым ліку як ухіленне ад пакарання на тэрыторыі Германіі, паводле іх законаў.

Мы таксама стараемся падключаць усіх нашых партнёраў з нямецкай палітычнай сферы для таго, каб яны таксама накіроўвалі запыты па парламенцкай лініі ў пракуратуру Германіі. Гэта трэба для таго, каб яна дала канкрэтны адказ па тым, як ён наогул запаўняў гэтыя дакументы. Бо адносна яго можа дзейнічаць міжнародная юрысдыкцыя, гэта значыць універсальная. Мы хочам ведаць, ці разглядаюць яны такое пытанне зноў-такі ў адпаведнасці з канвенцыяй ААН, і ўсё іншае.

Гэтая праца дастаткова няпростая, таму што гэта такі першы рэальны выпадак. Магчыма, першы і апошні. Таму тут вельмі важна адпрацаваць гэта максімальна, з максімальным эфектам для нас.

— Я ведаю, што ў санкцыйных спісах быў начальнік турмы на Акрэсціна, ягоныя намеснікі, а вось ці былі там кіраўнікі асноўных калоній, дзе гінулі палітычныя зняволеныя? Як шмат людзей увогуле, якія ў гэтай сістэме працуюць, знаходзяцца ў санкцыйных спісах?

— На жаль, зараз сітуацыя такая, што іх не так шмат, як нам хацелася б. Таму што пытанні правоў чалавека ў кантэксце вайны ва Украіне зараз адыходзяць на другі план. Калі мы маем зносіны з нашымі партнёрамі, лабіруем тыя ці іншыя санкцыйныя кейсы, то стаўка робіцца ў асноўным на ўдзел тых ці іншых фізічных асоб або юрыдычных асоб у вайне супраць Украіны. І калі застаюцца вольныя месцы, напрыклад, для ўключэння тых ці іншых людзей у санкцыйныя спісы, людзей, якія парушаюць правы чалавека ў Беларусі, вядома ж, гэта робіцца.

Але, паўтаруся, як правіла, стаўка робіцца менавіта на ўдзел тых ці іншых людзей, тых ці іншых фізічных, юрыдычных асоб у вайне супраць Украіны. Гэта праблема, таму што, апроч усяго іншага, безумоўна, існуюць лабісты рэжыму, якія максімальна імкнуцца перашкаджаць увядзенню тых ці іншых санкцый, лабіруюць, каб увогуле санкцыі ў прынцыпе не прымаліся. І нам даводзіцца, апроч бюракратычных момантаў, якія маюцца ў Еўропе, пераадольваць і такое супраціўленне. Але мы яго ўсё яшчэ пераадольваем, і гэта добра.

— А ці ёсць у беларускіх праваабаронцаў, усіх тых арганізацый, якія займаюцца сітуацыяй з палітвязнямі, нейкі шырокі спіс людзей, якія працуюць у гэтай сістэме?

— Насамрэч яго, напэўна, няма. Ён, у прынцыпе, ёсць у Belpol, бо ў Belpol ёсць у распараджэнні ўсе базы даных, і мы ведаем, хто, які чалавек, у які час і дзе праходзіў службу ў тых ці іншых органах унутраных спраў або Дэпартаменту выканання пакаранняў. Гэта ёсць, і таму, калі да нас звяртаюцца тыя ж самыя праваабаронцы, журналісты, мы можам гэтую інфармацыю верыфікаваць, пацвердзіць, што гэта так, ці, напрыклад, абвергнуць, сказаць, што сітуацыя абсалютна іншая.

Таксамая сітуацыя адбылася і з выданнем «Наша Ніва»: калі яны звярнуліся з пытаннем [пра Шынвізэ], мы пачалі яго сумесна разглядаць, і ў канчатковым выніку выйшлі на такі артыкул, які паказвае, што не шараговы карнік, а чалавек, які сапраўды ўдзельнічаў у палітычна матываваных рэпрэсіях у дачыненні да асоб, якія былі асуджаныя і знаходзіліся ў папраўчай калоніі № 2, цяпер знаходзіцца ў Германіі. І гэта было для нас, вядома, вельмі непрыемным званочкам, бо мы вельмі часта чуем выразы аб тым, што беларусам не хапае віз.

