Дональд Трамп разам з членамі сваёй сям’і і кампаніяй Trump Organization падаў пазоў супраць Падатковай службы ЗША і Міністэрства фінансаў, патрабуючы кампенсацыю не менш як 10 мільярдаў даляраў. Гэта адбываецца на фоне значнага дэфіцыту бюджэту і росту дзяржаўнага доўгу ЗША, якія, паводле МВФ, у значнай ступені ўзмацніліся пасля прыняцця ініцыяванага Трампам падатковага закона, піша Financial Times.

Прычынай пазову стала ўцечка падатковых дэкларацый Трампа. Гэтыя дакументы ў 2019—2020 гадах перадаў выданням The New York Times і ProPublica Чарльз Літлджон, былы супрацоўнік кансалтынгавай кампаніі Booz Allen Hamilton, якая працавала з Падатковай службай. Раней, падчас сваёй першай прэзідэнцкай кампаніі, Трамп адмовіўся публікаваць падатковыя дэкларацыі, парушыўшы шматгадовую традыцыю.
У пазове сцвярджаецца, што перадача інфармацыі «левым СМІ» нанесла сур’ёзную шкоду дзелавой рэпутацыі і фінансам Трампа і яго сям’і, прывяла да публічнага прыніжэння і сфармавала скажоны вобраз іх дзейнасці.
На аснове злітых матэрыялаў The New York Times паведамляла, што ў 2016 годзе Трамп заплаціў усяго 750 даляраў федэральнага падаходнага падатку, а за 10 з папярэдніх 15 гадоў не плаціў яго наогул, выкарыстоўваючы фінансавыя схемы, пры якіх афіцыйныя страты перавышалі прыбыткі.
У 2024 годзе Літлджона прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі за разгалошванне падатковай таямніцы. ProPublica на падставе гэтай уцечкі апублікавала больш за 50 артыкулаў пра падатковыя стратэгіі найбагацейшых людзей ЗША, у тым ліку Ілана Маска, Джэфа Безаса, Уорэна Бафета і Майкла Блумберга.
Як адзначае The Wall Street Journal, калі суд прыме пазоў да разгляду, справа будзе беспрэцэдэнтнай. Хоць Трамп выступае як прыватная асоба, ён адначасова займае пасаду прэзідэнта і мае паўнамоцтвы звальняць тых самых чыноўнікаў, якія фактычна з’яўляюцца адказчыкамі: міністра фінансаў, кіраўніка Падатковай службы і генпракурора.
У выніку падначаленыя Трампу дзяржаўныя службоўцы апынуцца ў сітуацыі, калі ім давядзецца абараняць у судзе пазіцыю ўрадавых структур ад пазову, пададзенага самім прэзідэнтам, а таксама весці з ім перамовы наконт магчымых кампрамісаў і выплат.
Трамп падаў пазоў супраць BBC на пяць мільярдаў даляраў
Трамп загадаў расследаваць магчымыя сувязі Эпштэйна з Клінтанам і банкірамі. Мінюст ЗША падпарадкаваўся
«Бі-бі-сі» выбачылася перад Трампам за мантаж яго прамовы ў праграме
Трамп падаў пазоў на 15 мільярдаў даляраў супраць газеты The New York Times
Цяпер чытаюць
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары