«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію
Дзмітрый «Рудольф» Шынвізэ — да нядаўняга часу начальнік аператыўна-рэжымнай часці калоніі №2 Бабруйска. Рукамі гэтага чалавека рабіліся многія подласці, ствараліся невыносныя ўмовы для сотняў ні ў чым не вінаватых людзей. У калоніі застаецца як мінімум 50 палітвязняў, а вертухай тым часам разам з сям'ёй абжываецца ў Германіі. Цяпер ён гер Dimitri Schönwiese.

«Вітаем у самай чырвонай зоне на постсавецкай прасторы! Пі*арасы, блакітныя, у ж*пу завадныя, выйсці са строю!» — такім воклічам афіцэр сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў Дзмітрый Рудольфавіч Шынвізэ кожны тыдзень год за годам сустракаў новых зняволеных, якіх адправілі ў бабруйскую калонію №2.
Пасля гэтага дзясяткі чалавек, якія вытрымалі этап, павінны падхапіць сумкі і пабегчы да будынка каранціну. З «Рудольфам» — так яго празвалі праз незвычайнае імя па бацьку — яны сустрэнуцца яшчэ не раз. Ён мог вынырнуць з-за вугла, каб без дай прычыны прычапіцца да зняволенага і скласці акт, які ўрэшце прывядзе да 10 сутак у ШІЗА — ці то за ўяўную няголенасць, ці то за тое, што не паспеў належна павітацца. А калі гэта палітвязень, то яму пагражала яшчэ і лекцыя пра тое, як дрэнна жывецца ў Еўрасаюзе.
Але ўсё гэта ў мінулым. Цяпер Дзмітрый Шынвізэ, адыёзны вертухай бабруйскай калоніі, жыве з сям'ёй у Германіі, у жывапісным горадзе Шверын, які стаіць сярод сістэмы азёраў у Заходняй Памераніі.
«Ненармальна тое, што ты з’явіўся на гэты свет!»

Блогер Вадзім Ермашук правёў у калоніі №2 у Бабруйску больш за два гады. Яго асудзілі за абразу Лукашэнкі і за «здзек» з дзяржаўнага сцяга. Але праз сэксуальную арыентацыю Ермашук атрымаў і дадатковае пакаранне — адміністрацыя калоніі перавяла яго ў «нізкі сацыяльны статус».
«Была зіма, і я захварэў. Шалік там можна было завязваць крыж на крыж. І вось мы ішлі ў сталовую, я завязаў шалік крыж на крыж і дадаткова яго абматаў вакол шыі. Я іду ў канцы, таму што ў мяне і жоўтая палітычная бірка, і нізкі статус.
І тут гэты Рудольф мяне ўбачыў, падыходзіць да мяне і торгае за шалік, адцягвае яго: «А ты што там?» Я падумаў, што ён правярае, ці пагаліўся я, бо за гэтым сачылі, а я якраз пагаліўся, таму адказваю: «Усё нармальна ў мяне». І ён закіпеў: «Паглядзіце, як ён размаўляе! Усё нармальна ў яго! Ненармальна тое, што ты з’явіўся на гэты свет!»
Я сірата, для мяне пачуць гэта наогул было вельмі крыўдна — у мяне маці-інвалід была, і я ў яе быў доўгачаканым. А тут я ціпа нейкі ў*бак — нас так і называлі, а яшчэ «залупамі» і «гандонамі».
І потым Рудольф бярэ адзін канец шаліка, дае свайму напарніку другі канец (не памятаю, як яго звалі). А трэці стаіць і назірае, як яны пачынаюць мяне душыць, расцягваючы шалік у два бакі. І рагочуць, маўляў, ты павесіцца захацеў, калі так шалік заматаў. А я паветра не паспеў набраць, і пачаў неяк спрабаваць супраціўляцца рукамі, таму што ўжо задыхаўся. Так секунд 40, можа, працягвалася.
Пасля гэтага быў нервовы зрыў, ужо проста накаціла… Я тады пракрычаў, што я хачу ў ШІЗА, мне ўсё надакучыла, што галасаваў за Ціханоўскую.
У ШІЗА і так цяжка сядзець, але былі супрацоўнікі, якія проста выконвалі свае абавязкі, а гэты Рудольф прыходзіў такі фанабэрлівы, заўсёды пад*бваў, зневажаў. Паказваў, што ён пры ўладзе.
Мужчына, які сядзеў там па 328-м наркатычным артыкуле расказваў мне, што Рудольф яго персанальна збіваў. За тое, што ён часам мог там рэжым парушаць.
А цётцы на званках я заўсёды казаў, што Шынвізэ — фашыст. Я яго так называў і скардзіўся на яго штораз, бо ён здзекваўся з усіх, не толькі з нізкага статуса. Мне тады абрубалі той званок», — узгадвае Ермашук.
Палітвязень выйшаў на свабоду ў чэрвені 2024 года. Ермашук атрымаў прытулак у Польшчы. Ён даў паказанні наконт Шынвізэ Камітэту па катаваннях ААН.
«Сустрэча навічкоў вельмі нагадвала сцэны з фільмаў пра канцлагер»
«Вы памятаеце гэтага супрацоўніка калоніі?» — напісаў карэспандэнт «Нашай Нівы» яшчэ аднаму палітвязню, які сядзеў у Бабруйску.
«Канечне, кончаны садыст. Я гэтага вырадка ніколі не забуду», — адказаў ён.
Былы палітвязень пагаджаецца з меркаваннем Ермашука, што Шынвізэ падыходзіў да сваёй працы з садысцкай асалодай: «Колькі актаў праз яго было складзена! Колькі чалавек трапілі ў ШІЗА! І тут жа такая штука: калі ёсць на чалавека заказ зверху, то яго ўсё адно пакараюць, хоць якую прычыну прыдумаюць. Але пры камунікацыі з Рудольфам складвалася ўражанне, што ён хоча паздзеквацца яшчэ больш, чым загадана. І не для таго, каб выслужыцца, не. Проста яму падабаўся сам працэс».
Мы знашлі толькі аднаго былога палітвязня, які лічыць, што Шынвізэ — «нармальны чалавек, калі разумець яго прыколы».
«Ён хутчэй эпаціраваў. Калі не ўспрымаць яго як грознага дзядзьку, а разумець, як камунікаваць, то можна сказаць, што нармальны. Каб прам рабіць [усялякія гадасці], то не рабіў», — кажа ён.
Магілёўскія праваабаронцы з Mayday пісалі пра Шынвізэ яшчэ ў 2023 годзе:
«Былыя зняволеныя ўзгадваюць, што ён моцна схільны да тэатральнасці, а сустрэча навічкоў вельмі нагадвала сцэны з фільмаў пра канцлагер.
Вязням было відавочна, што гэта ўсё дастаўляла яму задавальненне. […] Шынвізэ любіў падысці так блізка, каб амаль дакранацца тварам да твару, глядзець у вочы і задаваць бессэнсоўныя пытанні, кшталту: «Што, што, што?», або «Дзе?», а потым казаў абсалютна нелагічныя і абсурдныя рэчы. У выніку асуджаны трапляў у ШІЗА за незашпілены гузік».
Пік кар'еры — начальнік аператыўна-рэжымнай часці
Званне маёра Шынвізэ атрымаў у 2011-м. Хутчэй за ўсё, за наступны час ён па выслузе мог стаць падпалкоўнікам.
Усю кар'еру Рудольф зрабіў у бабруйскай калоніі — служыў начальнікам аддзела выпраўленчага працэсу, дзяжурным памочнікам начальніка калоніі.
Пік яго кар'еры прыйшоўся на час палітычных рэпрэсій — у 2023-м Шынвізэ прызначылі начальнікам аператыўна-рэжымнай часці калоніі.
На новай пасадзе ён яшчэ больш заціскаў рэжымныя гайкі — напрыклад, адразу забараніў, каб зняволеным дасылалі кнігі проста ў канвертах. Былі ўведзеныя і абмежаванні па атрыманні медыцынскіх пасылак.
Гэта пасада ўплывовая — ад рашэнняў Шынвізэ залежалі побытавыя ўмовы ўсіх зняволеных, у тым ліку і палітычных — але не настолькі высокая, каб на яго звярнулі ўвагу замежнікі і ўключылі ў санкцыйныя спісы.
Нямецкія карані і таямнічае знікненне
«Фашыст» Шынвізэ раптоўна прапаў з калоніі ў пачатку 2024 года. Многія зняволеныя палічылі, што далі плён шматлікія скаргі на яго. Аднак выглядае, што Рудольф звольніўся сам — і адразу знік.
Пошукі ў Беларусі, якія зладзілі калегі, не далі плёну. А потым быццам бы высветлілася, што Шынвізэ з'ехаў з Беларусі ў трэцюю краіну па лініі рэпатрыяцыі. Але куды?
«Наша Ніва» правяла невялікае расследаванне, адштурхнуўшыся ад прадастаўленых «Белполам» звестак з базы «Пашпарт» пра кантакты і сваякоў Шынвізэ.
Аказалася, што бацька вертухая — ужо нежывы — Рудольф Гербертавіч Шынвізэ, які нарадзіўся ў Казахстане і, з вялікай верагоднасцю, з'яўляецца нашчадкам нямецкіх каланістаў, якія масава сяліліся на Паволжы, а потым былі раскіданыя Сталіным па Казахстане.
Шынвізэ — гэта нямецкае прозвішча, папулярнае ў каланістаў, якое літаральна перакладаецца як «прыгожая ніва».
Далей мы праверылі беларускія нумары сваякоў Дзмітрыя і яго самога — у месенджарах на іх ужо нічога не зарэгістравана.
Сам Дзмітрый па відавочных для міліцыянера прычынах неактыўны ў сацыяльных сетках. Яго складана адшукаць. Сваю закрытую старонку ў «Аднакласніках», напрыклад, ён назваў лаканічна і неперсалізавана: S S, акаўнт «УКантакце» закінуты.

Але мы знайшлі ягоную жонку, Марыну. Яна мае Linkedin з усяго двума кантактамі ў ім, але гэтага дастаткова для таго, каб зрабіць высновы.
Былая загадчыца бабруйскай фірмовай крамы дзяржынскай швейнай фабрыкі «Эліз» пазначыла, што ў красавіку 2024-га — прыкладны час знікнення Рудольфа з калоніі — узяла «кар'ерны перапынак» у сувязі з рэлакацыяй у Германію. Цяпер месцам жыхарства Марыны названы горад Шверын у Заходняй Памераніі. Да Балтыйскага мора адтуль — менш за гадзіну на машыне.
Напісанне свайго прозвішча жанчына змяніла на нямецкі лад — цяпер яна Marina Schönwiese.

Малаімаверна, каб жонка былога вертухая з нямецкімі каранямі перабралася ў Германію па нейкай іншай, самастойнай, не звязанай з мужам праграме. Больш верагодна, што яны зрабілі гэта разам і жывуць там разам.

Рэпатрыявацца ў Германію нашчадкі нямецкіх каланістаў могуць цалкам легальна і па спрошчанай праграме: пасля доказу нямецкага паходжання і сувязяў з нямецкай культурай такі чалавек атрымлівае асаблівую візу Spätaussiedler для ўезду ў Германію, пасля чаго на месцы — адразу пашпарт, без патрабавання па часе пражывання на тэрыторыі краіны.

Адпаведна, з вялікай імавернасцю сёння сумнавядомы Дзмітрый «Рудольф» Шынвізэ з'яўляецца грамадзянінам Германіі і пражывае там пад іменем Dimitri Schönwiese.
Менавіта на такі правапіс ён змяніў імя свайго старога гугл-акаўнта, з якога ў сваім ранейшым жыцці ацэньваў бабруйскія крамы на карыстальніцкіх сайтах.

Пры атрыманні грамадзянства ці хаця б прытулку ў Германіі Дзмітрый Шынвізэ павінен быў пісьмова засведчыць, што ніколі не ўдзельнічаў у катаваннях і не здзяйсняў злачынстваў супраць чалавечнасці.
Палітвязні бабруйскай калоніі №2 маюць іншае меркаванне наконт чысціні вертухая Шынвізэ перад міжнародным заканадаўствам.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары