У Лондане пачынаецца суд над Кевінам Спэйсі. Яго вінавацяць у сэксуальным гвалце над чатырма мужчынамі
Працэс працягнецца чатыры тыдні. Плануецца, што Спэйсі будзе асабіста прысутнічаць на кожным слуханні. Яго абвінавачваюць па 12-ці эпізодах рознай ступені цяжкасці.

У сераду ў каралеўскім судзе Саўтуарка ў Лондане пачынаецца суд над галівудскім акцёрам Кевінам Спэйсі па абвінавачанні яго ў сэксуальных дамаганнях у дачыненні да чатырох мужчын. Працэс прадоўжыцца чатыры тыдні. Плануецца, што Спэйсі будзе асабіста прысутнічаць на кожным слуханні. Яго абвінавачваюць па 12-ці эпізодах рознай ступені цяжкасці, як піша Бі-бі-сі.
Да пачатку першага пасяджэння галівудскі акцёр прыбыў без спазнення ў атачэнні сваіх адвакатаў.
Старшыняваць на працэсе будзе суддзя Марк Уол. Абаронца акцёра — Патрык Гібс, адвакаты боку абвінавачання — Крысцін Эгнью і Шон Рычы.
Гэта не першая гучная справа, якая будзе слухацца ў раённым судзе Саўтуарка. У красавіку 2022 года за ўтойванне актываў быў асуджаны да 2,5 года турмы зорка тэніса Барыс Бекер, а ў ліпені 2014-га амаль шэсць гадоў атрымаў паводле абвінавачання ў педафіліі брытанскі тэлевядоўца і партрэтыст каралевы Лізаветы II Рольф Харыс.
Сутнасць абвінавачанняў
Абвінавачанне супраць Кевіна Спэйсі будуецца на 12-ці эпізодах сэксуальных дамаганняў, непрыстойных паводзінах сэксуальнага характару і сэксуальнага гвалту. Усе эпізоды, згодна з матэрыяламі справы, адбыліся ў перыяд з 2001 па 2013 год.
У маі мінулага года Каралеўская пракуратура Вялікабрытаніі санкцыянавала разгляд пяці эпізодаў абвінавачання, а ў лістападзе 2022-га — пазасталых сямі.
Афіцыйная працэдура разгляду была адкладзеная, бо акцёр знаходзіўся за межамі Брытаніі.
Большая частка эпізодаў, паводле версіі абвінавачання, адбылася ў Лондане. Адна скарга была пададзеная ў сувязі з інцыдэнтам, які адбыўся ў 2013 годзе ў графстве Гластэршыр.
Усім меркаваным ахвярам цяпер ад 30 да 40 гадоў. Гэта значыць, што на момант самага даўняга эпізоду, які разглядаецца, хтосьці з іх мог быць яшчэ непаўналетнім.
Акцёр не прызнае сябе вінаватым ні па адным пункце.
Канец кар'еры
Кевін Спэйсі вырас у Каліфорніі, але больш за дзесяць гадоў пражыў у Лондане, заявіўшы тады, што гэты горад стаў яго другім домам.
У 2014-2015 гг. ён кіраваў лонданскім тэатрам «Олд Вік», акцёры якога таксама скардзіліся на непрыстойныя паводзіны мастацкага кіраўніка.
На хвалі руху #MeTo гэтыя і іншыя абвінавачанні набылі шырокую агалоску і каштавалі акцёру кар'еры.
Кевін Спэйсі — двухразовы ўладальнік прэміі «Оскар». Ён здымаўся ў такіх фільмах, як «Сем», «Сакрэты Лос-Анджэлеса», «Прыгажосць па-амерыканску», «Планета Ка-Пэкс» і «Малы на драйве», а таксама ў серыяле Netflix «Картачны домік».
Пасля таго, як выбухнуў скандал, сцэны з удзелам акцёра выдалілі з некалькіх карцін, якія на той момант знаходзіліся ў вытворчасці, фільм «Усе грошы свету» тэрмінова перазнялі з іншым акцёрам у той жа ролі, стрымінгавая платформа Netflix разарвала кантракт са Спэйсі на здымкі ў «Картачным доміку».
У заключным сезоне серыяла Спэйсі ўжо не з'явіўся.
Першы суд камяком
Працэс, які пачынаецца цяпер у Лондане, — трэцяя крымінальная справа супраць Кевіна Спэйсі, якая дайшла да суда. Аднак першыя дзве акцёр здолеў выйграць.
Улетку 2019 года ў судзе штата Масачусетс слухалася справа аб сэксуальных дамаганнях акцёра да 18-гадовага хлопца на востраве Нантакет у 2016 годзе.
Малады чалавек, які аказаўся сынам вядомай тэлевядучай Хезэр Анру, сцвярджаў, што Спэйсі чапляўся да яго ў рэстаране, папярэдне напаіўшы яго.
Аднак справа развалілася, таму што бок абароны даказаў шматлікія парушэнні, дапушчаныя бокам абвінавачання, аж да падтасоўвання доказаў.
У ліпені 2019 года пракуратура Масачусетса зняла з акцёра ўсе абвінавачанні.
У кастрычніку 2022 года Кевін Спэйсі таксама выйграў суд у Нью-Ёрку па пазове аб сэксуальных дамаганнях, пададзеным іншым акцёрам Энтані Рэпам.
Прысяжныя пастанавілі, што Рэп не змог даказаць свае сцвярджэнні аб дамаганнях галівудскай зоркі.
Цяпер чытаюць
Пасол Украіны па пытаннях Беларусі адказаў на дыскусію Вячоркі і крытыкаў Ціханоўскай: Ваша ўзаемная непрымальнасць адыгрывае вельмі неканструктыўную ролю
Каментары
Прыставанні - заляцанні