І выпадак Шынвізэ — гэта толькі публічны кейс. Ёсць яшчэ некалькі падобных выпадкаў літаральна за апошнія некалькі тыдняў. Яны насамрэч крыху іншыя, але ўсё роўна мы гаворым пра былых ці цяперашніх прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Еўрапейскага саюза. Можа, не такіх, канечне, высокапастаўленых, але ўсё ж. І ўзнікае пытанне: дык у нас ёсць праблемы з візамі ці не? Таму што такія людзі трапляюць на тэрыторыю Еўрасаюза дастаткова беспраблемна.

Зноў паўстае пытанне верыфікацыі, таму што калі мы не верыфікуем беларусаў, якія прыязджаюць, гэта пагражае як нашай бяспецы, так і бяспецы дзяржаў, куды яны прыязджаюць. І гэтае пытанне мы імкнемся паднімаць усюды і максімальна спрабуем лабіраваць стварэнне нейкага верыфікацыйнага цэнтра, альбо зацікаўліваць дзяржавы Еўрапейскага саюза, каб яны звярталіся наконт верыфікацыі. Не абавязкова да нас. Гэта можна рабіць, напрыклад, праз Аб’яднаны пераходны кабінет, праз Народную амбасаду, праз прадстаўніцтва дэмакратычных сіл у тых ці іншых краінах. Але галоўнае, каб гэта было. Нам галоўнае, каб адбывалася гэтая верыфікацыя, таму што сітуацыя сапраўды дастаткова складаная.

Каментары11

  • АСАБ
    15.08.2025
    Цікава, ці купіў гэты Жыхар квіткі дадому? Вельмі працуе яго ціск.
  • Меiр Каханэ
    15.08.2025
    У абменны фонд яго!
  • .
    15.08.2025
    Выдатна, што спрабуе нешта зрабіць па такой нетыповай раней справе.

    А вось ідэя цэнтралізаванай верыфікацыі ўсіх выехаўшых беларусаў не такая і адназначная. Гэта такі вузел з персанальнымі данымі, ў які вельмі пажадае пралезці кантора.
    І любая верыфікацыя пакідае след. Зрабіць усё цалкам бяспечна будзе складана. (Для прыкладу, перапіска Кабанчука пра верыфікацыю каліноўцаў, злітая публічна).
    Ці будзе яна заўсёды працаваць выдатна і справядліва? У выпадку памылкі ці можна абскардзіць і па законах якой краіны? Ужо ёсць сумныя непразрыстыя гісторыі пра несправядлівасць з візамі або праверкамі літоўскай бяспекі, напрыклад.

Цяпер чытаюць

Трамп падзякаваў «магутнаму лідару Беларусі»: Спадзяюся, 1300 чалавек хутка будуць вызвалены!43

Трамп падзякаваў «магутнаму лідару Беларусі»: Спадзяюся, 1300 чалавек хутка будуць вызвалены!

Усе навіны →
Усе навіны

10-гадовая брытанка стала наймалодшай дзяўчынкай, якая перамагла шахматнага гросмайстра5

Мерц расказаў пра «вялікі прагрэс» пасля сустрэчы Трампа і Пуціна6

Паветраная гімнастка паказала закуліссе працы ў Белдзяржцырку10

Кітай паабяцаў Трампу не нападаць на Тайвань, пакуль ён пры ўладзе4

Краіны Афрыкі патрабуюць адмовіцца ад праекцыі Меркатара17

На месцы швейнай фабрыкі «Алеся» ў Мінску пабудуюць жылыя дамы1

Мелказёраў у захапленні ад Насты Роўды: «Гэта прагрэс сезона»9

Франак Вячорка: Я б не разглядаў званок Трампа Лукашэнку як разварот ЗША ў бок Мінска8

ЗША прызначылі новага часовага паверанага ў Беларусі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп падзякаваў «магутнаму лідару Беларусі»: Спадзяюся, 1300 чалавек хутка будуць вызвалены!43

Трамп падзякаваў «магутнаму лідару Беларусі»: Спадзяюся, 1300 чалавек хутка будуць вызвалены!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць